Мацьвея 19 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 1999
І сталася, калі Езус скончыў гэтыя мовы, выйшаў з Галілеі й прыйшоў у граніцы Юдэі на той бок Ёрдану.
І сталася, калі Езус скончыў гэтыя словы, выйшаў з Галілеі і прыйшоў у межы Юдэі за Ярдан.
І пайшлі за ім вялікія грамады, а ён іх аздаравіў тамака.
І за Ім ішлі вялікія грамады, і там аздаравіў іх.
І прыступілі да яго фарызэі й, спакушаючы яго, казалі: Ці можна чалавеку дзеля якой-небудзь прычыны пакінуць сваю жонку?
Затым падыйшлі да Яго фарысэі і, зводзячы Яго, пыталіся: "Ці выпадае чалавеку з якой-колечы прычыны пакінуць жонку сваю?"
Ён-жа ў адказ ім гавора: Ці вы ня чыталі, што Той, каторы стварыў чалавека на пачатку, стварыў іх мужчынай і жанчынай?
А Езус у адказ сказаў ім: "Ці не чыталі, што Той, хто стварыў (чалавека) напачатку, мужчынай і жанчынай стварыў іх
І сказаў: «Дзеля гэтага пакіне чалавек бацьку й матку ды злучыцца з жонкай сваёю і будуць двое ў вадным целе» (Гэн. 2:24).
і сказаў: "Таму пакіне чалавек бацьку і маці і злучыцца з жонкаю сваёй, і будуць двое адным целам".
І так яны ўжо ня двое, але адно цела. Дык што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае.
І так ужо ня двое, але адно цела. Дык што Бог злучыў, чалавек хай не разлучае".
Кажуць яму: А чаму-ж Майзей загадаў даць разводны ліст і пакінуць?
Сказалі Яму: "Дык чаму Майсей загадаў даць ёй ліст разводны і адправіць?"
Сказаў ім: Майзей дзеля закамянеласьці сэрца вашага дазволіў вам кідаць вашы жонкі, але ад пачатку ня было гэтак.
Сказаў ім: "Дзеля цьвёрдага сэрца вашага дазволіў вам Майсей кідаць жонку вашую, але не было так напачатку.
А я вам кажу, хто-б пакінуў сваю жонку, акрамя дзеля чужалоства, ды ўзяў-бы другую, чужаложыць. І хто-б узяў пакіненую, чужаложыць.
Затым кажу вам, што хто разводзіцца з жонкаю сваёй, за выняткам распусты, іжэніцца з іншаю — чужаложыць. І хто з разьведзенай ажаніўся — чужаложыць".
Кажуць яму вучні ягоны: Калі гэтак стаіць справа чалавека з жонкаю, дык няварта жаніцца.
Дык сказалі Яму вучні Ягоныя: "Калі такі абавязак чалавека да жонкі, то лепш не жаніцца".
Ён-жа сказаў ім: Ня ўсе разумеюць гэтае слова, але каму дадзена.
А Езус сказаў ім: "Ня ўсе разумеюць гэту навуку, а толькі тыя, каторым дадзена.
Ёсьць бо еўнухі, якія гэткімі з лона маці радзіліся, і ёсьць еўнухі, якіх людзі гэтак абладзілі, і ёсьць еўнухі, што самы сябе ачысьцілі дзеля валадарства нябеснага. Хто можа ўцеець, хай уцее.
Бо ёсьць эўнухі, што такімі з жывата маці нарадзіліся, і ёсьць эўнухі, каторых такімі людзі зрабілі, ды ёсьць эўнухі, што самі сябе выпакладалі дзеля Каралеўства Нябеснага. Хто можа зразумець, няхай разумее".
Тады прынясьлі да яго дзетак. каб узлажыў на іх рукі й памаліўся, а вучні сварыліся на іх.
Аднойчы прывялі да Яго дзеткі, каб усклаў на іх рукі і памаліўся. Але вучні сварыліся на іх.
Але Езус сказаў ім: Пусьцеце дзетак, не перашкаджайце ім прыйходзіць ка мне, бо гэтакіх ёсьць валадарства нябеснае.
Дык Езус сказаў ім: "Пусьціце дзетак і не забараняйце ім прыходзіць да Мяне, бо такім належыць Каралеўства Нябеснае".
І, ўзлажыўшы на іх рукі, адыйшоў адтуль.
І, усклаўшы на іх рукі свае, пайшоў адтуль.
