1 Дык прашу найперш, каб заносілі просьбы, малітвы, умольваньні і падзякі за ўсіх людзей,
2 за каралёў і за ўсіх тых, што знаходзяцца пры ўладзе, каб маглі мы весьці жыцьцё спакойнае з усёю пабожнасьцю і прыстойнасьцю.
3 Гэта добра і міла Збаўцы нашаму Богу,
4 які хоча збавіць усіх людзей і давесьці іх да пазнаньня праўды.
5 Бо адзін Бог, і адзін Пасярэднік між Богам і людзьмі — чалавек Хрыстос Езус,
6 які самога сябе выдаў дзеля адкупленьня ўсіх, як сьведчаньне ў свой час,
7 у якім і я прызначаны вястуном і апосталам, і, праўду кажу, не ашукваю, настаўнікам паганаў у веры і праўдзе.
8 Дык хачу, каб мужчыны маліліся на кожным месцы, падымаючы чыстыя рукі бяз гневу і спрэчак.
9 Падобна і жанчыны няхай апранаюцца сьціпла і прыстойна, аздабляючы сябе не пляценьнем валасоў ці золатам або пэрламі ці каштоўнымі строямі,
10 але, як належыцца жанчынам, лепш пабожнасьцю і добрымі ўчынкамі.
11 Жанчына няхай вучыцца ў ціхасьці, поўная пакорлівасьці.
12 Не дазваляю жанчыне навучаць і панаваць над мужам, але каб заставалася ў ціхасьці.
13 Бо Адам быў першым створаны, а потым Эва.
14 І не Адам даўся зьвесьціся, а жанчына была ашукана і спракудзілася.
15 Яна будзе збаўлена, родзячы дзяцей і трываючы ў веры, любові і сьвятасьці са сьціпласьцю.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Першы ліст да Цімафея, 2 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
