Мацьвея 16 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2003
І прыступіліся фарысэі а садукеі і, спакушаючы Яго, прасілі паказаць ім знак ізь неба.
І падышлі да Яго фарызеі і садуцэі і, выпрабоўваючы, прасілі Яго, каб паказаў ім знак з неба.
Ён жа, адказуючы, сказаў ім: «Як вечарэе, вы кажаце: ’Будзе пагода, бо неба чырвонае’;
І Ён, адказваючы, гаворыць ім: «Калі вечарэе, кажаце: «Будзе пагода, бо неба чырвонае».
І нараніцы: ’Сядні нягода, бо неба хмарна чырванее!’ Двудушнікі! відзеньне неба вы ведаеце, як адрозьніць, а знакоў пораў ня можаце?
А раніцай: «Сёння навальніца, бо неба заірдзелася». Дык выгляд неба вытлумачыць вы ўмееце, а знакаў часу не можаце.
Род нягодны а чужаложны знаку шукае, і знак ня дасца яму, апрача знаку Ёны прарокі». І, пакінуўшы іх, адыйшоў.
Племя ліхое і чужаложнае знака шукае, ды іншы знак не будзе дадзены, толькі знак Ёны прарока». І, пакінуўшы іх, адышоўся.
Перабавіўшыся на другі бок, вучанікі Ягоныя забыліся букатак узяць.
А калі паплылі вучні Яго праз мора, забыліся ўзяць хлябоў.
Ісус сказаў ім: «Глядзіце а сьцеражыцеся закісі фарысэйскае а садукейскае».
І сказаў ім Ісус: «Чувайце, асцерагайцеся кіслі фарызеяў і садуцэяў».
А яны разважалі мяжсобку, кажучы: «Гэта значыцца, што хлеба мы не ўзялі!»
А яны разважалі між сабой, кажучы: «Хлябоў мы не ўзялі».
Ведаючы гэта, Ісус сказаў ім: «Чаму разважаеце мяжсобку, о малаверныя, што ня прынесьлі букаткаў?
Ісус, ведаючы гэта, сказаў: «Што вы, малаверы, разважаеце між сабой, што хлябоў не маеце?
Ці яшчэ не разумееце і ня помніце пяцёх букаткаў на пяць тысячаў, і колькі кашоў вы набралі?
Ці ж яшчэ не разумееце і не помніце пра пяць хлябоў на пяць тысяч чалавек? І колькі кашоў назбіралі?
Ані сямёх букаткаў на чатыры тысячы, і колькі кашолак вы набралі?
Ані таксама пра сем хлябоў на чатыры тысячы чалавек? І колькі корабаў набралі?
Як не зацямляеце, што не праз букаткі сказаў Я вам ’Сьцеражыцеся закісі фарысэйскае а садукейскае’?
Няўжо вы не разумееце, што Я не пра хлябы вам гаварыў: «Сцеражыцеся кіслі фарызеяў і садуцэяў»?
Тады яны ўцямілі, што Ён сказаў ім не сьцерагчыся закісі букатак, але навукі фарысэяў а садукеяў.
Тады яны зразумелі, што Ён гаварыў ім, каб не кіслі хлебнай асцерагаліся, але навукі фарызеяў і садуцэяў.
Прышоўшы ж да зямлі Цэсары Піліпавае, Ісус пытаўся ў вучанікаў Сваіх, кажучы: «За каго людзі маюць Мяне, Сына Людзкога?»
І прыйшоў Ісус у межы Цэзарэі Піліпавай і спытаўся вучняў Сваіх, кажучы: «За каго лічаць людзі Сына Чалавечага?»
Яны сказалі: «Адныя за Яана Хрысьціцеля, другія за Ільлю, а іншыя за Ярэму альбо за аднаго з прарокаў».
А яны сказалі: «Адны за Яна Хрысціцеля, другія за Іллю, а іншыя за Ярэмію або за аднаго з прарокаў».
Ён кажа ім: «А вы за каго Мяне маеце?»
Кажа Ён ім: «А вы як кажаце, Хто Я ёсць?»
Адказуючы, Сымон Пётра сказаў: «Ты — Хрыстос, Сын Бога жывога».
Адказваючы, Сімон Пётра сказаў: «Ты — Хрыстос, Сын Бога жывога».
