Яна 5 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Просьле гэтага было сьвята юдэйскае, і Ісус прышоў да Ерузаліму.
 
Затым надыйшло сьвята Юдэйскае і Езус прыйшоў у Ерузалім.

Ёсьць жа ў Ерузаліме ля Авечае брамы копань ізь пяцьма ґанкамі, званая пагэбрэйску Віфэзда.
 
А ў Ерузаліме знаходзіцца "авечая сажалка", па гэбрайску: Бэтсайда, якая мае пяць уваходных брамаў.

І ў іх ляжала множасьць хворых, нявісных, кульгавых, сьпятрэлых, што чакалі руху вады;
 
У іх ляжала шмат хворых: сьляпых, храмых, спараліжаваных, чакаючых узваруху вады.

Бо ад часу да часу зыходзіў да копані ангіл і кратаў ваду, і хто першы ўходзіў у пакратаную ваду, ачуняваў, на якую б хваробу ён ні хворэў.
 
Вось Анёл Госпадаў ад часу да часу сыходзіў у сажалку, парушаў ваду, і хто першы ўваходзіў у сажалку па ўзварухненьні вады — здаравеў, якою бы немаччу не хварэў.

І там быў адзін чалавек, хворы трыццаць восьмі год.
 
А быў там адзін чалавек хварэючы трыццаць восем гадоў.

Ісус, бачачы яго лежачага й ведаючы, што ён ляжыць ужо даўгі час, кажа яму: «Ці хочаш ачуняць?»
 
І калі Езус убачыў яго лежачага ды пазнаў, што ён доўгі час хварэе, спытаўся ў яго: "Ці хочаш быць здаровы?"

Хворы адказаў Яму: «Спадару, я ня маю людзіны, каб, як вада пакратаная, апусьціла мяне да копані; як жа я йду, іншы выпераджае мяне».
 
Хворы адказаў яму: "Госпадзе, ня маю нікога, хто б мяне ўкінуў у сажалку, калі варушыцца вада. Бо калі я змагу дайсьці, хто іншы перада мной уваходзіць".

Ісус кажа яму: «Устань, вазьмі пасьцелю сваю й хадзі».
 
Сказаў яму Езус: "Падыміся, вазьмі ляжак свой і ідзі".

І якга тый чалавек ачуняў, і ўзяў пасьцелю сваю, і пайшоў. І была сыбота таго дня.
 
І адразу стаў здаровым той чалавек. Узяў ляжак свой і хадзіў. А быў гэта дзень шабату.

Затым Юдэі сказалі ўздароўленаму: «Сыбота, не дазволена табе правам браць пасьцелі свае».
 
Дык казалі Юдэі аздароўленаму: "Гэта ж шабат, не выпадае табе насіць лежак свой".

Ён адказаў ім: «Хто ўздаравіў мяне, сказаў імне: "Вазьмі пасьцелю сваю й хадзі"».
 
Адказаў ім: "Той, Хто аздаравіў мяне, сказаў мне: "Вазьмі ляжак свой ды хадзі".

Яны папыталіся ў яго: «Хто тый чалавек, што сказаў табе: "Вазьмі пасьцелю сваю й хадзі"?».
 
Дык пыталіся яго: "Што гэта чалавек, каторы табе сказаў: вазьмі ляжак свой і хадзі".

Але ўздароўлены ня ведаў, хто гэта быў, бо Ісус, там будучы, адхінуўся ад гурбы ў тым месцу.
 
Аздароўлены ж ня ведаў, хто гэта быў, бо Езус адыйшоўся ад людзей, што былі сабраўшыся ў тым месцы.

Просьле гэтага Ісус засьпяець яго ў сьвятыні і кажа яму: «Вось, ты ачуняў; не грашы ж ужо, каб чаго горшага ня сталася табе».
 
Потым напаткаў яго Езус у сьвятыні і сказаў яму: "Паздаравеў ты і ўжо болей не грашы, каб ня здарылася табе што горшае".

Чалавек тый пайшоў і сказаў Юдэям, што гэта быў Ісус, каторы ўздаравіў яго.
 
Затым той чалавек пайшоў і сказааў Юдэям, што гэта Езус яго аздаравіў.

І за тое Юдэі перасьледавалі Ісуса, што Ён учыніў гэта ў сыботу.
 
Таму прасьледавалі Юдэі Езуса, што ў шабат лячыў.

