Да Габрэяў 9 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Дык і першы [запавет] меў пастановы служэньня і сьвятыню ў сьвеце.
Мела, праўда, і першая ўгода пастановы багаслужэньня і зямную сьвятыню.
Бо першы намёт быў збудаваны, і ў ім сьвечнік, і стол, і хлябы пакладныя, і завецца ён “Сьвятое”.
Быў гэта шалаш, у першай частцы якога, называнай сьвятым месцам знаходзіўся кандалябр (сьвяцільнік), стол і хлябы пакладныя. Гэта частка завецца (сьвятое).
А за другой заслонай намёт, які завецца “Сьвятое Сьвятых”,
За другой занавесай знаходзіўся другі шалаш, які зваўся "сьвятое сьвятых",
які мае залатую кадзільню і каўчэг запавету, які абкладзены з усіх бакоў золатам, у якім залатая пасудзіна з маннай, і кій Аарона, што расквітнеў, і табліцы запавету,
у якім быў залаты кадзільнік і арка-скрыня, абложаная з кожнага боку золатам. У скрыні была урна-посуд з маннай і дубец Аарона расьцвіўшы і табліцы законаў.
а над ім — херувімы славы, якія ацяняюць перамольню; пра гэта ня варта цяпер казаць падрабязна.
Зьверху над аркай (скрыняй) былі херубіны славы, ацяняючыя ахвярнік (века). Аб гэтых падрабязна ня час яшчэ гаварыць.
А калі гэта так збудавана, у першы намёт заўсёды ўваходзяць сьвятары, зьдзяйсьняючы служэньне,
Пры такім вось распалажэньні да перашай часткі шатра заўсёды маюць доступ сьвятары, адпраўляючы багаслужэньні.
а ў другі — раз у год адзін першасьвятар, не без крыві, якую прыносіць за сябе і за няведаньне народу.
Да другой жа часткі шатра толькі раз у год адзін архісьвятар меў доступ і не без крыві, якую складаў у ахвяры за свае грахі і за грахі свайго народа.
Гэтым паказвае Дух Сьвяты, што яшчэ не адкрыты шлях у сьвятыню, пакуль стаіць першы намёт,
Гэтым паказвае Дух Сьвяты, што яшчэ не адкрыта дарога да сьвятога месца, пакуль існуе ранейшы шалаш.
які ёсьць прыклад цяперашняга часу, калі прыносяцца дары і ахвяры, якія ня могуць удасканаліць паводле сумленьня таго, хто служыць,
Гэта сімвал цяперашняга часу, у якім складаныя дары і ахвяры ня могуць зрабіць дасканалым у сумленьні таго, які адпраўляе багаслужэньне.
якія толькі ў ежы і пітве, і розных абмываньнях і пастановах цела, якія пастаўленыя да часу выпраўленьня.
Адносіцца яно толькі да ежы, пітва, усялякіх абмываньняў паводле зьнешніх пастаноў, маючых моц перад аднаўленьнем.
А Хрыстос, Першасьвятар будучага дабра, прыйшоўшы праз вялікшы і дасканалейшы намёт, не рукамі зроблены, гэта значыць, не такога стварэньня,
Ды Хрыстус, з'явіўшыся як Архісьвятар будучых даброцьцяў, праз вышэйшы і дасканалейшы і не рукой, значыць, не на гэтым сьвеце, пастаўлены шалаш,
і не праз кроў казлоў і цялят, але праз уласную кроў, адзін раз увайшоў у сьвятыню, знайшоўшы вечнае выбаўленьне.
ня праз кроў казлоў і быкоў, але праз уласную кроў увайшоў на заўсёды ў месца сьвятых, здабыўшы вечнае адкупленьне.
Бо калі кроў валоў і казлоў і попел каровы, пакрапіўшы апаганеных, асьвячае іх дзеля чыстасьці цела,
Дык калі кроў казлоў і валоў сумесна з попелам цяліцы, калі пакрапіць гэтым, усьвячае нячыстых, даючы ачышчэньне цела,
наколькі больш кроў Хрыста, Які праз Духа вечнага прынёс Сябе беззаганнага Богу, ачысьціць сумленьне вашае ад мёртвых справаў дзеля служэньня Богу Жывому?
то тым больш кроў Хрыстова, Які ахвяраваў самога сябе Богу праз Духа Сьвятога, ачысьціць сумленьне наша ад грахоў, каб служыць Богу жывому.
