Марка 13 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

І як выйходзіў з сьвятыні, сказаў яму адзін з ягоных вучняў: Вучыцелю. паглядзі, якія каменні й што за будынкі!
 
І, калі Ён выходзіў з святыні кажа Яму адзін з Яго вучняў: «Настаўніку, паглядзі, якое каменне і якія будынкі!»

Езус ў адказ гавора яму: Бачыш усе гэтыя вялікія будынкі? Не астанецца камень на камені, які-б ня быў разбураны.
 
І Ісус сказаў яму: «Бачыш гэтыя вялікія будынкі? Не астанецца тут каменя на камені, які б не быў зруйнаваны».

І калі сядзеў на гарэ Аліўнай насупраць сьвятыні, спыталіся ў яго на адзіне Пётр, і Я-куб, і Ян, і Андрэй:
 
І калі Ён сядзеў на Аліўнай гары, насупроць святыні, пыталіся ў Яго на адзіноце Пятро, і Якаў, Іаан, і Андрэй:

Скажы нам, калі гэта станецца ды які знак будзе, як гэта ўсё пачне здзейсьнівацца?
 
«Скажы нам, калі гэта будзе і што за знак, калі ўсё гэта павінна збыцца?»

І адказваючы Езус пачаў ім гаварыць: Глядзеце, каб вас хто ня звёў.
 
Ісус жа пачаў казаць ім: «Глядзіце, каб хто вас не звёў;

Многія бо прыйдуць у імя маё, кажучы, што гэта я, і многіх звядуць.
 
Многія прыйдуць пад Маім імем, кажучы: «Гэта Я», і многіх звядуць.

Калі-ж пачуеце аб войнах і ваенных клічах, ня бойцеся, бо трэба, каб гэта сталася, адыж яшчэ не канец.
 
Калі ж пачуеце пра войны і ваенныя пагалоскі, не жахайцеся: гэта павінна адбыцца, але гэта яшчэ не канец.

Бо паўстане народ на народ і гаспадарства на гаспадарства; ды будуць мясцамі землятрасенні й галады. Гэта пачатак злыбядаў.
 
Бо паўстане народ на народ і царства на царства, будуць землятрусы месцамі, будзе голад; гэта пачатак родавых боляў.

А вы глядзеце самы сябе. Бо аддавацімуць вас у суды, і біцімуць у бажніцах, ды будзеце станавіцца перад начальнікамі й каралямі дзеля мяне, на пасьветчанне ім.
 
Глядзіце ж вы за сабою; будуць выдаваць вас у судзілішчы і будуць біць у сінагогах і перад намеснікамі і царамі будуць вас ставіць з-за Мяне на сведчанне ім.

І трэба, каб перш была ў ва ўсіх народаў абвяшчаная эванэлія.
 
Але ва ўсіх народах спярша павінна быць аб’яўлена Дабравесце.

Калі-ж вясьцімуць вас, каб выдаць, не клапацецеся наперад, што маеце гаварыць; але што будзе вам дадзена ў гэну часіну. тое гаварэце. Бо ня вы тые, што гаворыце, але Дух Святы.
 
І калі вас павядуць, выдаючы, не турбуйцеся загадзя, што вы скажаце, але што вам будзе дадзена ў тую гадзіну, тое кажыце: бо не вы будзеце казаць, але Святы Дух.

І выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька сына, і паўстануць дзеці на бацькоў ды сьмерць ім зробяць.
 
І выдасць брат брата на смерць і бацька сына, і паўстануць дзеці на бацькоў і пазабіваюць іх;

І будзеце ў ненавісьці ў ва ўсіх дзеля імяні майго. А хто вытрывае да канца, той будзе збаўлены.
 
І будуць усе вас ненавідзець з-за Майго імя. А хто выцерпіць да канца, будзе збавёны.

Калі-ж угледзіце агіду спусташэння, стаячую там, дзе ня сьлед — хто чытае, хай разумее — тады каторыя ў Юдэі, няхай уцякаюць у горы;
 
Калі ж убачыце брыдоту спусташэння там, дзе не павінна быць — хто чытае, няхай разумее — тады тыя, хто ў Іудзеі, няхай уцякаюць у горы,

а каторы на даху, хай ня зыходзіць у дом ды не ўвайходзіць, каб узяць што з дому свайго;
 
Хто [ж] на даху — няхай не спускаецца і не уваходзіць узяць што з свайго дому,

а каторы будзе на полі, хай не варочаецца назад узяць адзежу сваю.
 
І хто ў полі, няхай не вяртаецца назад узяць сваё адзенне.

Гора цяжарным і кормячым у гэныя дні!
 
Бяда ж тым, хто мае ў лоне, і тым, што кормяць грудзьмі ў тыя дні.

