Мацьвея 21 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

А калі прыбліжаліся да Ерузаліму й прыйшлі да Бэтфагэ пры Аліўнай гары, тады Езус паслаў двух вучняў,
 
І калі прыбліжаліся да Ерузаліму і падыйшлі да Бэтфагэ на Аліўнай гары, Езус тады паслаў двух вучняў

кажучы ім: Ідзеце ў сяло, што напроць вас, і знойдзеце зараз прывязаную асліцу, а з ёй асьлянё; адвяжэце й прывядзеце ка мне.
 
і сказаў ім: "Ідзіце ў сяло, якое перад вамі, а зараз знойдзеце асьліцу прывязаную і з ёй асьляня. Адвяжыце і прывядзіце да Мяне.

А калі-б вам хто што гаварыў, скажэце, што яны патрэбны Усеспадару і зараз пусьціць іх.
 
І калі б вам хто што казаў, скажыце, што іх патрабуе Госпад, а зараз пусьцяць іх".

Гэта ўсё сталася, каб збылося сказанае праз прарока, гаварыўшага (Захар. 9:9):
 
Усё гэта сталася, каб выпаўнілася сказанае прароках; які казаў:

Скажэце дачцэ Сыёнскай: «Вось да цябе йдзе валадар твой ціхі, седзячы на асьліцы й асьляці, сыне пад’ярэмнай».
 
"Скажыце дачцы Сыёна: Вось едзе да цябе Кароль твой, ціхі, седзячы на асьліцы і на асьляці, сыне пад'ярэмнай".

Вучні пайшлі й зрабілі так, як ім загадаў Езус.
 
Пайшоўшы, вучні зрабілі, як ім загадаў Езус.

Прывялі асьліцу й асьлятка, ўзлажылі на іх свае вопраткі, і ўзрыхтавалі яму сесьці вярхом.
 
І прывялі асьліцу з асьлянём, і ўсклалі на іх адзеньне сваё, і (Езус) сеў на іх.

А грамада вялізарная слала свае вопраткі на дарозе, а другія сьціналі галінкі з дрэваў ды слалі іх на дарозе.
 
А вялізарная грамада слала свае вопраткі на дарозе; а іншыя сьціналі галінкі з дрэваў і слалі на дарозе.

Гурма, йшоўшая паперадзе і ззаду, крычала, кажучы: Госанна сыну Давідаваму! Багаслаўлёны, што прыйходзіць у імя Госпадава! Госанна ў высях!
 
І грамады, што на перадзе і за Ім ішлі, гаманілі, кажучы: "Гасанна Сыну Давідаваму! Багаслаўлены, хто прыходзіць у імя Госпада. Гасанна на вышынях!"

І калі ўехаў у Ерузалім, заварушылася ўсё места, гаворачы: Хто гэта?
 
І калі ўвайшоў у Ерузалім, узварухнуўся ўвесь горад, кажучы: "Хто гэта?"

Народ-жа адказваў: Гэта Езус, прарок з Назарэту Галілейскага.
 
А народ казаў: "Гэта Езус, прарок з Назарэту Галілейскага".

І ўвайшоў Езус у святыню Божую ды павыганяў усіх прадаючых і купляючых у сьвятыні ды абярнуў сталы спэкулянтаў і рыштунак тых, што галубоў прадавалі;
 
І ўвайшоў Езус у сьвятыню, і павыганяў усіх прадаючых і купляючых у сьвятыні, а сталы мянялаў і лаўкі прадаўцоў галубоў перавярнуў.

і казаў ім: «дом мой домам малітвы звацімецца, а вы зрабілі з яго прытон разбойнікаў» (Із. 56:7; Ер. 7:11).
 
Ды сказаў ім: "Напісана: "Дом Мой домам малітвы будзе названы", а вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў".

І прыступілі да яго ў сьвятыні сьляпыя й кульгавыя і ён аздаравіў іх.
 
І падыйшлі да Яго ў сьвятыні сьляпыя і храмыя, і Ён аздаравіў іх.

А першасьвятары і кніжнікі, бачачы дзіва, якое тварыў, ды воклікі дзяцей кажучых: «Госанна сыну Давідаваму!» — абурыліся
 
А першасьвятары і кніжнікі, бачачы цуды, якія чыніў, ды дзеці, гамонячыя ў сьвятыні і кажучыя: "Гасанна сыну Давідаваму!", злаваліся

і сказалі яму: Чуеш, што яны гавораць? Езус-жа кажа ім: Так, ці-ж вы ніколі ня чыталі, што «з вуснаў дзетак і сысункоў Ты ўчыніў хвалу» (Пс. 8:3).
 
