Лікі 20 разьдзел
Лікі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
І прыйшлі сыны Ізраілевыя, усё супольства, у пустыню Сін у першы месяц, і спыніўся народ у Кадэсе, і памерла там Марыям і пахавана там.
У першы месяц сыны Ізраэля і ўся супольнасць прыбылі ў пустыню Сін, і затрымаўся народ у Кадэсе. І там памерла Мірыям, і была яна пахавана ў тым самым месцы.
І ня было вады ў супольства, і сабраліся яны супроць Майсея і Аарона;
І, калі ў народа не было вады для піцця, выступілі яны супраць Майсея і Аарона,
і абурыўся народ на Майсея і сказаў: о, калі б памерлі тады і мы, калі памерлі браты нашыя перад Госпадам!
і, усхваляваўшыся, яны казалі: «Лепш бы мы загінулі разам з братамі нашымі перад Госпадам!
навошта вы прывялі супольства Гасподняе ў гэтую пустыню, каб памерці тут нам і быдлу нашаму?
Навошта вывелі вы супольнасць Госпадаву ў пустыню, каб мы разам з нашай жывёлай загінулі?
і навошта вывелі вы нас зь Егіпта, каб прывесьці нас у гэта нягоднае месца, дзе нельга сеяць, няма ні смакоўніц, ні вінаграду, ні гранатавых яблыкаў, ні нават вады пітной?
Навошта вы прымусілі нас выйсці з Егіпта і завялі нас у гэтае месца найгоршае, дзе сеяць нельга, дзе фігавае дрэва не расце, ані вінаград, ані дрэвы гранатавыя, і нават вады няма для піцця?»
І пайшоў Майсей і Аарон ад народу да ўваходу ў скінію сходу, і ўпалі на абліччы свае, і зьявілася ім слава Гасподняя.
Майсей і Аарон, адышоўшы ад натоўпу, прыйшлі да ўваходу ў палатку сустрэчы і ўпалі ніц на зямлю, і з’явілася слава Госпадава над імі.
І сказаў Гасподзь Майсею, кажучы:
І сказаў Госпад Майсею, кажучы:
вазьмі посах і зьбяры супольства, ты і Аарон, брат твой, і скажэце на вачах у іх скале, і яна дасьць зь сябе ваду: і так ты выведзеш ім ваду са скалы і напоіш супольства і быдла ягонае.
«Вазьмі кій, і ты, і Аарон, брат твой, збярыце народ і скажыце скале, што перад вамі, а яна дасць вады. І калі пацячэ з яе вада, прывядзі грамаду і яе жывёлу».
І ўзяў Майсей посах перад абліччам Госпада, як Ён загадаў яму.
Дык Майсей па загадзе Госпада ўзяў кій, што быў перад абліччам Госпада, як Ён загадаў яму.
І сабралі Майсей і Аарон народ да скалы, і сказаў ён ім: паслухайце, непакорныя, хіба нам з гэтае скалы вывесьці вам ваду?
Майсей і Аарон сабралі народ перад скалою і сказалі яму: «Слухайце, бунтаўнікі! Ці зможам мы з гэтай скалы вывесці ваду для вас?»
І падняў Майсей руку сваю і ўдарыў у скалу посахам сваім двойчы, і пацякло многа вады, і піло супольства і быдла ягонае.
І калі ўзняў Майсей руку, ударыўшы кіем два разы ў скалу, выйшлі воды найбагацейшыя, так што напіўся і народ, і жывёла.
І сказаў Гасподзь Майсею і Аарону: за тое, што вы не паверылі Мне, каб зьявіць сьвятасьць Маю на вачах у сыноў Ізраілевых, не ўведзяце вы народу свайго ў зямлю, якую Я даю яму.
І сказаў Госпад Майсею і Аарону: «За тое, што не паверылі вы Мне, каб выявіць Маю святасць перад сынамі Ізраэля, не ўвядзеце гэтых людзей у зямлю, якую Я даў ім».
Гэта вада Мэрывы, у якой увайшлі ў раздор сыны Ізраілевыя з Госпадам, і Ён зьявіў ім сьвятасьць Сваю.
Гэта вада Мэрыбы, дзе ўзбунтаваліся сыны Ізраэля супраць Госпада і дзе Ён выявіў Сваю святасць перад імі.
