Мацьвея 21 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

І як дабліжыліся да Ерузаліму, і прышлі да Віффаґі, у кірунку гары Аліўнае, тады Ісус паслаў двух вучанікаў,
 
І, калі набліжаліся да Ерузаліма і падышлі да Бэтфагэ на Аліўнай гары, тады Ісус паслаў двух вучняў,

Кажучы ім: «Пайдзіце да сяла, што проста перад вамі; і зараз знойдзеце асьліцу прывязаную і асьлянё зь ею; адвязаўшы, прывядзіце да Мяне.
 
кажучы ім: «Ідзіце ў сяло, якое перад вамі, і адразу знойдзеце асліцу прывязаную і асляня з ёю. Адвяжыце і прывядзіце да Мяне.

І калі хто скажа вам што-лень, скажыце: ’Спадар патрабуе іх’, і як стой пашлець іх».
 
І, калі вам хтосьці нешта скажа, скажыце: «Госпад мае ў іх патрэбу», і адразу ж той адпусціць іх».

А сталася гэта, каб спаўнілася сказанае прарокам, каторы кажа:
 
Усё гэта сталася, каб збылося тое, што было сказана прарокам, які казаў:

«Скажыце дачцэ Сыёнскай: гля, Кароль твой ідзець да цябе, лагодны й сеўшы на асьліцы а на асьляняці, сыну пад ігом будучай».
 
«Скажыце дачцы Сіёна: Вось ідзе да цябе Валадар твой, ціхмяны, седзячы на асліцы і на асляняці, сыне пад’ярэмнай».

Вучанікі пайшлі й зрабілі так, як расказаў ім Ісус:
 
Пайшоўшы, вучні зрабілі, як загадаў ім Ісус.

Прывялі асьліцу а асьлянё, і паклалі на іх адзецьці свае, і Ён сеў на іх.
 
І прывялі асліцу з аслянём, і ўсклалі на іх адзенне сваё, і Ён сеў на іх.

І бальшыня груду слала адзецьці свае на дарозе, а іншыя сьціналі галузкі зь дзерваў і слалі на дарозе.
 
А многія людзі пасцілалі сваю вопратку на дарозе; а іншыя сціналі галінкі з дрэў і пасцілалі на дарозе.

А груды, што йшлі сьпераду й адзаду за Ім, гукалі: «Госанна Сыну Давідаваму! Дабраславёны Йдучы ў імя Спадарова! Гасанна ў вышах!»
 
І натоўпы, што наперадзе і за Ім ішлі, усклікалі, кажучы: «Гасана Сыну Давіда! Блаславёны, Хто прыходзіць у імя Госпада. Гасана на вышынях!»

І як уступіў Ён у Ерузалім, усе места ўзрушылася, кажучы: «Хто гэта?»
 
І, калі ўвайшоў у Ерузалім, узварухнуўся ўвесь горад, кажучы: «Хто гэта?»

І груд казаў: «Гэта прарока Ісус із Назарэту Ґалілейскага».
 
А народ казаў: «Гэта Ісус, прарок з Назарэта Галілейскага».

І ўвыйшоў Ісус у сьвятьгаю, і выгнаў усіх прадаючых і купляючых у сьвятыні, і сталы пенезяменаў абярнуў, і ўслоны прадаўнікоў галубоў.
 
І ўвайшоў Ісус у святыню, і павыганяў усіх, што прадавалі і куплялі  ў святыні, а сталы мянялаў і лаўкі прадаўцоў галубоў перакуліў.

І кажа ім: «Напісана: ’Дом Мой домам малітвы будзе названы’, вы ж яго робіце пячораю грабежнікаў».
 
І кажа: «Напісана: «Дом Мой домам малітвы будзе названы», а вы робіце яго пячорай разбойнікаў».

І дабліжыліся да Яго ў сьвятыні нявісныя а кульгавыя, і Ён уздаравіў іх.
 
І падышлі да Яго ў святыні сляпыя і кульгавыя, і Ён аздаравіў іх.

Найвышшыя сьвятары а кніжнікі, абачыўшы чудосы, што Ён учыніў, і дзеці каторыя гукалі ў сьвятыні й казалі: «Госанна Сыну Давідаваму!» абурыліся.
 
А першасвятары і кніжнікі, бачачы цуды, якія Ён учыніў, ды дзяцей, што ўсклікалі ў святыні, кажучы: «Гасана Сыну Давідаваму!», злаваліся

І сказалі Яму: «Ці чуеш, што яны кажуць?» Ісус жа кажа ім: «Але! хіба вы ніколі ня чыталі: "З вуснаў дзяцей а сыноў Ты ўладзіў хвалу’».
 
і сказалі Яму: «Ці чуеш, што яны кажуць?» А Ісус кажа ім: «Так; хіба вы не чыталі: «З вуснаў дзяцей і немаўлят учыніў Ты хвалу»?

