Быццё 21 разьдзел
Быццё
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2002
І ГОСПАД наведаў Сару, як сказаў; і ўчыніў ГОСПАД Сары, як гаварыў.
Наастатак аказаў Госпад сваю ласку Сары, як абяцаў, і зьдзейсьніў тое, што прадказваў.
І зачала Сара, і нарадзіла сына Абрагаму ў старасьці ягонай, у час, пра які казаў яму Бог.
І яна пачала, і нарадзіла Абрагаму сына ў той вось час, які Бог вызначыў.
І назваў Абрагам сына свайго, які нарадзіўся яму, якога нарадзіла яму Сара, Ісаак.
І Абрагам даў сыну свайму, каторага Сара нарадзіла яму, імя Ізаак.
І абрэзаў Абрагам Ісаака, сына свайго, на восьмы дзень, як загадаў яму Бог.
І абрэзаў Абрагам Ізаака, калі той меў восем дзён, як яму Бог загадаў.
І было Абрагаму сто гадоў, калі нарадзіўся ў яго Ісаак, сын ягоны.
Абрагам меў сто гадоў, калі яму нарадзіўся сын ягоны, Ізаак.
І сказала Сара: «Сьмех учыніў з мяне Бог. Кожны, хто пачуе, будзе сьмяяцца з мяне».
І Сара казала: «Прычыну да сьмеху даў мне Бог, хто ні пачуе пра мяне, будзе сьмяяцца».
І сказала: «Хто сказаў бы Абрагаму: “Сара будзе карміць грудзьмі сыноў”, бо я нарадзіла сына ў старасьці ягонай».
І зноў казала: «Хто б адважыўся сказаць Абрагаму: Сара будзе грудзьмі карміць дзяцей, а ўсё ж такі я нарадзіла сына міма старых гадоў майго мужа».
І вырасла дзіцятка, і было аднятае ад грудзей, і ўчыніў Абрагам вялікую гасьціну ў той дзень, калі Ісаак быў адняты ад грудзей.
І дзіця вырасла, і было аднятае ад грудзей. І Абрагам справіў вялікі баль у той дзень, у які Ізаак быў адняты ад грудзей.
І ўбачыла Сара сына Агар Эгіпцянкі, якога тая нарадзіла Абрагаму, што ён насьміхаецца,
А Сара, бачучы, што сын Эгіпцянкі Агары, каторага яна нарадзіла Абрагаму, насьміхаецца зь Ізаака,
і сказала Абрагаму: «Выгані гэтую нявольніцу і сына ейнага, бо ня будзе мець спадчыну сын нявольніцы гэтай з сынам маім Ісаакам».
сказала Абрагаму: «Выгані гэтую нявольніцу разам зь яе сынам, бо сын гэтай нявольніцы ня будзе спадкаемцам з сынам маім, Ізаакам».
І было гэта ліхім у вачах Абрагама адносна сына ягонага.
Прыкра прыняў гэта Абрагам дзеля сына свайго.
І сказаў Бог Абрагаму: «Няхай ня будзе гэта ліхім у вачах тваіх адносна хлопчыка і адносна нявольніцы тваёй. У-ва ўсім, што скажа табе Сара, слухай голасу ейнага, бо ў Ісааку будзе названа насеньне тваё.
Але вось Бог сказаў яму: «Хай табе не здаецца прыкрым тое, што сказала Сара пра хлопца і пра тваю нявольніцу. Паслухай яе, бо толькі ад Ізаака будзе названа патомства тваё.
Таксама сына нявольніцы Я зраблю народам, бо ён — насеньне тваё».
Але і з сына нявольніцы Я зраблю вялікі народ, бо ён ёсьць тваім патомкам».
І ўстаў Абрагам раніцаю, і ўзяў хлеб і мех вады, і даў Агар, і палажыў ёй на плечы, і выслаў яе разам з дзіцём. І яна пайшла, і блукала ў пустыні Бээр-Шэва.
І ўстаў назаўтра Абрагам рана, узяў хлеба і мех вады, і даў Агары, ускладаючы ёй на плечы, і адправіў яе разам зь дзіцем. Яна ж пайшла і цягалася па пустыні Бээр-Шэба.
І скончылася вада ў мяху, і яна пакінула дзіця пад адным з кустоў,
А калі ня стала вады ў мяху, яна палажыла дзіця пад адным кустом,
і пайшла, і села насупраць так далёка, як стрэліць з луку, бо яна сказала: «Няхай ня буду глядзець на сьмерць дзіцяці». І сядзела насупраць, і ўзьняла голас свой, і плакала.
потым адыйшла і села далёка, на стрэл лука, і сказала сабе: «Няхай ня ўбачу сьмерці дзіцяці». І седзячы насупраць, пачала ўголас плакаць.
