Быццё 4 разьдзел

Быццё
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І чалавек спазнаў Еву, жонку сваю, і яна зачала, і нарадзіла Каіна, і сказала: «Атрымала я мужа ад ГОСПАДА».
 
Чалавек жа пазнаў жонку сваю Эву, і яна пачала, і нарадзіла Каіна, і сказала: «Нарадзіла мужчыну з волі Госпада».

І яшчэ нарадзіла брата ягонага Абэля. І быў Абэль пастухом авечак, а Каін быў земляробам.
 
А потым нарадзіла брата яго Абеля. Абель быў пастухом авец, а Каін — земляробам.

І сталася, калі прайшлі дні, Каін прынёс з пладоў зямлі дар ГОСПАДУ.
 
Калі па нейкім часе Каін складаў Госпаду ахвяру з пладоў зямлі і рук сваіх,

І Абэль таксама прынёс з першародных авечак сваіх і з тлустасьці іх. І ўзглянуў ГОСПАД на Абэля і на дар ягоны,
 
Абель складаў таксама зь пяршынаў статку свайго і зь іх тлустасьці, і Госпад узглянуў на Абеля і дар ягоны,

а на Каіна і на дар ягоны ня ўзглянуў. І вельмі загневаўся Каін, і пахілілася аблічча яго.
 
а на Каіна і дар ягоны ня ўзглянуў. Моцна ўзлаваўся Каін і панурым стаўся воблік яго.

І сказаў ГОСПАД Каіну: «Чаму ты загневаўся і чаму пахілілася аблічча тваё?
 
І сказаў Госпад яму: «Чаго злуешся і чаго крывіцца воблік твой?

Ці ж ты не ўзьнімаеш [аблічча], калі робіш добра, а калі ня робіш добра, грэх ляжыць пры дзьвярах, да цябе памкненьне ягонае, але ты павінен панаваць над ім».
 
Калі б ты рабіў добрае, меў бы воблік спагадны; калі ж ня будзеш рабіць добрае, грэх цікуе ў дзьвярах і лашчыцца да цябе, а ты павінен панаваць над ім».

І сказаў Каін Абэлю, брату свайму: [«Пойдзем у поле»]. І сталася, калі былі яны ў полі, паўстаў Каін на Абэля, брата свайго, і забіў яго.
 
І сказаў Каін Абелю, брату свайму: «Хадзем у поле». А калі яны былі ў полі, Каін кінуўся на брата свайго Абеля і забіў яго.

І сказаў ГОСПАД Каіну: «Дзе Абэль, брат твой?» А той сказаў: «Ня ведаю. Ці ж я вартаўнік брата майго?»
 
Тады Бог спытаўся ў Каіна: «Дзе брат твой, Абель?» Ён адказаў: «Ня ведаю. Ці ж я стораж брата свайго?»

І сказаў [Бог]: «Што ты зрабіў? Голас крыві брата твайго кліча да Мяне ад зямлі.
 
І сказаў Бог: «Што ты зрабіў? Голас крыві брата твайго кліча да Мяне з поля.

І цяпер пракляты ты ад зямлі, якая адчыніла вусны свае прыняць кроў брата твайго з рукі тваёй.
 
Дык цяпер будзь пракляты на той ральлі, каторая адкрыла вусны свае прыняць кроў брата твайго з рук тваіх!

Калі будзеш абрабляць зямлю, яна ня будзе больш даваць табе сілы свае. Выгнанцам і ўцекачом будзеш на зямлі».
 
Калі гэтую зямлю абрабляць будзеш, ня дасьць яна ўжо больш ураджаю. Выгнанцам і ўцекачом будзеш на зямлі!»

І сказаў Каін ГОСПАДУ: «Большае беззаконьне маё, чым можна зьнесьці.
 
І сказаў Каін Госпаду: «Надта вялікая кара мая, каб я мог яе зьнесьці.

Вось, Ты выганяеш мяне сёньня з аблічча зямлі, і буду хавацца ад аблічча Твайго, і буду я выгнанцам і ўцекачом на зямлі, і станецца, што кожны, хто сустрэне мяне, заб’е мяне».
 
