Да Рымлянаў 10 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Браты! Упадабаньне сэрца майго і просьба да Бога пра Ізраіль на збаўленьне.
 
Браты! Жаданьне сэрца майго ды гарачае маленьне да Бога за іхняе збаўленьне.

Бо сьведчу ім, што маюць руплівасьць Божую, але не паводле пазнаньня.
 
Сьведчу я ім, што рупяцца яны пра Бога, але не па розуму.

Бо, не разумеючы праведнасьці Божае і шукаючы паставіць сваю праведнасьць, яны не падпарадкаваліся праведнасьці Божай.
 
Бо, не разумеючы справядлівасьць Божую, яны спрабавалі ўстанавіць сваю справядлівасьць і таму не спаганялі справядлівасьці Божай.

Бо канец Закону — Хрыстос, дзеля праведнасьці кожнаму, хто верыць.
 
Бо канец закону — Хрыстос, для апраўданьня кожнага, хто верыць.

Бо Майсей піша пра праведнасьць паводле Закону, што чалавек, які выканае яго, жыць будзе ім.
 
Майсей вось піша аб справядлівасьці, якая з закону: "Хто яе споўніў, атрымае праз яе жыцьцё".

А праведнасьць праз веру гэтак кажа: «Не кажы ў сэрцы тваім: “Хто ўзыйдзе ў неба?”» — гэта ёсьць Хрыста зьвесьці [на зямлю];
 
А справядлівасьць з веры так кажа: "Не кажы ў сэрцы тваім: Хто ўзыйдзе ў неба?", гэта значыць Хрыста зьвесці на зямлю,

або: «“Хто зыйдзе ў бездань?”» — гэта ёсьць Хрыста з мёртвых вывесьці.
 
або: "Хто спусьціцца ў бездань?", гэта значыць Хрыста вывесьці з умёршых.

Але што кажа? «Блізка да цябе слова, у вуснах тваіх і ў сэрцы тваім», — гэта ёсьць слова веры, якое мы абвяшчаем.
 
Але што кажа? "Блізка цябе слова, яно ў вуснах тваіх ды ў сэрцы тваім", гэта значыць слова веры, каторае абвяшчаем.

Бо калі ты вуснамі тваімі вызнаеш Ісуса Госпадам і ў сэрцы тваім будзеш верыць, што Бог уваскрасіў Яго з мёртвых, будзеш збаўлены,
 
Дык калі вуснамі тваімі вызнаеш: "Езус — Госпадам", і ў сэрцы тваім уверыш, што Бог Яго ўваскрасіў з памёршых, будзеш збаўлены.

бо сэрца верыць дзеля праведнасьці, а вусны вызнаюць дзеля збаўленьня.
 
Бо сэрцам верыцца дзеля справядлівасьці, а вызнаецца вуснамі дзеля збаўленьня.

Бо Пісаньне кажа: «Кожны, хто верыць у Яго, ня будзе асаромлены».
 
Пісаньне бо кажа: "Усякі, хто верыць у Яго, ня будзе асаромлены".

Бо няма розьніцы між Юдэем і Грэкам, бо Ён — Госпад усіх, багаты для ўсіх, што прызываюць Яго.
 
Няма бо розьніцы між Юдэем і Грэкам, адзін бо Госпад усіх, шчодры для ўсіх, хто Яго прызывае.

Бо кожны, хто прызаве імя Госпада, будзе збаўлены.
 
Бо кожны, хто прызывае імя Госпада, будзе збаўлены.

Але як прызываць Таго, у Каго ня вераць? А як верыць у Таго, пра Каго ня чулі? Як чуць без таго, хто абвяшчае?
 
Як жа могуць прызываць Таго, у каго ня ўверылі? Або як увераць у Таго, аб кім ня чулі? Як жа мелі чуць, калі ім ніхто не вясьціў?

А як абвяшчаць, калі не былі пасланыя? Як напісана: «Якія прыгожыя ногі таго, хто дабравесьціць супакой, дабравесьціць добрае!»
 
Як жа маглі ім вясьціць, калі б не былі пасланыя? Як напісана: "Як прыгожыя ногі тых, каторыя вясьцяць добрую вестку!"

Але ня ўсе паслухаліся Эвангельля, бо Ісая кажа: «Госпадзе! Хто паверыў пачутаму ад нас?»
 
Але ня ўсе паслухалі Эвангельля. Ісая вось кажа: "Госпадзе! Хто паверыў чутаму ад нас?"

Таму вера — ад слуханьня, а слуханьне — праз слова Божае.
 
Таму вера — ад слуханьня, а слуханьне — праз слова Хрыстовае.

Але кажу: Ці ж яны ня чулі? Наадварот, «на ўсю зямлю пайшоў голас іхні, і да межаў сусьвету — словы іхнія».
 
Дык пытаю: Ці яны ня чулі? Але ж: "Па ўсёй зямлі загучэў голас іхні, і словы іхнія аж на край сьвету".

Але кажу: Ці ж Ізраіль ня ведаў? Першы Майсей кажа: «Я збуджу ў вас рупнасьць праз [тых, хто] не народ, праз народ, які ня цяміць, раздражню вас».
 
Зноўся пытаю: Ці ж Ізраэль не зразумеў? Першы Майсей кажа: "Узбуджу ў вас зайздрасьць праз таго, хто ня ёсьць народам, узбуджу ў вас гнеў праз народ неразумны".

А Ісая адважваецца і кажа: «Мяне знайшлі тыя, якія не шукалі Мяне, Я аб’явіўся тым, якія не пыталіся Мяне».
 
А Ісая адважыўся сказаць: "Мяне знайшлі тыя, што не шукалі Мяне. Яўна аб'явіўся Я тым, каторыя пра Мяне не пыталіся".

А наконт Ізраіля кажа: «Увесь дзень выцягваў Я рукі Мае да народу, які не скараецца і працівіцца».
 
Да Ізраэля ж так кажа: "Увесь дзень працягваў Я рукі Мае да народу непаслухмянага і ўпорыстага".