Мацьвея 27 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2003
Як настала раніца, усі найвышшыя сьвятары а старцы люду мелі нараду празь Ісуса, каб зрабіць Яму сьмерць.
А калі настала раніца, сышліся ўсе першасвятары і старшыні народа на раду супраць Ісуса, каб адаць Яго на смерць.
І, зьвязаўшы Яго, завялі й выдалі Пілату Понцкаму, намесьніку.
І, звязаўшы, завялі і перадалі Яго намесніку Пілату.
Тады Юда, што ізрадзіў Яго, абачыўшы, што Ён засуджаны, і каючыся, зьвярнуў трыццаць срэбнінікаў найвышшым сьвятаром а старцом,
Тады Юда, які Яго выдаў, бачачы, што Ён асуджаны, праняты жалем, аддаў трыццаць срэбранцаў першасвятарам і старшыням,
Кажучы: «Ізграшыў я, ізрадзіўшы кроў нявінную». А яны сказалі яму: «Што нам да таго? ты абачыш».
кажучы: «Саграшыў я, выдаючы кроў бязвінную». А яны сказалі: «Дык што ты хочаш ад нас? Ты сам глядзі!»
І, кінуўшы срэбнікі ў доме Божым, ён вышаў і, адышоўшыся, засіліўся.
І, кінуўшы срэбранцы ў святыні, ён выйшаў і, адышоўшы, павесіўся.
Сьвятары ж, узяўшы срэбнікі, гукалі: «Нельга ўкінуць іх да скарбніцы царкоўнае, бо гэта цана крыві».
А першасвятары, узяўшы срэбранцы, сказалі: «Нельга перадаць іх у скарбону, бо гэта плата крыві».
Парадзіўшыся, купілі за іх поле ганчарова на пахоў чужан.
І, учыніўшы раду, купілі за іх поле ганчара для пахавання вандроўнікаў.
Затым і завецца поле тое «Поле Крыві» дагэтуль.
З-за гэтага тое поле аж да сённяшняга дня завецца Гакельдама.
Тады спаўнілася сказанае прарокам Ярэмам, што кажа: «І ўзялі трыццаць срэбнікаў, цану Ацанаванага, Каторага ацанавалі сынове Ізраеля,
Тады збылося тое, што было сказана прарокам Ярэміем, які казаў: «І ўзялі трыццаць срэбранцаў, плату за ацэненага, якога ацанілі сыны Ізраэля,
І далі іх за поле ганчарова, як Спадар прызначыў імне».
ды далі іх за поле ганчара, як мне сказаў Госпад».
Ісус жа стаў перад намесьнікам. І папытаўся ў Яго намесьнік, кажучы: «Ці ты Кароль Юдэйскі?» Ісус сказаў яму: «Ты кажаш».
А Ісус стаў перад намеснікам; і спытаўся ў Яго намеснік, кажучы: «Дык Ты — Цар Юдэйскі?» Сказаў яму Ісус: «Ты кажаш».
І як вінавалі Яго найвышшыя сьвятары а старцы, Ён нічога не адказаваў.
І калі Яго вінавацілі першасвятары і старшыні, Ён нічога не адказваў.
Тады кажа Яму Пілат: «Ня чуеш, колькі сьветчаньняў на Цябе?»
Тады кажа Яму Пілат: «Ці ты не чуеш, колькі сведчанняў даюць супраць Цябе?»
І не адказаваў яму на ні воднае слова, ажно намесьнік вельма дзіваваўся.
А Ён не адказаў яму на ніводнае слова, так што намеснік вельмі дзівіўся.
На сьвята ж Пасхі намесьнік меў звычай выпушчаць народу аднаго вязьня, каторага хацелі.
На дзень святочны намеснік меў звычай адпускаць народу аднаго вязня, якога хацелі б.
Быў тады ў іх ведамны астрожнік, званы Вараўва.
А меў ён тады вядомага вязня, які зваўся Барабам.
Дык, як былі зьбершыся, сказаў ім Пілат: «Каго хочаце, каб я выпусьціў вам: Вараўву, ці Ісуса, званага Хрыстом?»
І, калі ўсе сабраліся, сказаў Пілат: «Каго вы хочаце, каб я вам адпусціў? Барабу ці Ісуса, Якога завуць Хрыстом?»
Бо ведаў, што із завідасьці Яго выдалі.
