Мацьвея 15 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Тады прыйшлі да яго кніжнікі й фарызэі з Ерузаліму й сказалі:
 
Затым падыйшлі да Яго кніжнікі і фарысэі з Ерузаліма, кажучы:

Чаму твае вучні нарушаюць установу старшых? Ня мыюць бо рук, як ядуць хлеб.
 
"Чаму вучні Твае парушаюць традыцыі старэйшых? Бо ня мыюць рук сваіх, калі ядуць хлеб".

Ён-жа сказаў ім у адказ: А чаму-ж і вы нарушаеце прыказанне Божае дзеля вашае установы? Бо-ж сказаў Бог:
 
Ён у адказ сказаў ім: "Чаму і вы парушаеце пастановы Божыя дзеля вашае традыцыі? Бо Бог сказаў:

«Паважай бацьку і матку» (Выйсь. 20:12), і: «Хто-б наругаўся бацьку або матцы, хай сьмерцю ўмрэ» (Выйсь. 21:17).
 
"Шануй бацьку твайго і маці", і таксама: "Хто праклінаў бы бацьку або маці — хай будзе сьмерцю пакараны".

А вы гаворыце: «Хто-б сказаў бацьку ці матцы: «ахвярай ёсьць тое, што табе ад мяне належыцца»
 
Вы ж кажаце: "Хто б сказаў бацьку або маці: Ахвярай (Богу) ёсьць тое, што належыцца табе ад мяне,

той можа й не шанаваць бацькі свайго й маткі свае. Гэтак скасавалі вы прыказанне Божае вашаю ўстановаю.
 
той можа не шанаваць бацькі свайго". Так скасавалі вы слова Божае дзеля вашае традыцыі.

Крывадушнікі, добра аб вас прарочыў Ізай (29:13), кажучы:
 
Крывадушнікі! Добра пра вас праракаваў Ісая, кажучы:

«Народ гэты паважае мяне вуснамі, адыж сэрца іх далёка ад мяне;
 
"Гэты народ шануе Мяне вуснамі, але сэрца іхняе далёка ад Мяне;

дарэмнаж яны чэсьць мне аддаюць, вучачы навук і прыказанняў чалавечых».
 
але дарэмна пашану аддаюць, калі вясьцяць навукі і пастановы людзкія".

І паклікаўшы да сябе грамады, сказаў ім: слухайце і зразумейце.
 
І, прызваўшы людзей да сябе, казаў ім: "Слухайце і разумейце:

Ня тое апаганвае чалавека што ўваходзіць у вусны, але тое апаганвае чалавека, што выйходзіць з вуснаў.
 
Ня тое паганіць чалавека, што ўваходзіць у вусны, але тое паганіць чалавека, што з вуснаў выходзіць".

Тады вучні ягоныя, падыйшоўшы, сказалі яму: Ці ведаеш, што фарызэі, пачуўшы гэтае слова, згоршыліся?
 
Тады падыйшлі вучні Яго і сказалі Яму: "Ведаеш, што фарысэі, пачуўшы гэтае слова, згоршыліся?"

Ён-жа ў адказ кажа ім: Усякая расьціна, каторай не пасадзіў Айцец мой нябесны будзе выкаранена.
 
А Ён адказаў ім: "Усякая расьліна, якой не пасадзіў Айцец Мой нябесны, выкарчавана будзе.

Пакінце іх: яны сьляпыя і правадыры сьляпых; а калі сьляпы сьляпога вядзе, дык абодва ўваляцца ў яму.
 
Пакініце іх, бо яны сьляпыя правадыры сьляпых; а калі сьляпы сьляпога вядзе, дык абодва ўваляцца ў яму".

У адказ яму адазваўся Пётр: Раз’ясьні нам прыповесьць гэту.
 
Дык Пётар у адказ сказаў Яму: "Выясьні нам гэту прыповесьць".

А ён ім: Няўжэ і вы яшчэ без зразумення?
 
А Ён сказаў: "І вы таксама яшчэ бяз розуму?

Ціж вы ня ўцеелі таго, што ўсё ўваходзячае ў вусны, прайходзіць у жывот і выкідаецца вон?
 
Не разумееце, што ўсё, што ў вусны ўваходзіць, ідзе ў жывот і выкідваецца навонкі.

А выйходзячае з вуснаў — з сэрца йдзе; і гэта апаганвае чалавека.
 
А што з вуснаў выходзіць, паходзіць ад сэрца, і гэта паганіць чалавека.

З сэрца бо йдуць благія думкі, душагубства, распусства, зладзейства, крывапрысягі блюзнерствы.
 
Бо з сэрца паходзяць благія думкі, забойства, чужалоства, нячыстасьць, пакражы, фальшывыя сьведчаньні, блюзьнерствы.

Вось што апаганвае чалавека, а есьці нямытымі рукамі не апаганвае чалавека.
 
Гэта паганіць чалавека. Але есьці нямытымі рукамі не паганіць чалавека".

І, выйшаўшы адтуль, пайшоў Езус у староны Тыру і Сыдону.
 
І, выйшаўшы адтуль, Езус накіраваўся ў мясцовасьці Тыру і Сідону.