І, адказуючы, Ісус сказаў яму: «Шчасьлівы ты, Сымоне, сыну Ёнін! бо ня цела а кроў аб’явілі табе гэта, але Айцец Мой, што на нябёсах.
А Ісус, адказваючы, сказаў: «Блаславёны ты, Сімон Бар Ёна, бо не цела і кроў аб’явілі табе, але Айцец Мой, Які ў небе.
І Я таксама кажу табе: ты — Пётра, і на гэтай скале Я пастанаўлю Царкву Сваю, і брамы пекляныя ня здолеюць яе;
І Я табе кажу: Ты — камень (Пётра), і на гэтым камені пабудую царкву Маю, і брамы пякельныя не перамогуць яе.
І дам табе ключы гаспадарства нябёснага; і што зьвяжаш на зямлі, тое будзе зьвязана на нябёсах; і што разьвяжаш на зямлі, тое будзе разьвязана на нябёсах».
Ды дам табе ключы Валадарства Нябеснага; і што звяжаш на зямлі, будзе звязана і ў небе; і што развяжаш на зямлі, будзе развязана і ў небе».
Тады расказаў Ён вучанікам Сваім, каб нікому не казалі, што Ён ё Ісус Хрыстос.
Потым загадаў вучням, каб нікому не казалі, што Ён Хрыстос.
Адгэнуль пачаў Ісус Хрыстос паведамляць вучанікам Сваім, што Ён мае йсьці да Ерузаліму, і шмат цярпець ад старцоў а найвышшых сьвятароў а кніжнікаў, і быць забітым, а на трэйці дзень ускрэснуць.
Ад гэтага часу пачаў Ісус адкрываць вучням Сваім, што трэба Яму ісці ў Ерузалім і многа цярпець ад старшыняў і ад першасвятароў і кніжнікаў ды быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць.
І, узяўшы Яго, Пётра пачаў Яго ганіць: «Зьмілуйся над Сабою, Спадару! няхай ня будзе гэта з табою!»
І, адвёўшы Яго, Пётра пачаў Яго папракаць, кажучы: «Хай Бог ухавае Цябе, Госпадзе, і гэта не прыйдзе на Цябе».
Ён жа, абярнуўшыся, сказаў Пётру: «Адыйдзі назад ад Мяне, шайтане! ты Імне спатыкненьне, бо ты думаеш не праз тое, што Божае, але што людзкое».
А Ісус, павярнуўшыся, сказаў Пётры: «Ідзі ад Мяне, шатан, бо ты для Мяне згаршэнне. Бо не разумееш тое, што Божае, але што чалавечае».
Тады Ісус сказаў вучанікам Сваім: «Калі хто хоча йсьці за Імною, адрачыся сябе, і вазьмі крыж свой, і йдзі за Імною;
Тады сказаў Ісус вучням Сваім: «Калі хто хоча ісці за Мной, хай зрачэцца самога сябе і возьме крыж свой і ідзе следам за Мной.
Бо хто хоча ўсьцерагчы жыцьцё свае, згубе яго; а хто згубе жыцьцё свае дзеля Мяне, знойдзе яго.
Бо хто б хацеў уратаваць душу сваю, загубіць яе. А хто загубіць душу сваю за Мяне, знойдзе яе.
Якая карысьць людзіне, калі прыдбае ўвесь сьвет, а душы сваёй пашкодзе? Або якую адмену дасьць людзіна за душу сваю?
Бо што за карысць чалавеку, калі ўвесь свет здабудзе, а душы сваёй шкоду ўчыніць? Або што чалавек дасць наўзамен за душу сваю?
Бо неўзабаве прыйдзе Сын Людзкі ў славе Айца Свайго з ангіламі Сваімі, і тады аддасьць кажнаму подле ўчынкаў ягоных.
Бо Сын Чалавечы прыйдзе ў славе Айца Свайго з анёламі Сваімі, і тады аддасць кожнаму паводле спраў яго.
«Запраўды кажу вам: ё некатрыя із стаячых тут, што не паспытаюцца сьмерці, як ужо абачаць Сына Людзкога, у гаспадарстве Сваім ідучага.
Сапраўды кажу вам, што некаторыя з тых, што стаяць тут, не пакаштуюць смерці, пакуль не ўбачаць Сына Чалавечага, Які прыходзіць у Валадарстве Сваім».