1 да Карынфянаў 16 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

Датычна складак, што зьбіраеце на сьвятых, дык рабеце і вы гэтак, як наладзіў я ў Эклезіях Галяцыі:
 
А што да збору для святых, то як я пастанавіў цэрквам Галатыі, так і вы зрабіце.

першага дня ў тыдні кажны з вас хай адкладае ў сябе й шчадзіць што можа, каб ня зьбіраць тады, як сам прыйду.
 
У першы дзень тыдня кожны з вас няхай адкладвае, зберагаючы, у сябе, што ўдасца, каб не было збораў, калі я прыйду.

Калі-ж прыйду, дык тых, каго выбяраце, пашлю зь лістамі, каб аднясьлі дар ваш у Ерузалім.
 
А калі прыйду, то тых, каго вы ўхваліце, пашлю з лістамі занесці ваш дар у Іерусалім;

Ды калі выпадзе й мне пайсьці, то пойдуць зы мною.
 
а калі прыстойна будзе і мне ісці, яны пойдуць са мною.

А прыйду да вас, як зьвізытую Макэдонію, бо праз Макэдонію йсьціму.
 
А прыйду я да вас, калі прайду праз Македонію, бо я праходжу праз Македонію.

У вас-жа мо й забаўлюся, або й перазімую, каб вы мяне адведалі, куды пайду.
 
І, можа, пажыву ў вас ці нават перазімую, каб вы правялі мяне, куды я пайду.

Ня хочу бо з вамі бачыцца толькі мімаходам, але спадзяюся нейкі час пабыць у вас, калі Бог пазволіць.
 
Бо я не хачу бачыць вас цяпер мімаходам; бо спадзяюся нейкі час застацца ў вас, калі Госпад дазволіць.

У Эзэфе то застануся аж да Пяцьдзясятніцы;
 
Застануся ж я ў Эфесе да Пяцідзесятніцы,

вялікія бо й шырокія мне там адчыніліся дзьверы ды шмат праціўнікаў.
 
бо мне адчынены дзверы, вялікія і дзейсныя; і шмат праціўнікаў.

Каліж прыйдзе да вас Тыматэй, дык глядзеце, каб пачуваўся у вас бясьпечным; ён бо дзеля Божае робіць, як і я;
 
А калі прыйдзе Цімафей, глядзіце, каб ён быў у вас у бяспецы, бо ён робіць работу Гасподнюю, як і я.

няхай восьжа ніхто ім ня грэбуе, але правядзеце яго ў супакоі, каб прыйшоў ка мне, бо я з братамі яго чакаю.
 
Дык няхай ніхто не пагарджае ім. А правядзіце яго з мірам, каб ён прыйшоў да мяне; бо я чакаю яго з братамі.

А што да брата Апольлёса, дык я вельмі прасіў яго, каб з братамі пайшоў да вас; але ён ня меў ніякае ахвоты цяпер ісьці, прыйдзе, калі яму будзе зручней.
 
Што да брата Апалоса, я вельмі прасіў яго, каб ён прыйшоў да вас з братамі; але ў яго зусім не было ахвоты прыйсці цяпер, а ён прыйдзе, калі надарыцца добрая нагода.

Стойце ў веры бадзёра, мужна, вытрывала.
 
Будзьце пільнымі, стойце ў веры, будзьце мужнымі, умацоўвайцеся.

Усё ў вас хай дзеецца ў любасьці.
 
Няхай усё ў вас робіцца ў любові.

І прашу вас, браты: вы знаеце сям’ю Стэфанаса, што лічыцца пачынальніцай Ахаі ды што яна аддалася на прыслужнасьць сьвятым;
 
Прашу вас, браты, — вы ведаеце дом Стэфана, што ён пачатак Ахаіі, і што яны аддалі сябе на служэнне святым,

дык каб і вы былі уважлівыя к такім дый наагул к кажнаму, хто памагае й супрацуе з намі.
 
каб і вы падпарадкаваліся такім і кожнаму, хто дапамагае нам і працуе.

Я цешуся прыйсьцём Стэфанаса, Фортуната й Ахаіка, яны заступілі мне вашую адсутнасьць;
 
Я ж радуюся прыходу Стэфана, Фартуната і Ахаіка, таму што яны запоўнілі вашу адсутнасць;

яны супакоілі мой дух дый ваш. Паважайце восьжа гэткіх.
 
бо яны супакоілі мой дух і ваш. Дык прызнавайце такіх.

Вітаюць вас эклезіі Азіі; шчыры прывет вам засылаюць Аквіла і Прысцыльля з эклезіяй у іхнім доме, які й мяне госьціць.
 
Вітаюць вас цэрквы Азіі. Шчыра вітаюць вас у Госпадзе Акіла і Прыска18 разам з царквою, якая ў іх доме.

Вітае вас уся братва. Здароўце адзін другога сьвятым цалункам.
 
Вітаюць вас усе браты. Прывітайце адзін аднаго святым пацалункам.

Прывет маёю, Паўлаваю, рукою!
 
Прывітанне — маёю, Паўлавай, рукою.

Хто ня любіць Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса, таму анатэма! Maran Atha!
 
Калі хто не любіць Госпада, няхай будзе анафема19. Марана та20.

Ласка Усеспадара Езуса хай будзе з Вамі!
 
Ласка Госпада Ісуса няхай будзе з вамі.

І любасьць мая з усімі вамі ў Хрыстусе Езусе! Амэн.
 
Любоў мая ў Хрысце Ісусе няхай будзе з усімі вамі. [Амін].