Бо ён ведаў, што Яго выдалі з-за зайздрасці.
Прымеж таго, як сядзеў ён на судовым седаве, жонка ягоная паслала яму сказаць: «Не рабі нічога Справядліваму гэнаму, бо я сядні ў сьне шмат цярпела за Яго».
Калі ён сядзеў на судзішчы, жонка яго паслала да яго, кажучы: «Не рабі нічога гэтаму Справядліваму, бо я сёння ў сне шмат папакутавала з-за Яго».
Але найвышшыя сьвятары а старцы падвучылі груды прасіць Вараўвы, а Ісуса загубіць.
А першасвятары і старшыні падбухторылі народ, каб прасілі Барабу, а Ісуса загубілі.
Тады намесьнік, адказуючы, сказаў ім: «Каго з двух хочаце, каб я выпусьціў вам?» Яны сказалі: «Вараўву».
І, звяртаючыся, намеснік гаворыць ім: «Каго з двух хочаце, каб я вам адпусціў?» І яны сказалі: «Барабу».
Кажа ім Пілат: «Што ж я зраблю Ісусу, званаму Хрыстом?» Кажуць усі: «Хай будзе ўкрыжаваны!»
Кажа ім Пілат: «А што ж мне зрабіць з Ісусам, Якога завуць Хрыстом?» Кажуць ўсе: «Хай будзе ўкрыжаваны!»
Намесьнік сказаў: «Якое ж ліха зрабіў Ён?» Але яны яшчэ мацней крычэлі: «Хай будзе ўкрыжаваны!»
Гаворыць ён: «А што Ён благога зрабіў?» А яны яшчэ мацней крычалі, кажучы: «Хай будзе ўкрыжаваны!»
Пілат, бачачы, што нічога не паможа, але паўстаець замятня, узяў вады і ўмыў рукі перад грудам, кажучы: «Ня вінен я ў крыві справядлівага гэтага; абачыце вы».
І Пілат, бачачы, што нічога не дапамагае, а ўзрушэнне робіцца большае, узяўшы ваду, памыў рукі перад народам, кажучы: «Я не вінаваты ў крыві гэтай. Гэта ваша справа».
І, адказуючы, увесь люд сказаў: «Кроў Яго на нас а на дзеці нашы».
І, адказваючы, увесь народ сказаў: «Кроў Яго на нас і на нашых сынах».
Тады выпусьціў ім Вараўву, а Ісуса, біўшы пугамі, выдаў на ўкрыжаваньне.
Тады ён адпусціў ім Барабу, а Ісуса ўбічаванага аддаў на ўкрыжаванне.
Тады жаўнеры намесьнікавы, узяўшы Ісуса да месцкае рады, зьберлі на Яго цэлую вятку.
Тады жаўнеры намесніка, узяўшы Ісуса ў прэторыю, сабралі да Яго цэлую кагорту.
І, разьдзеўшы Яго, надзелі на Яго шкарлатны ахілім;
І, зняўшы з Яго хламіду, усклалі на Яго пурпуровы плашч;
І, зьвіўшы карону зь церні, узлажылі Яму на галаву Ягоную, і далі Яму ў правую руку трысьціну; і, клякаючы перад Ім, насьміхаліся зь Яго, кажучы: «Здароў, Каролю Юдэйскі!»
і, сплёўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву; і далі Яму трысціну ў правую руку; і, укленчыўшы перад Ім, здзекаваліся з Яго, кажучы: «Будзь прывітаны, Цар Юдэйскі!»
І плівалі на Яго, і, узяўшы трысьціну, білі Яго па галаве.
І, плюючы на Яго, узялі трысціну і білі Яго па галаве.
І, як назьдзекаваліся зь Яго, зьнялі зь Яго шкарлатны ахілім, і адзелі ў вадзецьці Ягоныя, і павялі Яго на ўкрыжаваньне.
А калі ўжо наздзекаваліся, знялі з Яго пурпуровы плашч, адзелі Яго ў Яго хламіду і павялі на ўкрыжаванне.
Выходзячы, яны стрэлі аднаго Кірынеяніна, імям Сымона; гэтага прысілілі несьці крыж Ягоны.
Выходзячы, напаткалі яны чалавека з Цырэны на імя Сімон; яго прымусілі несці крыж Яго.