І дзеля гэтага Ён — Пасярэднік новага запавету, каб, як станецца сьмерць дзеля адкупленьня парушэньняў, [што былі пры] першым запавеце, тыя, якія пакліканыя да вечнае спадчыны, атрымалі абяцаньне.
Вось таму Ён з'яўляецца Медыятарам-Пасярэднікам новага Закона, каб праз сьмерць адкупіць злачынствы, дапушчаныя пры першай угодзе, і каб пакліканыя да вечнай спадчыны даступіліся да спаўненьня абяцаньня.
Бо дзе запавет, трэба, каб прыйшла сьмерць таго, хто заключыў [яго],
Бо там, дзе ёсьць завяшчаньне, там павінна наступіць сьмерць таго, хто гэта завяшчаньне састаўляе.
бо запавет набывае моц ад памёршых; ён ня мае сілы, пакуль жыве той, хто заключыў [яго].
Завяшчаньне толькі пасля сьмерці набірае правамоцнасьці, іначай яно ня мае важнасьці, пакуль жыве той, хто яго саставіў.
Дык і першы [запавет] быў усталяваны не без крыві.
Адгэтуль і першае завяшчаньне (тастамант) было зацьверджана не без крыві.
Бо Майсей, сказаўшы ўсе прыказаньні паводле Закону ўсяму народу, узяў кроў цялят і казлоў з вадою, і воўнай пунсовай, і ізопам, пакрапіў і саму кнігу, і ўвесь народ,
Калі ўжо Маісей абвясьціў усяму народу ўсе пастановы закону, узяў кроў казлоў і валоў з вадой, воўнай чырвонай і гысопам і папырскаў так самую кнігу, як і увесь народ, кажучы:
кажучы: «Гэта кроў запавету, які даў вам Бог».
"Гэта кроў угоды, якую Бог вам загадаў.
І намёт, і ўсё начыньне дзеля служэньня таксама пакрапіў крывёю.
Падобным спосабам пакрапіў (апырскаў) крывёй таксама і палатку (шалаш) і ўсе посуды, прызначаныя для багаслужэньня.
І амаль усё паводле Закону ачышчаецца крывёю, і без праліцьця крыві не бывае адпушчэньня.
І амаль усё па закону крывёй ачышчаецца, і без праліцьця крыві няма адпушчэньня.
Дык трэба было, каб [рэчы, што паводле] прыкладу таго, што ў небе, ачышчаліся гэтымі, а самі [рэчы] нябесныя — лепшымі за гэтыя ахвярамі.
З гэтага вынікае, каб адбіткі (падабенствы) рэчаў нябесных у такі спосаб былі ачышчаны, а самыя рэчы нябесныя патрабавалі шмат дасканалейшых, чым тыя ахвяраў.
Бо Хрыстос увайшоў не ў сьвятыню, рукамі зробленую, на ўзор праўдзівае, але ў самае неба, каб цяпер зьявіцца перад абліччам Божым за нас;
Хрыстус жа ўвайшоў не ў сьвятыню пастаўленую рукамі людзей, будучай адбіткам праўдзівай, але ў самае неба, каб адтуль заступацца за нас у прысутнасьці Бога,
і не дзеля таго, каб шматкроць прыносіць Сябе, як штогод уваходзіць першасьвятар у сьвятыню з чужою крывёй,
ды не па тое, каб меў часта ахвяроўвацца як архісьвятар, які што год уваходзіць у сьвятыню з чужой крывёю.
бо мусіў бы Ён шматкроць цярпець ад заснаваньня сьвету, але Ён цяпер адзін раз зьявіўся на сканчэньні вякоў дзеля адкіданьня грэху праз ахвяру Сваю.
Інакш быў бы там многа разоў ад аснаваньня сьвету. А вось раз аб'явіўся ў гэты час перад канцом сьвету на зьнішчэньне грахоў праз ахвяраваньне самога сябе.
І як усім людзям вызначана раз памерці, а пасьля гэтага — суд,
Як ўстаноўлена людзям раз памерці, а пасьля — суд, так і Хрыстус адзін раз быў ахвяраваны на зьнішчэньне грахоў многіх, а другі раз пакажацца не дзеля грахоў, але дзеля збаўленьня тых, якія Яго чакаюць.
гэтак і Хрыстос, раз прынёсшы Сябе [ў ахвяру], каб панесьці грахі многіх, другі раз бяз грэху будзе зьяўлены дзеля збаўленьня тым, якія чакаюць Яго.