Быццё 37 разьдзел
Быццё
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2002
І жыў Якуб у зямлі вандраваньня бацькі свайго, у зямлі Ханаан.
І пражываў Якуб у зямлі Ханаан, па катораў вандраваў бацька яго.
Вось радавод Якуба. Язэп, маючы сямнаццаць гадоў, пасьвіў авечкі з братамі сваімі. І быў ён юнаком, разам з сынамі Більгі і сынамі Зільпы, жонак бацькі свайго. І прыносіў Язэп ліхія весткі пра іх да бацькі іхняга.
Вось дзеі патомкаў Якуба. Язэп, сямнаццацігадовы юнак, разам са сваімі братамі, сынамі жонак яго бацькі Більгі і Зільпы, пасьвіў статак. І паведамляў ён бацьку благое пра гэтых сыноў.
А Ізраіль любіў Язэпа больш за ўсіх сыноў сваіх, бо ён быў сын старасьці ягонай; і ён справіў яму каляровую шату.
А Ізраэль любіў Язэпа болей за ўсіх сыноў сваіх, таму што заімеў яго ў старасьці, і справіў яму доўгую шату.
І ўбачылі браты ягоныя, што бацька іхні любіць яго больш за ўсіх братоў, і зьненавідзелі яго, і не маглі гаварыць з ім спакойна.
І браты яго, бачучы, што бацька любіць яго болей за ўсіх другіх, зьненавідзелі яго і не маглі зь ім спакойна гаварыць.
І сьніў Язэп сон, і расказаў братам сваім, і яны яшчэ больш зьненавідзелі яго.
І здарылася таксама, што ён расказаў братам сваім бачаны сон, і было гэта прычынай яшчэ большай нянавісьці.
І ён сказаў ім: «Паслухайце, калі ласка, сон гэты, які я сьніў.
Ён казаў ім: «Паслухайце сна майго, што я бачыў:
І вось, мы вяжам снапы сярод поля; і вось, устаў сноп мой, і так стаяў; і вось, абступілі яго снапы вашыя і пакланіліся снапу майму».
Сьнілася мне, што мы вязалі снапы на полі, і тады сноп мой падняўся і стаў, а вашыя снапы акружылі яго і пакланіліся яму».
І сказалі яму браты ягоныя: «Няўжо валадарачы, ты будзеш валадарыць над намі? Ці, пануючы, будзеш панаваць над намі?» І яшчэ больш зьненавідзелі яго за сны ягоныя і за словы ягоныя.
І сказалі яму браты: «Ці ж меў бы ты як кароль панаваць над намі і валодаць намі, як валадар?» І яшчэ горш яго зьненавідзелі з прычыны яго сноў і словаў.
І сьніў ён яшчэ другі сон, і расказаў яго братам сваім, і сказаў: «Вось, я сьніў яшчэ сон. І вось, сонца, і месяц, і адзінаццаць зорак кланяліся мне».
А потым меў ён яшчэ іншы сон, і так расказваў яго братам сваім: «Сьнілася мне яшчэ, што сонца і месяц, і адзінаццаць зорак кланяліся мне».
І ён распавёў бацьку свайму і братам сваім; і насварыўся на яго бацька ягоны, і сказаў яму: «Што гэта за сон, які ты сьніў? Ці ж прыходзячы, прыйду я, і маці твая, і браты твае, каб пакланіцца табе да зямлі?»
А калі гэта расказваў бацьку і братам, бацька пасварыўся на яго, кажучы: «Што меў бы значыць гэты сон? Ці ж я і маці твая, і браты твае мелі б прыйсьці да цябе і пакланіцца табе аж да зямлі?»
І зайздросьцілі яму браты ягоныя, а бацька ягоны захоўваў гэтае слова.
Дык браты зайздросьцілі яму, а бацька застанаўляўся моўчкі.
І пайшлі браты ягоныя пасьвіць авечкі бацькі свайго ў Сыхем.
