Мацьвея 18 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

У тую часіну прыступіліся да Езуса вучні, кажучы: Хто, думаеш, ёсьць большы ў валадарсьцьве нябесным?
 
У той час падыйшлі да Езуса вучні, пытаючыся: "Хто найбольшы ў Каралеўстве Нябесным?"

Езус, прыклікаўшы дзіцянё, паставіў пасярод іх
 
І Езус, паклікаўшы дзіця, паставіў яго пасярэдзіне іх

і кажа: Сапраўды гавару вам, калі не навернецеся і не станеце як дзеці, ня ўвойдзеце ў валадарства нябеснае.
 
і сказаў: "Сапраўды кажу вам, калі не навернецеся і не станецеся як дзеці, не ўвойдзеце ў Каралеўства Нябеснае.

Дык хто-б паніжыў сябе, як гэта дзіцятка, той большы ў валадарсьцьве нябесным.
 
Хто ўпакорыцца як гэта дзіця, той большы у Каралеўстве Нябесным.

І хто прыняў-бы адно гэткае дзіця ў імя маё, мяне прыймае.
 
І хто прыйме адно такое дзіця ў імя Маё, той Мяне прыйме.

А хто-б згоршыў адно з гэтых малых, што ў мяне вераць, лепш яму, камень з мліна ўчапіць за шыю ды ўтапіць у глыбі марской.
 
А хто б згоршыў аднаго з малых гэтых, што ў Мяне вераць, лепш было б яму прычапіць камень млынавы на шыю і ўтапіць у глыбіні мора.

Гора сьвету ад згаршэнняў; бо хоць мусяць прыйсці згаршэнні, аднакжа гора таму чалавеку, праз якога згаршэнне прыйходзіць.
 
Гора сьвету ад згаршэньняў. Бо мусяць прыйсьці згаршэньні, аднак гора таму чалавеку, праз якога згаршэньне прыходзіць.

Калі-ж рука твая, або нага твая цябе горшыць, адатні яе ды адкінь ад сябе: лепш табе ўвайсьці ў жыцьцё калекім, ці кульгавым, чым, маючы абедзьве рукі або абедзьве нагі, быць укінутым у вагонь вечны.
 
Дык калі рука твая або нага твая горшыць цябе, адрэж яе ды кінь ад сябе. Лепш табе аднарукім ці кульгавым увайсьці ў жыцьцё, чым маючы дзьве рукі або дзьве нагі быць укінутым у агонь вечны.

І калі вока тваё спакушае цябе, вырві яго і адкінь ад сябе: лепш табе з адным вокам увайсьці ў жыцьцё, чымся, маючы двое вачэй, быць укінутым у гэгэнну (gehennu) вагністую.
 
І калі вока тваё горшыць цябе, выдзяры яго ды кінь ад сябе. Лепей табе аднавокім увайсьці ў жыцьцё, чым маючы два вокі быць укінутым у агонь пякельны.

Глядзеце, каб не пагарджаць ніводным з гэтых малых, бо кажу вам, анёлы іх у небе заўсёды бачаць воблік Айца майго, каторы ёсьць у небе.
 
Глядзіце, не пагарджайце ні адным з малых гэтых. Бо кажу вам, што анёлы іхнія ў небе бачаць заўсёды аблічча Айца Майго, каторы ў небе.

Сын бо чалавечы прыйшоў збавіць што было загінена.
 
Бо Сын Чалавечы прыйшоў ратаваць тое, што было прапаўшы.

Як вам здаецца? Калі-б у каго было сто авец і адна з іх заблукалася, то ці не пакіне ён дзевяцьдзесят дзевяць у горах ды ня пойдзе шукаць тае, што адбілася?
 
Як вам здаецца? Калі б хто мае сто авец, і адна з іх згубіцца, ці ж не пакідае ён у гарах дзевяноста дзевяць і ці не ідзе шукаць той, каторая прапала?

І калі ўдасцца яму знайсці яе, сапраўды кажу вам, ён больш цешыцца зь яе, чым з дзевяцьдзесят дзевяці незаблуканых.
 
І калі ўдаецца яму яе адшукаць, сапраўды кажу вам, што з яе будзе мець больш радасьці, чым з дзевяноста дзевяці, каторыя не зблудзілі.

Гэтак вось ня ёсьць воляй Айца вашага, каторы ёсьць у небе, каб згінуў адзін з гэтых малых.
 
Так і ваш Айцец, каторы ў небе, ня хоча, каб прапаў хоць адзін з малых гэтых.

А калі-б зграшыў супроць цябе брат твой, ідзі і напамінай яго між табою й ім адным; як паслухае цябе, здабудзеш брата твайго.
 
Калі брат твой правініцца табе, ідзі і пасварыся на яго ў чатыры вока. І калі б паслухаў цябе, здабудзеш брата твайго.

Калі-ж не паслухае цябе, вазмі з сабою яшчэ аднаго ці двух, каб вуснамі двух або трох сьветкаў сьцьвярдзілася кожнае слова.
 
А калі б цябе не паслухаў, вазьмі з сабой яшчэ аднаго або двух, каб усякае слова абапіралася на доказе двух або трох сьведкаў.

Калі-б іх не паслухаў, скажы эклезіі, а калі-б эклезіі не паслухаў, няхай будзе табе як паганін і кунойміт.
 
