Да Габрэяў 4 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Дык будзем баяцца, каб, калі яшчэ трывае абяцаньне ўвайсьці ў супачынак Ягоны, ня думаў хто з вас, што ён горшы.
Высьцерагаймася тады таго, каб калі яшчэ застанецца абяцаньне ўвайсьці ў Ягоны супакой, не падумаў хто з вас часамі, што Яго няма.
Бо і нам [гэта] дабравешчана, як і тым; але ім не дало карысьці пачутае слова, бо не спалучылася з вераю тых, якія слухалі.
Дык жа і нам дадзена абяцаньне таксама як і тым, але ж не памагло ім чутае слова, бо не спалучана было яно вераю з тымі, якія гэта слова чулі.
Бо ўваходзім у супачынак мы, якія паверылі, бо Ён сказаў: «Дык прысягнуў Я ў гневе Маім, што ня ўвойдуць яны ў супачынак Мой», хоць справы [Ягоныя] сталіся ад заснаваньня сьвету.
А мы, паверыўшыя, уваходзім у супакой, так як Ён сказаў: Як пакляўся я ў гневе сваім, ня ўвойдуць яны ў супакой мой, хоць задумы Ягоныя былі закончаны ад аснаваньня (пачатку) сьвету.
Бо сказана недзе наконт сёмага дню гэтак: «І супачыў Бог у дзень сёмы ад усіх справаў Сваіх».
Бо Ён сказаў у адным месцы пра сёмы дзень так: "І супачыў Бог у сёмы дзень ад усіх дзеяньняў сваіх".
І яшчэ тут: «Ня ўвойдуць яны ў супачынак Мой».
А вось у гэтым зноў: "Ня ўвойдуць у супакой мой".
Дык, калі некаторым застаецца ўвайсьці ў яго, а тыя, якім раней дабравешчана, не ўвайшлі ў яго за няскоранасьць,
Дык вось застаецца, што ўвойдуць у супакой некаторыя, а тыя, якім было раней абяцана, ня ўвойдуць (не ўвайшлі) з прычыны недаверства свайго.
ізноў Ён вызначае дзень “сёньня”, кажучы праз Давіда, праз гэтулькі часу, як было сказана: «Сёньня, калі пачуеце голас Ягоны, не закамяняйце сэрцы вашыя».
Дык зноў вызначае Ён (Бог) нейкі дзень "сёньня", кажучы праз Давіда па некаторым часе, як і перад гэтым было сказана: "Сёньня, калі пачуеце голас Ягоны, зацьвярджайце, не атупляйце сэрцаў вашых".
Бо калі б Егошуа даў тым супачынак, не было б сказана пасьля таго пра іншы дзень.
Калі б Езус (Навін) увёў іх у супакой, ніколі б не гаварыў пра іншае пасьля гэтага дня.
Таму застаецца для народу Божага захаваньне суботы.
І так пакідаецца адпачынак ( шабат) для народа Божага.
Бо хто ўвайшоў у супачынак Ягоны, той і сам супачыў ад справаў сваіх, як і Бог ад Сваіх.
Бо хто ўвайшоў у супакой Ягоны, таксама адпачне пасьля сваіх прац, як і Бог — пасьля Ягоных.
Дык будзем намагацца ўвайсьці ў супачынак гэты, каб хто за тым прыкладам не палёг праз няскоранасьць.
Стараймася тады ўвайсьці ў той супачынак, каб хто-небудзь не папаўся ў той самы прыклад недаверства.
Бо слова Божае жывое і дзейснае, і вастрэйшае за ўсякі меч двусечны, і працінае аж да разьдзяленьня душы і духа, суставаў і шпіку, і судзіць думкі і намеры сэрца.
Бо жывое Слова Божае і пасьлядоўнае, вастрэйшае ад усякага мяча абасечанага, яно пранікае ажно да раздзяленьня душы і духа, суставаў і шпіку і асуджае думкі і намеры сэрца.
І няма стварэньня, схаванага перад Ім, але ўсё аголена і адкрыта перад вачыма Таго, пра Якога нашае слова.
Ніводзін твор перад ім не скрыецца, усё вачам Яго абнажона і адкрыта, Яму належыцца ад нас разрахунак.
Дык, маючы Першасьвятара вялікага, Які прайшоў праз неба, Ісуса, Сына Божага, будзем трымацца вызнаньня.
Маючы вось архісьвятара вялікага, прайшоўшага праз неба, Езуса, Сына Божага, трымаймася моцна веравызнаньня.
Бо маем Першасьвятара не такога, што ня можа спачуваць слабасьцям нашым, але такога, які, падобна нам, дазнаў спакушэньня ў-ва ўсім, апрача грэху.
Бо ня маем мы такога Архісьвятара, які б ня мог споўпакутаваць у нашых немачах, але перажываўшага ўсё, падобна нам, апроч граха.
Дык будзем набліжацца з адвагаю да пасаду ласкі, каб атрымаць літасьць і знайсьці ласку дапамогі ў адпаведны час.
Хадзем жа тады з даверам да Ягонага трона ласкі атрымаць міласердзе і знайсьці ласку патрэбнай дапамогі.