І калі ягоныя браты, пасучы стады, прабывалі ў Сыхеме,
І сказаў Ізраіль Язэпу: «Ці ж браты твае ня пасьвяць у Сыхеме? Ідзі, я пашлю цябе да іх». А ён сказаў яму: «Вось я!»
сказаў Ізраэль Язэпу: «Браты твае пасуць авечкі ў Сыхеме, хадзі, пашлю цябе да іх». А ён адказаў: «Я гатовы».
І сказаў яму: «Пайдзі, прашу, паглядзі, ці ў супакоі браты твае і ці ў супакоі авечкі, і прынясі мне вестку». І паслаў яго з даліны Хеўрон; і ён пайшоў у Сыхем.
І сказаў ён яму: «Схадзі і паглядзі, ці ўсё ў парадку ў братоў тваіх з жывёламі, і раскажы мне, што чуваць». І паслаў яго з даліны Геброну, і прыбыў ён у Сыхем.
І знайшоў яго [нейкі] чалавек, а вось, ён блукаў у полі, і спытаўся ў яго той чалавек, кажучы: «Што шукаеш?»
І вось напаткаў яго, калі ён блукаў па полі, адзін чалавек, і запытаў яго, што шукае.
А ён сказаў: «Я шукаю братоў маіх. Прашу, скажы мне, дзе яны пасьвяць?»
А ён адказаў: «Братоў сваіх шукаю. Скажы мне, дзе яны пасуць статак?»
І сказаў чалавек той: «Яны вырушылі адсюль, бо я чуў, як яны казалі: “Хадзем у Датан”». І пайшоў Язэп за братамі сваімі, і знайшоў іх у Датане.
І сказаў яму тады чалавек: «Перайшлі яны з гэтага месца. Чуў, як казалі яны: Хадзем у Датаін». І падаўся Язэп да братоў сваіх, і знайшоў іх у Датаіне.
І яны ўбачылі яго здалёк, перш, чым ён наблізіўся да іх, і змовіліся супраць яго, каб усьмерціць яго.
Калі яны яго ўбачылі яшчэ здалёку, пакуль прыйшоў да іх, надумаліся яго забіць.
І сказалі адзін да аднаго: «Вось, гэты гаспадар сноў ідзе.
І гаварылі адзін аднаму: «Вось снавідзец ідзе,
І цяпер хадзем, і заб’ем яго, і кінем яго ў нейкую яму, і скажам: “Злы зьвер зьеў яго”, і паглядзім, што будзе з ягоных сноў».
хадзем, заб'ем яго і ўкінем у студню, і скажам, што дзікі зьвер яго зьеў. І тады пабачым, ці дапамогуць яму сны ягоныя».
І пачуў [гэта] Рубэн, і выбавіў яго з рук іхніх, і сказаў: «Не забівайма душы».
Чуючы гэта, Рубэн стараўся вызваліць яго з рук іхніх, і сказаў: «Ня будзем забіваць яго».
І сказаў ім Рубэн: «Не разьлівайце крыві, кіньце яго ў гэтую яму, якая ў пустыні, а рукі не выцягніце на яго», каб выбавіць яго ад рукі іхняй, каб вярнуць яго бацьку ягонаму.
І сказаў далей: «Не пралівайце крыві, але ўкіньце яго ў гэтую студню, каторая ёсьць на пустыні, і рукі свае захаваеце нявіннымі». Гэтак казаў, хочучы вырваць яго з рук іхніх і вярнуць бацьку ягонаму.
І сталася, калі Язэп прыйшоў да братоў сваіх, яны зьнялі з Язэпа адзеньне ягонае, шату каляровую, якая была на ім.
І калі прыйшоў Язэп да братоў сваіх, зараз жа зьнялі зь яго доўгую шату,
І ўзялі яго, і кінулі яго ў яму; а яма была пустая, не было ў ёй вады.
і ўкінулі яго ў студню, каторая была без вады.
