1 да Карынфянаў 7 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

А датычна таго, аб чым пісалі вы мне, дык добра чалавеку не закранаць жанчыны;
 
А пра тое, пра што вы [мне] пісалі, то добра чалавеку не дакранацца да жанчыны.

але, з увагі на распусту, кажны хай мае сваю жонку й кажная хай мае свайго мужа.
 
Але, каб унікнуць распусты, кожны няхай мае сваю жонку і кожная няхай мае свайго мужа.

Муж няхай аддае жонцы належнае, таксама і жонка — мужу.
 
Муж жонцы няхай аддае належнае, падобна і жонка мужу.

Жонка ня мае ўлады над сваім целам, але — муж; гэтак сама й муж ня мае ўлады над сваім целам, толькі — жонка.
 
Жонка не ўладная над сваім целам, а муж; але падобна і муж не ўладны над сваім целам, а жонка.

Ня ўхіляйцеся адно ад другога, хіба толькі з узаемазгодаю, да часц, каб аддацца маліцьве; потым зноў зыходзьцеся разам, каб шатан не спакушаў вас праз непаўстрымнасьць вашу.
 
Не ўхіляйцеся адно ад аднаго, хіба толькі па згодзе на час, каб аддацца малітве і потым зноў быць разам, каб не спакушаў вас сатана з-за вашай няўстрыманасці.

Гавару гэта як раду, а не як наказ.
 
Але гэта я кажу як дазвол, не як загад.

Бо хацеўбы, каб усе людзі былі, як і я, але кажны мае свой дар ад Бога: адзін — так, а другі — гэтак.
 
А я хачу, каб усе людзі былі як і я сам; але кожны мае ўласны дар ад Бога: адзін так, другі — інакш.

Нежанатым-жа і ўдовам кажу: добра былоб, каб трывалі, як я;
 
Але я кажу нежанатым і ўдовам: добра ім, калі застануцца як і я.

а каліб не маглі паўстрымацца, няхай жэняцца; бо лепш ажаніцца, чым разьярвацца.
 
Але калі яны не могуць устрымацца, няхай жэняцца, бо лепш ажаніцца, чым распальвацца жаданнем.

Тым-жа, што жывуць у жанімсьцьве, загадваю не я, але Госпад: каб жонка не адлучалася ад мужа.
 
А жанатым загадваю не я, а Госпад: жонцы не разводзіцца з мужам, —

А каліб разлучылася, павінна аставацца бяз мужа, або пагадзіцца з мужам сваім; такжа муж — хай не пакідае жонкі.
 
калі ж і развядзецца, няхай застаецца незамужняй ці памірыцца з мужам, — а мужу жонкі не пакідаць.

Іншым-жа кажу я, а не Госпад: калі хто з братоў мае жонку нехрысьціянку й яна згаджаецца зь ім жыць, то хай яе не пакідае;
 
А астатнім я кажу — я, не Госпад: калі які брат мае жонку бязверную і яна згаджаецца жыць з ім, няхай не пакідае яе;

і жонка, што мае няверучага мужа ды ён згаджаецца зь ёю жыць, няхай яго ня кідае;
 
і жонка, калі мае бязвернага мужа, і ён згаджаецца жыць з ёю, няхай не пакідае мужа7.

бо няверны муж асьвянчаецца ў жонцы і жонка няверучая асьвянчаецца ў мужу; інакш — дзеці вашыя быліб нячыстыя, а цяпер яны сьвятыя.
 
Бо бязверны муж асвечаны жонкаю [верніцаю], і асвечана бязверная жонка братам8, бо тады дзеці вашы былі б нячыстымі, цяпер жа яны святыя.

Калі-ж няверны хацеўбы адыйсьці, няхай адыйходзіць; брат ці сястра ў гэткіх выпадках ня зьвязаны; а Бог паклікаў вас да згоды.
 
Калі ж бязверны хоча адысці, няхай адыходзіць; не прынявольваюцца брат ці сястра ў такіх выпадках; але Бог паклікаў вас9 да міру.

Скуль бо ты, жонка, ведаеш, ці ня збавіш мужа? Або скуль ты, мужу, ведаеш ці ня збавіш жонкі?
 
Бо адкуль ты ведаеш, жонка, ці не ўратуеш мужа? Ці адкуль ты ведаеш, муж, што не ўратуеш жонку?

Хай толькі кажны паступае так, як Бог яму празначыў і да чаго паклікаў. Гэтак я навучаю і па ўсіх эклезіях.
 
Толькі кожны няхай жыве так, як Госпад10 яму прызначыў і да чаго паклікаў Бог11. І так я загадваю ва ўсіх цэрквах.

Пакліканы хто абразаным, ня скрывайся; пакліканы хто неабразаным, то й не абразайся.
 
Ці быў хто-небудзь пакліканы абрэзаным, няхай не тоіцца; пакліканы хто неабрэзаным, няхай не абразаецца.

Абразанне бо ці неабразанне — гэта нічогасьць; уся справа — ў выкананьні Божых прыказанняў.
 
Абразанне — нішто, і неабразанне — нішто, але важна выкананне запаведзяў Божых.

Кажны хай трывае ў тым, у чым быў пакліканы.
 
Кожны ў тым стане, у якім быў пакліканы, у тым няхай і застаецца.

Быў ты пакліканы нявольнікам — ня журыся; а як можаш стацца вольным, дык карыстай з гэтага.
 
Ці ты рабом быў пакліканы — няхай гэта цябе не турбуе, але калі і можаш зрабіцца свабодным, лепш скарыстай гэтае становішча.

Бо хто ў Богу пакліканы за свайго няволіцтва, той стаўся вызвольнікам Божым; таксама як нявольнікам Хрыстусавым стаецца той, хто пакліканы, будучы вольным.
 