Малецеся-ж, каб ня здарылася (гэта) зімою.
 
Маліцеся ж, каб не здарылася гэта зімою;

Бо тыя дні будуць такім прыгнобленнем, якога ня было ад пачатку стварэння, што стварыў Бог, аж дагэтуль, і ня будзе.
 
Бо тыя дні будуць пакутаю, якой не было ад пачатку свету, што стварыў Бог, аж дагэтуль, і не будзе.

І калі-б Госпад не скараціў дзён, ня збавілася-б ніводнае цела; але дзеля выбраных, якіх выбраў, скараціў гэныя дні.
 
І калі б не скараціў Госпад гэтых дзён, не ўратавалася б нішто жывое; але дзеля выбраных, якіх выбраў Сабе, скараціў Ён гэтыя дні.

І тады, калі-б вам хто сказаў: Вось тут Хрыстус, вось там — ня верце.
 
І тады, калі хто вам скажа: «Вось, тут Хрыстос» «Вось там», не верце.

Бо паўстануць хвальшывыя хрыстусы й хвальшывыя прарокі ды будуць паказваць знакі й дзівы, каб звясьці, калі магчыма, навет выбраных.
 
Бо паўстануць фальшывыя хрыстосы і фальшывыя прарокі і будуць рабіць знакі і цуды, каб звесці, калі б было можна, выбранных.

Вы-ж глядзеце, вось я сказаў вам усё наперад.
 
Вы ж глядзіце; Я наперад сказаў вам ўсё.

Але ў тыя дні пасьля гэнага прыгноблення сонца зацьміцца, і месяц ня дасьць свае яснасьці,
 
Але ў тыя дні пасля той пакуты, сонца зацьміцца і месяц не дасць свайго святла

і зоры нябесныя падацімуць, і сілы нябесныя зрушацца.
 
І зоркі будуць падаць з неба і сілы, што ёсць у нябёсах, парушацца,

Тады ўгледзяць Сына чалавечага, прыходзячага ў ваблоках, з вялікай сілай і славай.
 
І тады ўбачаць Чалавечага Сына, што будзе ісці ў воблаках з вялікаю сілаю і славаю.

І тады пашле сваіх анелаў і збярэ сваіх выбраных ад чатырох вятроў, ад краю зямлі аж да краю неба.
 
І тады пашле Ён анёлаў і збярэ [Сваіх] выбраных «ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба».

А ад смаковіцы вазмеце прыклад: калі ўжо галіна яе зробіцца мяккай і пускае лісьце, пазнаеце, што блізка лета.
 
Ад фігавага дрэва вучыцеся падабенству: калі яе галіна ўжо мякчэе і выпускае лісце, вы ведаеце, што блізка лета;

Гэтак і вы, калі ўгледзіце, што гэта дзеецца, ведайце, што блізка ёсьць, у дзвярах.
 
Так і вы, калі ўбачыце, што гэта робіцца, ведайце, што блізка, пры дзвярах.

Сапраўды кажу вам, не праміне гэты род, як усё гэтае станецца.
 
Папраўдзе кажу вам: не праміне гэты род, пакуль усё гэта спраўдзіцца.

Неба й зямля прамінуць, але словы мае не прамінуць.
 
Неба і зямля мінуцца, а Мае словы не мінуцца.

Аб дні-ж тым ніхто ня ведае, ані анелы ў небе, ані Сын, толькі Айцец.
 
Пра той жа дзень ці гадзіну не ведае ніхто, ні анёлы ў небе, ні Сын, — толькі Бацька.

Глядзеце, не драмеце й малецеся, бо ня ведаеце, калі час прыдзе.
 
Глядзіце, будзьце пільныя [і маліцеся]: бо не ведаеце, калі надыдзе часіна.

Як чалавек, што ад’яжджаючы аставіў свой дом і даў слугам сваім ўладу ў кожнай справе ды загадаў прыдзверніку, каб быў чуткім.
 
Як чалавек, што выехаў з краю і пакінуў свой дом і даў сваім слугам разгарненне кожнаму — сваю працу, а прыбрамніку — быць чуйным.

Дык чуткімі будзьце, ня ведаеце бо, калі гаспадар дому прыйдзе: увечар, ці сярод ночы, ці ў пеўні, ці нараніцы:
 
Дык будзьце чуйныя: бо не ведаеце, калі гаспадар дому прыйдзе: увечары, ці апоўначы, ці ў пеўневыя галасы, ці раніцаю,

каб прыйшоўшы неўспадзеўкі, не застаў сплючы вас.
 
Каб, прыйшоўшы неспадзявана, не заспеў вас сплючы.

А што вам кажу, ўсім кажу: Ня сьпеце.
 
Дык што вам кажу, Я ўсім кажу: будзьце чуйныя!»