Мацьвея 12 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2003
У тым часе праходзіў Ісус у сыботу памеж збожжа; вучанікі Ягоныя запраглі і пачалі каласаваць а есьці.
Тым часам праходзіў Ісус у суботу праз ніву; вучні ж Яго згаладаліся і пачалі зрываць каласы і есці.
Але фарысэі, згледзіўшы, сказалі Яму: «Гля, вучанікі Твае робяць, чаго не дазволена рабіць у сыботу».
Убачыўшы гэта, фарызеі сказалі Яму: «Вось жа вучні Твае робяць, чаго не належыць рабіць у дні суботнія».
Ён жа сказаў ім: «Хіба вы ня чыталі, што зрабіў Давід, як запрагнуў сам і бытыя зь ім?
Тады Ён сказаў ім: «Ці не чыталі, што зрабіў Давід, калі згаладаўся, ды тыя, што з ім былі?
Як ён увыйшоў у дом Божы і еў хлябы Віду, каторыя не дазволена было есьці ані яму, ані былым ізь ім, а толькі адным сьвятаром?
Як увайшоў у дом Божы і еў хлябы пакладныя, якіх есці не належала ані яму, ані тым, што з ім былі, але толькі святарам?
Або ці ня чыталі вы ў законе, што ў сыботы сьвятарове будзеняць сыботу, адылі бязьвінныя?
Ці хіба не чыталі ў законе, што ў суботу святары ў святыні парушаюць шабат і застаюцца без віны?
Але кажу вам, што тут Тый, што вялікшы за сьвятыню.
Але кажу вам, што тут ёсць большы за святыню.
Калі б вы ведалі, што знача: ’міласэрдзя хачу, а не аброку’, то ня судзілі б бязьвінных;
Калі б вы ведалі, што значыць: «Міласэрнасці хачу, а не ахвяры», дык ніколі не асуджалі б бязвінных.
Бо Сын Людзкі ё спадаром і сыботы».
Бо Гаспадаром суботы ёсць Сын Чалавечы».
І, адыйшоўшы стуль, увыйшоў Ён у бажніцу іхную.
І, калі адышоў адтуль, прыйшоў Ён у іх сінагогу.
І вось, чалавек із сухою рукою. І папыталіся ў Яго, каб абвінаваць Яго: «Ці дазволена ўздараўляць у сыботы?»
І вось, чалавек сухарукі. І спыталі ў Яго, кажучы: «Ці выпадае аздараўляць у суботу?», каб абвінаваціць Яго.
Ён жа сказаў ім: «Хто з вас, маючы адну авечку, калі яна ўвалілася ў яму, не дасягне яе й ня выцягне?
Ён жа сказаў ім: «Ці будзе сярод вас чалавек, які мае адну авечку, і, калі яна ўваліцца ў роў у суботу, ці ж не возьме ён яе і не выцягне?
Колькі ж лепшы чалавек за авечку! Дык у сыботы дазволена рабіць дабро.
У колькі ж разоў даражэйшы чалавек за авечку? Таму можна дабро рабіць і па суботах».
Тады кажа чалавеку таму: «Выцягні руку сваю»; І ён выцягнуў: і стала яна здаровая, як і другая.
Потым гаворыць чалавеку: «Выцягні тваю руку». І ён выцягнуў, і сталася яна здаровай, як другая.
Фарысэі ж, вышаўшы, зраджаліся на Яго, каб загубіць Яго.
А фарызеі, выйшаўшы, учынілі раду супраць Яго, якім чынам пагубіць Яго.
Але Ісус, даведаўшыся, здаліўся стуль. І пайшлі за Ім чысьленыя груды, і Ён уздаравіў іх усіх.
А Ён, адчуваючы гэта, пайшоў адтуль. І следам за Ім ішлі многія, і Ён аздараўляў іх усіх
І забараніў ім азнаймляць празь Яго,
і загадваў ім, каб Яго не выяўлялі,
Каб спаўнілася сказанае Ісаям прарокам, што кажа:
каб споўнілася тое, што было сказана Ісаем прарокам, які казаў:
«Во, служэц Мой, Каторага Я абраў, любовы Мой, Катораму прыяе душа Мая; палажу Дух Свой на Яго, і агалосе суд народам;
«Вось жа, Слуга Мой, якога Я выбраў, Улюбёнец Мой, у Якім мае ўпадабанне душа Мая. Ускладу Дух Мой на Яго, і Ён абвесціць народам суд.
Ня будзе сьперачацца ані галёкаць, ніхто на вуліцах не пачуе голасу Ягонага;
Не будзе спрачацца і не будзе крычаць, ніхто не пачуе голасу Яго на вуліцах.
