Быццё 2 разьдзел
Быццё
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2002
І былі скончаны неба і зямля, і ўсё войска іхняе.
Такім чынам былі закончаны неба і зямля, поруч усё мноства іхняе.
І скончыў Бог у сёмы дзень працу Сваю, якую зрабіў, і супачыў у сёмы дзень ад усёй працы Сваёй, якую зрабіў.
У сёмы дзень закончыў Бог тварэньне Сваё, што стварыў, і ў дзень сёмы спыніўся ад усякага тварэньня, што даканаў.
І дабраславіў Бог дзень сёмы, і асьвяціў яго, бо ў ім супачыў ад усёй працы Сваёй, калі ствараў Бог, робячы.
І дабраславіў Бог дзень сёмы і ўсьвяціў яго, бо ў ім супачыў ад усякай працы Сваёй, якую зрабіў Бог, творачы.
Такі вось радавод неба і зямлі, калі былі яны створаныя, у дзень, калі ГОСПАД Бог зрабіў зямлю і неба.
Такое вось паходжаньне неба і зямлі, калі былі яны створаны. Калі Госпад Бог стварыў зямлю і неба,
І не было яшчэ ніводнага куста палявога на зямлі, і ніводная трава палявая яшчэ не вырасла, бо ГОСПАД Бог не спаслаў дождж на зямлю і не было чалавека, каб абрабляць зямлю.
не было яшчэ ніводнага куста палявога на зямлі, ані ніводнай палявой траўкі ўзыйшоўшай, бо Госпад не спасылаў дажджу на зямлю, ды не было чалавека, каторы б абрабляў зямлю,
І пара падымалася ад зямлі, і напойвала ўсё аблічча зямлі.
але крыніца выцякала зь зямлі і абвадняла ўвесь паверх зямлі.
І зьляпіў ГОСПАД Бог чалавека з пылу зямлі, і ўдыхнуў у ноздры ягоныя дыханьне жыцьця, і стаўся чалавек душою жывою.
Тады ўфармаваў Госпад Бог чалавека з пылу зямлі і ўдыхнуў у ноздры ягоныя дых жыцьця, і чалавек стаўся душою жывою.
І пасадзіў ГОСПАД Бог сад у Эдэме, на ўсходзе, і зьмясьціў там чалавека, якога зьляпіў.
І заснаваў Госпад Бог рай у Эдэне, на ўсходзе, у якім памясьціў чалавека, каторага Сам уфармаваў.
І вырасьціў ГОСПАД Бог з зямлі ўсякае дрэва, прыгожае на выгляд і добрае на ежу, і дрэва жыцьця ў сярэдзіне саду, і дрэва спазнаньня дабра і зла.
І вырасьціў Госпад Бог зь зямлі ўсякае дрэва, прыгожае на від і салодкае на яду, а ў сярэдзіне раю — дрэва жыцьця і дрэва пазнаньня дабра і зла.
І рака выцякала з Эдэму, каб напойваць сад, і адтуль яна разьдзялялася на чатыры галоўныя [ракі].
З Эдэну выцякала рака для абвадняньня раю, каторая адтуль разьдзялілася на чатыры ракі.
Назва адной — Пішон, яна атачае ўсю зямлю Хавіля, у якой золата.
Назва адной — Пішон. Яна тая, што акружала зямлю Хавіля, дзе знаходзіцца золата.
А золата той зямлі добрае, там бдалях і камень онікс.
А золата тое зямлі найлепшае, там пахкая жывіца і камень чырвоны.
А назва другой ракі — Гіхон, яна атачае ўсю зямлю Куш.
А назва другой ракі — Гіхон; акружае яна ўсю краіну Куш.
А назва трэцяй ракі — Хідэкель, яна цячэ на ўсход Асірыі; а чацьвёртая рака — Эўфрат.
Трэцяя ж рака называецца Тыгар: цячэ яна на ўсход Асырыі, чацьвёртая рака — Эўфрат.
І ўзяў ГОСПАД Бог чалавека, і зьмясьціў яго ў садзе Эдэм, каб абрабляў яго і захоўваў яго.
Вось жа ўзяў Госпад Бог чалавека і памясьціў яго ў раі Эдэне, каб даглядаў яго і сьцярог яго.
І загадаў ГОСПАД Бог чалавеку, кажучы: «З кожнага дрэва ў садзе будзеш есьці,
І загадаў Госпад Бог чалавеку: «З кожнага райскага дрэва еш,
але з дрэва спазнаньня дабра і зла ня еш з яго, бо ў дзень, у які будзеш есьці з яго, сьмерцю памрэш».
а з дрэва пазнаньня дабра і зла ня еш! Бо ў які-колечы дзень будзеш есьці зь яго — сьмерцю памрэш».
І сказаў ГОСПАД Бог: «Ня добра быць чалавеку аднаму; зраблю яму дапамогу, адпаведную яму».
Таксама сказаў Госпад Бог: «Ня добра быць чалавеку аднаму: зраблю яму дапамогу, падобную да яго».
І зьляпіў ГОСПАД Бог з зямлі ўсіх зьвяроў палявых і ўсіх птушак паднебных, і прывёў да чалавека, каб пабачыць, як ён назаве іх, і як чалавек назаве кожную душу жывую, такое і імя ёй.
І ўфармаваў Госпад Бог зь зямлі ўсіх жывуноў палявых і ўсіх птушак паднебных, і прывёў іх да чалавека, каб пабачыць, як ён назаве іх, і як чалавек назаве кожную істоту жывую, такое і імя ёй уласьцівае.
І назваў чалавек імёны ўсёй скаціны, і ўсіх птушак паднебных, і ўсіх зьвяроў палявых, але для чалавека не знайшлося дапамогі, адпаведнай яму.
І так чалавек назваў сваімі імёнамі ўсе жывёлы, і ўсе птушкі паднебныя, і ўсіх зьвяроў палявых. Аднак чалавеку не знайшоўся памочнік, падобны яму.
І спусьціў ГОСПАД Бог моцны сон на чалавека, і [той] заснуў. І ўзяў Ён адно з рэбраў ягоных, і закрыў целам тое месца.
Дык упусьціў Госпад Бог сон на чалавека. Калі ён заснуў, выняў яму адно зь яго рэбраў, а месца гэта запоўніў целам.
І збудаваў ГОСПАД Бог з рабра, якое ўзяў з чалавека, жанчыну, і прывёў яе да чалавека.
А з рабра, якое выняў з чалавека, Госпад Бог уфармаваў жанчыну і прывёў яе да чалавека.
І сказаў чалавек: «Вось, на гэты раз, гэта костка з костак маіх і цела з цела майго. Яна будзе называцца жанчынаю, бо ўзятая з мужа».
І сказаў чалавек: «Гэта цяпер косьць з касьцей маіх ды цела зь цела майго. Яна будзе называцца жонкаю, бо ўзята ад мужа».
Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці сваю і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць адным целам.
Таму пакіне чалавек бацьку свайго і матку сваю і злучыцца з жонкай сваёй так, што будуць адным целам.
І былі абое голыя, чалавек і жонка ягоная, і не саромеліся.
І былі абое голыя, чалавек значыць і жонка яго, але не адчувалі сораму.