Марка 6 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
І адыйшоўшы адтуль, падаўся ў сваю радзіму, а за ім ішлі ягоныя вучні.
І выйшаў Ён адтуль і прыходзіць на Сваю бацькаўшчыну, і ідуць услед за Ім Яго вучні.
І калі настаў шабат, пачаў навучаць у бажніцы, многія-ж, слухаючы, дзівіліся з ягонай навукі, кажучы: Адкуль у яго ўсё гэта? Ды што гэта за мудрасьць, катора яму дадзена, й гэткія цуды дзеюцца ягонымі рукамі?
І калі надышла субота, пачаў Ён вучыць у сінагозе, і многія слухачы ўзрушыліся, кажучы: «Адкуль у Яго гэта? І што за мудрасць дадзена Яму? І такія цуды творацца Яго рукамі?
Або-ж ён не цесляр, сын Марыі, брат Якуба, й Язэпа, й Юды, й Сымона? Ці-ж ня тут між намі й сёстры ягоныя? І горшыліся з яго.
Ці гэта не цесля, сын Марыі і брат Якава, і Іасіта, і Юды, і Сімана? І ці не Яго сёстры тут між нас?» І яны сумняваліся ў Ім.
Езус-жа казаў ім: Прарок ня бывае без пашаны, апрача ў сваёй бацькаўшчыне, ці ў доме сваім, ці ў радні сваёй.
І казаў ім Ісус: «Няма прарока без пашаны, хіба толькі ў бацькаўшчыне сваёй, і ў родных сваіх, і доме сваім».
І ня мог тамака здзеець аніводнага цуду, толькі аздаравіў хворых некулькіх, узлажыўшы рукі.
І не мог Ён зрабіць там ніводнага цуду, толькі няшмат хворых, усклаўшы рукі, вылечыў.
І дзівіўся з іхняга недаверства, ды хадзіў па сёлах навакольных, навучаючы.
І здзівіўся іх нявер’ю. І абыходзіў Ён навакольныя сёлы, навучаючы.
І паклікаў дванаццацёх ды пачаў іх рассылаць па двух і даў ім уладу над нячыстымі духамі.
І заклікае Дванаццаць, і пачаў пасылаць іх па двух і даваў ім уладу над нячыстымі духамі.
Ды загадаў ім, каб нічога ня бралі ў дарогу, апрача кія толькі: ані торбы, ані хлеба, ані грошай у капшуку,
І наказаў ім, каб нічога не бралі ў дарогу, апроч аднаго кія, — ні хлеба, ні торбы, ні медзякоў у пояс,
а каб абуўшыся былі ў сандалы, ды каб не адзяваліся ў дзве вопраткі.
але каб абуліся ў сандалі і не надзявалі двух убранняў.
І казаў ім: Калі дзе ўвойдзеце ў дом, аставайцеся там, дакуль ня выйдзеце стуль.
І казаў ім: «Дзе б вы ні ўвайшлі ў дом, там аставайцеся, пакуль не выйдзеце адтуль.
А хто-б вас ня прыняў, ды ня слухаў-бы вас, абтрасеце, выйходзячы адтуль, пыл з ног вашых на пасветчанне ім.
І калі якое месца не прыме вас, і не паслухаюць вас, — выходзячы адтуль, абтрасіце зямлю з-пад сваіх ног у сведчанне ім».
І выйшаўшы апавяшчалі, каб каяліся;
І выйшаўшы, яны абвяшчалі, каб каяліся,
і шмат дэманаў выганялі, а многіх немачных намашчвалі алеем і адужвалі.
І шмат дэманаў выгналі і шмат занядужаных мазалі алеем і вылечвалі.
І пачуў кароль Гэрад — імя бо яго сталася ведамым — і казаў: Што Ян Хрысьціцель згробуўстаў і дзеля гэтага дзеюцца праз яго цуды.
