Яна 19 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Сабілы і Малахава
Тады Пілат узяў Ісуса і загадаў біць Яго.
Дык тады Пілат узяў Ісуса і бічаваў Яго.
І воіны, сплёўшы вянок цярновы, усклалі Яму на галаву, і апранулі Яго ў пурпуру,
І жаўнеры, сьплёўшы вянок зь цярніны (як карону), узьдзелі Яму на Галаву і апранулі Яму пурпуровы плашч
і казалі: радуйся, Цару Юдэйскі! І білі Яго па шчоках.
і казалі: радуйся, Кароль жыдоў! і білі Яго па Абліччу.
Пілат зноў выйшаў і сказаў ім: вось я выводжу Яго да вас, каб вы ведалі, што я не знаходжу ў Ім ніякае віны.
Дык Пілат ізноў выйшаў і кажа ім: вось (я) выводжу Яго да вас, каб (вы) ведалі, што (я) ня знахо́джу ў Ім ніякае віны.
Тады выйшаў Ісус у цярновым вянку і ў пурпуры. І сказаў ім Пілат: вось, Чалавек!
Тады выйшаў Ісус у цярнёвым вянку (як кароне) і ў пурпуровым плашчу. І кажа ім (Пілат): вось Чалавек!
Калі ж убачылі Яго першасьвятары і служкі, дык закрычалі: укрыжуй, укрыжуй Яго! Пілат кажа ім: вазьмеце Яго вы і ўкрыжуйце, бо я не знаходжу ў Ім віны.
Як жа ўбачылі Яго архірэі і слугі (іхныя), закрычалі, кажучы: укрыжуй Яго, укрыжуй! Пілат кажа ім: вазьміце Яго вы і ўкрыжуйце, бо я ня знахо́джу ў Ім (ніякае) віны.
Юдэі адказвалі яму: мы маем закон, і паводле закона нашага Ён павінен памерці, бо зрабіў Сябе Сынам Божым.
Адказалі яму жыды: мы маем Закон, і па Закону нашаму Ён мусіць памерці, бо зрабіў Сябе Сынам Божым.
Пілат, пачуўшы гэтае слова, яшчэ больш напалохаўся,
Як жа Пілат пачуў гэтае слова, (ён) яшчэ больш спужаўся.
і зноў увайшоў у прэторыю, і сказаў Ісусу: адкуль Ты? Але Ісус ня даў яму адказу.
І зноў увайшоў у прэторыю і кажа Ісусу: адкуль Ты? Але Ісус ня адказа́ў Яму (нічога).
Пілат кажа Яму: мне не адказваеш? ці ня ведаеш, што я маю ўладу Цябе крыжаваць і ўладу маю Цябе адпусьціць?
Дык Пілат кажа Яму: Ты са мной ня гаво́рыш? Ці ня ве́даеш, што маю ўладу ўкрыжаваць Цябе і маю ўладу звольніць Цябе?
Ісус адказваў: ты ня меў бы над Мною ніякае ўлады, калі б ня было дадзена табе зьверху; таму большы грэх на тым, хто перадаў Мяне табе.
Ісус адказаў: (ты) ня ме́ў бы ніякае ўлады нада Мною, калі б табе ня было́ дадзена з Вышынí; пагэтаму той, хто выдаў Мяне табе, мае грэх большы.
З гэтага часу Пілат намагаўся адпусьціць Яго. А Юдэі крычалі: калі адпусьціш Яго, ты ня прыяцель кесару; кожны, хто робіць сябе царом, супрацівіцца кесару.
Адгэтуль Пілат шукаў звольніць Яго. Жыды ж крычалі, кажучы: калі звольніш Яго, ты ня прыяцель кесару; кожны, хто робіць сябе́ каралём, супрацьстаіць кесару.
Пілат, пачуўшы гэтае слова, вывеў Ісуса і сеў на судзілішчы, на месцы, якое называецца Ліфастратон, а па-Габрэйску Гаввафа.
Тады Пілат, пачуўшы гэтае слова, вывеў Ісуса вон і сеў на крэсла судзьдзі, на мейсца, што завецца Літо́стратон, а па жыдоўску Гаўвата.
Тады была пятніца перад Пасхаю, і гадзіна шостая. І сказаў Пілат Юдэям: вось, Цар ваш!
Была ж параскева (да) Пасхі, і каля шостае гадзіны. І кажа (Пілат) жыдам: вось Кароль ваш!