Але Ісус адказаў ім: «Ацец Мой аж дагэтуль працуе, і Я працую».
 
Але Езус адказаў ім: "Айцец Мой дзейнічыць да гэтае хвіліны і Я так раблю".

За гэта яшчэ балей Юдэі шукалі забіць Яго, бо Ён ня толькі ўзрушаў сыботу, але й сказаў, што Бог быў айцец Ягоны, раўнуючы Сябе да Бога.
 
Дзеля таго тым больш думалі Юдэі як Езуса забіць, бо ня толькі нарушаў шабат, але і Бога называў Айцом Сваім, раўнуючыся Богу. Затым у адказ сказаў ім Езус:

Дык адказаў Ісус і сказаў ім: «Запраўды, запраўды кажу вам: Сын нічога ня можа чыніць Сам ад Сябе, адно што бача Айца чынячага; бо што-колечы Ён чыне, тое й Сын чыне таксама.
 
"Сапраўды, сапраўды кажу вам: "Сын ня можа нічога зрабіць Сам ад Сябе, але толькі тое, што відзіць што і Айцец робіць. Бо што Ён робіць, тое таксама Сын робіць.

Бо Ацец любе Сына й паказуе Яму ўсе, што Ён Сам чыне; і пакажа Яму ўчынкі большыя за гэтыя, каб вы дзіваваліся.
 
Бо Айцец мілуе Сына і аб'яўляе Яму усё, што Сам робіць. І яшчэ важнейшыя, а гэтых аб'яўляе Яму справы, каб вы дзівіліся.

Бо як Ацец ускрышае памерлых і ажыўляе іх, так і Сын ажыўляе, каго хоча.
 
Бо як Айцец ускрашае памёршых і ажыўляе, так і Сын каму хоча дае жыцьцё.

Бо Ацец і ня судзе нікога, але аддаў увесь суд Сыну;
 
Бо Айцец нікога ня судзіць, але ўвесь суд паручыў Сыну,

Каб усі сьцілі Сына, як сьцяць Айца. Хто ня сьціць Сына, ня сьціць Айца, Каторы паслаў Яго.
 
каб усе славілі Сына, як славяць Айца. Хто ня славіць Сына, ня славіць таксама Айца, Які паслаў Яго.

Запраўды, запраўды кажу вам: хто слухае слова Мае й вера таму, хто паслаў Мяне, мае жыцьцё вечнае; і ня прыйдзе на суд, але перайшоў ад сьмерці да жыцьця.
 
Сапраўды, сапраўды кажу вам: "Хто слухае Маё слова ды верыць Таму, Хто Мяне паслаў, мае жыцьцё вечнае, ды не ідзе на суд, але са сьмерці пераходзіць у жыцьцё.

Запраўды, запраўды кажу вам, што настаець гадзіна, і цяпер ё, калі мертвыя пачуюць голас Сына Божага, і каторыя пачуюць, будуць жыць.
 
Сапраўды, сапраўды кажу вам, што надыходзіць пара, ды нават ужо надыйшла, калі памёршыя галас Сына Божага, і тыя, што пачуюць жыць будуць.

Бо як Ацец мае жыцьцё ў Самым Сабе, так і Сыну даў меці жыцьцё ў Самым Сабе.
 
Бо як Айцец мае жыцьцё Сам у Сабе, так і Сыну даў мець жыцьцё ў Сабе Самым.

І даў Яму ўладу чыніць суд, бо Ён ё Сын Людзкі.
 
Ды даў Яму ўладу судзіць, бо Ён Сын Чалавечы.

Ня дзівуйцеся з гэтага, бо настаець гадзіна, у каторай усі, што ў грабох, пачуюць голас Ягоны;
 
Не дзівіцеся за тым, бо надходзіць пара, у якой усе, што ў магілах, пачуюць голас Сына Божага.

І пойдуць тыя, што чынілі дабро, на ўскрысеньне жыцьця, а каторыя ліха чынілі, на ўскрысеньне суду.
 
І тыя, што добра паступалі (жылі), пойдуць на ўскрашэньне жыцьця, а тыя, што блага паступалі (жылі), на ўваскрашэньне суду.

Я нічога не магу чыніць Сам ад Сябе. Як чую, так і суджу; і суд Мой справядлівы; бо Я ня шукаю волі Свае, але волі тога, хто паслаў Мяне.
 
Сам ад Сябе нічога не магу рабіць. Суджу так як чую, ды суд Мой справядлівы, бо не шукаю Сваёй волі, але волі Таго, Хто Мяне паслаў.