і казалі Яму: "Ці чуеш, што яны кажуць?" А Езус сказаў ім: "Так; ці вы не чыталі: "Праз вусны немаўлятак і сысуноў ўчыніў Ты хвалу?"

І пакінуўшы іх, выйшаў проч з гораду у Бэтанію і там астаўся.
 
І, пакінуўшы іх, пайшоў за горад у Бэтанію, і там застаўся.

А нараніцы, вяртаючыся ў горад, пачуў голад.
 
Нараніцы, вяртаючыся ў горад, пачуў голад.

І ўгледзеўшы пры дарозе адно фіговае дрэва, падыйшоў к яму і, не знайшоўшы на ім нічога, апрача толькі лісьця, сказаў яму: Хай-жа з цябе плод ніколі ня родзіцца навекі! І фіга зараз-жа ссохла.
 
Дык убачыўшы пры дарозе адно дрэва фіговае, падыйшоў да яго, але не знайшоў на ім нічога, апрача лісьця, і сказаў яму: "Няхай ня родзіцца з цябе плод навек і". І адразу дрэва фіговае ссохла.

А вучні, ўбачыўшы, дзівіліся й гаварылі: Як-жа хутка яна ссохла!
 
Дык, бачачы гэта, вучні дзівіліся і казалі: "Якім чынам так скора ссохла дрэва фіговае?"

Езус-жа сказаў ім на гэта: Сапраўды кажу вам: калі-б вы мелі веру і ня сумняваліся, ня толькі зробіце гэта з фіговым дрэвам, але калі-б і гэтай гарэ сказалі: «Узніміся й кінься ў мора», — станецца.
 
У адказ Езус сказаў ім: "Сапраўды кажу вам: Каб мелі вы веру і не сумляваліся, зрабілі б гэта не толькі з дрэвам фіговым, але, нават каб сказалі гэтай гары: "Падыміся і кінься ў мора", сталася б.

І ўсё, чаго толькі прасіцімеце ў маліцьве, веручы — атрымаеце.
 
І ўсё, пра што будзеце прасіць у малітве з вераю, атрымаеце".

А як прыйшоў у сьвятыню й навучаў, прыступілі да яго вышэйшыя святары і старшыя народу, кажучы: Якою уладаю ты гэта робіш? І хто табе даў гэтую ўладу?
 
І калі Езус увайшоў у сьвятыню, прыйшлі да Яго, калі вучыў, першасьвятары і старшыні народу і казалі: "Якою ўладаю гэта робіш? Хто Табе даў такую ўладу?"

Езус, адказваючы, гавора ім: Спытаюся й я ў вас аднаго слова, калі вы мне яго скажаце, дык і я вам скажу, якою уладаю я гэта раблю.
 
Езус у адказ сказаў ім: "І Я спытаюся таксама ў вас адно слова, і калі адкажаце Мне, дык і Я тады скажу вам, якою ўладаю Я гэта раблю:

Хрост Яна скуль быў, з неба, ці з людзей? Яны-ж мяркавалі сабе:
 
Хрост Янаў адкуль быў? З неба ці ад людзей?" А яны застанаўляліся і гаварылі між сабой:

Калі скажам: «З неба», дык ён нам скажа: Чаму-ж вы не паверылі яму? А калі скажам: «З людзей», баязно грамады, ўсе бо мелі Яна за прарока.
 
"Калі скажам: "З неба", скажа нам: "Дык чаму вы не паверылі?" А калі скажам: "Ад людзей", баімося народу, бо ўсе Яна маюць за прарока".

І ў адказ Езусу сказалі: Ня ведаем. Гавора ім так-жа і ён: І я вам не скажу, якою ўладаю раблю я гэта.
 
Дык у адказ Езусу сказалі: "Ня ведаем". І Ён сказаў: "Дык і Я вам не скажу, якою ўладаю Я гэта раблю".

А як вам здаецца? Адзін чалавек меў двух сыноў і, падыйшоўшы да першага, сказаў: Ідзі, сынку, папрацуй сяння ў маім вінаградніку.
 
"Як вам здаецца? Адзін чалавек меў двух сыноў. І, прыходзячы да першага, сказаў яму: "Сыне, ідзі папрацуй сягоньня ў маім вінаградніку".

А той гавора ў адказ: Ня хочу. Потым аднак, раздумаўшыся, пайшоў.
 
А ён адказаў: "Не пайду". А потым пакаяўся і пайшоў.

І падыйшоўшы да другога, сказаў таксама. Гэтыж, адзываючыся. кажа: Іду, спадарвойча — адыж не пайшоў.
 
Зьвяртаючыся да другога, сказаў яму падобна. А той, адказваючы, сказаў: "Іду, гаспадару", але не пайшоў.

Каторы з двух выканаў волю айца? Кажуць яму: Першы. Гавора ім Езус: Сапраўды кажу вам, кунойміты й блудадзейнікі пойдуць перад вамі ў валадарства Божае.
 