Бо раб, які пакліканы ў Госпадзе, ёсць вольнаадпушчаннік Гасподні; падобна і вольны, які пакліканы, ёсць раб Хрыстоў.

Вы куплены дарагою цаною, дык не рабецеся нявольнікамі людзей.
 
Вы куплены дарагою цаною. Не рабіцеся рабамі людзей.

Хай кажны, браты, перад Богам у тым стане трывае, ў якім быў пакліканы.
 
Кожны, у якім становішчы быў пакліканы, браты, у тым няхай і застаецца ў Бога.

Адноснаж дзявоцтва, то наказу ад Усеспадара ня маю, а даю раду, як той, хто з Божае ласкі годзен даверу.
 
Што да дзявоцтва, то я не маю загаду ад Госпада, але падаю сваю думку як той, хто атрымаў ад Госпада ласку быць верным.

Лічу восьжа, што, дзеля турботнай ростыркі, лепш чалавеку быць так.
 
Дык я за лепшае лічу пры цяперашняй патрэбе — што добра чалавеку быць, як ён ёсць.

А зьвязаны ты з жонкаю? Ня шукай разводу. Разьвязаўся з жонкаю? Ня шукай жонкі.
 
Ты звязаны з жонкаю, не шукай разводу; ты без жонкі, не шукай жонкі.

Каліжбы й ажаніўся, ня згрэшыш; і каліб дзяўчына выйшла замуж, ня згрэшыць; гэткія аднак для цела будуць мець гора; а мне шкада вас.
 
Але калі і ажэнішся, не саграшыш; і калі дзяўчына выйдзе замуж, яна не саграшыць; але такія цялесную муку будуць мець, а я вас шкадую.

Ды кажу вам тое, браты: час ужо кароткі, так што маючыя жонак, хай жывуць, якбы іх ня мелі;
 
Але вось што я кажу, браты: час скарочаны, надалей няхай і тыя, штомаюць жонак, будуць, як бы не маюць,

і тыя, што плачуць, якбы й не плакалі; а што вяселяцца, якбы й не весяліліся; ды што купляюць, якбы ня маючыя;
 
і тыя, што плачуць, як быццам не плачуць, і тыя, што радуюцца, як бы не радуюцца, і тыя, што купляюць, як бы не набываюць.

і выкарыстваючыя сьвет гэты, якбы не карыстаючыя, прамінае бо вобраз сьвету гэтага.
 
І тыя, што карыстаюцца [гэтым] светам, як бы не карыстаюцца, бо праходзіць вобраз гэтага свету.

А я хочу, каб вы былі бястурботнымі. Хто нежанаты, клапоціцца аб тым, што Божае, як дагадзіць Богу;
 
А я хачу, каб вы былі без турботаў. Нежанаты рупіцца пра Гасподняе, як бы дагадзіць Госпаду;

а жанаты клапоціцца аб сьвецкае, як дагадзіць жонцы; ён у разладзе.
 
а хто жанаты — рупіцца пра мірское, як дагадзіць жонцы;

І жанчына незамужная й дзявіца турбуецца аб тым, што Божае, каб быць сьвятою целам і душою; а замужная клапоціцца аб справах сьвецкіх, як падабацца мужу.
 
і ён раздвойваецца. І незамужняя жанчына і дзяўчына рупяцца пра Гасподняе, каб быць святою і целам, і духам; а тая, што выйшла замуж, рупіцца пра мірское, як бы дагадзіць мужу.

Кажу гэта вам на вашу карысьць, не каб накінуць вам путы, але каб вы прыстойна і бесперашкодна трымаліся Бога.
 
Але гэта я кажу дзеля вашай жа карысці — не дзеля таго, каб накінуць на вас пятлю, а каб вы добрапрыстойна і бесперапынна былі пры Госпадзе, не адхіляючыся.

А калі хто ўважае за нягожае для свае дзяўчыны (дачкі), каб яна, перацьвіўшы, так і асталася, дык няхай робіць, як хоча, ня згрэшыць, хай выходзіць замуж.
 
Калі ж хто лічыць непрыстойным для сваёй дачкі-дзяўчыны, каб яна, будучы у сталым узросце, заставалася так, той няхай робіць, як хоча: не саграшыць; няхай такія выходзяць замуж.

Але хто непарушна цьвёрды ў сэрцы сваім і ня зьвязаны патрэбай, але маючы ўладу над сваёю воляй, наважыўся ў сваім сэрцы захаваць дзявочасьць, той добра робіць.
 
Але хто цвёрда стаіць у сваім сэрцы, не маючы неабходнасці, мае тым не менш уладу над сваёю воляю, так і вырашыў у сваім сэрцы: захаваць сваю дачку-дзяўчыну, той добра зробіць.

Таму вось, хто аддае замуж, робіць добра, а хто не аддае, робіць яшчэ лепей.
 
Так што і той, хто аддае замуж сваю дачку-дзяўчыну, добра робіць, а той, хто не аддае замуж, яшчэ лепш робіць.

Жонка зьвязаная законам дакуль жыве ейны муж; а як памрэ муж, можа выйсьці за каго хоча, абы толькі пабожаму.
 
Жонка звязана [законам], пакуль жыве яе муж; калі ж муж памрэ, яна вольная выйсці замуж за каго хоча, толькі за таго, хто ў Госпадзе.

Аднак шчасьлівейшаю будзе, калі вытрывае водле мае рады; а думаю, што і я маю Духа Божага.
 
Але яна шчаслівейшая, калі застанецца так, паводле маёй думкі; а я думаю, што і я маю Духа Божага.