І вось жанчына Хананэйка, што йшла з тых ваколіц, крычма яго маліла: Зжалься нада мною, Усеспадару, Сыне Давіда, дачку маю цяжка мучыць нячысты:
 
І якраз жанчына Хананейка, выйшаўшы з тых ваколіцаў, крычала Езусу: "Зжалься нада мной, Госпадзе, Сыне Давідаў! Дачку маю страшна мучае дэман".

Ён не адказаў ёй ні слова. А падыйшоўшы вучні ягоны прасілі яго, кажучы: Адпраў яе, бо крычыць усьлед за намі.
 
А Ён не адказаў ёй ані слова. Дык падыйшлі вучні Яго, і прасілі Яго, і казалі: "Адпусьці яе, бо яна прызывае нас".

Ён-жа ў вадказ ім кажа: Я пасланы толькі да авец, загінуўшых з дому Ізраэля.
 
Езус у адказ сказаў: "Пасланы Я толькі да авец, каторыя прапалі з дому Ізраэля".

Адыж яна, збліжыўшыся, ўпала яму да ног, молячы: Усеспадару, памажы мне.
 
Але яна падыйшла і пакланілася Яму, просячы: "Госпадзе, памажы мне!"

Ён адзываецца ў адказ: Не гадзіцца браць хлеб дзяцей ды кідаць шчанятам.
 
А Езус адказаў: "Ня добра браць хлеб ад дзяцей і кідаць шчанятам".

Але яна наставала: Так, Спадару, адыж і шчанята ядуць крошкі, што падаюць із стала іхніх гаспадароў.
 
А яна сказала: "Так, Госпадзе, але і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іх".

Тады Езус ёй адказвае: О, жанчына, вялікая вера твая, хай-жа станецца табе, як ты хочаш! І аздаравела дачка ейная ад тае гадзіны.
 
Тады Езус у адказ сказаў ёй: "О жанчына! Вялікая вера твая, няхай станецца, як хочаш". І ў тую хвіліну дачка яе была аздароўлена.

І адыйшоўшы адтуль, прыйшоў Езус да Галілейскага мора і, ўступіўшы, на гару, сеў там.
 
Затым, выйшаўшы адтуль, Езус прыбыў да мора Галілейскага і, узыйшоўшы на гару, сядзеў тамака.

І назбіралася к яму багата народу, маючы з сабою нямых, сьляпых, кульгавых, калекіх ды шмат іншых; клалі іх ля ног ягоных і аздараўляў іх
 
І сабраліся да Яго вялікія грамады, маючы з сабой кульгавых, сьляпых, калекаў, нямых ды многа іншых, і клалі іх да ног Яго, і Ён аздаравіў іх.

так што дзівіліся грамады, бачачы нямых гаворачых, кульгавых ходзячых, сьляпых відзячых і вялікомілі Бога Ізраэлявага.
 
Усе жа дзівіліся, бачачы, што нямыя гавораць, кульгавыя ходзяць, калекі аздараўляюцца, сьляпыя бачаць. Дык славілі Бога Ізраэля.

Езус-жа, прыклікаўшы сваіх вучняў, сказалі: Шкада мне грамады, ўжо бо тры дні трываюць пры мне і ня маюць чаго есьці, а ня хочу іх адпусьціць галодных, каб не паслабелі ў дарозе.
 
Езус жа, паклікаўшы вучняў сваіх, казаў ім: "Шкада мне людзей, бо ўжо тры дні прабываюць пры Мне і ня маюць чаго есьці. А Я не хачу адправіць іх галодных, каб не самлелі ў дарозе".

І гавораць яму вучні: Скуль-жа нам узяць у пустыні гэтулькі хлеба, каб накарміць такую вялікую грамаду?
 
І сказалі Яму вучні: "Скуль у пустыні набяромся столькі хлеба, каб накарміць такі натоўп людзей?"

І сказаў ім Езус: Колькі маеце хлябоў? Яны кажуць: Сем і некулькі рыбак.
 
Пытаецца ў іх Езус: "Колькі маеце хлябоў?" Яны ж сказалі: "Сем, і крыху рыбаў".

І загадаў грамадзе пасесьці на зямлі.
 
Дык загадаў Езус людзям пасесьці на зямлі.

І ўзяўшы сем хлябоў і рыбы ды аддаўшы падзяку, ламаў і даваў сваім вучням, а вучні давалі народу.
 
І, узяўшы сем хлябоў і рыбы, падзяку складаючы, ламаў і даваў вучням сваім, а вучні раздавалі людзям.

І елі ўсе і наеліся. А што асталося з кавалкаў, назбіралі сем кашоў поўных.
 
І елі ўсе, і наеліся. А з кавалкаў, якія засталіся, сабралі сем поўных кашоў.

Было-ж тых, што елі, чатыры тысячы чалавек, апрача дзяцей і жанчын.
 
А тых, што елі, было чатыры тысячы чалавек, апрача дзяцей і жанчын.

І адпусьціўшы народ, увайшоў у лодку ды прыбыў у ваколіцы Магэдану.
 
І, адпусьціўшы людзей, Езус сеў у лодку і прыплыў у край Магеданскі.