Да Галятаў 3 разьдзел

Пасланьне да Галятаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

О неразумныя Ґаляты! хто ачараваў вас ня быць паслухменымі праўдзе, у каторых перад ачыма Ісус Хрыстос уперад быў апісаны, бы ўкрыжаваны?
 
1 О неразумныя Галаты!Хто вас зачараваў ня слухацца праўды, вас, перад вачыма якіх Езус Хрыстус уяўлены быў, між вас укрыжаваны?

Адно гэта я хачу даведацца ў вас: з учынкаў Закону вы прынялі Духа, ці із слуханьня веры?
 
Гэтага аднаго хачу ад вас даведацца ці са спаўненьня учынкаў закона атрымалі вы Духа, ці з прыняцьця веры.

Ці такія вы неразумныя, што пачаўшы Духам, цяпер канчаеце целам?
 
Няўжо вы так неразумныя, што пачаўшы Духам, канчаеце целам?

Ці гэтулькі вы выцерпелі дарма? І калі б запраўды дарма!
 
Столькі вы нацярпеліся і надарма? Хаця б толькі без выніку?

Дык Тый, што дастаўляе вам Духа і чыне магутнасьці памеж вас, учынкамі закону чыне, ці слуханьням веры?
 
А той, хто вам дае Духа і стварае цуды ў вас, з выпаўненьня закона творыць гэта, ці што вы прынялі праўды веры?

Так Абрагам паверыў Богу, і залічана яму гэта да справядлівасьці.
 
Як напісана: Абрагам паверыў Богу, і гэта залічана яму за апраўданьне.

Дык пазнайце, што вернікі ё сынове Абрагамовы.
 
Дык ведайце, што толькі веруючыя з яўляюцца сынамі Абрагама.

І Пісьмо, перадбачачы, што Бог вераю аправе паган, абясьціла наперад Дабравесьць Абрагаму: «У табе будуць дабраслаўлены ўсі народы».
 
Таму прадбачыла Пісьмо сьв, што будзе Бог апраўдваць народы верай і прадвесьціла Абрагаму "У табе будуць ушчасьліўлены ўсе народы".

Дык вернікі дабраславяцца зь верным Абрагамам.
 
Адсюль ушчасьліўлены будуць з веруючым Абрагамам усе веруючыя.

А ўсі тыя, што здаюцца на ўчынкі Закону, тыя пад праклёнам. Бо напісана: «Пракляты кажны, хто не застаецца ў вусім, што напісана ў кнізе Закону, каб чыніць іх».
 
Некаторыя абапіраюцца на выпаўненьне закона, і яны знаходзяцца пад праклёнам. Бо напісана " Пракляты ўсякі, хто не спаўняе трывала таго, што напісана ў Законе".

А што Законам ніхто ня правіцца перад Богам, гэта відавочна, бо «Справядлівы вераю жыў будзе».
 
А калі ж па волі Закона ніхто не апраўдваецца перад Богам, таму ясна, што справядлівы сілай веры жыве.

А Закон ня подле веры, але хто спаўняе яго, тый жыў будзе ім.
 
Закон не апіраецца на веру, дык хто будзе спаўняць яго, той ім жыць будзе.

Хрыстос адкупіў нас ад праклёну Закону, стаўшы за нас праклёнам; (бо напісана: «Пракляты кажны, хто вісіць на дзерве»),
 
Хрыстус выкупіў нас ад пракляцьця закона, стаўшыся за нас праклятым, як ёсьць напісана "Пракляты кожны, хто завіс на дрэве",

Каб дабраславенства Абрагамова перазь Ісуса Хрыста магло быць на народах, каб мы прынялі абяцанага Духа вераю.
 
каб такім чынам багаславенства-ушчасьлівеньне Абрагама праз Хрыстуса перайшло і на паганаў, каб гэтак абяцанага Духа атрымалі мы верай.

Браты! кажу палюдзку: нават людзіною зацьверджанае змовы ніхто не касуе і не дадаець.
 
Браты, як чалавек кажу, што нават праўна сьпісанага чалавекам тастаманта ніхто не адкідае, а што-небудзь дабаўляе.

