Да Ціта 3 разьдзел

Пасланьне да Ціта
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Давай ім напамін да паслухмянасьці загаду ўладаў ды гатоўнасьці да кажнага добрага дзела;
 
Нагадвай ім, каб падпарадкоўваліся і слухаліся начальнікаў і ўлады, былі падрыхтаваныя на ўсякую добрую справу,

нікога не зьнеслаўляць сварліва, а быць ветлівым да ўсіх людзей.
 
на нікога ня блю́зьнілі, не былі ваяўнічымі, былі спагаднымі і зьяўлялі ўсякую ціхасьць адносна ўсіх людзей.

Бо і мы былі калісь бесталковымі, недаверлівымі, блудзячымі нявольнікамі ўсякіх похатных роскашаў, жывучы ў злосьці й завісьці, агідзе й ненавісьці ўзаемнай.
 
Бо і мы былі некалі бяздумнымі, непакорнымі, падманутымі, служачы пажаданьням і розным асалодам, жывучы́ ў ліхоце і зайздрасьці, былі паскуднымі, ненавідзячы адзін аднаго.

Калі-ж зьявілася ласкавасьць і любасьць да людзей Богазбаўцы нашага,
 
А калі зьявілася ласкавасьць і любоў да людзей Збаўцы нашага, Бога,

Ён выбавіў нас не дзеля праведных учынкаў, якіе мы-б маглі даканаць, а дзеля міласэрдзя Ягонага, праз купель (хрост) адраджэння й абнаўлення ў Духу Святым,
 
Ён збавіў нас ня дзеля ўчынкаў праведнасьці, якія мы ўчынілі, але паводле літасьці Сваёй, праз лазьню адраджэньня і абнаўленьня Духам Сьвятым,

якога зыслаў на нас аквіта праз Езуса Хрыстуса Збавіцеля нашага,
 
Якога Ён выліў на нас шчодра праз Ісуса Хрыста, Збаўцу нашага,

каб, апраўданыя ласкаю ягонай, унасьледзілі мы водле спадзявання жыцьцё вечнае.
 
каб, апраўдаўшыся ласкай Ягонай, мы сталіся праз надзею спадкаемцамі жыцьця вечнага.

Верная гэта навука й жадаю, каб і ты сьцьвярдзіў гэта, каб уверыўшыя ў Бога рупіліся быць перадавымі ў добрых справах; гэта бо для людзей добра й карысна.
 
Вернае слова; і я хачу, каб ты сьцьвярджаў гэта, каб тыя, што вераць Богу, былі старанныя ў выкананьні добрых справаў: гэта добра і людзям карысна.

А пустагоньскіх досьледаў, радаводных спрэчак і калатні аб законах высьцярагайся, бо яны пустыя й бескарысныя.
 
А дурных спрэчак, і радаводаў, і сварак, і зва́дак адносна Закону пазьбягай, бо яны некарысныя і марныя.

Гэрэтыка пасьля першага і другога напаміну унікай,
 
Чалавека герэтыка пасьля першага і другога напамінаньня пакінь,

ведаючы, што гэта каведны грэшнік, сам сабою асуджаны.
 
ведаючы, што гэтакі разбэсьціўся і грашыць, асудзіўшы самога сябе.

Калі прышлю да цябе Арцёма, або Тыхіка, пастарайся прыйсьці ка мне ў Нікаполь; бо я рашыўся там перазімаваць.
 
Калі пашлю да цябе Арцёма або Тыхіка, намагайся прыйсьці да мяне ў Нікапаль, бо я пастанавіў перазімаваць там.

Зэнона, доктара права, і Апольлё вышлі першых ды так, каб у іх ня было ніякага недастатку.
 
Зэна законьніка і Апалёса старанна правядзі, каб у іх не было ні ў чым недахопу.

Хай і нашыя вучацца практыкавацца ў дабраўчыннасьці пільнай, каб ня былі бясплоднымі.
 
Няхай і нашыя вучацца выконваць добрыя справы ў пі́льных патрэбах, каб не былі́ бясплодныя.

Прывет табе ад усіх, што знайходзяцца зы мною. Паздароў тых, што любяць нас у веры. Ласка з усімі вамі. Амэн.
 
Вітаюць цябе ўсе, што са мною. Прывітай тых, што сябруюць з намі ў веры. Ласка з усімі вамі. Амэн.