Мацьвея 14 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2003
У тым часе тэтрах Гірад пачуў ведамкі празь Ісуса.
У той час пачуў тэтрарх Ірад погалас пра Ісуса.
І сказаў служцом сваім: «Гэта Яан Хрысьціцель; ён ускрэс ізь мертвых і затым магучыя ўчынкі дзеюцца Ім.
Дык гаварыў ён слугам сваім: «Гэта Ян Хрысціцель. Ён уваскрос з мёртвых, і таму праз яго творацца цуды».
Бо Гірад няў Яана, зьвязаў яго й пасадзіў у вязьніцу за Гіродыяду, жонку Піліпаву, брата свайго;
Бо Ірад узяў Яна, і звязаў яго, і пасадзіў у вязніцу дзеля Ірадыяды, жонкі Піліпа, брата свайго.
Бо Яан казаў яму: «Ня маеш права ты мець яе».
Бо Ян казаў яму: «Нельга табе мець яе».
І хацеў забіць яго, але баяўся гурбы, бо мелі яго за прароку.
І ён хацеў забіць яго, але баяўся народа, бо лічылі яго прарокам.
На ўгодкі радзінаў Гірадавых, дачка Гіродыяды скакала сярод іх і ўпадабаў яе Гірад.
Але ў дзень нараджэння Ірада дачка Ірадыяды скакала ў прысутнасці ўсіх і спадабалася Іраду.
Затым ён пад прысягаю абяцаў ёй даць, чаго толькі яна папросе.
Дык пад прысягай ён абяцаў ёй даць, што толькі ад яго запатрабуе.
А яна, падвучаная маткаю сваёй, сказала: «Дай імне тут на талерцы галаву Яана Хрысьціцеля».
Яна, падвучаная маці сваёй, сказала яму: «Дай мне на блюдзе галаву Яна Хрысціцеля».
І засмуціўся кароль; але, дзеля прысягі і ўзьляжачых ізь ім, расказаў ёй даць.
Цар засмуткаваў, але дзеля прысягі ды дзеля тых, што разам узлягалі, загадаў, каб далі.
І паслаў, і сьцялі галаву Яана ў вязьніцы,
І паслаў адсячы Яну галаву ў вязніцы.
І прынесьлі галаву ягоную на талерцы, і далі дзеўцы, а яна занесла яе маці сваёй.
Потым прынеслі яго галаву на блюдзе і далі дзяўчыне, а яна занесла яе маці сваёй.
Вучанікі ж ягоныя, прыступіўшы, ўзялі цела і пахавалі яго; і пайшлі, наказалі Ісусу.
А вучні яго, падступіўшы, узялі цела і пахавалі яго і, прыйшоўшы, расказалі пра гэта Ісусу.
Ісус, пачуўшы, адплыў стуль стругам адзін на пустыннае месца; а груды, пачуўшы праз гэта, пайшлі за Ім ізь мест пехатой.
Калі Ісус пачуў пра гэта, Ён адплыў адтуль на лодцы ў пустыннае месца адзін. І, калі пачулі, многія людзі пайшлі за Ім следам пехатою з гарадоў.
І, вышаўшы, Ісус абачыў чысьлены груд людзёў, і зжаліўся над імі, і ўздаравіў хворых іхных.
І, выйшаўшы, убачыў вялікі натоўп, і пашкадаваў іх, і аздаравіў хворых іх.
А як настаў вечар, прыступіліся да Яго вучанікі Ягоныя, кажучы: «Пустыня тутака, дый час ужо позны, адпусьці груды, каб яны пайшлі да сёлаў і купілі сабе ежы».
Калі настаў вечар, падышлі да Яго вучні Яго, кажучы: «Месца тут пустыннае, і час ужо позні; адпусці людзей, каб, пайшоўшы ў селішчы, купілі сабе харчоў».
Але Ісус сказаў ім: «Ня надабе ім ісьці; вы дайце ім есьці».
Ісус жа сказаў ім: «Не трэба ім ісці, вы дайце ім есці».
Яны ж кажуць Яму: «Мы ня маем нічога, апрача пяцёх букаткаў і дзьвюх рыбаў».
Яны ж кажуць Яму: «Не маем мы тут нічога, толькі пяць хлябоў і дзве рыбы».
Ён сказаў: «Прынясіце іх Імне сюды».
Ён гаворыць: «Прынясіце Мне іх сюды».