«Калі Я сьветчу Сам празь Сябе, сьветчаньне Мае ня ё праўдзівае.
 
А калі я сам сведчу аб сабе, пасведчанне маё праўдзівае.

Ё іншы, што сьветча празь Мяне, і Я ведаю, што праўдзівае тое сьветчаньне, каторым Ён сьветча празь Мяне.
 
Ёсьць іншы, хто сьведчыць аба Мне і ведаю, што яго сьведчаньне слушнае, дадзенае пра Мяне.

Вы пасылалі да Яана, і ён пасьветчыў праз праўду.
 
Вы паслалі да Яна і ён сьведчыў праўдзіва.

Не ад людзіны, адылі, я прыймаю сьветчаньне, але кажу гэта, каб вы спасьліся.
 
Але я не апіраюся на сьведчаньні чалавечым, але кажу гэта таму, каб вы былі збаўлены.

Ён быў лянпаю, што гарэла а сьвяціла, і вы хацелі якісь час пацешыцца ў сьвятліні ягонай.
 
Ян быў гаручым і сьвечучым сьветачам (факелам), але вы толькі хвілінку хацелі пацешыцца яго сьветам.

«Я ж маю сьветчаньне большае за Яанава, бо справы, што даў Імне Ацец скончыць, самыя тыя справы, каторыя Я спраўляю, сьветчаць празь Мяне, што Ацец паслаў Мяне.
 
Але Я маю важнейшае пасьведчаньне чым Яна. Бо самыя даконы (творы, дзяла), якія Мне Айцец паручыў выканаць і гэтыя вось чыны, каторыя выконваю, сьведчаць аба Мне, што Айцец Мяне паслаў.

І Ацец, што паслаў Мяне, Сам сьветчыў празь Мяне. Вы ані голасу Ягонага ніколі ня чулі, ані віду Ягонага ня бачылі,
 
Дый і Сам Айцец, Які Мяне паслаў пасьведчыў аба Мне. Але вы голасу Яго ніколі ня чулі і аблічча Яго ня відзілі.

І ня маеце прабываючага ў сабе слова Ягонага, бо каго паслаў Ён, таму ня верыце.
 
І слова Яго не зьбераглі ў вашых сэрцах, бо ня верыце Таму, Каго Ён паслаў.

«Дасьлядуйце Пісьмы, бо думаеце, што ў іх маеце жыцьцё вечнае; а яны сьветчаць празь Мяне.
 
Разглядаеце (бадаеце) Пісаньні, бо думаеце, што маеце ў іх жыцьцё вечнае, але яны толькі сьведчаць (гавораць) аба Мне.

Але вы ня хочаце прыйсьці да Мяне, каб мець жыцьцё.
 
Але да Мяне ісьці ня хочаце, каб атрымаць жыцьцё вечнае.

Ня прыймаю славы ад людзёў,
 
Пахвалы ад людзей не прымаю.

Але пазнаў вас, што вы любові Божае ня маеце ў сабе.
 
Але вас я пазнаў, што міласьці Божай у сабе ня маеце.

Я прышоў у?імя Айца Свайго, і вы ня прыймаеце Мяне; калі б іншы прышоў у імя свае, таго прыймеце.
 
Я ж прыйшоў у імя Айца Майго , а вы не прымаеце Мяне, а калі хто іншы прыйшоў у сваё імя, таго прымаеце.

Як можаце вы верыць, калі адзін ад аднаго прыймаеце славу, і ня шукаеце славы, каторая ад адзінага Бога?
 
Як жа можаце верыць вы, каторыя хвалу прымаеце адны ад другіх, а хвалы, што ад Бога Самога — не шукаеце.

Ня думайце, што Я буду вінаваць вас перад Айцом: ё хто абвінуе вас — Масей, на Каторага спадзяіцеся.
 
Ня думайце, што Я вас буду вінаваціць перад Айцом, вінаваціць будзе вас Майсей, у якім вы надзею пакладаеце.

Бо калі б вы верылі Масею, паверылі б Імне, бо ён пісаў празь Мяне.
 
Бо каб вы верылі Майсею, дык уверылі б вы і Мне, бо ён пра Мяне пісаў.

Але калі ня верыце Пісьмам, як паверыце Маім словам?»
 
Але калі вы пісьмам яго ня верыце, дык як жа ўверыце Маім словам?"