Лукаша 5 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

І сталася, як людзі ціснуліся да Яго, каб слухаць слова Божае, а Ён стаяў ля возера Ґенісарэцкага,
 
Аднойчы, калі грамады ціснуліся да Яго слухаць слова Божага, а Ён стаяў каля возера Генэзарэт,

І абачыў два стругі, ля возера стаячыя, а рыбакі ж былі вышаўшы зь іх і паласкалі сеткі.
 
убачыў дзьве лодкі, стаячыя пры беразе возера; рыбакі былі выйшаўшы і паласкалі сеткі.

І ўвыйшоўшы ў вадзін із стругаў, што быў Сымонаў, прасіў яго адамкнуць троху ад зямлі. І, сеўшы, вучыў гурбы із струга.
 
Дык Езус увайшоў у адну лодку, што была Сымонава, і прасіў, каб адплылі крыху ад берага. І, седзячы ў лодцы, навучаў людзей.

А як перастаў гукаць, кажа Сымону: «Выплыві на глыбіню й закінь сеткі свае на лаўбу».
 
Кончыўшы гаварыць, сказаў Сымону: "Паплыві на глыбіню ды закіньце сеткі вашыя на лоўлю".

І, адказуючы, Сымон сказаў Яму: «Вучыцелю, мы цэлую ноч працавалі, і нічога не злавілі; але на слова Твае закіну сетку».
 
А Сымон адказаў Яму: "Вучыцелю, мы ўсю ноч трудзіліся і нічога не злавілі. Аднак на Тваё слова закіну сетку".

Зрабіўшы гэта, яны злавілі вялікую множасьць рыбы, ажно сетка іхная ірвалася.
 
А калі гэта зрабілі, злавілі так многа рыбы, што сетка рвалася.

І кіўнулі сябром, што былі ў другім струзе, каб прышлі памагчы ім; і прышлі, і напоўнілі абодва стругі, ажно пачалі занурацца.
 
Дык далі знак таварышам, якія былі ў другой лодцы, каб пасьпяшылі і дапамаглі ім. Дык прыбылі і запоўнілі абедзьве лодкі, так, што ледзь не танулі.

Як Сымон Пётра абачыў гэта, паў Ісусу да каленяў, кажучы: «Адыйдзі ад мяне, Спадару, бо я людзіна грэшная».
 
Бачачы гэта, Сымон Пётар упаў да кален Езуса, кажучы: "Адыйдзі ад Мяне, Госпадзе, бо я — чалавек грэшны".

Бо зуменьне апанавала яго і ўсіх бытых ізь ім ад такога ўлову рыбы, што яны злавілі;
 
Бо дзеля такога налову рыбы яго ды ўсіх, што з ім былі, ахапіў жах.

І таксама Якава а Яана, сыноў Зэведэявых, што былі сябрамі із Сымонам. І сказаў Ісус Сымону: «Ня бойся, бо адгэтуль ты будзеш лавіць людзёў».
 
Таксама і Якуба, і Яна, сыноў Зэбэдэявых, таварышаў Сымона. І сказаў Езус Сымону: "Ня бойся; адгэтуль ужо людзей лавіць будзеш".

І выцягнуўшы свае стругі на зямлю, яны, пакінуўшы ўсе, пайшлі за Ім.
 
І, выцягнуўшы лодкі на бераг, пакінулі ўсё і пайшлі за Ім.

І сталася, як Ён быў у вадным ізь местаў, вось, прышоў чалавек поўны праказы, каторы, бачачы Ісуса, паў ніцма й маліў Яго, кажучы: «Спадару, калі хочаш, можаш мяне ачысьціць».
 
І здарылася, калі Езус быў у адным горадзе, вось прыйшоў адзін чалавек поўнасьцю пракажаны. Ён, убачыўшы Езуса, паў вобліч і прасіў Яго, кажучы: "Госпадзе, калі хочаш, можаш мяне ачысьціць".

І выцягнуўшы руку, даткнуўся да яго, кажучы: «Хачу, ачысьціся». І праказа якга зышла зь яго.
 