І пачуў Бог голас хлопчыка. І паклікаў анёл Божы да Агар з неба, і сказаў ёй: «Што з табою, Агар? Ня бойся, бо пачуў Бог голас хлопчыка з месца, дзе Ён ёсьць.
І Бог пачуў крык дзіцяці. І Анёл Госпадаў азваўся зь неба да Агары, кажучы: «Што табе, Агар? Ня бойся, пачуў вось Бог крык дзіцяці адтуль, дзе знаходзіцца.
Устань, падымі хлопца і трымай яго моцна рукою сваёю, бо Я зраблю яго народам вялікім».
Устань, падымі дзіця, вазьмі яго рукою сваёй, бо Я зь яго зраблю вялікі народ».
І адчыніў Бог вочы ейныя, і яна ўбачыла студню з вадою, і пайшла, і напоўніла мех вады, і дала піць хлопцу.
І адкрыў Бог ёй вочы, і ўбачыла яна студню з вадой. Яна пайшла, напоўніла мех вадой і дала хлопцу напіцца.
І быў Бог з хлопцам; і ён вырас, і жыў у пустыні, і быў стралец з луку.
І Бог быў зь ім, і ён рос і жыў на пустыні, і зрабіўся стральцом з лука.
І ён жыў у пустыні Паран; і ўзяла яму маці ягоная жонку з зямлі Эгіпецкай.
І пражываў ён на пустыні Паран, а маці падабрала яму жонку зь зямлі Эгіпецкай.
І сталася ў той час, і сказаў Абімэлех і Піколь, гетман ягоны, Абрагаму, кажучы: «Бог з табою ў-ва ўсім, што ты робіш.
У той час Абімэлех і Піколь, начальнік ягонага войска, сказалі Абрагаму: «Бог з табой у-ва ўсім, што ты робіш.
І цяпер прысягні мне Богам тут, што ты ня здрадзіш ані мне, ані нашчадку майму, ані ўнуку майму, і як я чыніў міласэрнасьць табе, так ты будзеш рабіць са мною і з зямлёю, у якой ты жывеш».
Дык злажы тут, на гэтым месцы, прысягу на Бога, што ты ані адносна мяне, ані адносна майго патомства бліжэйшага не дапусьцішся здрады, але як я абыходзіўся з табой, так і ты будзеш абыходзіцца са мной і зь зямлёй, у каторай гасьціш прыбыльцам».
І сказаў Абрагам: «Прысягаю».
Абрагам сказаў: «Прысягаю».
І дакараў Абрагам Абімэлеха з прычыны студні вады, якую забралі слугі Абімэлеха.
Прытым аднак упікнуў Абрагам Абімэлеха за студню з вадой, якую слугі яго забралі сілай.
І сказаў Абімэлех: «Я ня ведаю, хто ўчыніў гэтую рэч, і ты не расказваў мне, і я ня чуў нічога аж да сёньняшняга дня».
Адказаў Абімэлех: «Ня ведаю, хто гэта зрабіў. Але ані ты мне гэтага не казаў, ані я ня чуў пра гэта аж да сёньня».
І ўзяў Абрагам авечак і валоў, і даў Абімэлеху, і заключылі яны абодва запавет.
Дык узяў Абрагам авец і валоў і даў Абімэлеху, і так абодва заключылі запавет.
І паставіў Абрагам сем ягнятаў з чарады асобна.
І паставіў Абрагам сем ягнят са стада асобна.
І сказаў Абімэлех Абрагаму: «Навошта гэтыя сем ягнятаў, якіх ты паставіў асобна?»
І спытаўся Абімэлех у яго: «Пашто сем ягнят гэтых ты паставіў асобна?»
І сказаў [Абрагам]: «Бо сем гэтых ягнятаў возьмеш з рукі маёй, каб яны былі мне сьведчаньнем, што я выкапаў гэтую студню».
А ён адказаў: «Сем ягнят атрымаеш з рукі маёй, каб былі мне сьведчаньнем, што я выкапаў гэтую студню».
Дзеля таго і названа гэтае месца Бээр-Шэва, бо там яны абодва прысягалі.
Таму месца тое названае Бээр-Шэба, бо тут абодва прысяглі.
І заключылі запавет у Бээр-Шэве. І ўстаў Абімэлех і Піколь, гетман ягоны, і вярнуліся ў зямлю Філістынскую.
Так у Бээр-Шэбе ўвайшлі яны ў запавет.
І пасадзіў [Абрагам] гай у Бээр-Шэве, і клікаў там імя ГОСПАДА, Бога вечнага.
Пасьля вось Абімэлех і Піколь, начальнік войска ягонага, вярнуліся ў зямлю Філістынцаў. А Абрагам пасадзіў лес у Бээр-Шэбе і прызываў там імя Госпада, Бога Вечнага.
І жыў Абрагам у зямлі Філістынскай шмат дзён.
І жыў Абрагам як чужынец у зямлі Філістынцаў многія дні.