Хто з тых двух споўніў волю бацькі?" Кажуць: "Першы". Дык сказаў ім Езус: "Сапраўды кажу вам, што мытнікі і распусьніцы ўпярэдзяць вас у Каралеўстве Божым.

Бо прыйшоў да вас Ян шляхом справядлівасьці й вы не паверылі яму, а кунойміты й блудадзеі паверылі яму; вы-ж, бачыўшы гэта, не пакаяліся, каб паверыць яму.
 
Бо прыйшоў да вас Ян дарогай справядлівасьці, і вы не паверылі яму; мытнікі ж і распусьніцы паверылі яму. Вы аднак, бачачы гэта, нават потым не пакаяліся, каб яму паверыць.

Паслухайце другое прыповесьці: Быў чалавек гаспадар, які засадзіў вінаграднік, абгарадзіў яго плотам, выкапаў у ім вінатоку, пабудаваў вежу і, аддаўшы яго земляробам, выехаў.
 
Паслухайце іншую прыповесьць. Быў гаспадар дому, які завёў вінаграднік, загарадзіў яго плотам, выкапаў у ім вінатоку, пабудаваў вежу, і аддаў яго вінаградарам, і выехаў.

Калі-ж надыйшла пара пладоў, ён паслаў сваіх слугаў да вінаградароў, каб атрымаць свае плады.
 
А калі надыйшоў час пладоў, паслаў ён слугаў сваіх да вінаградараў узяць свае плады.

Але вінаградары, схапіўшы ягоных слуг, аднаго пабілі, другога забілі, а іншага ўкамянавалі.
 
А вінаградары схапілі слугаў яго, і аднаго пакалечылі, другога забілі, а іншага ўкаменавалі.

Ізноў паслаў іншых слугаў, болей чым першых, і з імі зрабілі гэтаксама.
 
Дык зноў паслаў іншых слугаў, больш, чым раней, але і ім зрабілі падобна.

Уканцы-ж паслаў да іх сына свайго, кажучы: Ушануюць сына майго.
 
У канцы паслаў да іх сына свайго, кажучы: "Ушануюць сына майго".

Адыж вінаградары, убачыўшы сына, гавораць адзін другому: Гэта насьледнік, пойдзем, заб’ём яго і будзем мець ягону спадчыну.
 
Але вінаградары, бачачы сына, гаварылі між сабой: "Гэта спадкаемец, хадземце, заб'ём яго і завалодаем ягонай спадчынаю".

І схапіўшы яго, выкінулі вон із вінаградніка ды забілі.
 
Ды схапіўшы яго, выкінулі з вінаградніку і забілі.

Калі вось-жа прыйдзе гаспадар вінаградніка, дык што зробіць з тымі вінаградарамі?
 
Дык калі прыбудзе гаспадар вінаградніку, што зробіць тым вінаградарам?"

Кажуць яму: Злыдняў люта выгубіць, а вінаграднік свой аддасьць у арэнду іншым вінаградарам, якія аддавацімуць яму плады ў сваю пору.
 
Кажуць Яму: "Разбойнікаў строга выгубіць, а вінаграднік выарэндуе іншым вінаградарам, каторыя будуць аддаваць плод у вызначаны час".

Кажа ім Езус: Няўжэ ня чыталі вы ніколі ў Пісанні (Пс. 117:22): «Камень, які адкінулі будаўнічыя, той стаўся галавою вугла. Ад Госпада гэта сталася і дзіўна яно ў вачох нашых»?
 
Сказаў ім Езус: "Ці ж ніколі не чыталі вы ў Пісаньні: "Камень, каторы адкінулі будаўнікі, стаўся галавою вугла. З волі Госпада гэта сталася ды дзіўна ў вачах нашых?"

Таму кажу вам: будзе аднята ад вас валадарства Божае і дасцца народу, што творыць плады яго.
 
Дзеля таго кажу вам, што Каралеўства Божае будзе аднята ад вас, а дадзена народу, які робіць плады яго.

А хто ўпадзе на гэты камень, разаб’ецца, і на каго ён упадзе — расчавіць.
 
Хто ўпадзе на гэты камень, разаб'ецца, а на каго ён упадзе, сатрэ яго".

І калі пачулі ягоны прыповесьці першасьвятары і фарызэі, зразумелі, што гаварыў аб іх.
 
Пачуўшы гэту Яго прыповесьць, першасьвятары і фарысэі зразумелі, што гэта аб іх гаварыў.

І хацелі схапіць яго, але баяліся гушчаў народу, бо мелі яго за прарока.
 
Ды стараліся Яго ўзяць, але баяліся народу, бо меў Яго за прарока.