і расказаў грудом сесьці на траву, і, узяўшы пяць букаткаў і дзьве рыбы, глянуў на неба, дабраславіў і, паламіўшы, даў букаткі вучанікам, а вучанікі — грудом.
І пасля таго, як загадаў людзям узлегчы на траву, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбіны, зірнуў на неба, блаславіў, і паламаў, і раздаў вучням хлябы, а вучні — людзям.
І елі ўсі, і пад’елі; і набралі засталых кавалкаў двананцаць кашоў поўных.
І елі ўсе і наеліся, а з астаткаў сабралі дванаццаць поўных кашоў.
А тых, што елі, было каля пяцёх тысячаў чалавекаў, апрача жанок а дзяцей.
Людзей жа, што елі, было каля пяці тысяч, апрача жанчын і дзяцей.
І зараз прысіліў Ісус вучанікаў сваіх увыйсьці ў струг і пераплысьці ўперад за Яго на другі бок, пакуль Ён адпусьце груды.
І адразу ж загадаў вучням сесці ў лодку і выправіцца раней за Яго праз мора, пакуль Ён адпусціць людзей.
І адпусьціўшы груды, Ён узышоў на гару памаліцца на адзіноце; і ўвечары заставаўся там адзін.
І, адпусціўшы людзей, адзін узышоў на гару маліцца. А калі звечарэла, адзін там заставаўся.
А струг пасярод мора быў кіданы хвалямі, бо вецер быў праціўны.
А лодка ўжо адплыла на многа стадый ад зямлі, і кідалі яе хвалі, бо вецер быў супраціўны.
Чацьвертае варты ночы пайшоў да іх Ісус, ідучы па мору.
А чацвёртай начной варце прыйшоў Ён да іх, ідучы па моры.
І вучанікі, бачачы Яго йдучага па мору, спалохаліся й сказалі: «Гэта здань»; і із страху закрычэлі.
А вучні, бачачы, што Ён ідзе па моры, напалохаліся, кажучы: «Гэта здань!» Ды ад страху закрычалі.
Але Ісус якга загукаў да іх, кажучы: «Асьмельцеся; гэта Я, не палохайцеся».
Дык адразу звярнуўся да іх Ісус, кажучы: «Будзьце ўпэўныя, гэта Я; не палохайцеся».
І, адказуючы Яму, Пётра сказаў: «Спадару, калі гэта Ты, раскажы імне прайсьці да Цябе па вадзе».
Пётра ж сказаў Яму: «Госпадзе, калі гэта Ты, загадай мне прыйсці да Цябе па вадзе».
Ён сказаў: «Ідзі». І, зышоўшы із струга, Пётра пайшоў па вадзе і падышоў да Ісуса;
А Ён сказаў: «Ідзі!» Дык Пётра, выйшаўшы з лодкі, пайшоў па вадзе, і прыйшоў да Ісуса.
Але, бачачы вялікі вецер, спалохаўся і, пачаўшы тапіцца закрычэў, кажучы: «Спадару! ратуй мяне».
Але, адчуваючы раптоўны вецер, спалохаўся і, калі пачаў тануць, закрычаў, кажучы: «Госпадзе, ратуй мяне!»
Ісус якга выцягнуў руку, ухапіў яго й кажа яму: «Малаверны, чаму ты суміўся?»
А Ісус, працягнуўшы руку, зараз схапіў яго і гаворыць яму: «Малаверны, чаму зняверыўся?»
І як увыйшлі яны ў струг, вецер сьціх.
І, калі ўвайшлі ў лодку, сціх вецер.
Былыя ў струзе падышлі, пакланіліся Яму й сказалі: «Запраўды Ты Сын Божы».
А тыя, што былі ў лодцы, пакланіліся Яму, кажучы: «Сапраўды, Ты — Сын Божы».
І, пераплыўшы, прыбылі да зямлі Ґенісарэцкае.
І, калі пераправіліся, прыйшлі ў зямлю Генезарэцкую.
І як людзі таго месца добра пазналі Яго, яны паслалі да ўсяе зямлі навокал, і прынесьлі да Яго ўсіх хворых,
І, калі даведаліся пра Яго людзі з таго месца, абвясцілі па ўсім тым наваколлі, і ўсе прынеслі да Яго немачных,
І прасілі Яго, каб толькі даткнуцца да кутаса адзецьця Ягонага; і тыя, што даткнуліся, былі сусім уздароўлены.
і прасілі Яго дакрануцца хоць да краю шаты Яго; і тыя, хто толькі дакранаўся, рабіліся здаровымі.