Лукаша 3 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Пятнанцатага году дзяржавы цэсара Тыбэра, як Понт Пілат быў намесьнікам Юдэі, Гірад быў чацьвертнікам у Ґалілеі, а Піліп, брат ягоны, чацьвертнікам Ітурэі а Трахоніцкае краіны, а Лізан чацьвертнікам Абіленеі,
 
У пятнаццатым годзе панаваньня цэзара Тыбэрыя, калі Понці Пілат начальнічаў у Юдэі, а Герод быў тэтрархам Галілеі, а брат яго Філіп — тэтрархам Ітурэі і Траханіцкай краіны, а Лісані — тэтрархам Абіліны,

За найвышшых сьвятароў Ганны а Каяпы, было слова Божае да Яана Захаронка на пустыні.
 
пры першасьвятарах Аньне і Каяфе было слова Бога да Яна, сына Захарыі, у пустыні.

І ён праходзіў па ўсёй краіне ля Ёрдану, абяшчаючы хрэст каяты дзеля дараваньня грахоў,
 
І праходзіў ён усю зямлю вакол Ярдану, вешчучы хрост навярненьня дзеля адпушчэньня грахоў,

Як напісана ў кнізе словаў Ісаі прарокі, кажучы: «Голас гукаючага на пустыні: гатуйце дарогу Спадарову, прастайце сьцелжі Ягоныя;
 
як напісана ў кнізе словаў Ісаі прарока: "Голас гамонячага ў пустыні: Прыгатуйце дарогу Госпаду, прастуйце сьцежкі Яму.

Кажная даліна напоўніцца, і кажная гара а ўзгорак паніжыцца, і скрыўленыя выпрастаюцца, і драгкія дарогі стануць гладкімі;
 
Хай усякая яма будзе засыпана, і кожная гара і ўзгорак хай будуць паніжаны, і крывыя дарогі хай будуць выпрастаны, а выбоістыя хай будуць выраўнены,

І кажнае цела абача спасеньне Божае».
 
і хай кожны чалавек убачыць збаўленьне Божае".

Тады сказаў ён гурбе, што прыходзіла хрысьціцца ў яго: «Родзе яшчарыны! хто перасьцярог вас уцякаць ад надыходзячага гневу?
 
Грамадам, што прыходзілі да яго атрымаць хрост, гаварыў: "Зьмяінае племя, хто навучыў вас уцякаць ад будучага гневу?

Дык радзіце плады гожыя каяты. І не пачынайце гукаць сабе: "Айцец у нас Абрагам"; бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых узьняць дзеці Абрагаму.
 
Рабіце дастойныя плады навярненьня, і перастаньце хваліцца між сабой: "Маем бацьку Абрагама"; кажу вам, што Бог можа з гэтых каменьняў падняць сыноў Абрагаму.

Ужо й сякіра да караня дзерваў прыложана; дык кажнае дзерва, што ня родзе добрага плоду, сякуць а кідаюць у цяпло».
 
Ужо вось сякера прыложана да карэньняў дрэваў, усякае бо дрэва, што не дае добрага плоду, будзе сьсечана і кінута ў агонь.

І пыталіся ў яго гурбы, кажучы: «Дык што маем рабіць?»
 
Дык пыталіся ў яго грамады: "Што тады маем рабіць?"

Ён, адказуючы, сказаў ім: «Хто мае дзьве адзежы, дай нямаючаму; і хто мае ежу, рабі тое самае».
 
Ён у адказ гаварыў ім: "Хто мае дзьве адзежы, хай дасьць таму, хто ня мае. І хто мае яду, хай зробіць падобна".

Тады прышлі таксама мытнікі хрысьціцца і сказалі яму: «Вучыцелю, што мы маем рабіць?»
 
Прыходзілі таксама мытнікі, каб атрымаць хрост, і яны пыталіся ў яго: "Вучыцелю, што мы маем рабіць?"

І сказаў ім: «Нічога не вымагайце балей за прызначанае вам».
 
А ён і ім казаў: "Нічога не рабіце больш таго, што вам прызначана".

І пыталіся ў яго таксама жаўнеры, кажучы: «А мы што маем рабіць?» І ён адказаў ім: «Не рабіце ўсілства нікому ані вінуйце хвальшыва, і будзьце здаволіўшыся з платы свае».
 
Пыталіся ў яго таксама жаўнеры: "А што мы маем рабіць?" А ён ім сказаў: "Нікога ня біце, не ўціскайце і будзьце задаволены сваёю платаю".

І як люд спадзяваўся, і думалі ўсі ў сэрцах сваіх празь Яана, ці ня быў можа ён Хрыстос,
 
А калі народ сумняваўся ды ўсе ў душы пачыналі разважаць пра Яна, ці ён часам ня Хрыстос,

Яан адказаў, кажучы ўсім: «Я запраўды хрышчу вас вадою, але йдзець дужшы за мяне, у Каторага я ня гожы разьвязаць рэменьчыка ў вобую Ягоным; Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым а агнём.
 
