Псалтыр 118 псалом
Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Анатоля Клышкi
Дзякуйце СПАДАРУ, бо добры, бо на векі міласэрдзе Ягонае.
Скажы ж, Ізраелю, што на векі міласэрдзе Ягонае;
Скажыце ж, доме Ааронаў, што на векі міласэрдзе Ягонае;
Скажыце ж тыя, што баіцеся СПАДАРА, што на векі міласэрдзе Ягонае.
З-пад гароты свае я пагукаў да ЯГ, і пакволеньням адказаў імне ЯГ.
СПАДАР із імною, не баюся: што зробе імне чалавек?
СПАДАР із імною меж памачнікоў маіх, — і я гляджу на тых, што ненавідзяць мяне.
Валей уцякаць да СПАДАРА, чымся спадзявацца на чалавека.
Валей уцякаць да СПАДАРА, чымся спадзявацца на князёў.
Усі народы абступілі мяне; імям СПАДАРОВЫМ я зьнішчыў іх.
Абступілі мяне, таксама акружылі мяне; але імям СПАДАРОВЫМ я зьнішчыў іх.
Абступілі мяне, як пшчолы; згасьлі, як цяпло зь церняў; імям СПАДАРОВЫМ я зьнішчыў іх.
Піхнулі мяне, каб я паваліўся; але СПАДАР памог імне.
Сіла мая а песьня ЯГ, і стаў імне спасеньням.
Гук радасьці а спасеньня ў буданох справядлівых: «Правіца СПАДАРОВА робе мужным;
Правіца СПАДАРОВА высокая; правіца СПАДАРОВА робе мужным».
Не памру, але буду жыў і буду абяшчаць учынкі ЯГ.
Балюча казьнерыў мяне ЯГ, але на сьмерць не аддаў мяне.
Адчыніце імне брамы справядлівасьці; я ўвыйду ў іх і буду выхваляць ЯГ.
Гэта брама СПАДАРОВА; справядлівыя ўвыйдуць ёю.
Я буду выхваляць Цябе, бо Ты адказаў імне й стаў спасеньням маім.
Камень, адкінены будаўнічымі стаў вугольным.
Ад СПАДАРА гэта сталася; чудоснае яно ў вачох нашых.
Гэта тый дзень, каторы ўчыніў СПАДАР; будзем цешыцца а весяліцца ў ім.
Малю, СПАДАРУ! спасі ж, малю, СПАДАРУ, пашчасьці ж!
Дабраславёны прыходзячы ў імя СПАДАРОВА. Дабраславім вас із дому СПАДАРОВАГА.
Бог — СПАДАР, і засьвяціў нам. Прывяжыце сьвяточны аброк паварозам да рагоў аброчніка.
Ты — Бог мой, і я буду выхваляці Цябе; Бог мой, я ўзьвялічу Цябе.
Дзякуйце СПАДАРУ, бо добры, бо на векі міласэрдзе Ягонае.