Марка 9 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

І казаў ім: Сапраўды гавару вам, што ёсьць некаторыя з тых, тут стаячых, якія не спазнаюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць валадарства Божага, прыходзячага ў моцы.
 
І Ён казаў ім: «Папраўдзе кажу вам: некаторыя з тых, што стаяць тут, не зазнаюць смерці, аж пакуль не ўбачаць, як прыходзіць у моцы Божае Царства».

І пасьля шасьці дзён узяў Езус Пятра, і Якуба, і Яна ды завёў іх адных на высокую гору асобна. І перамяніўся перад імі.
 
І праз шэсць дзён бярэ Ісус Пятра, і Якава, і Іаана і ўзводзіць асобна іх адных на высокую гару. І перамяніўся Ён перад імі.

І зрабілася адзенне ягона яснае ды вельмі белае, бы сьнег, гэтак і бялільшчык на зямлі ня мог-бы выбяліць.
 
І Яго адзенне зрабілася бліскучае, незвычайна белае, што бялільшчык на зямлі не можа так выбеліць.

І з’явіўся ім Гальяш з Майзеем ды вялі гутарку з Езусам.
 
І ўбачыўся ім Ілля з Майсеем і размаўлялі з Ісусам.

І азваўшыся Пётр сказаў Езусу: Раббі, добра нам тут быць! Зрабем тры гасподы: табе адну, і Майзею адну, і Гальяшу адну.
 
І, азваўшыся, Пятро кажа Ісусу: «Равві, добра нам тут быць, і зробім тры буданы, Табе адзін, і Майсею адзін, і Іллі адзін.»

Ён бо ня ведаў, што казаць, таму што ўзяў іх страх.
 
Бо не ведаў ён, што сказаць, бо яны перапалохаліся.

І паўстаў воблак, які атуліў іх ды выйшаў голас з воблака: Гэта Сын мой, наймілейшы, яго слухайце.
 
І паўстала воблака, якое пакрыла іх, і пачуўся голас з воблака: «Гэта Мой Сын улюбёны, слухайце Яго!»

І зараз, кругом разгледзеўшыся, нікога болей ня ўбачылі, апрача толькі Езуса з сабою.
 
І раптам, аглядзеўшыся навокал, яны ўжо нікога не убачылі, толькі аднаго Ісуса з сабою.

А калі зыйходзілі з гары, загадаў ім, каб нікому не расказвалі, што відзелі, аж пакуль Сын чалавечы не згробуўстане з умерлых.
 
І, калі спускаліся з гары, Ён наказаў ім, каб нікому не расказвалі таго, што бачылі, аж пакуль Чалавечы Сын не ўстане з мёртвых.

І затрымалі пры сабе слова, пытаючыся міжсобку, што знача: «Калі ўстане з умерлых»?
 
І трымалі яны гэтае слова, разважаючы між сабою, што значыць «устаць з мёртвых».

Ды ў яго пыталіся, кажучы: Дык чаму-ж кніжнікі й фарызэі кажуць, што перш павінен прыйсьці Гальяш?
 
І пыталіся ў Яго, кажучы: «Чаму кніжнікі кажуць, што Ілля павінен спярша прыйсці?»

Ён-жа ў вадказ ім гавора: Гальяш, прыйшоўшы перш, усё нарыхтуе, як і напісана аб Сыне чалавечым, каб перацерпяў многа ды быў узгарджаны?
 
А Ён сказаў ім: «Ілля, сапраўды, прыйшоўшы спярша, адновіць усё; а як жа напісана пра Чалавечага Сына? — шмат Яму належыць выцерпець і быць зняважаным.

Адыж кажу вам, што прыйшоў і Гальяш, і зрабілі яму што хацелі, так як напісана аб ім.
 
Але кажу вам, што Ілля прыйшоў і зраблі яму, што хацелі як напісана пра яго.»

І прыйшоўшы да вучняў сваіх, убачыў вялізную грамаду ля іх і кніжнікаў, спорачых з імі.
 
А прыйшоўшы да вучняў, убачылі вялікі натоўп навокал іх ды кніжнікаў, што спрачаліся з імі.

І адразу ўвесь народ, угледзеўшы Езуса, зумеўся й палахліва падбягаў ды вітаў яго.
 
І адразу ўвесь натоўп, убачыўшы Яго, вельмі здзівіўся, і, падбягаючы, яны віталі Яго.

І спытаўся іх: Аб чым вы спрачаецеся?
 
І Ён спытаўся ў іх: «Аб чым спрачаецеся з імі?»

І ў адказ адзін з грамады сказаў: Вучыцель, я прывёў к табе майго сына, што мае духа нямога,
 
І адказаў Яму адзін з натоўпу: «Настаўніку, я прывёў да Цябе свайго сына, які мае нямога духа.

