1 да Цімафея 2 разьдзел

Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Дык перш за ўсё прашу ўзносіць просьбы, малітвы, умольваньні і падзякі за ўсіх людзей,
 
Дык прашу найперш, каб заносілі просьбы, малітвы, умольваньні і падзякі за ўсіх людзей,

за валадароў і за ўсіх, хто пры ўладзе, каб весьці нам жыцьцё ціхае і спакойнае ў-ва ўсякай пабожнасьці і сумленнасьці,
 
за каралёў і за ўсіх тых, што знаходзяцца пры ўладзе, каб маглі мы весьці жыцьцё спакойнае з усёю пабожнасьцю і прыстойнасьцю.

бо гэта добра і прыемна перад Збаўцам нашым Богам,
 
Гэта добра і міла Збаўцы нашаму Богу,

Які хоча, каб усе людзі былі збаўленыя і прыйшлі да пазнаньня праўды.
 
які хоча збавіць усіх людзей і давесьці іх да пазнаньня праўды.

Бо адзін Бог і адзін Пасярэднік паміж Богам і людзьмі — Чалавек Хрыстос Ісус,
 
Бо адзін Бог, і адзін Пасярэднік між Богам і людзьмі — чалавек Хрыстос Езус,

Які аддаў Сябе на адкупленьне за ўсіх, як сьведчаньне ў свой час,
 
які самога сябе выдаў дзеля адкупленьня ўсіх, як сьведчаньне ў свой час,

дзеля Якога я пастаўлены весьнікам і апосталам, праўду кажу ў Хрысьце, не хлушу, настаўнікам паганаў у веры і праўдзе.
 
у якім і я прызначаны вястуном і апосталам, і, праўду кажу, не ашукваю, настаўнікам паганаў у веры і праўдзе.

Дык хачу, каб на ўсякім месцы маліліся мужы, узьнімаючы сьвятыя рукі бяз гневу і хістаньняў;
 
Дык хачу, каб мужчыны маліліся на кожным месцы, падымаючы чыстыя рукі бяз гневу і спрэчак.

каб таксама і жанчыны, у сьціплай вопратцы, з сарамлівасьцю і здаровым розумам аздаблялі сябе не пляценьнем валасоў, ані золатам, ані пэрламі, ані шатамі дарагімі,
 
Падобна і жанчыны няхай апранаюцца сьціпла і прыстойна, аздабляючы сябе не пляценьнем валасоў ці золатам або пэрламі ці каштоўнымі строямі,

але добрымі ўчынкамі, як належыць жанчынам, якія абяцалі багабойнасьць.
 
але, як належыцца жанчынам, лепш пабожнасьцю і добрымі ўчынкамі.

Жанчына ў маўчаньні няхай вучыцца з усякай паслухмянасьцю.
 
Жанчына няхай вучыцца ў ціхасьці, поўная пакорлівасьці.

А жанчыне, каб навучала, не дазваляю, ані каб мужам кіравала, але каб у маўчаньні была.
 
Не дазваляю жанчыне навучаць і панаваць над мужам, але каб заставалася ў ціхасьці.

Бо першым быў зьлеплены Адам, а пасьля — Ева;
 
Бо Адам быў першым створаны, а потым Эва.

і не Адам быў падмануты, а жанчына, падманутая, учыніла парушэньне,
 
І не Адам даўся зьвесьціся, а жанчына была ашукана і спракудзілася.

але будзе збаўленая праз нараджэньне дзяцей, калі застанецца ў веры, і любові, і сьвятасьці са здаровым розумам.
 
Яна будзе збаўлена, родзячы дзяцей і трываючы ў веры, любові і сьвятасьці са сьціпласьцю.