І Езус, працягнуўшы руку, дакрануўся яго і сказаў: "Хачу, будзь ачышчаны". І зараз жа праказа зыйшла з яго.

І расказаў яму нікому не казаць, але «йдзі пакажыся сьвятару і абрачы за ачышчэньне свае, як расказаў Масей, на сьветчаньне ім».
 
І (Езус) загадаў яму, каб нікому пра гэта не гаварыў, але сказаў: "Ідзі, пакажыся сьвятару і ахвяруй за сваё ачышчэньне, як загадаў Майсей на сьведчаньне ім".

Але тым балей пашыралася дзейка празь Яго, і вялікія гурбы зыходзіліся слухаць і ўздараўляцца ім у сваіх няўздоленьнях.
 
Але разыходзілася слова аб Ім тым больш, і зьбіраліся вялікія грамады людзей паслухаць Яго ды быць аздароўленымі ад сваіх немачаў.

Ён жа адыходзіўся на пустыні й маліўся.
 
А Ён удаляўся на адзінач і маліўся.

І сталася аднаго з тых дзён, калі Ён вучыў, і сядзелі тамака фарысэі а вучыцелі права, вышлыя з усіх местачкаў Ґалілеі а Юдэі а Ерузаліму, і моц Спадарова была зь Ім, каб уздараўляць іх.
 
Здарылася, што аднаго дня сядзеў Езус, навучаючы. Там жа сядзелі і фарысэі і законаведы, сабраўшыся з усіх пасяленьняў Галілеі, і Юдэі, і Ерузаліма. І Езус меў моц Госпадаву на аздараўленьне.

І вось, прынесьлі на пасьцелі хворага на паляруш, і стараліся ўнесьці яго, і палажыць перад Ім.
 
Якраз мужчыны прынесьлі чалавека спараліжаванага на лежаку, ды стараліся ўнесьці яго і пакласьці перад Езусам.

І, не знайшоўшы кудэй унесьці яго, з прычыны гурбы, узьлезьлі на страху і пераз стрэшніцы спусьцілі яго з пасьцеляю на сярэдзіну перад Ісусам.
 
І калі дзеля натоўпу не маглі ніяк унесьці, дык узыйшлі на дах і праз сталяваньне спусьцілі яго на лежаку на сярэдзіну перад Езусам.

І, бачачы веру іхную, сказаў яму: «Чалавеча, дараваны табе грахі твае».
 
І Ён, бачачы іхнюю веру, сказаў: :"Чалавеча, адпушчаюцца табе грахі твае".

А кніжнікі а фарысэі пачалі разважаць, кажучы: «Хто гэта, што блявузґае? Хто можа дараваць грахі, апрача аднаго Бога?»
 
І пачалі наракаць кніжнікі і фарысэі, і казаць: "Хто Ён, што блюзьніць? Хто можа грахі адпушчаць, апрача самога Бога?"

Пазнаўшы думкі іхныя, Ісус, адказуючы, сказаў ім: «Што вы разважаеце ў сэрцах сваіх?
 
А Езус, пазнаўшы іхнія думкі, у адказ сказаў ім: "Што вы думаеце ў сэрцах вашых?

Што лацьвей сказаць: "Дараваны табе грахі твае"? ці сказаць: "устань і хадзі"?
 
Што лягчэй сказаць: "Адпушчаюцца табе грахі твае", або: "Устань і хадзі"?

Але каб вы ведалі, што Сын Людзкі мае ўладу на зямлі дараваць грахі (сказаў хвораму на паляруш): «Табе кажу: устань, і вазьмі пасьцелю сваю, і йдзі да дому свайго».
 
Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпушчаньня грахоў, — кажа спараліжаванаму, — : Кажу табе, падыміся, вазьмі ляжак свой ды ідзі дамоў".

І зараз ён устаў перад імі, і ўзяў тое, на чым ляжаў, і адышоў да дому свайго, славячы Бога.
 