І, пакінуўшы іх, вышаў вонкі зь места да Віфані, і пераначаваў там.
 
І, пакінуўшы іх, выйшаў за горад у Бэтанію, і там застаўся.

Нараніцы ж, ідучы да места, запрагнуў.
 
А раніцай, вяртаючыся ў горад, адчуў голад.

І абачыўшы ля дарогі адну фіґу, падышоў да яе і, нічога не знайшоўшы на ёй, апрача адных лістоў, кажа ёй: «Хай і наперад ня будзе ад цябе плоду на векі!» І фіґа якга ссохла.
 
І, убачыўшы пры дарозе адно дрэва фігавае, падышоў да яго, але не знайшоў на ім нічога, апрача лісця, і сказаў яму: «Няхай не родзіцца з цябе плод навекі». І адразу дрэва фігавае ссохла.

Абачыўшы гэта, вучанікі дзіваваліся, кажучы: «Як гэта якга ссохла фіґа?»
 
І, бачачы гэта, вучні дзівіліся, кажучы: «Якім чынам адразу ссохла дрэва фігавае?»

Ісус жа, адказуючы, сказаў ім: «Запраўды кажу вам: калі будзеце мець веру і не суміцеся, ня толькі зробіце тое, што зь фіґаю, але калі й гары гэтай скажаце: ’Падыйміся й кінься ў мора’, — будзе;
 
А Ісус, адказваючы, гаворыць ім: «Сапраўды кажу вам: калі вы будзеце мець веру і не будзеце сумнявацца, вы зробіце не толькі тое, што з дрэвам фігавым, але, нават калі гэтай гары скажаце: «Падыміся і кінься ў мора», —  станецца.

І ўсе, чаго папросіце ў малітве, верачы, адзяржыце».
 
І ўсё, пра што будзеце прасіць у малітве з вераю, атрымаеце».

І як прышоў Ён да сьвятыні й вучыў, дабліжыліся да Яго найвышшыя сьвятары а старцы народу і сказалі: «Якой уладаю Ты гэта робіш? і хто Табе даў гэтую ўладу?»
 
І, калі Ісус увайшоў у святыню, падышлі да Яго, калі Ён вучыў, першасвятары і старшыні народа і казалі: «Якою ўладаю Ты гэта робіш, і хто Табе даў такую ўладу?»

Ісус, адказуючы, сказаў ім: «Папытаюся й Я ў вас праз адно; калі праз тое скажаце Імне, то й Я вам скажу, якой уладаю гэта раблю.
 
І Ісус, адказваючы, сказаў ім: «І Я задам вам адно пытанне, і, калі вы адкажаце Мне, то і Я адкажу вам, якою ўладаю Я гэта раблю:

Хрэст Яанаў скуль быў: зь нябёсаў ці ад людзёў?» Яны ж разважалі мяжсобку: «Калі скажам: ’Зь нябёсаў’, то Ён скажа: ’Чаму вы не паверылі яму?’
 
хрост Янаў адкуль быў? З неба ці ад людзей?» А яны разважалі паміж сабой, кажучы: «Калі мы скажам: «З неба», Ён скажа: «Дык чаму вы не паверылі яму?»

А калі сказаць: ’Ад людзёў’, — баімся груду, бо ўсі ўважаюць Яана за прароку».
 
А калі мы скажам: «Ад людзей», баімся натоўпа, бо ўсе Яна лічаць прарокам».

І, адказуючы Ісусу, яны сказалі: «Ня ведаем». Сказаў ім і Ён: «І Я вам не скажу, якой уладаю гэта раблю.
 
І, адказваючы, яны сказалі Ісусу: «Не ведаем», а Ён сказаў: «Дык і Я вам не скажу, якою ўладаю Я гэта раблю.

«А як вам здаецца? Якісь чалавек меў двое дзяцей; і ён, прыступіўшы да першага, сказаў: ’Дзяцё! пайдзі, сядні рабі на вінішчу маім’.
 
А як вам здаецца? Адзін чалавек меў двух сыноў. І, прыходзячы да першага, сказаў: «Сыне, ідзі папрацуй сёння ў маім вінаградніку».

Але яно, адказуючы, сказала: ’Не хачу’; а потым, пакаяўшыся, пайшло.
 
А ён, адказваючы, гаворыць: «Не хачу». А потым, узрушаны навяртаннем, выйшаў і пайшоў.

І падышоўшы да другога, ён сказаў тое самае. Гэта, адказуючы, сказала: "Іду, спадару’; і не пайшло.
 
Звяртаючыся да другога, сказаў яму падобна. А той, адказваючы, гаворыць: «Іду, гаспадару», — але не пайшоў.

