1 да Цімафея 5 разьдзел

Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Старога не дакарай, а напамінай, як бацьку; малодшых, як братоў;
 
На старэйшага не сварыся сурова, але ўпрошвай, як бацьку; маладых — як братоў;

старых жанчын, як матак; малодшых як сёстраў, з найбольшай скромнасьцяй.
 
старэйшага ўзросту жанчын — як мацерак, а маладых — як сясцёр з усёй чысцінёй.

Удоваў паважай тых, што існа ёсьць удовамі.
 
Удоў шануй, якія сапраўды ўдовы.

Калі-ж якая ўдава мае дзяцей ці ўнукаў, дык яны самперш няхай вучацца шанаваць уласны дом і, у свой чарод, аддаваць належнае бацьком, гэта бо падабаецца Богу.
 
Калі ж якая ўдава мае дзяцей або ўнукаў, дык няхай перш навучыцца кіраваць пабожна домам сваім ды няхай умее аддаць належнае бацькам, бо гэта ўгодна Богу.

Праўдзівая ўдава і асамотненая хай надзеецца на Бога, трываючы ў малітаўных просьбах днямі й начамі
 
Тая ж, што сапраўды ўдава і адзінокая, мае надзею на Бога і не перастае ўпрошваць Бога і маліцца ўночы і днём.

раскошніца-ж — за жыцьця ўжо труп.
 
А тая, што ў распусце жыве, тая мёртвая.

І гэта загадвай ім, каб былі беззаганные.
 
І гэта загадвай ім, каб яны былі беззаганнымі.

Калі-ж хто аб сваіх, асабліва хатніх, не клапоціцца, той выракся веры і горшы за паганіна.
 
Калі ж хто не апякуецца над сваімі, тым больш хатнімі, той выракся веры і горшы за нявернага.

Да ўдоваў можна залічаць не малодшых, як шасьцідзесяцігодню, катора была жонкаю аднаго мужа,
 
У патрэбе выбіраць трэба ўдаву не менш шасцідзесяці гадоў, меўшую аднаго толькі мужа,

ведамая з добрых учынкаў, узгадаваньня дзяцей, гасьціннасьці, умываньня ног сьвятым, успамогі бедным, руплівасьці аб кажнай добрай справе.
 
выпрабаваную ў добрых справах, гэта значыць, што добра выгадавала дзяцей, што яна гасцінная, што святым ногі абмывала, што пакутуючых у горы суцяшала, што рупілася пра добрыя справы.

Маладых-жа ўдоваў не прымай, бо яны шуканьнем выгад аддаляюцца ад Хрыстуса, хочуць замуж,
 
А маладых удоў абмінай, бо яны, раскашуючы, жывуць супраць Хрыста і хочуць выйсці замуж.

падлягаючы асуду, бо ломяць першую прысягу веры;
 
Яны падлягаюць асуджэнню, бо страцілі першую веру.

да таго-ж празь бязьдзейнае гуляцтва прывучаюцца бадзяцца ад дому да дому зь цікавасьцю й балбатнёю чаго і нясьлед.
 
Да таго ж яны, гультайкі, прывучаюцца хадзіць па хатах; і не толькі гультайкі, але і пляткаркі, і цікаўныя, і лапочуць, што не належыць.

Хочу вось-жа, каб малодшыя выходзілі замуж, радзілі дзяцей, былі гаспадынямі добрымі і не давалі праціўніку ніякай прычыны да абгавору:
 
Таму хачу, каб маладыя выходзілі замуж, нараджалі дзяцей, кіравалі домам, не давалі аніякай падставы ворагу для знеслаўлення.

некаторыя бо ўжо зьвіхнуліся й пайшлі ў сьляды шатана.
 
Бо ўжо некаторыя павярнуліся назад за шатанам.

Хто зь верных мае ўдовы (сваячкі), хай іх успамагае, каб не абцяжалі Эклезіі, якая магла б выстарчальней успамагаць тых, што зьяўляюцца існымі ўдовамі.
 
Калі ж які верны [ці верная] мае ўдоў, дык няхай апякуецца над імі і не абцяжарвае царквы, каб яна магла ўспамагаць тым, якія сапраўды ўдовы.

Прэзьбітэры за дастойнае правадніцтва заслужваюць на падвойнуючэсьць, асабліва працуючые словам і навукай.
 
Старэйшыя, якія добра кіруюць, вартыя падвоенага гонару, асабліва тыя, што працуюць у слове і ў навуцы.

Пісаньне бо кажа: «Не закілзвай вала малоцячага» (Паўт. Пр. 25:4) і: «Годзен работнік свае заплаты» (Мат. 10:10).
 
Вось жа кажа Пісанне: «Не завязвай пысы валу, які малоціць» і «Работнік варты платы сваёй».

Абвінавачаньне проці прэзьбітэра прымай не іначай, як толькі пры двух, ці трох сьветках.
 
Не прымай абвінавачванняў на старэйшых, хіба ў прысутнасці двух ці трох сведкаў.

Тым, што грэшаць, напамін давай перад усімі, каб і другіе баяліся.
 
Грэшнікаў павучай перад усімі, каб іншыя баяліся.

Перад Богам і Езусам Хрыстусам ды выбранымі анёламі заклінаю цябе захаваць гэта бесстаронна, нічога ня робячы з ўпярэджаньнем да аднае стараны.
 
Заклінаю цябе перад Богам і Ісусам Хрыстом і выбранымі анёламі захаваць гэта без перадузятасці, не хістаючыся ў той ці іншы бок.

Рук на нікога захутка не ўскладай ды не бяры ўдзелу ў грахох чужых. Захавай сябе чыстым.
 
Не ўскладай ні на каго паспешліва рук, каб не стаць табе супольнікам чужых грахоў.

Дый ня пі яшчэ ўсё аднае толькі вады, але ўжывай крыху й віна дзеля твайго жывата ды частых тваіх недамаганьняў.
 
З гэтай пары не пі вады, але патроху ўжывай віна з увагі на твой страўнік, дзеля частых тваіх захворванняў.

Грахі некаторых людзей яўные і проста вядуць да асуду, у іншых-жа адкрываюцца потым.
 
Грахі некаторых людзей выяўляюцца непасрэдна перад судом, а за іншымі ідуць следам.

Такжасама і добрые ўчынкі ёсьць яўныя, а калі й не, укрыцца ня могуць.
 
Падобна і добрыя ўчынкі выяўляюцца, а калі яны скрытыя, схавацца не змогуць.