Але яны закрычалі: вазьмі, вазьмі, укрыжуй Яго! Пілат кажа ім: каб Цара вашага крыжаваць? Першасьвятары адказвалі: няма ў нас цара апроч кесара.
Але яны закрычалі: вазьмі, вазьмі, укрыжуй Яго! Пілат кажа ім: укрыжаваць Караля вашага? Архірэі адказалі: ня ма́ем (мы) караля, акрамя кесара.
Тады нарэшце ён аддаў Яго ім на крыжаваньне. І ўзялі Ісуса і павялі.
Дык тады (ён) аддаў Яго ім, каб быў укрыжаваны. І ўзялí Ісуса і павялі.
І, нясучы крыж Свой, Ён выйшаў на месца, называнае Лобным, па-Габрэйску Галгофа;
І, нясучы крыж Свой, Ён выйшаў на мейсца, што завецца (мейсца) Чэрапу, што пажыдоўску называецца Галгота,
там укрыжавалі Яго і зь Ім двух іншых, па адзін і па другі бок, а пасярэдзіне Ісуса.
дзе Яго ўкрыжавалі і зь Ім двух іншых абапал Яго, а ў сярэдзіне Ісуса.
А Пілат напісаў і надпіс паставіў на крыжы. Напісана было: Ісус Назарэй, Цар Юдэйскі.
Пілат жа напісаў і надпіс і паставіў на крыжу. Было ж напісана: Ісус Назарэй, Кароль жыдоў.
Гэты надпіс чыталі многія Юдэі, бо месца, дзе быў укрыжаваны Ісус, было недалёка ад горада, і напісана было па-Габрэйску, па-Грэцку, па-Рымску.
І гэты надпіс чыталі шматлікія з жыдоў, бо блізка (ад) места было тое мейсца, дзе быў укрыжаваны Ісус, дый напісана было пажыдоўску, (і) пагрэцку, (і) парымску.
А першасьвятары Юдэйскія сказалі Пілату: ня пішы: Цар Юдэйскі, а што Ён казаў: Я Цар Юдэйскі.
Дык казалі архірэі жыдоўскія Пілату: ня пішы: Кароль жыдоў, але што Ён сказаў: Я ёсьць Кароль жыдоў.
Пілат адказваў: што я напісаў, тое напісаў.
Пілат адказаў: што (я) напісаў, (тое) напісаў.
А воіны, калі ўкрыжавалі Ісуса, пабралі адзежу Ягоную і падзялілі на чатыры долі, кожнаму воіну доля, і хітон; а хітон быў не пашыты, а ўвесь тканы зьверху.
Жаўнеры ж, як укрыжавалі Ісуса, узялі вопратку Ягоную і зрабілі чатыры часткі — кожнаму жаўнеру частка, дый хітон; быў жа хітон ня шыты, (але) увесь вытканы ад верху.
І вось сказалі адзін аднаму: ня будзем разьдзіраць яго, а кінем на яго жэрабя, чый будзе; — хай збудзецца сказанае ў Пісаньні: «падзялілі рызы Мае між сабою і за адзежу Маю кідалі жэрабя». Так учынілі воіны.
Дык сказалі адзін аднаму: ня бу́дзем разьдзіраць яго, але кінем жэрабя на яго: чый будзе; каб споўнілася (сказанае) ў Пісаньні, што гаворыць: падзялілі вопратку Маю між сабою і аб рызе Маёй жэрабя кідалі. Вось так учынілі гэтае жаўнеры (Пс. 22:19).
Каля крыжа Ісуса стаялі Маці Ягоная, і сястра Маці Ягонай Марыя Клеопава, і Марыя Магдаліна.
Стаялі ж ля крыжа Ісусавага маці Ягоная і сястра маткі Ягонай, Марыля Кляо́пава, і Марыля Магдаліна.
Ісус, убачыўшы Маці і вучня, які тут стаяў, якога любіў, кажа Маці Сваёй: Жанчына! вось, сын Твой.
Ісус жа, угледзіўшы матку (Сваю) і вучня, (што) стаіць побач, якога Ён любіў, кажа матцы Сваёй: жанчына! вось сын твой.
Потым кажа вучню: вось, Маці твая! І з гэтага часу вучань гэты ўзяў Яе да сябе.
Пасьля кажа вучню: вось маці твая. І з таго часу вучань гэты ўзяў яе да сябе.
Пасьля таго Ісус, ведаючы, што ўжо ўсё сталася, каб збылося Пісаньне, кажа: піць.