Трысьціны наломленае не даломе і лёну тлеючага ня згасе, пакуль не давядзець суду да перамогі;
Трасціны надламанай не зломіць і льну тлеючага не патушыць, аж пакуль давядзе суд да перамогі,
І на імя Ягонае спадзявацца будуць народы».
ды ў Яго імені народы надзею мець будуць».
Тады прывялі да Яго апанаванага нячысьцікам нявіснога й немага; і ўздаравіў яго, так што нявісны й немы пачаў гукаць і бачыць.
Затым прывялі да Яго апанаванага дэманамі, сляпога і нямога, і Ён аздаравіў яго, так што нямы стаў гаварыць і бачыць.
І зумеўся ўвесь груд, і гукаў: «Ці ня гэта Сын Давідаў?»
І ўсе натоўпы дзівіліся і казалі: «Ці ж гэта не Сын Давіда?»
Фарысэі ж, пачуўшы, сказалі: «Ён выганяе нячысьцікаў ня накш, як вельзэвулам, князям нячысьцікаў».
А фарызеі, чуючы гэта, казалі: «Ён ніяк іначай не выганяе дэманаў, як толькі з дапамогай Бэльзебула, князя д’ябальскага».
Але Ісус, ведаючы думкі іхныя, сказаў ім: «Кажнае гаспадарства, падзяліўшыся само супроці сябе, спусьцее; і кажнае места альбо дом, падзяліўшыся сам супроці сябе, ня ўстое.
Ён жа, ведаючы іх думкі, сказаў ім: «Любое валадарства, падзеленае само ў сабе, апусцее, і любы горад ці дом, раздзелены сам у сабе, не выстаіць.
І калі шайтан шайтана выганяе, то ён падзяліўшыся сам супроці сябе: як жа ўстое гаспадарства ягонае?
А калі шатан шатана выганяе, то і яго раздзірае нязгода. Як жа ўтрымаецца царства яго?
І калі Я вельзэвулам выганяю нячысьцікаў, то сынове вышыя кім выганяюць? Дык яны будуць вам судзьдзямі.
І калі Я з дапамогай Бэльзебула выганяю дэманаў, дык з дапамогай каго выганяюць сыны вашыя? Вось чаму яны будуць вашымі суддзямі.
Калі ж Я духам Божым выганяю нячысьцікаў, тады дайшло да вас гаспадарства Божае.
Але калі Я Духам Божым выганяю дэманаў, значыць, прыйшло да вас Валадарства Божае.
«Або, як можа хто ўвыйсьці ў дом дужасіла і паграбіць рэчы ягоныя, калі пярвей ня зьвяжа дужасіла? і тады паграбе дом ягоны.
Або як можа хто-небудзь увайсці ў дом асілка і пакрасці рэчы яго, калі спачатку не звяжа асілка? І толькі тады дом яго абрабуе.
Хто ня з Імною, тый супроці Мяне; і хто ня зьбірае з Імною, тый раськідае.
Хто не са Мною, той супраць Мяне; і хто са Мною не збірае, той раскідае.
Дык кажу вам: кажны грэх а блявузґаньне будуць дараваны людзём, але блявузґаньне на Духа ня будзе даравана людзём.
Таму кажу вам: кожны грэх і блюзнерства будуць людзям адпушчаны, але блюзнерства на Духа не будзе адпушчана.
Калі хто скажа слова на Сына Людзкога, будзе даравана яму; калі ж скажа на Духа Сьвятога, ня будзе даравана ані ў гэтым веку, ані ў прыйдучым.
І, калі хто скажа слова супраць Сына Чалавечага, будзе яму адпушчана, а хто скажа супраць Духа Святога, не будзе яму адпушчана ані ў гэтым, ані ў будучым веку.
«Або прызнайце дзерва за добрае і плод яго за добры; або прызнайце дзерва за папсаванае і плод яго за папсаваны; бо пазнаюць дзерва з плоду.
Альбо прызнайце дрэва добрым і плод яго добрым, альбо прызнайце дрэва ліхім і плод яго ліхім, бо паводле плода пазнаецца дрэва.
Родзе гадавы! як вы можаце гукаць добрае, будучы благімі? Бо ад паўніні сэрца гукаюць вусны.
Род змяіны! Як жа вы можаце добрае гаварыць, калі самі вы благія. Бо ад паўнаты сэрца і вусны гавораць.
Добрая людзіна з добрага скарбу выносе добрае; а благая людзіна з благога скарбу выносе благое.