А калі б і іх не паслухаў, скажы царкве. А калі б і царквы не паслухаў, хай будзе табе як паганін і мытнік.

Сапраўды кажу вам, што-толькі звяжаце на зямлі. будзе звязана і ў небе, і што-толькі развяжаце на зямлі, будзе развязана і ў небе.
 
Сапраўды кажу вам: Што зьвяжаце на зямлі, будзе зьвязана і ў небе, і што разьвяжаце на зямлі, будзе разьвязана і ў небе.

Яшчэ кажу вам, калі-б двух з вас згадзілася на зямлі адносна кожнай рэчы, якую-толькі папросяць, станецца ім ад Айца майго, каторы ёсьць у небе.
 
Паўторна кажу вам: Калі двух з вас на зямлі згодзяцца прасіць аб якую-колечы рэч, дасьць ім Мой Айцец, які ў небе.

Бо дзе двух, або трох сышліся ў імя маё, там я сярод іх.
 
Бо дзе ў імя Маё сабяруцца двух або трох, там і Я пасярод іх".

Тады Пётр, прыступіўшы да яго, сказаў: Усеспадару, колькі разоў, як правініцца супроць мяне брат мой, маю дараваць яму? Ці аж да сямі разоў?
 
Тады Пётар, падыйшоўшы, спытаўся: "Госпадзе, колькі разоў маю дароўваць брату майму, калі правініцца мне? Ці да сямі разоў?"

Кажа яму Езус: Не гавару табе: аж да сямі разоў, але аж да сямідзесяці сямі разоў.
 
Кажа яму Езус: "Не кажу табе да сямі разоў, але да сямідзесяці сямі разоў.

Тым-то й падобнае валадарства нябеснае да чалавека гаспадара, які хацеў разрахавацца із сваімі слугамі.
 
Дзеля таго падобнае Каралеўства Нябеснае да чалавека караля, каторы хацеў разрахавацца са слугамі сваімі.

І калі пачаў ён разрахоўвацца, прывялі яму аднаго, што быў вінаваты яму дзесяць тысяч талентаў.
 
І калі стаў рахавацца, прывялі да яго аднаго, каторы быў яму вінаваты дзесяць тысяч талентаў.

А як ён ня меў чым аддаць, гаспадар той загадаў прадаць яго, і жонку ягону, й дзяцей, і ўсё што меў, ды аддаць.
 
Калі ня меў ён з чаго аддаць, загадаў пан ягоны прадаць яго, жонку ягоную, дзяцей ды ўсё, што меў, ды заплаціць.

Тады слуга той маліў: пацярпі мне яшчэ, а ўсё табе аддам.
 
Але слуга той, упаўшы, прасіў яго: "Мей цярплівасьць дзеля мяне, і я аддам табе ўсё".

І зжаліўся гаспадар над гэным слугою, адпусьціў яго і дараваў яму доўг.
 
І пан зжаліўся над тым слугой, і асвабадзіў яго, і доўг яму дараваў.

Гэны-ж слуга, выйшаўшы знайшоў аднаго із сваіх таварышаў, які быў яму вінават сто дэнараў і, схапіўшы, душыў яго, кажучы: аддай што вінават.
 
Але слуга той, выйшаўшы, напаткаў аднаго з таварышаў сваіх, каторы быў яму вінаваты сто дынараў. І, схапіўшы яго, душыў, кажучы: "Аддай, што мне вінаваты".

Таварыш той, упаўшы да ног яго, маліў: пацярпі мне яшчэ, а ўсё табе аддам.
 
А таварыш той, упаўшы, прасіў яго, кажучы: "Мей цярплівасьць дзеля мяне, і аддам табе".

Адыж ён не схацеў, толькі пайшоў і пасадзіў яго ў вастрог, пакуль не аддасьць доўгу.
 
Але той не захацеў, а пайшоў і пасадзіў яго ў вязьніцу, дакуль не аддасьць яму доўгу.

А таварышы ягоны, ўвідзеўшы што сталася, вельмі зажурыліся і прыйшлі расказалі свайму гаспадару ўсё што было сталася.
 
Бачачы, што робіцца, таварышы яго засмуціліся вельмі, ды пайшлі і расказалі пану свайму ўсё, што сталася.

Тады ягоны гаспадар паклікаў яго і сказаў яму: Слуга нягодны! Я табе дараваў увесь доўг, затым што ты прасіў мяне,
 
Тады пазваў яго пан ягоны і сказаў яму: "Слуга нягодны, я табе увесь доўг дараваў, бо ты мяне прасіў.

дык ціж ня сьлед было й табе зжаліцца над сваім таварышам, гэтак як я зжаліўся над табою?
 
Ці ж і табе не належылася, каб ты пашкадаваў таварыша свайго, як я пашкадаваў цябе?"

І засярдаваў гаспадар ягоны й аддаў яго катам, пакуль ня верне ўсяго доўгу.
 
І, разгневаўшыся, пан ягоны выдаў яго катам, пакуль яму не аддасьць усяго доўгу.

Так і Айцец мой нябесны зробіць вам, калі не адпусьціце кожны брату свайму з сэрцаў вашых.
 
Так і Айцец Мой нябесны зробіць вам, калі вы не даруеце кожны брату свайму ў сэрцах вашых".