1 да Карынфянаў 4 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Сабілы і Малахава
Дык вось, кожны павінен уважаць нас за слуг Хрыстовых і за будаўнікоў тайнаў Божых;
Такім чынам хай (кожны) чалавек уважае нас за служак Хрыстовых і аканомаў тайнаў Бога.
ад будаўнікоў жа патрабуецца, каб кожны быў верны.
Ад аканомаў, да таго ж, патрабуецца, каб кожны (зь іх) быў верным.
Мне вельмі мала залежыць, як судзіце мяне вы, альбо як судзяць людзі; я і сам сябе ня суджу.
Для мяне вельмі мала што дае, як судзіце аба мне вы ці людзі; я і сябе самога ня ацэньваю.
Бо, хоць я нічога ня ведаю за сабою, але гэтым не апраўдваюся; а судзьдзя мне — Гасподзь.
Хоць я нічога (благога) пра сябе ня ведаю, але я апраўданы ня гэтым; бо судзьдзя мне — Госпад.
Таму ня судзеце ніяк дачасна, пакуль ня прыйдзе Гасподзь, Які і асьветліць схаванае ў змроку і выявіць сардэчныя намеры, і тады кожнаму будзе пахвала ад Бога.
Так што дачасна ні аб кім ня судзіце, пакуль ня прыйдзе Госпад, Каторы і прасьвеціць тайны ў цемры, і выявіць намеры сэрцаў, вось тады пахвала будзе кожнаму ад Бога.
Гэта, браты, прыклаў я да сябе і да Апалоса дзеля вас, каб вы навучыліся ад нас не мудраваць звыш таго, што напісана, і не выстаўліся адзін перад адным.
Гэта ж, браты, я прыклаў да сябе і Апалёса дзеля вас, каб вы навучыліся ад нас ня думаць больш за тое, што напісана, каб вы ня вывышшаліся адзін перад другім.
Бо хто вылучае цябе? Што ты маеш, чаго не атрымаў бы? А калі атрымаў, чаго хвалішся, быццам не атрымаў?
Бо хто цябе адзначае? Што ты маеш, чаго (б) ня атрымаў? Калі ж і атрымаў, чаго хвалішся, як бы ня атрымаў?
Вы перанасыціліся ўжо, вы ўжо ўзбагаціліся, вы пачалі валадарыць бяз нас. О, калі б на самай справе валадарылі, каб і мы з вамі валадарылі!
Вы ўжо перанасычаны, ужо разбагацелі, вы (ужо) бяз нас запанавалі. О, каб жа вы (і сапраўды) запанавалі, каб і мы разам з вамі запанавалі.
Бо я думаю, што нам, апошнім пасланцам, Бог вызначыў быць як бы засуджанымі на сьмерць; бо мы зрабіліся ганьбішчам для сьвету, для анёлаў і людзей.
Бо думаю, што Бог нас, Апосталаў, выставіў як апошніх (вартых ганьбы людзей) як бы прысуджаных на сьмерць, таму што мы сталіся відовішчам для гэтага сьвету і Ангелаў, і людзей.
Мы неразумныя дзеля Хрыста, а вы мудрыя ў Хрысьце; мы нямоглыя, а вы дужыя; вы ў славе, а мы ў ганьбе.
Мы няразумныя дзеля Хрыста, а вы мудрыя ў Хрысьце; мы немачныя, а вы моцныя; вы ў пашане, а мы ў ганьбе.
Нават дагэтуль трываем голад і смагу, і галечу, і б’юць нас, і бадзяемся,
Нават да цяперашняга часу мы церпім і голад, і смагу, і галечу, і б’юць нас, і бадзяемся,
і працуем, робячы сваімі рукамі. Ліхасловяць нас, мы дабраслаўляем; гоняць нас, мы трываем;
і працуем, робячы сваімі рукамі; ліхасловяць нас, (мы) багаслаўляем, (мы) перасьледаваны, (але) трываем;
клянуць нас, мы молімся; мы як сьмецьце для сьвету, як пыл, усімі таптаны дагэтуль.
(мы) зганьбаваныя, (але мы) угаворваем; мы (сталіся) як сьмецьце для (усяго) сьвету, мы сталіся для ўсіх адкідамі аж дагэтуль.
Ня каб пасароміць вас, пішу гэта, а на розум наводжу вас, як любасных дзяцей маіх.
Пішу гэта ня (для таго), каб пасароміць вас, але як маіх любасных дзяцей настаўляю вас на розум.
Бо, хоць у вас тысячы настаўнікаў у Хрысьце, але няшмат айцоў: я нарадзіў вас у Хрысьце Ісусе зьвеставаньнем.
Бо хаця б вы настаўнікаў у Хрысьце мелі тысячы, але ня многа ба́цькаў; а я нарадзіў вас у Хрысьце Ісусе Добрай весткай.
Таму прашу вас: пераймайце мяне, як я Хрыста.
Таму вельмі прашу вас: будзьце маімі пераймальнікамі.
На тое паслаў я да вас Цімафея, майго любаснага і вернага ў Госпадзе сына, які нагадае вам пра шляхі мае ў Хрысьце Ісусе, як я вучу ўсюды ў кожнай царкве.
Дзеля гэтага я паслаў да вас Цімахвея, які ёсьць сын мой любасны і верны ў Госпадзе, каторы напомніць вам пра мае шляхі ў Хрысьце, як я вучу ўсюды ўва ўсякай царкве.
Як я ня йду да вас, дык некаторыя ў вас заганарыліся;
А як я ня прыходжу да вас, нікаторыя ўзганарыліся;
але я неўзабаве прыйду да вас, калі заўгодна будзе Госпаду, і выпрабую ня словы гардуноў, а сілу,
але я хутка прыйду да вас, калі Госпад захоча, і распазнаю ня слова тых, што ўзганарыліся, але сілу,
бо Царства Божае ня ў слове, а ў сіле.
таму што Валадарства Бога ня ў слове, але ў сіле.
Чаго вы хочаце? каб з посахам прыйшоў да вас, ці зь любоўю і духам лагоднасьці?
Чаго вы хочаце? (Каб) я са ськіпетрам прыйшоў да вас, ці з любоўю і духам лагоднасьці?