І вось нехта, прыступіўшы, кажа яму: Вучыцель добры! Што мне зрабіць добрага, каб мець жыцьцё вечнае?
І вось нехта падыйшоў да Яго і сказаў Яму: "Настаўнік добры, што маю добрага рабіць, каб здабыць жыцьцё вечнае?"
Ён-жа сказаў яму: Чаму ты пытаеш мяне добрага? Адзін ёсьць добры, Бог. Калі-ж хочаш увайсьці ў жыцьцё, выпаўняй прыказанні.
Езус сказаў яму: "Што Мяне пытаешся аб добрым? Адзін толькі (Бог) добры. А калі хочаш увайсьці ў жыцьцё, спаўняй прыказаньні".
Кажа яму: Які я? А Езус гавора: Не забівай, ня чужалож, не крадзі, ня сьветч хвальшыва.
Спытаўся ў Яго: "Якія?" Езус яму сказаў: "Не забівай, не чужалож, не крадзі, не сьведчы фальшыва,
паважай бацьку твайго й матку тваю, ды любі бліжняга свайго, як сябе самога.
шануй бацьку і матку, ды любі бліжняга свайго як сябе самога".
Кажа яму юнак: Гэтага ўсяго я пільнаваўся ад маладосьці мае, чаго мне яшчэ не стае?
Кажа Яму юнак: "Усё гэта бярог я ад маленства свайго. Чаго мне яшчэ не хапае?"
Сказаў яму Езус: Калі хочаш быць дасканальным, ідзі прадай што маеш ды дай убогім, а будзеш мець скарб у небе; і прыходзь ды йдзі за мною.
Сказаў яму Езус: "Калі хочаш быць дасканалы, ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай ўбогім, і будзеш мець скарб у небе; і прыходзь, хадзі за Мной".
Калі-ж пачуў дзяцюк гэта слова, адыйшоў сумны, бо меў ён вялікую маемасьць.
Калі юнак пачуў гэта слова, адыйшоў сумны, бо меў вялікую маёмасьць.
А Езус сказаў сваім вучням: Сапраўды кажу вам, багатаму трудна ўвайсьці ў валадарства нябеснае.
Затым Езус сказаў сваім вучням: "Сапраўды кажу вам, што багаты з цяжкасьцяй увойдзе ў Каралеўства Нябеснае.
І ячшэ кажу вам: Лягчэй вярблюду прайсьці праз голчына вуха, чымся багатаму ўвайсьці ў каралеўства нябеснае.
Зноў кажу вам: Лягчэй вярблюду праціснуцца праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсьці ў Карлеўства Божае".
Пачуўшы гэта, вучні моцна дзівіліся й гаварылі: Дык хто-ж можа быць збаўлёны?
Пачуўшы гэта, вучні надта дзівіліся і казалі: "Хто тады можа збавіцца?"
А Езус, спаглянуўшы, сказаў ім: У людзей гэта немагчыма, але ў Бога ўсё магчыма.
А Езус, узглянуўшы, сказаў ім: "У людзей гэта немагчыма, але у Бога ўсё магчыма".
Тады Пётр, адазваўшыся, сказаў яму: Вось мы пакінулі ўсё й пайшлі за табою, што-ж будзе нам?
Тады ў адказ Пётар сказаў Яму: "Вось жа мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табой. Дык што мы атрымаем?"
Езуз-жа сказаў ім: Сапраўды кажу вам, вы, што пайшлі за мною, ў новабыцьці, як Сын чалавечы засядзе на троне славы свае, засядзеце такжа на дванаццаці тронах, судзячы дванаццаць пакаленняў Ізраэля.
Езус сказаў ім: "Сапраўды кажу вам, што вы, каторыя пайшлі за Мною, калі настане новы сьвет і засядзе Сын Чалавечы на пасадзе велічы сваёй, засядзеце на дванацаці пасадах і будзеце судзіць дванаццаць пакаленьняў Ізраэля.
І кожны, хто-б пакінуў дом, ці братоў, або сёстраў, або бацьку, або матку, або жонку, або дзяцей, або поле дзеля майго імяні, ўстораз атрымае і здабудзе жыцьцё вечнае.
І кожны, хто пакінуў дом, або братоў, або сёстраў, або бацьку, або матку, або жонку, або сыноў, або зямлю дзеля імя Майго, у сто раз болей атрымае і здабудзе жыцьцё вечнае.
Многія-ж першыя будуць апошнімі, й апошнія першымі.
І многа першых будзе апошнімі, і апошніх — першымі.