1 да Фесаланікійцаў 4 разьдзел
Першае пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Сабілы і Малахава
За гэтым, браты, просім і молім вас Ісусам Хрыстом, каб вы, прыняўшы ад нас, як трэба вам паводзіцца і дагаджаць Богу, у гэтым яшчэ большы посьпех займелі,
Нарэшце ж, браты, просім вас і молім у Госпадзе Ісусе: каб вы як прынялі ад нас, як належыць вам паступаць і дагаджаць Богу, каб вы збыткавалі ў гэтым;
бо вы ведаеце, якія мы далі вам запаведзі ад Госпада Ісуса.
бо ведаеце, якія прыказаньні мы далі вам ад Госпада Ісуса.
Бо воля Божая ёсьць асьвячэньне вашае, каб вы ўстрымліваліся ад распусты;
Бо гэткая ёсьць воля Бога — асьвячэньне вашае: каб вы высьцерагаліся блудадзеяньня;
каб кожны з вас умеў захоўваць свой сасуд у сьвятасьці і гонары,
каб кожны з вас захоўваў сваю судзіну ў сьвятасьці і чэсьці,
а не ў запале пахацінства, як язычнікі, што ня ведаюць Бога;
а ня ў юрлівасьці, як і пагане, якія ня ведаюць Бога;
каб вы ні ў чым не паводзіліся з братам сваім супрацьзаконна і карысьліва: бо Гасподзь — мсьцівец за ўсё гэта, як і раней мы казалі вам і сьведчылі.
каб вы ня перавышалі дазволенага і ня паступалі карысьліва ў адносінах да брата свайго, бо Госпад помсьціць за ўсё гэтае, як і раней мы гаварылі вам і сьведчылі.
Бо паклікаў нас Бог не да нячысьціні, а да сьвятасьці.
Бо прыклікаў нас Бог ня да нячыстасьці, але да сьвятасьці.
А таму непакорлівы ёсьць непакорны не чалавеку, а Богу, Які і даў нам Духа Свайго Сьвятога.
Таму, хто гэта зьняважае, той ня чалавека зьняважае, але Бога, Які і Духа Свайго даў нам.
Пра браталюбства ж няма патрэбы пісаць вам, бо вы самі навучаны Богам любіць адно аднаго,
Адносна ж браталюбства няма ніякай патрэбы пісаць вам, бо вы самі навучаны Богам любіць адзін аднаго.
бо вы так і робіце з усімі братамі па ўсёй Македоніі. Молім вас, браты, яшчэ болей старацца
Бо вы і робіце гэта з усімі братамі па ўсёй Македоніі. Молім жа вас, браты, пасьпяваць у гэтым яшчэ больш
і рупліва дбаць пра тое, каб жыць ціхмяна, рабіць сваю справу і працаваць сваімі рукамі, як мы наказвалі вам;
і рупліва дбаць, каб жыць ціха, і рабіць сваю (справу), і працаваць сваімі ўласнымі рукамі, як мы і загадалі вам:
каб вы паводзіліся прыстойна перад чужымі і ні ў чым патрэбы ня мелі.
каб вы паводзіліся добрапрыстойна з вонкавымі і ня мелі ні ад кога залежнасьці.
Не хачу, браты, пакінуць вас у няведаньні пра памерлых, каб вы не маркоціліся, як іншыя, што ня маюць надзеі.
Ня хачу ж вас, браты, пакінуць у няведаньні пра памёршых, каб вы ня сумавалі, як і астатнія, якія ня маюць надзеі.
Бо калі мы верым, што Ісус памёр і ўваскрэс, дык і памерлых у Ісусе Бог прывядзе зь Ім.
Бо калі мы верым, што Ісус памёр і ўваскрос, то і памёршых у Ісусе Бог прывядзе разам зь Ім.
Бо гэта кажам вам словам Гасподнім, што мы, жывыя, што засталіся да прышэсьця Гасподняга, не папярэдзім памерлых;
Бо гэтае мы вам кажам словам Госпада, што мы, жывыя, якія застаемся да прыходу Госпада, ня апярэдзім памёршых,
бо Сам Гасподзь пры абвяшчэньні, пры голасе арханёла і трубе Божай, сыдзе зь неба, і мёртвыя ў Хрысьце ўваскрэснуць раней;
таму што Сам Госпад пры валада́рным воклічы, пры голасе Архангела і пры трубе Бога зыйдзе зь Неба, і памёршыя ў Хрысьце ўваскрэснуць першымі;
потым мы, хто застанецца жывы, разам зь імі ўзятыя будзем на воблакі на сустрэчу з Госпадам у паветры, і так вечна з Госпадам будзем.
потым мы, што застаемся жывымі, разам зь імі падхоплены будзем на аблоках на сустрэчу з Госпадам у паветры, ды гэтак заўсёды з Госпадам будзем.
Дык вось, суцяшайце адно аднаго гэтымі словамі.
Гэтак суцяшайце адзін аднаго словамі гэтымі.