Да Эфэсянаў 5 разьдзел

Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

Дык вось, сьледуйце Богу, як дзеці любасныя,
 

і жывеце ў любові, як і Хрыстос палюбіў нас і аддаў Сябе за нас у прынашэньне і ахвяру Богу, на пахошчы прыемныя.
 

А распуста і ўсялякая нечысьць і любазьдзірства не павінны нават упамінацца ў вас, як гэта прыстойна сьвятым.
 

Таксама і брыдкаслоўе і пустаслоўе і пакепства не да гонару вам; а наадварот, хай лепш будзе падзяка;
 

бо ведайце, што ніякі распусьнік, альбо нячысты, альбо любазьдзірца, які ёсьць ідаласлужэнец, ня мецьме спадчыны ў Царстве Хрыста і Бога.
 

Хай ніхто ня зводзіць вас пустымі словамі, бо за гэта прыходзіць гнеў Божы на сыноў бунтоўных:
 

дык жа ня будзьце супольнікамі іхнімі.
 

Вы былі колісь цемра, а цяпер — сьвятло ў Госпадзе: дык паводзьцеся, як дзеці сьвятла,
 

бо плод Духа — ва ўсякай даброці, праведнасьці і ісьціне.
 

Шукайце таго, што да спадобы Богу,
 

і не бярэце ўдзелу ў бясплённых дзеях цемры, а яшчэ і выкрывайце,
 

бо пра тое, што яны робяць таемна, сорамна і казаць.
 

А ўсё, што выкрываецца, выяўляецца ў сьвятле, бо ўсё, што робіцца яўным, ёсьць сьвятло.
 

Таму сказана: «устань, хто сьпіць, і ўваскрэсьні зь мёртвых, і асьветліць цябе Хрыстос!».
 

Дык глядзеце, дзейце асьцярожна, не як неразумныя, а як мудрыя,
 

цэнячы дорага час, бо дні — ліхія.
 

Дык ня будзьце ж неразважныя, а спазнавайце, што ёсьць воля Божая.
 

І ня ўпівайцеся віном, ад якога бывае распуста; а напаўняйцеся Духам,
 

настаўляючы саміх сябе псальмамі і славаслоўем і духоўнымі сьпевамі, сьпяваючы і апяваючы ў сэрцах вашых Госпада,
 

дзякуючы заўсёды за ўсё Богу і Айцу, у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста,
 

слухаючыся адно аднаго ў страху Божым.
 

Жонкі, упакорвайцеся сваім мужам, як Госпаду,
 

бо муж ёсьць галава жонкі, як і Хрыстос — галава Царквы, і Ён жа Збаўца цела.
 

Але як Царква слухаецца Хрыста, так і жонкі сваіх мужоў ва ўсім.
 

Мужы, любеце сваіх жонак, як і Хрыстос палюбіў Царкву і аддаў Сябе за яе,
 

каб асьвяціць яе, ачысьціўшы мыцьцём водным, праз слова;
 

каб прадставіць яе Сабе слаўнаю Царквою, бяз плямы, без заганы, або чаго-небудзь падобнага, а каб яна была сьвятая і беззаганная.
 

Так павінны мужы любіць сваіх жонак, як сваё цела: хто любіць сваю жонку, любіць самога сябе.
 

Бо ніхто ніколі ня меў нянавісьці да сваёй плоці, а корміць і грэе яе, як і Гасподзь Царкву;
 

бо мы часткі Цела Ягонага, ад плоці Ягонай і ад касьцей Ягоных.
 

Таму «пакіне чалавек бацьку свайго і маці і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць двое адна плоць».
 

Тайна гэтая вялікая; я кажу пра Хрыста і пра Царкву.
 

Так кожны з вас хай любіць сваю жонку, як самога сябе; а жонка хай баіцца свайго мужа.