І дачуўся цар Ірад (аб Ім), бо Яго імя зрабілася вядомым, і казаў: «Іаан Хрысціцель устаў з мёртвых і таму цудатворныя сілы дзейнічаюць у Ім».
Другія-ж гаварылі: Гэта Гальяш. А іншыя казалі: Гэта прарок, ці адзін з прарокаў.
Іншыя ж казалі: «Гэта Ілья», а іншыя казалі: «Прарок, мабыць, адзін з прарокаў».
Гэрад, дачуўшыся аб гэтым, сказаў: Гэта Ян, якому я сьцяў голаў, ён устаў з умерлых.
А Ірад, пачуўшы, казаў: «Гэта Іаан, якога я абезгаловіў, уваскрос».
Гэты бо Гэрад паслаў быў і ўзяў Яна ды звязаў яго ў вастрозе дзеля Гэрэдыяды, жонкі свайго брата Філіпа, што быў ажаніўся з ёю.
Бо ён, Ірад, паслаўшы, схапіў Іаана і закаваў яго ў цямніцы дзеля Ірадыяды, жонкі свайго брата Філіпа, таму што ажаніўся з ёю:
Бо Ян казаў Гэраду: Ня можна табе мець жонкі твайго брата.
Бо Іаан казаў Іраду: «Нельга табе мець жонку брата свайго!»
Гэрэдыяда-ж рабіла подступы супроць яго й хацела яго забіць, але не магла,
Ірадыяда ж затаіла злосць на яго і хацела яго забіць, ды не магла;
бо Гэрад баяўся Яна, знаючы яго, як чалавека справядлівага й сьвятога, і сьцярог яго, дый шмат рабіў слухаючы яго, а слухаў яго ахвотна.
Бо Ірад баяўся Іаана, ведаючы, што ён чалавек справядлівы і святы і абараняў яго, і, слухаючы яго, моцна трывожыўся, аднак ахвотна слухаў яго.
І, як надарыўся прынагодны дзень, Гэрад з прычыны сваіх нарадзін справіў банкет вяльможам, тысячнікам і важнейшым Галілейскім.
І надышоў зручны дзень, калі Ірад у дзень свайго нараджэння, справіў банкет для сваіх вяльможаў, і тысячаначальнікаў, і саноўных людзей Галілеі.
І калі ўвайшла дачка гэнай Гэрэдыяды і танцавала, і спадабалася Гэраду, ды тым, што разам сядзелі, кароль сказаў дзяўчыне: Прасі ў мяне чаго хочаш, а дам табе.
І калі ўвайшла дачка, тае Ірадыяды і станцавала: дагадзіла яна Іраду і яго застольнікам. Сказаў цар двяўчаці: «Прасі ў мяне, што хочаш, і дам табе».
І прысягнуў ёй: Чаго-б ты не зажадала, дам табе, хоць-бы й палавіну майго каралеўства.
І [моцна] пакляўся ёй. «Чаго ў мяне ні папросіш, дам табе аж да палавіны царства майго».
Яна-ж, выйшаўшы, пытае маці свае: Чаго мне прасіць? Тая кажа: Галаву Яна Хрысьціцеля.
І, выйшаўшы, яна сказала сваёй маці: «Што папрасіць?» І тая сказала: «галаву Іаана Хрысціцеля».
І зараз-жа ўвайшоўшы да караля борзда, прасіла, кажучы: Хачу, каб ты цяпер вось даў мне на тацы галаву Яна Хрысьціцеля.
І, увайшоўшы адразу з паспешлівасцю да цара, папрасіла, кажучы: «Хачу, каб ты зараз жа даў мне на талерцы галаву Іаана Хрысціцеля».
І зажурыўся кароль; адыж дзеля прысягі й дзеля банкетнікаў не хацеў яе засмучаць,
І вельмі засмуціўся цар, ды дзеля клятвы і застольнікаў не захацеў адмовіць ёй;
і паслаўшы ката, загадаў прынесьці галаву яго на тацы.