І ён, зараз падняўшыся на віду ўсіх, узяў ляжак, на каторым ляжаў, і пайшоў да дому свайго, славячы Бога.

І зумеліся ўсі; і славілі Бога, і, напоўненыя страхам, гукалі: «Чудоўныя рэчы бачылі мы сядні».
 
Дык усіх ахапіла зьдзіўленьне, дык славілі Бога і, напалоханыя, казалі: "Бачылі мы сёньня дзіўныя рэчы".

А просьле гэтага вышаў і абачыў мытніка, імям Леў, на мыце седзячага, і сказаў яму: «Ідзі за Імною».
 
І пасьля гэтага ідучы, Езус убачыў мытніка на імя Леві, седзячага пры мытні, дык сказаў яму: "Хадзі за Мною!"

І, пакінуўшы ўсе, устаўшы, пайшоў за Ім.
 
І ён, пакінуўшы ўсё, падняўся і пайшоў за Ім.

І справіў Яму вялікую чэсьць Леў у доме сваім, і была гурба вялікая мытнікаў і іншых, што ўзьляжалі зь імі.
 
Затым справіў Яму Леві вялікі банкет у доме сваім, ды вялікае мноства мытнікаў і іншых засела з імі пры стале.

Але кніжнікі а фарысэі наракалі, кажучы вучанікам Ягоным: «Чаму вы ясьце а п’іце з мытнікамі а грэшнікамі?»
 
Дык наракалі фарысэі і кніжнікі іх і казалі вучням Ягоным: "Чаму гэта вы з мытнікамі і грэшнікамі ясьцё і п'яцё?"

І, адказуючы, Ісус сказаў ім: «Не здаровыя патрабуюць лекара, але хворыя.
 
У адказ сказаў ім Езус: "Не здаровыя патрабуюць лекара, але тыя, што блага чуюцца.

Я ня прышоў пагукаць справядлівых, але грэшнікаў да каяты».
 
Не прыйшоў Я клікаць справядлівых, але грэшнікаў да пакаяньня".

Яны ж сказалі Яму: «Чаму вучанікі Яанавы постуюць часта і чыняць малітвы, таксама й фарысэйскія, а Твае ядуць а п’юць?»
 
Але яны казалі Яму: "Чаму Янавы вучні часта пасьцяць і моляцца, падобна і фарысэйскія, а Твае ядуць і п'юць?"

І Ён сказаў ім: «Ці можаце прысіліць сыноў вясельнага палацу поставаць, пакуль ізь імі малады?
 
А Езус сказаў ім: "Ці ж можаце змушаць пасьціць гасьцей вясельных, пакуль жаніх з імі?

Але настануць дні, калі адберуць у іх маладога, і тады будуць поставаць тыя дні».
 
Прыйдуць аднак дні, калі ім забяруць маладога, тады пасьціць яны будуць у тыя дні".

І сказаў таксама прыпавесьці ім: «Ніхто не аддзірае лапіка ад новага адзецьця, каб прышыць да старога, бо новае падзярэць, і лапік із новага ня годзіцца да старога.
 
Сказаў ім яшчэ прытым прыповесьць: "Ніхто латы з адзеньня новага не прышывае да старога адзеньня, бо і новае разьдзярэ, ды лата з новага не надаецца да старога.

«І ніхто ня ільлець маладога віна ў старыя скураныя мяхі, бо маладое віно прарвець мяхі, і разальлецца, і мяхі загінуць.
 
Ніхто таксама маладога віна ня лье да старых мяхоў, бо маладое віно рассадзіць мяхі і само разальецца, і мяхі прападуць.

Але маладое віно маюць ліць у мяхі новыя; і захаваюцца абое.
 
Але віно маладое трэба ўліваць у новыя мяхі, тады адно і другое захаваецца.

І ніхто, піўшы старое, зараз не захоча новага, бо кажа: "старое лепшае"».
 
Ды ніхто, п'ючы старое, не захоча адразу новага, бо кажа: "Старое лепшае".