Пасьля таго Ісус, ведаючы, што ўжо ўсё збылося, каб споўнілася Пісаньне, кажа: піць хачу!
Тут стаяў посуд, поўны воцату. Воіны, намачыўшы воцатам губку і накалоўшы на ісоп, паднесьлі да вуснаў Ягоных.
Тут стаяла судзіна, поўная воцату. Яны ж, набраўшы воцату губкай і ўзьдзеўшы (яе) на (сьцяблíну) гізопу, паднялі да Вуснаў Ягоных.
І калі Ісус скаштаваў воцату, сказаў: збылося! І нахіліўшы галаву, аддаў дух.
Як жа Ісус узяў воцату, Ён сказаў: Збылося! і, нахіліўшы галаву, аддаў Дух.
Але як што тады была пятніца, дык Юдэі, каб не пакінуць целаў на крыжы ў суботу, бо тая субота была дзень вялікі, прасілі Пілата, каб перабіць у іх галені і зьняць іх.
А як была параскева, дык жыды, каб ня пакíнуць целаў на крыжу ў суботу, — бо той дзень суботні быў вялікі, — папрасілі Пілата, каб перабіць у іх галёнкі і зьняць (іх).
І вось, прыйшлі воіны, і ў першага перабілі галені, і ў другога, укрыжаванага зь Ім;
Дык прыйшлі жаўнеры і ў першага перабілі галёнкі, і ў другога, укрыжаванага зь Ім.
а, падышоўшы да Ісуса, як убачылі Яго ўжо мёртвага, не перабілі ў Яго галені,
Прыйшоўшы ж да Ісуса, як убачылі, што Ён ужо памёр, ня перабíлі ў Яго Галёнак;
а адзін воін кап’ём працяў Яму рэбры, і адразу выцекла кроў і вада.
але адзін із жаўнераў дзідаю прабіў Яму Бок, і ўраз жа выцякла Кроў і Вада.
І хто бачыў, засьведчыў, і праўдзівае сьведчаньне ягонае; ён ведае, што кажа ў ісьціне, каб вы паверылі;
І той, хто бачыў, пасьведчыў, і сьвядо́цтва ягонае — праўдзівае; і ён ведае, што кажа праўду, каб вы паверылі.
бо гэта сталася, хай збудзецца Пісаньне: «косьць Ягоная хай ня будзе зламана».
Бо гэтае сталася, каб збылося Пісаньне: Костка Ягоная ня бу́дзе пераломлена (Вых. 12:46).
Гэтак сама і ў іншым месцы Пісаньне кажа: «паглядзяць на Таго, Каго працялі».
Дый ізноў другое (мейсца) Пісаньне гаворыць: будуць глядзець на Таго, Каго прабілі (Захар. 12:10).
Пасьля гэтага Язэп з Арыматэі, вучань Ісуса, але тайны — ад страху перад Юдэямі, прасіў у Пілата, каб зьняць Цела Ісусава; і Пілат дазволіў. Той пайшоў і зьняў Цела Ісусава.
І пасьля гэтага Язэп, што з Арыматэі, будучы вучнем Ісуса, але тайным з-за страху перад жыдамі, папрасіў Пілата, каб узяць Цела Ісусава; і Пілат дазволіў. Дык (ён) прыйшоў і ўзяў Цела Ісусава.
Прыйшоў таксама і Мікадым, які прыходзіў раней да Ісуса ўначы, і прынёс сумесь з альясу і сьмірны, літраў каля ста.
Прыйшоў таксама й Мікадым, — што прыходзіў раней да Ісуса ўначы, — нясучы мешанíну са сьмірны і алёэ хунтаў каля ста.
І вось, узялі яны Цела Ісусавае і ўгарнулі яго ў палатно з пахошчамі, як звычайна хаваюць Юдэі.
Тады ўзялі яны Цела Ісусава і абярнулі Яго ў ільняныя палотны з пахнідламі, як ёсьць звычай хаваць у жыдоў.
На тым месцы, дзе Ён быў укрыжаваны, быў сад, і ў садзе была магіла новая, у якую яшчэ ніхто ня быў пакладзены:
Быў жа сад на тым мейсцы, дзе Ён быў укрыжаваны, і ў тым садзе новая магіла, у якой яшчэ ніхто ня быў паложаны.
там паклалі Ісуса дзеля пятніцы Юдэйскай, бо магіла была блізка.
Пагэтаму тутака, па прычыне (дня) жыдоўскай параскевы, палажылі Ісуса, бо магіла была блізка.