І, прышоўшы на месца, званае Ґолґота, што знача «Чарэпнішча»,
І прыйшлі на месца, якое называецца Гальгота, што значыць Месца Кальварыі,
Далі Яму піць віна, зьмешанага з жоўцяй; і, паспытаўшыся, не хацеў піць.
і далі Яму піць віно, змяшанае з жоўцю. І, калі яго пакаштаваў, не захацеў піць.
Тыя, што Яго ўкрыжавалі, дзялілі адзецьці Ягоныя, кідаючы на жэрабя;
Потым, укрыжаваўшы Яго, падзялілі адзенне Яго, кідаючы жэрабя.
І, седзячы, сьцераглі Яго там.
І, седзячы, сцераглі Яго там.
І, прыбілі над галавою Ягонай надпіс віны Ягонае: «Гэта Ісус, Кароль Юдэйскі».
І над галавой Яго змясцілі надпіс віны Яго: «Гэта Ісус, Цар Юдэйскі».
Тады ўкрыжавалі зь Ім двух разбойнікаў: аднаго справа, а другога зьлева.
Тады ўкрыжавалі абапал Яго двух лотраў, аднаго праваруч, а другога леваруч.
Праходзячыя ж насьміхаліся зь Яго, ківаючы галавамі сваімі,
І тыя, што міма ішлі, блюзнілі на Яго, ківаючы галавой сваёй
І кажучы: «Ты, што бураеш Дом Божы і за тры дні становіш яго! спасі Самога Сябе; калі Ты Сын Божы, дык іступі з крыжа».
і кажучы: «Ты, што руйнуеш святыню і ў тры дні адбудоўваеш, уратуй Сябе Самога; калі Ты — Сын Божы, сыдзі з крыжа!»
Падобна й найвышшыя сьвятары з кніжнікамі а старцамі, насьміхаючыся, гукалі:
Падобным чынам і першасвятары, учыняючы здзек разам з кніжнікамі і старшынямі народа, казалі:
«Іншых спасаў, а Сябе Самога ня можа спасьці! калі кароль Ізраельскі Ён, хай цяпер іступе з крыжа, і ўверым у Яго;
«Ён другіх ратаваў, а Сам Сябе ўратаваць не можа. Ён — Валадар Ізраэля; дык няхай цяпер сыдзе з крыжа, і мы паверым у Яго.
Спадзяваўся на Бога: няхай цяпер выбаве Яго, калі Ён любы Яму. Бо Ён Сказаў: "Божы Я Сын’».
Спадзяваўся Ён на Бога, хай жа вызваліць Яго цяпер, калі Ён спагадны да Яго. Бо Ён казаў: «Я — Сын Божы».
Таксама й разбойнікі, укрыжаваныя зь Ім, вярнулі на Яго.
Таксама і лотры, з ім укрыжаваныя, зневажалі Яго.
Ад шостае ж гадзіны цемра стала па ўсёй зямлі да гадзіны дзявятае.
А ад гадзіны шостай цемра настала на ўсёй зямлі аж да гадзіны дзевятай.
А каля дзявятае гадзіны загукаў Ісус голасам вялікім, кажучы: «Ілі, Ілі, лэма савахфані», што знача: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?»
І каля дзевятай гадзіны закрычаў Ісус моцным голасам: «Элі, Элі, лэма сабактані?», што значыць: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?»
Некатрыя з тых, што стаялі, чуючы гэта, гукалі: «Ільлю гукае Ён».
І некаторыя з тых, што стаялі там, чуючы гэта, казалі: «Іллю кліча Ён».
І якга пабег адзін ізь іх, узяў губку, змачыў яе воцтам і, насадзіўшы на трысьціну, даў Яму піць.
І тут адзін з іх, адразу пабегшы і ўзяўшы губку, напоўніў яе воцатам, і насадзіў на трысціну і даваў Яму піць.
А засталыя казалі: «Пажджы, паглядзім, ці прыйдзе Ільля спасьці Яго».
Іншыя ж казалі: «Кінь, паглядзім, ці прыйдзе Ілля вызваліць Яго».
Ісус жа, ізноў загукаўшы голасам вялікім, выпусьціў дух.
А Ісус, ізноў закрычаўшы моцным голасам, сканаў.