І, адразу паслаўшы ка́та, цар загадаў прынесці яго галаву. І той, пайшоўшы, абезгаловіў яго ў цямніцы.
І сьцяў яго ў вастрозе й прынёс галаву Яго на тацы ды аддаў яе дзяўчыне, а дзяўчына аддала сваёй матцы.
І прынёс яго галаву на талерцы і даў яе дзяўчаці, і дзяўчо дало яе сваёй маці.
Пачуўшы аб гэтым вучні ягоны, прыйшлі й забралі цела ягона ды палажылі яго ў гробе.
І, пачуўшы, яго вучні прыйшлі і ўзялі яго астанкі і паклалі ў магілу.
І пасходзіліся апосталы да Езуса й расказалі яму ўсё, што рабілі й чаго навучалі.
І збіраюцца апосталы да Ісуса і расказалі: Яму ўсё, што зрабілі і чаму навучылі.
І сказаў ім: Пайдзеце самы на адзіноце ў бязлюднае месца ды супачыньце крыху. Так бо шмат прыходзіла й адыходзіла, што ня мелі часу й перакусіць.
І Ён кажа ім: «Пайдзіце вы адны ў пустэльнае месца і трохі адпачніце». Бо шмат прыходзіла і адыходзіла і нават паесці яны не мелі калі.
Увайшоўшы вось-жа ў лодку, адплылі на бязлюдздзе.
І адплылі яны ў чоўне асобна ў пустэльнае месца.
Адыж бачылі іх адплываючых і шмат хто пазнаў іх, дык збегліся пехатою туды з усіх местаў, выпераджаючы іх.
І ўбачылі іх, калі яны адплывалі, і пазналі многія і пешкі пабеглі з многіх гарадоў туды і апярэдзілі іх.
І выйшаўшы, пабачыў Езус грамаду вялізную, ды зжаліўся над імі, былі бо як авечкі, ня маючыя пастыра. І шмат чаго пачаў іх навучач.
І, выйшаўшы, Ён убачыў вялікі натоўп і злітаваўся над імі, бо яны былі як авечкі, што не маюць пастуха, і пачаў іх шмат навучаць.
А калі была ўжо позная гадзіна, падышлі вучні ягоныя, кажучы: Бязлюдздзе гэтта дый пара ўжо позная,
І калі ўжо надышоў позні час, падышлі да Яго вучні Яго, кажучы: «Месца гэта пустэльнае, а ўжо час позні;
пусьці іх, хай пойдуць у ваколічныя сялібы й вёскі ды купяць сабе еміны з’есьці.
Адпусці іх, каб, пайшоўшы у навакольныя вёскі і сёлы, купілі сабе што паесці».
Ён-жа ў адказ гавора ім: Вы ім дайце есці. Кажуць яму: Хіба пойдземо й купімо за дзвесьце дэнараў хлеба ды дамо ім есьці.
Ён жа ў адказ ім казаў: «Дайце ім вы есці». І яны кажуць Яму: «Ці не пайсці нам купіць хлеба дынарыяў на дзвесце і даць ім есці?»
А ён кажа ім: Колькі маеце хлябоў? Ідзеце паглядзеце. Яны, даведаўшыся, кажуць: Пяць, і дзве рыбы.
Ён жа кажа ім: «Колькі хлябоў маеце? Ідзіце, паглядзіце». І, даведаўшыся, яны кажуць: «Пяць і дзве рыбы».
І загадаў ім каб рассадзілі ўсіх на зялёнай траве грамадамі.
І загадаў ім узлегчы усім па групах на зялёнай траве.
І паселі радамі па сто й па пяцьдзесят.
І ўзляглі яны грамада за грамадою па ста і па пяцідзесяці.
І ўзяўшы пяць хлябоў і дзве рыбы ды ўзглянуўшы ў неба, багаславіў і ламаў хлябы ды даваў сваім вучням, каб клалі перад імі; і дзве рыбы падзяліў усім.
І, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбы, Ён, гледзячы на неба, блаславіў і паламаў хлябы і даваў [Сваім] вучням, каб яны раздалі ім, і дзве рыбы падзяліў на ўсіх.
І елі ўсе й наеліся.
І елі ўсе і наеліся,
Ды назбіралі што асталося ад кускоў і ад рыбаў дванаццаць поўных кашоў.
і кавалкаў назбіралі дванаццаць поўных кошыкаў і рэшткі ад рыбы.
А тых, што елі, было пяць тысяць мужчын.
А было едакоў пяць тысяч мужчын.
І зараз прымусіў вучняў сваіх увайсьці ў лодку, каб паплыць перад ім на той бераг да Бэтсаіды, пакуль ён сам распусьціць гарод.
І адразу прымусіў ён Сваіх вучняў увайсці ў човен і пераплыць на другі бок да Віфсаіды раней за Яго, пакуль Ён адпускае натоўп.
І адправіўшы іх, пайшоў на гару памаліцца.
І, развітаўшыся з імі пайшоў на гару памаліцца.
А як ужо павячарэла, лодка была пасярэдзіне мора, ён-жа сам адзін на сушы.
І калі надышоў вечар, човен быў пасярэдзіне мора, а Ён адзін на зямлі.
І відзячы іх, як мучыліся пры вёслах (быў бо супраціўны вецер), каля чацьвёртае начное варты прыйшоў да іх, ідучы па моры — і хацеў іх мінуць.
І, убачыўшы, як яны надрываюцца, вяслуючы, бо вецер быў супроць іх, каля чацвёртай варты ўночы прыходзіць Ён да іх, ідучы па моры; і хацеў абмінуць іх.
Яны-ж, убачыўшы яго ступаючага па моры, думалі, гэта здань і закрычалі.
Яны ж, убачыўшы, як Ён ідзе па моры, падумалі, што гэта прывід, і закрычалі;
Усе бо бачылі яго і стрывожыліся. Дык зараз-жа прагаварыў да іх і сказаў ім: Схамянецеся, гэта я, ня бойцеся.
Бо ўсе бачылі Яго і ўстрывожыліся, Ён жа адразу абазваўся да іх і кажа ім: «Супакойцеся, гэта Я, не бойцеся».
Ды ўвайшоў к ім у лодку і вецер аціх. І шчэ болей дзівіліся ўсабешне,
І ступіў да іх у човен, і вецер суняўся. І яны моцна зжахнуліся;
бо не зразумелі аб хлябох, затым, што сэрца іх было закамянелае.
Бо не ўразумелі яны (цуда) з хлябамі, сэрца ж іх было зацвярдзелае.
І, пераплыўшы, прыбылі ў зямлю Гэназарэцкую ды прысталі да берагу.
І пераправіўшыся, прыплылі яны ў зямлю Геннісарэт і прычалілі.
Калі-ж выйшлі з лодкі, якбач пазналі яго;
І, калі яны выйшлі з чоўна, людзі адразу пазнаўшы Яго.
і абягаючы ўсю тую краіну, пачалі зносіць на ношах тых, што дрэнна меліся, дзе чулі, ён ёсьць.
Аббеглі ўсю тую краіну і пачалі на ложах прыносіць нямоглых туды, дзе, яны чулі, Ён есць.
І куды-б ён не ўвайходзіў, у сёлы, ці ў мястэцкі, ці ў гарады, клалі хворых на вуліцах і малілі яго, каб дакрануцца хоць краю адзеньня ягонага. І хто толькі дакрануўся, аздараўляўся.
І, куды б Ён ні ўваходзіў у сёлы, ці ў гарады, ці ў вёскі, клалі хворых на плошчах і прасілі Яго, каб ім хоць бы да кутаса Яго вопраткі дакрануцца; і хто б ні дакрануўся да Яго, вылечваўся.