Да Габрэяў 13 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Сабілы і Малахава
Браталюбства, між вамі няхай будзе.
Братняя любоў (між вамі) няхай трывае.
Гасьціннасьці да вандроўнікаў не забывайце; бо празь яе некаторыя, ня ведаючы, гасьцінна прынялі анёлаў.
Гасьціннасьці ня забывайце; бо празь яе нікаторыя, ня ведаючы, гасьцінна прынялі Ангелаў.
Памятайце вязьняў, як бы і вы зь імі былі ў кайданах, і пакутнікаў, бо і самі вы ў целе.
Памятайце вязьняў, як бы і вы былі (зь імі) у путах, і тых, што пад гнётам, бо і самі вы ў целе.
Шлюб ва ўсіх няхай будзе пачэсны і ложак беззаганны; а распусьнікаў і пералюбцаў судзіць Бог.
Шлюб (ува ўсіх вас) хай будзе чэсны і шлюбны ложак хай будзе бяззаганны; а блудадзеяў і чужаложцаў будзе судзіць Бог.
Майце нораў несрэбралюбны, задавольвайцеся тым, што ёсьць. Бо Сам сказаў: «не пакіну цябе і не адступлюся ад цябе»,
Майце нораў нясрэбралюбны, здавальняючыся тым, што ёсьць. Бо Ён сказаў: «ня адхінуся ад цябе і ня пакіну цябе»;
так што мы кажам адважна: «Гасподзь мне памочнік, і не збаюся: што зробіць мне чалавек?»
так што мы адважна кажам: «Госпад мне памочнік, і я ня збаюся: што зробіць мне чалавек?»
Спамінайце настаўнікаў вашых, якія дабравесьцілі вам слова Божае, і, гледзячы на канец іхняга жыцьця, пераймайце іхнюю веру.
Памята́йце вашых настаўнікаў, якія дане́сьлі да вас Слова Бога; і гле́дзячы на канец іхняга жыцьця, пераймайце іхную веру.
Ісус Хрыстос учора і сёньня і навекі Той самы.
Ісус Хрыстос учора і сягоньня, і навекі вякоў — Той Самы.
Вучэньнямі рознымі і чужымі не захапляйцеся; бо добра мілатою мацаваць сэрцы, а ня прысмакамі, ад якіх не атрымалі карысьці тыя, што іх спажывалі.
Навукамі рознымі і чужымі ня захапляйцеся; бо добра Багадацьцю ўмацоўваць сэрца, а ня стравамі, ад якіх ня атрымалі карысьці тыя, што спажывалі іх.
Мы маем ахвярнік, зь якога ня маюць права карміцца слугі скініі.
Мы маем ахвярнік, зь якога ня маюць права есьці тыя, што скініі служаць.
Бо целы жывёлін, кроў зь якіх, на ачышчэньне грэху, уносіцца першасьвятаром у сьвяцілішча, спальваюцца за табарам, —
Бо кроў гэтых жывёлінаў за грэх (архірэя і ўсяго народу) уносіцца ў Сьвяцілішча (Сьвятое Сьвятых) архірэям, а іхныя целы спальваюцца па-за станам.
дык і Ісус, каб асьвяціць людзей Крывёю Сваёю, пацярпеў па-за брамаю.
Таму і Ісус, каб асьвяціць народ Сваёю Крывёю, перанёс (сьмяротныя) пакуты за брамаю.
Дык выйдзем жа да Яго за табар, нясучы Яго паганьбеньне;
Дык выйдзем да Яго за стан, нясучы Ягоную зьнявагу,
бо ня маем тут сталага горада, а шукаем будучага.
бо ня маем тут сталага места, але шукаем надыходзячага.
Дык будзем жа празь Яго няспынна прыносіць Богу ахвяру хвалы, гэта значыцца, плод вуснаў, якія славяць імя Ягонае.
Дык будзем пастаянна празь Яго прыносіць яхвяру удзячнасьці Богу, гэта значыць плод вуснаў тых, хто спавядае імя Ягонае.
Не забывайце таксама дабрачыннасьці і шчырай супольнасьці, бо такія ахвяры падабаюцца Богу.
Аб дабрадзейнасьці і супольнасьці ня забывайцеся, бо гэткія ахвяры падабаюцца Богу.
Слухайцеся настаўнікаў вашых і будзьце пакорлівыя, бо яны нядрэмна рупяцца за вашыя душы, як абавязаныя даць адказ; каб яны рабілі гэта з радасьцю, а ня ўздыхаючы, бо гэта вам не карысна.
Будзьце ўважлівымі да вашых настаўнікаў і пакорнымі ім, таму што яны нядрэмна рупяцца аб душах вашых, як абавязаныя (за іх) даць справаздачу, каб яны гэта рабілі з радасьцю, а ня ўздыхаючы: бо гэта для вас някарысна.
Малецеся за нас; бо мы ўпэўненыя, што маем добрае сумленьне, бо ва ўсім хочам паводзіцца сумленна.
Маліцеся за нас, бо мы ўпэўнены, што маем добрае сумленьне, і ва ўсім жадаем паводзіць сябе чэсна.
Асабліва ж прашу рабіць гэта, каб я хутчэй вернуты быў вам.
Асабліва ж прашу гэта рабіць, каб я хутчэй быў вернуты вам.
А Бог згоды, Які ўзьнёс зь мёртвых Пастыра авечак вялікага Крывёю запавета вечнага, Госпада нашага Ісуса (Хрыста),
А Бог Міру, Які ўваскрасіў зь мёртвых Госпада нашага Ісуса Хрыста, вялікага Пастыра авечак, хай Крывёю Запавету вечнага,
хай удасканаліць вас у кожнай добрай дзеі, на выкананьне волі Ягонай, творачы ў вас заўгоднае Яму, празь Ісуса Хрыста. Яму слава на векі вечныя! Амін.
удасканаліць вас ва ўсякай добрай справе на выкананьне волі Ягонай, робячы ў вас заўгоднае Яму праз Ісуса Хрыста, Якому слава ў вяках вякоў! Амін.
Прашу вас, браты, прымеце гэтае слова ўмаўленьня; я ж няшмат і напісаў вам.
Дык прашу вас, браты, прымеце гэта слова суцяшэньня; бо я і нямнога напісаў вам.
Ведайце, што брат наш Цімафей вызвалены, і я разам зь ім, калі ён неўзабаве прыйдзе, пабачу вас.
Ведайце, што брат Цімахвей вызвалены, зь якім, калі хутка прыйдзе, убачу вас.
Вітайце ўсіх настаўнікаў вашых і ўсіх сьвятых. Вітаюць вас Італійскія.
Прывітайце ўсіх вашых старэйшынаў і ўсіх сьвятых. Вітаюць вас тыя, што ў Італіі.
Мілата з усімі вамі. Амін.
Багадаць з усімі вамі. Амін.