Абрагаму даны былі абятніцы і семені ягонаму. Не сказана: «І сяменьню», бы праз шмат, але як праз аднаго: «І семені твайму», каторае ё Хрыстос.
 
Вось жа Абрагаму дадзены былі абяцаньні і патомству ягонаму не сказана "I патомкам", быццам многім, але як аднаму "I патомку твайму", якім ёсьць Хрыстус.

І гэта я кажу: змова, перад Богам зацьверджаная, тарнуецца да Хрыста; а Закон, што настаў за чатырыста трыццаць год, не касуе, каб абятніца страціла сілу.
 
Гэта вось кажу, падаю як тастамант Богам пацьверджаны, як закон, які споўніўся пасьля чатырохсот трыццаці гадах, які ня зьменіцца, каб адмяніць абяцаньні.

Бо калі спадак із Закону, дык ужо не з абятніцы; але Абрагама Бог падараваў змоваю подле абятніцы.
 
Бо каб спадчына апбапіралася на законе, то не была б абяцаньнем. Абрагама ж надарыў Бог ласкай праз абяцаньне.

Дык нашто ж Закон? Ён прыданы з прычыны выступаў да прыходу Семені, Катораму была зроблена абятніца, загаданы ангіламі рукою пасярэдніка.
 
Нашто тады закон? Ён дзеля праступкаў устаноўлены да часу, пакуль не з'явіцца патомак, якому дадзена абяцаньне, перададзена праз анёлаў рукою пасярэдніка.

Але пасярэднік не з адным, Бог жа адзін.
 
Пасярэднік пры адным не бывае, а Бог жа адзін толькі.

Дык Закон супроці абятніцаў Божых? Няхай ня станецца так! Бо калі б такі Закон быў даны, што можа ажыўляць, тады запраўды справядлівасьць была б із Закону.
 
Ці ж закон працівіўся абяцаньням Божым? Ніякім чынам. Калі б дадзен быў закон, які мог бы даць жыцьцё, то сапраўды з закона вынікала б справядлівасьць.

Але Пісьмо ўсіх замкнула пад грэхам, каб абятніца вернікам дана была зь веры ў Ісуса Хрыста.
 
Але Пісьмо замкнула ўсё пад грэхам, каб на моцы веры ў Езуса Хрыстуса дадзена было абяцаньне веруючым.

А да прыходу веры мы замкнёныя былі пад вартаю Закону, аж пакуль мела зьявіцца вера.
 
Перш чым паявілася вера, знаходзіліся мы пад аховай закона, замкнутымі, чакаючы той веры, якая павінна была быць нам аб'яўлена.

Так што Закон быў нашым дзяціным павадыром да Хрыста, каб мы аправіліся вераю.
 
I так , закон быў нашым педагогам у Хрыстусе, каб моцаю веры былі мы апраўданы.

Але як прышла вера, мы ўжо не пад дзяціным павадыром.
 
Дык, калі павялася ў нас вера, не былі мы ўжо пад педагогам.

Бо ўсі вы сынове Божыя перазь веру ў Хрыста Ісуса;
 
Усе бо вы сталіся, дзякуючы ласцы веры, дзецьмі Божымі ў Езусе Хрыстусе.

Бо колькі ў Хрыста хрысьцілася, толькі ў Хрыста адзелася.
 
Тыя, што ахрышчаны ў Езусе Хрыстусе, у Хрыстуса адзеліся.

Няма Жыда, ані Грэка; няма нявольніка, ані вольніка; няма мужчынскага стану, ані жаноцкага стану: бо ўсі вы адно ў Хрысту Ісусу.
 
Няма ўжо Юдэя або Грэка, няма ўжо нявольніка або вольнага, няма ўжо мужчыны або жанчыны, бо ўсе вы сталіся адным у Езусе Хрыстусе.

Калі ж вы Хрыстовы, дык вы насеньне Абрагамова, спадкаемцы подле абятніцы.
 
Калі ж вы Хрыстовы, то і патомства Абрагама яўляецеся па волі абяцаньня-спадкапрыёмцамі.