І паслаў Майсей з Кадэса паслоў да цара Эдомскага: так кажа брат твой, Ізраіль: ты ведаеш усе цяжкасьці, якія спасьціглі нас;
З Кадэса паслаў Майсей паслоў да цара Эдома, каб яны сказалі: «Так кажа брат твой, Ізраэль: “Ты ведаеш усе беды, якія ахапілі нас,
бацькі нашыя перайшлі ў Егіпет, і мы жылі ў Егіпце многа часу, і дрэнна абыходзіліся Егіпцяне з намі і бацькамі нашымі;
калі перабраліся бацькі нашы ў Егіпет і мы пражылі там шмат часу, і як егіпцяне вынішчалі нас і бацькоў нашых,
і паклікалі мы Госпада, і пачуў Ён голас наш, і паслаў анёла, і вывеў нас зь Егіпта; і вось, мы ў Кадэсе, горадзе каля самай мяжы тваёй;
і як мы клікалі Госпада, і як выслухаў Ён нас, і паслаў Анёла, Які вывеў нас з Егіпта. І вось мы ў горадзе Кадэсе, што знаходзіцца пры межах тваіх, размясціліся
дазволь нам прайсьці зямлёю тваёю; мы ня пойдзем па палях і па вінаградніках і ня будзем піць ваду з калодзежаў; а пойдзем дарогаю царскаю, ня збочым ні направа, ні налева, пакуль не пяройдзем межаў тваіх.
і просім, каб нам дазволена было прайсці праз зямлю тваю: не пойдзем мы праз палі і вінаграднікі, і не будзем піць ваду са студняў тваіх; але пойдзем дарогай царскай, не адхіляючыся ані ў правы, ані ў левы бок, пакуль не мінём межаў тваіх”».
Але Эдом сказаў яму: не праходзь празь мяне, інакш я зь мечам выступлю супроць цябе.
Адказаў ім Эдом: «Не ідзі праз мяне, бо перайму цябе са зброяй».
І сказалі яму сыны Ізраілевыя: мы пойдзем вялікаю дарогаю, і калі будзем піць тваю ваду, я і быдла маё, дык будзем плаціць за яе; толькі нагамі маімі прайду, што нічога не каштуе.
І сказалі сыны Ізраэля: «Мы пойдзем бітаю дарогай, а калі будзем піць ваду, мы і жывёла наша, заплацім, што належыць: не будзе ніякай цяжкасці з платай; мы толькі хутка пройдзем».
Але ён сказаў: не праходзь. І выступіў супроць яго Эдом з шматлікім народам і з моцнаю рукою.
Але Эдом адказаў: «Не пройдзеце!» І адразу выйшаў Эдом супраць іх з безліччу войска і добра ўзброены,
І вось не згадзіўся Эдом дазволіць Ізраілю прайсьці празь ягоныя межы, і Ізраіль пайшоў убок ад яго.
і забараніў Эдом Ізраэлю, каб ён пераходзіў межы яго; дык Ізраэль накіраваўся ў іншы бок ад яго.
І выправіліся сыны Ізраіля з Кадэса, і пайшло ўсё супольства да гары Ор.
І калі яны зняліся з лагера з Кадэса, яны прыбылі пад гару Гор, дзе
І сказаў Гасподзь Майсею і Аарону на гары Ор, каля межаў зямлі Эдомскай, кажучы:
сказаў Госпад Майсею і Аарону, — там, на гары Гор, што знаходзіцца на мяжы зямлі Эдома:
няхай прыкладзецца Аарон да народу свайго, бо ён ня ўвойдзе ў зямлю, якую Я даю сынам Ізраілевым, за тое, што вы непакорныя былі загаду Майму каля водаў Мэрывы;
«Хай Аарон, — сказаў Ён, — будзе далучаны да народа свайго, бо ён не ўвойдзе ў зямлю, якую Я даў сынам Ізраэля, таму што вы бунтавалі супраць волі Маёй ля водаў Мэрыбы.
і вазьмі Аарона і Элеазара, сына ягонага, і ўзьвядзі іх на гару Ор;
Вазьмі Аарона і сына яго Элеязэра і завядзі іх на гару Гор.
і здымі з Аарона вопратку ягоную і апрані ў яе Элеазара, сына ягонага, і няхай Аарон адыдзе і памрэ там.
І калі здымеш з бацькі адзенне яго, апрані ў яго Элеязэра, сына яго: Аарон хай адыдзе і там памрэ».
І зрабіў Майсей так, як загадаў Гасподзь. Пайшлі яны на гару Ор на вачах ва ўсяго супольства,
Майсей зрабіў, як Госпад загадаў; узышлі яны на гару Гор у прысутнасці ўсёй супольнасці.
і зьняў Майсей з Аарона вопратку ягоную і апрануў у яе Элеазара, сына ягонага; і памёр там Аарон на вяршыні гары. А Майсей і Элеазар сышлі з гары.
І калі Аарон скінуў шаты свае, ён апрануў у іх Элеязэра, сына яго. Калі памёр Аарон на вяршыні гары, Майсей з Элеязэрам сышлі ўніз.
І ўбачыла ўсё супольства, што Аарон памёр, і аплакваў Аарона ўвесь дом Ізраілеў трыццаць дзён.
А калі ўся супольнасць Ізраэля ўбачыла, што памёр Аарон, плакаў аб ім увесь дом Ізраэля трыццаць дзён.