Ян адказваў усім, кажучы: "Я хрышчу вас вадою. Але прыйдзе дужэйшы ад мяне, катораму Я ня варты разьвязаць рамень Яго сандалаў. Ён будзе вас хрысьціць Духам Сьвятым і агнём.

Веялка Ягоная ў руццэ Ягонай, і Ён ачысьце такаўню Сваю, і пшонку зьбярэць у сьвіран, а ўмецьце спале агнём няўгасным».
 
Ён трымае ў руцэ сваёй веялку і ачысьціць ток свой, ды зьбярэ пшаніцу ў сьвіран свой, а салому спаліць у агні незгасальным.

І шмат чаго іншага напамінаючы, даваў дабравесьць люду.
 
Многа таксама іншага навучаючы, абвяшчаў народу добрую вестку.

Гірад жа чацьвертнік, ганены ім за Гіродзяду, жонку брата свайго Піліпа, і за ўсе ліха, што Гірад зрабіў,
 
Але Герод, тэтрарха, напамінаны Янам дзеля Герадыяды, жонкі брата свайго, ды дзеля іншых ліхіх паступкаў, якіх дапускаўся Герод,

Дадаў яшчэ да ўсяго тое, што пасадзіў Яана ў вязьніцу.
 
дадаў да ўсяго і тое, што пасадзіў Яна ў вязьніцу.

І сталася, як хрысьціўся ўвесь люд, і Ісус, ахрысьціўшыся, маліўся, нябёсы рашчыніліся,
 
І сталася, калі ўвесь народ хрысьціўся, і Езус быў ахрышчаны і маліўся, адкрылася неба,

І ісступіў Дух Сьвяты на Яго ў цялесным выглядзе, як галуба, і прышоў голас ізь неба, кажучы: «Ты Сын Мой любовы; Цябе Я ўпадабаў!»
 
і Дух Сьвяты цялесна ў выглядзе галуба зыйшоў на Езуса. І азваўся голас з неба: "Ты — Сын Мой улюблёны, у Табе Маё ўпадабаньне".

А Самому Ісусу, як пачынаў, было год трыццаць веку, будучы, як думалі, сынам Язэпа Гілянка,
 
Езус меў каля трыццаці гадоў, калі пачынаў (сваё служэньне), і быў уважаны за сына Язэпа, сына Гелія, сына Матата,

Матфацёнка, Левянка, Мельшанка, Янянка, Язэпенка,
 
сына Левія, сына Мэльхі, сына Янная, сына Язэпа,

Маттафёнка, Амасёнка, Нагумёнка, Есьлянка, Наґґаёнка,
 
сына Мататыя, сына Амоса, сына Нагума, сына Эсьлі, сына Нагая,

Маафёнка, Матгафёнка, Сэмеёнка, Язэпенка, Юдзянка,
 
сына Магата, сына Мататыя, сына Сэмэя, сына Ясэха, сына Ёда,

Яанёнка, Рысаёнка, Зэрувавеленка, Шэалфіеленка, Ніранка,
 
сына Яна, сына Рэсы, сын Зарабабэля, сына Салятыеля, сына Нэрыя,

Мельшанка, Адзьдзянка, Косамёнка, Елмодамёнка, Іранка,
 
сына Мэльхі, сына Адыя, сына Касама, сына Эльмадама, сына Гера,

Ёсянка, Елезэранка, Ёрыменка, Матфацёнка, Левянка,
 
сына Ёзуэ, сына Эліезэра, сына Ярыма, сына Матата, сына Левія,

Сыманёнка, Юдзянка, Язэпенка, Ёнанёнка, Елякімёнка,
 
сына Сымона, сына Юды, сына Язэпа, сына Ёны, сына Эліякіма,

Малеаёнка, Менанёнка, Маттафёнка, Нафанёнка, Давідзёнка,
 
сына Мэлея, сына Мэнны, сына Матата, сына Натана, сына Давіда,

Есянка, Овідзёнка, Воозёнка, Салмонёнка, Наасонёнка,
 
сынам Есэя, сына Абэда, сына Баоза, сына Сальмона, сына Наасона,

Амінадавенка, Арамёнка, Есромёнка, Фарэсёнка, Юдзянка,
 
сына Амінадаба, сына Адміна, сына Арнія, сынам Эсрома, сына Фарэса, сына Юды,

Якавёнка, Ісачонка, Абрагаменка, Фаранка, Нахаронка,
 
сына Якуба, сына Ізаака, сына Абрагама, сына Тарэ, сына Нахора,

Сэрушонка, Раґавёнка, Фалечонка, Еверонка, Салянка,
 
сына Сэруха, сына Рагава, сына Фалека, сына Гебэра, сына Сале,

Каінанёнка, Арфаксадзенка, Сэмянка, Ноянка, Ламёшанка,
 
сына Кайнана, сына Арфаксада, сына Сэма, сына Ноя, сына Лямэха,

Мефусаленка, Енашонка, Ярэдзёнка, Малелееленка, Каінанёнка,
 
сына Матузаля, сына Геноха, сына Ярэда, сына Малялеэля, сына Кайнана,

Еносёнка, Сыфянка, Адамёнка, каторы быў Божы.
 
сынам Геноса, сына Сэта, сына Адама, сына Божага.