І вось, запона ў Доме Божым разьдзерлася на дзьве часьці, з гары аж да далоўя; і зямля затрэслася; і скалы раськяпіліся;
І вось заслона ў святыні разарвалася на дзве часткі зверху ўніз, і зямля здрыганулася, і каменне раскалолася,
І грабы рашчыніліся; і шмат якія целы заснулых сьвятых ускрэсьлі;
і адкрыліся магілы, і многія целы святых, што паснулі, паўсталі,
І, вышаўшы з грабоў па ўскрысеньню Ягоным, увыйшлі да сьвятога места, і зьявіліся шмат каму.
і, выйшаўшы з магіл, па ўваскрэсенні Яго, прыйшлі ў святы горад і паказаліся многім.
Сотнік жа й тыя, што сьцераглі зь ім Ісуса, бачачы трасеньне зямлі і ўсе, што прылучылася, надта спалохаліся й казалі: «Запраўды Сын Божы быў Ён».
Сотнік жа і тыя, што з ім былі, вартуючы Ісуса, убачыўшы землятрус ды ўсё, што адбывалася, спалохаліся вельмі, кажучы: «Сапраўды, Ён быў Сын Божы».
Там былі таксама й глядзелі зводдаль шмат якія жанкі, што йшлі за Ісусам із Ґалілеі, паслугуючы Яму;
Было там шмат жанчын, што назіралі здалёк, якія хадзілі следам за Ісусам ад Галілеі, паслугоўваючы Яму.
Памеж іх былі Марыя Магдалена а Марыя маці Якавава а Язэпава, і маці сыноў Зэведэевых.
Сярод іх была Марыя Магдалена і Марыя, маці Якуба і Язэпа, ды маці сыноў Зебядзеевых.
Як жа настаў вечар, прышоў багаты чалавек із Арымафеі, імям Язэп, што таксама вучыўся ў Ісуса.
А калі настаў вечар, прыйшоў багаты чалавек з Арыматэі, на імя Язэп, які і сам быў вучнем Ісуса.
Ён, прыступіўшы да Пілата, прасіў цела Ісусавага. Тады Пілат загадаў аддаць цела.
Ён прыйшоў да Пілата і прасіў цела Ісуса. Тады Пілат загадаў, каб аддалі.
І, узяўшы цела, Язэп завярцеў яго ў чыстае палатно;
І Язэп, узяўшы цела, абгарнуў яго чыстай плашчаніцай,
І палажыў яго ў новым сваім гробе, што высек ён у скале; і, прыкаціўшы вялікі камень да дзьвярэй гробу, адышоў.
і палажыў Яго ў сваім новым склепе, што быў высечаны ў скале, і вялікі камень падкаціў да ўвахода ў склеп, і адышоў.
Была ж там Марыя Магдалена а другая Марыя, што сядзелі супроці гробу.
І была там Марыя Магдалена і другая Марыя, што сядзелі насупраць магілы.
Наступнога дня, што быў па дню прыгатовы, зьберліся найвышшыя сьвятары а фарысэі да Пілата,
А на другі дзень, які ёсць пасля дня прыгатавання, сабраліся першасвятары і фарызеі ў Пілата,
Кажучы: «Спадару! мы ўспомнелі, што ашуканец гэны, яшчэ будучы жывы, сказаў: ‘За тры дні ўскрэсну’.
кажучы: «Гаспадару, прыпомнілі мы, што ашуканец гэты яшчэ жывы сказаў: «Праз тры дні Я ўваскрэсну».
Затым раскажы абясьпечыць гроб да трэйцяга дня, каб вучанікі Ягоныя, прышоўшы ночы, ня ўкралі Яго й не сказалі народу: ’Ускрэс ізь мертвых’; і будзе апошняя ашука горшая за першую».
Дык загадай вартаваць магілу аж да трэцяга дня, каб часам не прыйшлі вучні Яго, і не выкралі Яго, і не сказалі людзям: «Ён паўстаў з мёртвых», бо тады апошні падман будзе горшы за першы».
Сказаў ім Пілат: «Маеце варту; пайдзіце, абясьпечча, як знаеце».
Пілат гаворыць ім: «Вы маеце варту, ідзіце, сцеражыце, як умееце».
Яны пайшлі, абясьпечылі гроб, прыклаўшы да каменя пячаць, і вартаю.
Яны, пайшоўшы, умацавалі магілу вартай, прыклаўшы пячатку да каменя.