Добры чалавек з добрага скарбу выносіць добрае, а благі чалавек з благога скарбу выносіць благое.
Кажу ж вам, што за кажнае пустое слова, якое скажуць людзі, здадуць яны лічбу ў дзень судны;
Але кажу вам: за любое пустое слова, якое прамовяць людзі, здадуць яны справаздачу пра тое ў судны дзень.
Бо із словаў сваіх аправішся і із словаў сваіх будзеш засуджаны».
Бо па словах сваіх будзеш ты апраўданы, і па словах сваіх будзеш асуджаны».
Тады некатрыя з кніжнікаў а фарысэяў адказалі, кажучы: «Вучыцелю! хочам ад Цябе пазнаку бачыць».
Тады адказалі Яму некаторыя кніжнікі і фарызеі, кажучы: «Настаўнік, хацелі б мы бачыць ад Цябе знак».
Але Ён, адказуючы, кажа ім: «Род благі а чужаложны шукае пазнакі, і пазнака ня дасца яму, апрача пазнакі Ёны прарокі;
А Ён, адказваючы, гаворыць ім: «Род ліхі і чужаложны знака патрабуе, але не будзе яму дадзены знак, адно знак Ёны прарока.
Бо як Ёна быў у бруху кіта тры дні і тры ночы, так і Сын Людзкі будзе ў сэрцу зямлі тры дні і тры ночы.
Бо як Ёна быў у чэраве вялікай рыбы тры дні і тры ночы, так Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы.
Нінявяне стануць на суд із родам гэтым і засудзяць яго, бо яны пакаяліся ад казані Ёнінае; а вось, тут вялікшы за Ёну.
Мужы з Нінівы паўстануць перад судом разам з родам гэтым ды асудзяць яго; бо яны навярнуліся згодна пропаведзі Ёны; а вось, тут большы за Ёну!
Караліца паўднявая стане на суд із родам гэтым і засудзе яго, бо яна прыходзіла з канцоў зямлі паслухаць мудрасьць Салямонаву; і вось, тут вялікшы за Салямона.
Царыца з поўдня паўстане перад судом з родам гэтым ды асудзіць яго; бо яна прыйшла з краю зямлі паслухаць мудрасці Саламона; а вось, тут большы за Саламона!
«Калі нячысты дух выйдзе зь людзіны, то ходзе па бязводных месцах, шукаючы супачынку, і не знаходзе;
Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, ён блукае па бязводных месцах, шукаючы адпачынку, ды не знаходзіць.
Тады кажа: ’Зьвярнуся да дому свайго, скуль я вышаў’; і, прышоўшы, знаходзе незанятым, замеценым а прыбраным;
Тады кажа: «Вярнуся ў дом свой, адкуль выйшаў». Ды, прыйшоўшы, знаходзіць яго пустым, падмеценым і прыбраным.
Тады йдзець і бярэць із сабою сямёх іншых духоў, негаднейшых за сябе, і, увыйшоўшы, жывуць там; і бывае людзіне тэй апошняе горшае за першае. Гэтак будзе і з гэтым родам благім».
Тады ідзе і бярэ з сабой сем іншых духаў, горшых за сябе, ды, увайшоўшы, жывуць там. І будзе пазнейшае чалавеку таму горшае за першае. Так будзе і гэтаму роду крывадушнаму».
Вось, як Ён яшчэ гукаў да грудоў, Маці а браты ягоныя стаялі вонках, шукаючы гутарыць ізь Ім.
Калі Ён яшчэ прамаўляў да людзей, вось Маці і браты Яго сталі звонку, хочучы з Ім пагаварыць.
І хтось сказаў Яму: «Вось, Маці Твая а браты Твае стаяць вонках, шукаючы гутарыць із Табою».
І сказаў Яму хтосьці: «Вось Маці Твая і браты Твае звонку стаяць, хочучы пагаварыць з Табой».
Ён жа адказаў таму, хто казаў Яму: «Хто маці Мая? і хто браты Мае?»
А Ён, адказваючы таму, хто звяртаўся да Яго, гаворыць: «Хто Маці Мая і хто браты Мае?»
І, паказаўшы рукою Сваёй на вучанікаў Сваіх, сказаў: «Во маці Мая а браты Мае;
І, паказваючы рукой на вучняў Сваіх, сказаў: «Вось Маці Мая і браты Мае.
Бо хто будзе паўніць волю Айца Майго Нябёснага, тый Імне брат а сястра а маці».
Бо калі хто будзе выконваць волю Айца Майго, Які ёсць на небе, той Мой брат, і сястра, і маці».