Каторае з дваіх спаўніла волю айцову?» Кажуць Яму: «Першае». Ісус кажа ім: «Запраўды кажу вам, што мытнікі а бязулі йдуць сьпераду вас да гаспадарства Божага.
 
Хто з дваіх выканаў волю бацькі?» Яны кажуць: «Першы». Кажа ім Ісус: «Сапраўды кажу вам: наперадзе вас мытнікі і распусніцы пойдуць у Валадарства Божае.

Бо прышоў да вас Яан дарогаю справядлівасьці, і вы не паверылі яму; але мытнікі а бязулі паверылі яму; вы ж, і бачыўшы гэта, не пакаяліся потым, каб паверыць яму.
 
Бо прыйшоў да вас Ян дарогай справядлівасці, і вы не паверылі яму; мытнікі ж і распусніцы паверылі яму. Вы, аднак, бачачы гэта, нават потым не навярнуліся, каб яму паверыць.

«Паслухайце другую прыпавесьць. Быў адзін гаспадар дамовы, каторы засадзіў вінішча, агарадзіў яго навокал і выкапаў таўчэльню, пастанавіў вежу і, паручыўшы яго вінаром, адышоў.
 
Паслухайце іншую прыпавесць. Быў чалавек гаспадар дому, які насадзіў вінаграднік, і абгарадзіў яго плотам, і выкапаў у ім выціскальню, і пабудаваў вежу, і наняў у яго вінаградараў, і аддаліўся.

І як дабліжыўся час пладоў, ён паслаў служцоў сваіх да вінароў узяць плады свае.
 
А калі надышоў час пладоў, паслаў ён слуг сваіх да вінаградараў, каб яны забралі яго плады.

Вінары, схаліўшы служцоў ягоных, аднаго набілі, другога забілі а іншага ўкаменавалі.
 
А вінаградары, схапіўшы слуг яго, аднаго пабілі, другога забілі, а трэцяга ўкаменавалі.

Ізноў паслаў ён іншых служцоў, балей за першых; і яны зрабілі ім тое самае.
 
Ізноў паслаў Ён іншых слуг, больш, чым раней, але і ім зрабілі падобна.

Наапошку, паслаў ён ім сына свайго, кажучы: "Будуць мець павагу да сына майго’.
 
Нарэшце паслаў да іх сына свайго, кажучы: «Ушанаваны будзе сын мой».

Але вінары, абачыўшы сына, сказалі адзін аднаму: "Гэта спадкаемца; пайдзіма, забіма яго, і нам спадзець спадак’.
 
Але вінаградары, бачачы сына, гаварылі адзін аднаму: «Гэта спадкаемец. Хадземце, заб’ём яго і завалодаем яго спадчынаю».

І, узяўшы яго, выкінулі зь вінішча й забілі,
 
І, схапіўшы яго, выкінулі з вінаградніка і забілі.

Дык, як гаспадар вінішча прыйдзе, што зробе ён гэным вінаром?»
 
Дык калі прыйдзе гаспадар вінаградніка, што ён зробіць тым вінаградарам?»

Кажуць яму: «Ён неміласьціўна выгубе гэных нягоднікаў, а вінішча сваё паруча іншым вінаром, што будуць плады аддаваць яму ўпару».
 
Яны гавораць Яму: «Ліхіх ён сурова заб’е, а вінаграднік аддасць іншым вінаградарам, якія будуць аддаваць плод у вызначаны час».

Ісус кажа ім: «Хіба вы ніколі ня чыталі ў Пісьме: ’Камень, што адкінулі будаўнічыя, тый самы стаў галавою вугла; ад Спадара гэта, і дзіўна ў вачох нашых’?
 
Кажа ім Ісус: «Ці ж ніколі не чыталі вы ў Пісанні: «Камень, які адкінулі будаўнікі, ён стаўся галавою вугла. Ад Госпада гэта сталася, і дзіўна ў вачах нашых»?

Дык кажу вам: гаспадарства Божае будзе аднята ў вас і дана народу, плады даючаму.
 
Дзеля таго кажу вам, што будзе аднята ад вас Валадарства Божае, а дадзена народу, які творыць плады яго.

І тыя, што зваляцца на гэты камень, разаб’юцца; а на каго ён зваліцца, таго зьмяжджуле».
 
І хто ўпадзе на гэты камень, разаб’ецца, а на каго ён упадзе, таго сатрэ».

І чуўшы прыпавесьці Ягоныя, найвышшыя сьвятары а фарысэі ўцямілі, што Ён празь іх гукае,
 
І, калі пачулі першасвятары і фарызеі Яго прыпавесць, зразумелі, што пра іх Ён гаварыў.

І як стараліся схапіць Яго, баяліся груду, бо мелі Яго за прароку.
 
І намагаліся Яго ўзяць, але баяліся людзей, бо яны лічылі Яго прарокам.