які дзе-б не схапіў яго, б’е аб землю й пеніцца й скрыгоча зубамі ды сохне. Я казаў тваім вучням, каб выгналі яго, ды не маглі.
 
І дзе ён ні схопіць яго, кідае вобземлю, а ён пену пускае, і скрыгоча зубамі і карчанее; і я сказаў Тваім вучням, каб выгналі яго, ды яны не змаглі».

Ён-жа, адказваючы, гавора ім: О родзе няверлівы, дакуль-жа я буду з вамі! Дакуль цярпеціму вас! Прывядзеце яго мне.
 
А Ён у адказ ім кажа: «О племя бязвернае, дакуль буду з вамі? Дакуль буду цярпець вас? Прывядзіце яго да Мяне».

І прывялі яго. А калі ўбачыў яго, зараз-жа дух пачаў ім турзаць і ўпаўшы на землю, качаўся, пенячыся.
 
І таго прывялі да Яго. І, убачыўшы Яго, дух адразу скруціў таго курчам і той, упаўшы на зямлю, качаўся, пускаючы пену.

І спытаўся ў ягонага бацькі: Колькі часу, як гэта з ім здарылася? Той адказаў: Змалку,
 
І Ісус запытаўся ў яго бацькі: «Колькі часу, як гэта здарылася з ім?» Той жа сказаў: «З дзяцінства.

І часта кідаў яго ў вагонь ды воду, каб яго загубіць; але калі што можаш, памажы нам, зжаліўшыся над намі.
 
І часта дух кідаў яго ў агонь і ў ваду, каб загубіць яго; але, калі што можаш, дапамажы нам, злітаваўшыся над намі!»

Езус-жа сказаў яму: Калі можаш верыць, дык для веручага ўсё магчыма.
 
Ісус жа сказаў яму: «Калі можаш?» — усё мажлівае таму, хто веруе».

І адразу загаласіўшы бацька хлопца сказаў із сьлязмі: Веру, памажы, Усеспадару, няверы маёй!
 
Адразу ўсклікнуўшы, хлопцаў бацька казаў: «Верую. Дапамажы маёй няверы».

Пабачыўшы-ж Езус, што збягаецца народ, прыгразіў нячыстаму, кажучы яму: Глухі й нямы духу, загадваю табе, выйдзі з яго ды больш не ўваходзь у яго!
 
Ісус жа, убачыўшы, што збягаецца натоўп, забараніў нячыстаму духу, кажучы яму: «Нямы і глухі дух, Я загадваю табе: выйдзі з яго і больш не ўваходзь у яго!»

І закрычаўшы ды моцна турзануўшы, вышаў з яго і той стаўся як няжывы, так што многія гаварылі: Памёр.
 
І, ускрыкнуўшы і моцна скурчыўшы яго, той выйшаў; а ён зрабіўся як мёртвы, так што многія казалі: памёр.

Езус-жа, узяўшы яго за руку, падняў яго, і ён устаў.
 
Ісус жа, узяўшы яго за руку, падняў яго, і ён устаў.

А калі ўвайшоў у дом, вучні ягоны пыталіся яго насамоце: Чаму мы не маглі выгнаць яго?
 
І калі ўвайшоў Ісус у дом, Яго вучні на адзіноце спыталіся ў Яго: «Чаму не змаглі мы выгнаць яго?»

І сказаў ім: Гэты род інакш ня можа выйсьці, як толькі праз пост і маліту.
 
І Ён сказаў ім: «Гэты род ніяк не можа выйсці, толькі ад малітвы [і посту]».

А выйшаўшы адтуль, прайходзілі праз Галілею, і ён не хацеў, каб хто ведаў.
 
І, адтуль выйшаўшы, яны праходзілі праз Галілею; і Ён не хацеў, каб даведаўся хто;

Бо навучаў вучняў сваіх і казаў ім: Што Сын чалавечы будзе выданы ў рукі людзей, і заб’юць яго, а забіты на трэці дзень згробуўстане.
 
Бо Ён навучаў Сваіх вучняў і казаў ім: «Чалавечы Сын будзе выдадзены ў рукі чалавечыя, і заб’юць Яго, і забіты, Ён праз тры дні ўваскрэсне».

Але яны не разумелі слова й баяліся ў яго пытацца.
 
Яны ж не разумелі гэтага слова і баяліся ў Яго спытацца.

І прыйшлі ў Кафарнаум. А як былі ў доме, спытаўся іх: Аб чым вы ў дарозе гутарылі?
 
І прыйшлі ў Капернаум. І калі быў дома, Ён спытаўся ў іх: «Што вы дарогаю абмяркоўвалі?»