І селі яны есьці хлеб, і ўзьнялі вочы свае, і ўбачылі, і вось, караван Ізмаэльцаў ідзе з Гілеаду, і вярблюды іхныя нясуць пахошчы, бальзам і ладан, ідучы, каб завезьці гэта ў Эгіпет.
І селі яны, каб пасілкавацца, а калі паднялі вочы, убачылі купцоў Ізмаэльскіх, што ехалі з Гілеаду, і іхніх вярблюдаў, на каторых везьлі пахкія карэньні, жывіцу і пахкія алейкі ў Эгіпет.
І сказаў Юда братам сваім: «Якая карысьць, што мы заб’ем брата нашага і схаваем кроў ягоную?
Тады Юда сказаў сваім братам: «Што нам з таго, што заб'ём брата нашага і схаваем кроў ягоную?
Пойдзем і прадамо яго Ізмаэльцам, і рукі нашыя няхай ня будуць на ім; бо ён — брат наш, цела наша». І паслухалі [яго] браты ягоныя.
Лепш прадаць яго Ізмаэльцам, і рукі нашыя не спаганім. Брат ён наш і цела наша». І згадзіліся браты на яго прапанову.
І праходзілі тыя людзі, купцы Мадыянскія, а яны выцягнулі Язэпа з ямы, і прадалі Язэпа Ізмаэльцам за дваццаць срэбнікаў; і тыя завялі Язэпа ў Эгіпет.
І калі купцы Мадыянскія ішлі паўзь іх, яны выцягнулі Язэпа са студні і прадалі яго Ізмаэльцам за дваццаць сярэбранікаў, а тыя павялі яго ў Эгіпет.
І вярнуўся Рубэн да ямы, і вось, няма Язэпа ў яме. І разарваў ён адзеньне сваё,
А калі Рубэн вярнуўся да студні і не знайшоў хлопца,
і вярнуўся да братоў сваіх, і сказаў: «Хлопца няма, а я, куды я пайду?»
дык разарваў на сабе адзеньне і прыбег да братоў сваіх, і закрычаў: «Хлопца няма, а я, куды я пайду?»
І ўзялі яны шату Язэпа, і зарэзалі казла, і намачылі шату ў крыві,
І ўзялі яны тады адзежу яго, і памачылі ў кроў забітага казла,
і паслалі шату каляровую, і прынесьлі бацьку свайму, і сказалі: «Гэта мы знайшлі. Спраўдзь, просім, ці гэта адзеньне сына твайго, ці не?»
і паслалі бацьку свайму, кажучы: «Вось што мы знайшлі. Паглядзі, можа гэта доўгая шата сына твайго?»
І ён пазнаў яго, і сказаў: «Шаты сына майго. Дзікі зьвер зьеў яго, разьдзіраючы; разьдзёрты Язэп».
І калі пазнаў бацька яе, залямантаваў: «Гэта ж адзежа сына майго, дзікі зьвер разарваў Язэпа».
І разарваў Якуб адзеньне сваё, і апрануў зрэбніцу на сьцёгны свае, і плакаў па сыне сваім шмат дзён.
І разьдзёр ён адзеньне сваё, і надзеў зрэбніцу, і аплакваў сына свайго доўгі час.
І ўсталі ўсе сыны ягоныя, і ўсе дочкі ягоныя, каб пацешыць яго, але ён адмаўляўся пацешыцца, і казаў: «Бо зыйду да сына майго са смуткам у апраметную». І плакаў па [Язэпе] бацька ягоны.
І калі сабраліся ўсе дзеці ягоныя, каб суцішыць боль бацькі, ня слухаў пацехаў іхніх і казаў: «Са смуткам пайду за сынам у адхлань». І плакаў дзеля яго бацька яго.
А Мадыянцы прадалі яго ў Эгіпце Патыфару, урадоўцу фараона, начальніку варты.
А Мадыянцы прадалі Язэпа ў Эгіпце Патыфару, урадоўцу фараона, начальніку варты.