Калі мяне сёньня выганіш з гэтай зямлі, і ад аблічча Твайго схаваюся і буду бадзякай і ўцекачом на зямлі, дык кожны, хто напаткае мяне, заб'е мяне».

І сказаў яму ГОСПАД: «Таму кожнаму, хто заб’е Каіна, сем разоў будзе адпомшчана». І пазначыў ГОСПАД Каіна знакам, каб не забіў яго кожны, хто сустрэне яго.
 
І сказаў яму Госпад: «Гэтак ня будзе, але кожны, хто забіў бы Каіна, — у сем разоў больш будзе пакараны!» І палажыў Госпад Каіну знак, каб не забіваў яго, хто-колечы сустрэне яго.

І адыйшоў Каін ад аблічча ГОСПАДА, і пасяліўся ў зямлі Нод, на ўсход ад Эдэму.
 
Пасьля Каін адышоў ад аблічча Госпада і пасяліўся ў зямлі Нод, на ўсход ад Эдэну.

І спазнаў Каін жонку сваю, і яна зачала, і нарадзіла Эноха. І пабудаваў ён горад, і назваў імя горада ад імя сына свайго — Энох.
 
І пазнаў вось Каін жонку сваю, і яна пачала, і нарадзіла Геноха. І пабудаваў (Каін) горад і назваў яго ад імя свайго сына — Генох.

І нарадзіў Энох Ірада, а Ірад нарадзіў Мэхіяэля, а Мэхіяэль нарадзіў Мэтушаэля, а Мэтушаэль нарадзіў Лямэха.
 
Генох быў бацькам Ірада, а Ірад быў бацькам Мэвіяэля, а Мэвіяэль быў бацькам Мэтушаэля, а Мэтушаэль быў бацькам Лямеха.

І ўзяў сабе Лямэх дзьве жонкі. Імя адной — Ада, а імя другой — Цыля.
 
Лямех узяў сабе дзьве жонкі. Імя адной — Ада, а другой — Цыля.

І нарадзіла Ада Яваля, ён быў бацька тых, што жывуць у намётах і маюць статкі.
 
Ада нарадзіла Ябэля; гэта ён быў прабацькам пражываючых у палатках і пастухоў.

А імя брата ягонага — Юваль, ён быў бацька ўсіх, што граюць на гусьлях і жалейцы.
 
Брат ягоны называўся Юбаль; гэта ад яго вядуцца ўсе граючыя на гусьлях і на флейце.

І Цыля таксама нарадзіла Туваль-Каіна, які быў кавалём усякіх прыладаў з медзі і жалеза. А сястра Туваль-Каіна — Наама.
 
А Цыля нарадзіла Тубаль-Каіна; ён быў кавалём, што рабіў усе прылады зь медзі і жалеза. Сястрой Тубаль-Каіна была Наэма.

І сказаў Лямэх жонкам сваім: «Ада і Цыля, паслухайце голас мой! Жонкі Лямэха, прыхіліце вуха да мовы маёй! Бо забіў я чалавека за рану сваю і юнака за скалечаньне сваё.
 
Лямех сказаў сваім жонкам: «Ада і Цыля, паслухайце, што я скажу! Жоны Лямеха, уважце на словы мае! Забіў я чалавека за рану сваю і юнака за скалячэньне сваё.

Бо за Каіна будзе адпомшчана сем разоў, а за Лямэха — семдзясят сем».
 
У сем разоў больш павінна быць адпомшчана за Каіна. А за Лямеха — у семдзесят сем».

І спазнаў яшчэ Адам жонку сваю, і яна нарадзіла сына, і назвала імя ягонае Сэт, бо [казала]: «Даў мне Бог іншае насеньне замест Абэля, якога забіў Каін».
 
І пазнаў зноў Адам жонку сваю, і яна нарадзіла сына, і назвала імя яго Сэт, кажучы: «Даў мне Бог патомка іншага ў замену за Абеля, каторага забіў Каін».

У Сэта таксама нарадзіўся сын, і ён назваў імя ягонае Энос. Тады пачалі клікаць імя ГОСПАДА.
 
А Сэту нарадзіўся сын, каторага той назваў Энош. Тады пачалі прызываць імя Госпада.