Яны-ж маўчалі, ў дарозе бо яны паміж сабою спрачаліся, хто з іх большы.
 
Яны ж маўчалі; бо ў дарозе абмяркоўвалі між сабою: хто большы.

І сеўшы, паклікаў дванаццацёх ды сказаў ім: Калі хто хоча быць першым, будзе з усіх апошнім і слугою ўсіх.
 
І, сеўшы, Ён паклікаў Дванаццаць і кажа ім: «Калі хто хоча быць першы, няхай будзе з усіх апошні і слуга ўсіх».

Ды ўзяўшы дзіця, паставіў яго сярод іх і абняўшы яго, сказаў ім:
 
І, узяўшы дзіця, Ён паставіў яго пасярод іх, і, абняўшы яго, сказаў ім:

Хто прыйме адно з гэтых дзетак у імя маё, мяне прыймае, а хто мяне прыймае, не мяне прыняў, але таго, хто паслаў мяне.
 
«Хто прыйме адно з такіх дзяцей у Маё імя, Мяне прыймае; і хто Мяне прыйме, не Мяне прыймае, але Таго, Хто паслаў Мяне».

Адказаў яму Ян, гаворачы: Вучыцель, мы бачылі нейкага, што ў імя тваё выганяў дзяблаў, ён ня ходзіць за намі й мы яму забаранілі.
 
Сказаў Яму Іаан: «Настаўніку, мы бачылі чалавека, што Тваім імем выганяе дэманаў, і забаранялі яму, бо ён не ішоў услед за намі».

Езус-жа сказаў: Не забараняйце яму; няма бо нікога, хто-б дзееў у імя маё цуды і мог-бы зараз дрэнна аба мне гаварыць.
 
Ісус жа сказаў: «Не забараняйце яму. Бо няма таго, хто зрабіў бы цуд у Маё імя і мог бы неўзабаве кепска казаць пра Мяне,

Бо хто ня проціў вас, той за вас.
 
Бо хто не супроць нас, той за нас.

І калі-б хто даў напіцца вам кубак вады ў імя маё затое, што вы Хрыстовыя, сапраўды кажу вам, не страціць свае нагароды.
 
Бо хто напоіць нас кубкам вады дзеля імя, што вы Хрыстовы, папраўдзе кажу вам: не страціць ён сваёй узнагароды.

А хто-б згоршыў аднаго з гэтых малых, што вераць у мяне, лепш яму было-б каб прывязалі млінавы камень за шыю й кінулі ў мора.
 
І хто ўвядзе ў грэх аднаго з гэтых малых, што веруюць [у Мяне], лепей было б яму, калі б млынавы жарон павесілі яму на шыю і кінулі ў мора.

І калі рука твая цябе горшыць, адсячы яе; лепш табе ўвайсьці ў жыцьцё калекім, чым маючы дзве рукі йсьці ў пекла, у вагонь няўгасны,
 
І калі ўводзіць у грэх цябе твая рука, адсячы яе; лепей табе калекім увайсці ў жыццё, чым, дзве рукі меўшы, адысці ў геену, у нязгасны агонь.

дзе чарвяк іх ня ўмірае і агонь не ўгасае.
 
[адсутнічае]

І калі нага твая цябе горшыць, адсячы яе; лепш табе кульгаваму ўвайсьці ў жыцьцё вечнае, чым маючы дзве нагі быць укінутым у пекла вагню няўгаснага,
 
І калі твая нага ўводзщь у грэх цябе, адсячы яе; лепей табе ўвайсці у жыццё кульгавым, чым, дзве нагі меўшы, быць кінутаму ў геену.

дзе чарвяк іх ня ўмірае і агонь ня гасьне.
 
[адсутнічае]

Калі-ж вока тваё горшыць цябе, вырві яго; лепш табе аднавокаму ўвайсьці ў валадарства Божае, чымся маючы абедзве вокі быць укінутым у вагністую гэгэнну,
 
І калі тваё вока ўводзіць у грэх цябе, вырві яго; лепей табе аднавокім ўвайсці ў Божае Царства, чым, два вокі меўшы, быць укінутаму ў геену,

дзе чарвяк іх ня ўмірае ды агонь ня гасьне.
 
[адсутнічае]

Бо кожны будзе агнём пасолены, кожная ахвяра сольлю будзе пасолена.
 
Бо кожны агнём пасоліцца [і кожная ахвяра соллю пасоліцца].

Добрая рэч соль; адыж калі соль будзе несалёная, чым яе прыправіце? Мейце ў сабе соль ды супакой мейце між сабою.
 
Соль — добра; калі ж соль абяссолее, чым яе прыправіце? Майце соль у сабе і майце мір між сабою!»