Да Габрэяў 13 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Любоў братняя няхай застаецца.
Няхай існуе паміж вамі братэрская любоў.
Пра гасьціннасьць не забывайцеся, бо праз яе некаторыя, ня ведаючы, гасьцявалі анёлаў.
Не забывайцеся пра гасьціннасьць, бо дзякуючы ёй некаторыя, калі тыя скрываліся, анёлам аказалі гасьціннасьць.
Памятайце пра вязьняў, нібы ўвязьненыя разам [з імі], і пра тых, што ў нягодах, як тыя, якія самі ў целе.
Памятайце пра вязьняў, як быццам і вы разам з імі былі зьняволенымі, і пра знаходзячыхся ў бедах і хваробах, бо і вы ж самі маеце цела.
Сужонства [няхай будзе] шанаванае ў-ва ўсіх і сужыцьцё беззаганнае; а распусьнікаў і чужаложнікаў будзе судзіць Бог.
Няхай у ва ўсіх будзе ў пашане жанімства і беззаганнае сужыцьцё. Распусьнікаў і чужаложнікаў судзіць будзе Бог.
Ня будзьце срэбралюбныя, задавальняючыся тым, што маеце. Бо Ён сказаў: «Не адпушчу цябе і не пакіну цябе»,
Жывіце без сквапнасьці на грошы, будзьце задаволенымі тым, што маеце. Ён бо сказаў: "Не адхінуся ад цябе і не кіну цябе".
так што, маючы пэўнасьць, мы кажам: «Госпад мне ўспамога, і не спалохаюся, што зробіць мне чалавек?».
Дык трэба, каб з даверам казалі: "Госпад — Успаможца мой, не збаюся, бо што зробіць мне чалавек?"
Памятайце кіраўнікоў вашых, якія казалі вам слова Божае; і, аглядаючы вынік жыцьця іх, пераймайце веру [іхнюю].
Памятайце пра настаўнікаў вашых, якія навучаюць вас Божаму слову, сочачы за ходам іхняга жыцьця, будзьце іхнімі пасьлядоўнікамі ў веры.
Ісус Хрыстос учора і сёньня Той Самы, і на вякі.
Езус Хрыстус той самы ўчора сёньня, і той самы на векі.
Вучэньнямі рознымі і чужымі не захапляйцеся; бо добра ласкай мацаваць сэрца, а ня ежай, ад якой ня мелі карысьці тыя, што ходзяць [за ёю].
Не дайцеся зьвесці рознымі чужымі вучэньнямі. Найлепш бо мацаваць сээрца Божаю ласкай, а ня ежаю, якая не памагла тым, што ўганяюцца за ёю.
Мы маем ахвярнік, з якога ня маюць права есьці тыя, якія служаць у намёце.
Маем аўтар, з якога ня маюць права есьці тыя, што паслугоўваюць у шалашы.
Бо як целы тых жывёлаў, кроў якіх за грахі прыносіцца першасьвятаром у сьвятыню, спальваюцца па-за табарам;
Целы бо тых жывёлін, кроў якіх прыносіцца архісьвятаром у месца сьвятое на замаленьне грэху, паляцца за лагерам.
дзеля гэтага і Ісус, каб асьвяціць праз кроў Сваю народ, пакутаваў за брамамі.
Таму і Езус, каб усьвяціць народ сваёй крывёй, замучаны за горадам.
Дык выйдзем да Яго па-за табар, пераносячы зьнявагі Ягоныя,
Дык выйдзьма і мы да Яго за лагер, пераносячы разам з Ім зьдзекі.
бо мы ня маем тут трывалага гораду, але шукаем будучага.
Бо ня маем тут стойкага горада, але шукаем будучага.
Дык будзем праз Яго прыносіць Богу няспынна ахвяры хвалы, гэта ёсьць плод вуснаў, якія вызнаюць імя Ягонае.
Праз Яго тады заўсёды складайма гостыю хвалы Богу, гэта значыць плод вуснаў, праслаўляючых Ягонае Імя.
Пра дабрадзейнасьць і супольнасьць не забывайцеся, бо гэткія ахвяры падабаюцца Богу.
Не забудзьцеся пра дабрадзейнасьць і ўзаемную лучнасьць, такія бо ахвяры мілыя Богу.
Слухайцеся кіраўнікоў вашых і будзьце пакорнымі, бо яны чуваюць над душамі вашымі, як абавязаныя здаць справаздачу [за іх], каб яны рабілі гэта з радасьцю, а не ўздыхаючы, бо гэта для вас некарысна.
Слухайце старэйшых вашых і падпарадкоўвайцеся ім. Яны бо памятаюць аб тым, што павінны разлічыцца перад Богам за вашы душы. Дапамагайце ім, каб яны гэта з радасьцю выконвалі, а не са стогнамі, бо гэта не на карысьць вам.
Маліцеся за нас; бо мы перакананыя, што маем добрае сумленьне, у-ва ўсім хочучы жыць справядліва.
Маліцеся за нас, бо ўпэўнены мы ў тым, што маем чыстае сумленьне, стараючыся добра ў ва ўсім паступаць.
Асабліва ж прашу рабіць гэта, каб я хутчэй быў вам вернуты.
Тым больш умольваю вас прычыніцца да таго, каб чым хутчэй мог я вярнуцца да вас.
А Бог супакою, Які падняў з мёртвых у крыві вечнага запавету вялікага Пастыра авечак, Госпада нашага Ісуса,
Хай жа Бог супакою, Які падняў з умёршых Вялікага Пастыра ў крыві Вечнага Тэстаманта Госпада нашага Езуса Хрыстуса,
няхай удасканаліць вас у-ва ўсякай справе добрай, дзеля выкананьня волі Ягонай, робячы ў вас тое, што даспадобы Яму, праз Ісуса Хрыста, Якому слава на вякі вякоў. Амэн.
пакіруе вас да ўсякага дабра, каб спаўнялі Яго волю, выковаючы ўсё, што Яму падабаецца — праз Езуса Хрыстуса, Якому хвала на векі вечныя. Аман.
Прашу ж вас, браты, прыйміце слова пацяшэньня, бо я ж крыху напісаў вам.
Прашу ж вас, браты, прыміце слова заахвоты. Бо толькі ня многа напісаў я вам.
Ведайце, што брат наш Цімафей вызвалены; з ім разам, калі хутка прыйдзе, угледжу я вас.
Ведаеце, што брат наш Цімафей выпушчаны. З ім, калі хутка прыбудзе, пабачу вас.
Прывітайце ўсіх кіраўнікоў вашых і ўсіх сьвятых. Вітаюць вас тыя, што з Італіі.
Прывітайце ўсіх вашых старэйшын і сьвятых. Перасылаюць вам паклон з Італіі браты.
Ласка з усімі вамі. Амэн.
Ласка з вамі ўсімі. Аман.