2 да Карынфянаў 3 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2003
Ці ізноў нам пачынаць самых сябе паручаць? Або патрабуем, як некатрыя, паручных лістоў да вас альбо ад вас?
Ці пачнём зноў знаёміцца? Або ці будзем патрабаваць, як некаторыя, прадстаўнічых лістоў да вас або ад вас?
Вы — ліст наш, напісаны ў сэрцах нашых, пазнаваны а чытаны ўсімі людзьмі,
Вы ёсць наш ліст, напісаны ў сэрцах нашых, які ведаюць і чытаюць усе людзі.
Выяўлены ліст Хрыстоў, выслужаны намі, напісаны ня чэрняю, але Духам Бога жывога, не на каменных дошчачках, але на цялесных дошчачках сэрца.
Вы паказваеце праз паслугу нашу, што вы — ліст Хрыстовы, напісаны не атрамантам, але Духам Бога жывога, не на каменных табліцах, але на цялесных табліцах сэрца.
А такі давер мы маем пераз Хрыста да Бога;
Такую пэўнасць маем у Богу праз Хрыста.
Не каб мы самы былі здольныя мысьліць што-лень, як самы ізь сябе, але здольнасьць наша з Бога,
Не ўважаем, што мы аб сабе нешта здольныя прыдумаць, як ад сябе, але гэта наша здольнасць ад Бога,
Каторы ўчыніў нас здольнымі слугачымі новае ўмовы, ня літары, але духа; бо літара забівае, а дух ажыўляе.
Які і ўчыніў нас здатнымі быць слугамі Новага Запавету, не літары, але Духа, бо літара забівае, а Дух ажыўляе.
Калі ж слугаваньне сьмерці, літарамі выразанае на камянёх, было слаўнае, ажно не маглі цеміцца сынове Ізраелявы ў від Масеяў з прычыны славы віду ягонага мінучае,
Калі служэнне смерці, высечанае літарамі на каменні, было такім слаўным, што сыны Ізраэля не маглі глядзець на твар Майсея дзеля славы аблічча яго, якая прамінае,
Дык ці не пагатове мае быць шмат слаўнейшае слугаваньне Духа?
дык ці не многа больш будзе слаўным служэнне Духа?
Бо калі слугаваньне засуджэньня слаўнае, пагатове слугаваньне справядлівасьці збыткуе ў славе.
Бо калі служэнне асуджэння ёсць слава, дык тым болей багатым славаю будзе служэнне справядлівасці.
Бо й услаўленае ня было ўслаўлена, раўнуючы да пераходзячае славы.
Гэтак тое, што набыло вядомасць часткова, не мае больш славы па прычыне перавышаючай яе славы.
Бо калі мінаючае слаўнае, пагатове трываючае ў славе.
Бо калі тое, што прамінае, мае славу, то тым больш слаўнае тое, што трывае.
Затым, маючы такую надзею, мы дзеем вельмі адважна,
Дык вось, маючы такую надзею, мы дзейнічаем з вялікім даверам,
А ня так, як Масей, што клаў запінашку на від свой, так што сынове Ізраелявы ня цеміліся ў канец мінаючага.
а не як Майсей, што ўздзеў заслону на твар свой, каб сыны Ізраэля не глядзелі на заканчэнне таго, што прамінае.
Але розумы іхныя закалянелыя, бо аж дагэтуль тая самая запінашка пры чытаньню Старога Закону застаецца, ня будучы расьхіненая; аддаляецца Хрыстом.
Але атупелі іх розумы, бо аж да цяперашняга дня, калі чытаюць Стары Запавет, гэтая заслона застаецца нязнятай, бо толькі ў Хрысце яна адсланяецца.
Значыцца, аж дагэтуль, як Масея чытаюць, запінашка ляжыць на сэрцу іхным.
Дык па сённяшні дзень, калі чытаюць Майсея, заслона ляжыць на іх сэрцах.
Але, як наварачаюцца да Спадара, запінашка гэна здыймаецца.
А калі хто навяртаецца да Госпада, заслона ападае.
Спадар ё Дух; а йдзе Дух Спадароў, там свабода.
Госпад ёсць Дух, а дзе Дух Госпадаў, там свабода.
Мы ж усі, з каторых віду зьнята запінашка, сузіраючы, як у глядзелцы, славу Спадарову, адмяняемся ў тый самы абраз ад славы ў славу, як ад Духа Спадаровага.
Мы ж усе з адкрытым тварам аглядаем славу Госпадаву, быццам у люстры, і перамяняемся ў Яго вобраз з яснасці ў яснасць, так, як ад Госпадава Духа.