Мацьвея 6 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2003
Сьцеражыцеся, не рабіце міласьціны вашае перад людзьмі з тым, каб яны бачылі вас, бо тады ня будзеце мець нагароды ад Айца вашага, Які ў небе.
Зважайце, каб вы вашай добрай справы не ўчынялі перад людзьмі, каб яны бачылі. Інакш узнагароды не будзеце мець у Айца вашага, Які ёсць на небе.
Калі ж даеш міласьціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сынагогах і на вуліцах, каб людзі славілі іх. Сапраўды кажу вам: яны ўжо атрымліваюць нагароду сваю.
І, калі ты ўчыняеш міласціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сінагогах і на вуліцах, каб іх людзі ўслаўлялі. Сапраўды кажу вам: яны атрымалі сваю ўзнагароду.
У цябе ж, калі ты робіш міласьціну, няхай левая рука твая ня ведае, што робіць правая,
Але, калі даеш міласціну, хай твая левая рука не ведае, што робіць твая правая рука,
каб міласьціна твая была ўтоена, і Айцец твой, Які бачыць утоенае, дасьць табе яўна.
каб міласціна твая была ў скрытасці, і Айцец твой, Які бачыць скрытае, узнагародзіць цябе.
І калі молішся, ня будзь, як крывадушнікі, бо яны любяць у сынагогах і на вуглах вуліцаў, спыніўшыся, маліцца, каб паказацца перад людзьмі. Сапраўды кажу вам, што яны ўжо атрымліваюць нагароду сваю.
І, калі вы моліцеся, не будзьце, як крывадушнікі, якія любяць маліцца, стоячы ў сінагогах і на скрыжаваннях вуліц, каб іх людзі бачылі. Сапраўды кажу вам: яны ўжо атрымалі сваю ўзнагароду.
Ты ж, калі молішся, увайдзі ў пакой твой і, зачыніўшы дзьверы твае, памаліся Айцу твайму, Які ўтоены, і Айцец твой, Які бачыць утоенае, дасьць табе яўна.
А ты, калі будзеш маліцца, увайдзі ў свой пакой і, зачыніўшы дзверы, маліся да Айца свайго ў скрытасці. А Айцец твой, Які бачыць скрытае, узнагародзіць цябе.
А молячыся, не гаварыце лішняга, як пагане, бо яны думаюць, што ў шматслоўі сваім будуць пачутыя.
А молячыся, не гавары многа, як пагане, бо яны лічаць, што ў шматслоўі сваім будуць пачуты.
Ня будзьце падобныя да іх, бо ведае Айцец ваш, у чым вы маеце патрэбу, раней, чым вы папросіце ў Яго.
Дык не будзьце падобнымі да іх; бо Айцец ваш ведае, у чым ваша патрэба, раней, чым вы Яго папросіце.
Маліцеся ж вось гэтак: “Ойча наш, Які ёсьць у небе! Сьвяціся імя Тваё;
А вось так вы маліцеся: Ойча наш, Які ёсць на небе, свяціся імя Тваё,
прыйдзі Валадарства Тваё; будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі.
прыйдзі Валадарства Тваё, будзь воля Твая, як на небе, так і на зямлі.
Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня.
Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння;
І адпусьці нам правіны нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым;
і адпусці нам грахі нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым;
і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Бо Тваё Валадарства, і моц, і слава навекі. Амэн”.
і не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.
Бо, калі вы будзеце адпускаць людзям грахі іхнія, то і вам адпусьціць Айцец ваш, Які ў небе.
Бо калі вы адпусціце людзям грахі іх, дык і ваш Айцец нябесны адпусціць вам.
А калі ня будзеце адпускаць людзям грахоў іхніх, то і Айцец ваш не адпусьціць грахоў вашых.
Але калі вы не адпусціце людзям, то і Айцец ваш не адпусціць грахоў вашых.
А калі посьціце, ня будзьце панурымі, быццам крывадушнікі; бо яны зьмяняюць абліччы свае, каб, посьцячыся, паказацца перад людзьмі. Сапраўды кажу вам, што яны ўжо атрымліваюць нагароду сваю.
Калі посціце, не будзьце сумныя, быццам крывадушнікі; бо яны твары свае выкрыўляюць, каб паказацца людзям, што посцяць. Сапраўды кажу вам: яны ўжо атрымалі сваю ўзнагароду.
А ты, посьцячыся, памаж галаву тваю і абмый аблічча тваё,
А ты, калі посціш, намасці галаву сваю ды абмый твар свой,
каб ня перад людзьмі паказацца посьцячым, але перад Айцом тваім, Які ўтоены, і Айцец твой, Які бачыць утоенае, дасьць табе яўна.
каб паказацца поснікам не людзям, а Айцу твайму, Які ў скрытасці; і Айцец твой, Які бачыць у скрытасці, аддасць табе.
Не зьбірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і іржа нішчаць, і дзе злодзеі падкопваюць і крадуць;
Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе ржа ды моль нішчаць і дзе злодзеі падкопваюць і крадуць.
але зьбірайце сабе скарбы ў небе, дзе ані моль, ані іржа ня нішчаць, і дзе злодзеі не падкопваюць і не крадуць.
Але збірайце сабе скарбы на небе, дзе ані ржа, ані моль не нішчаць і дзе злодзеі не падкопваюць і не крадуць.
Бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца вашае.
Бо дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё.
Сьветач цела ёсьць вока. Калі вока тваё чыстае, усё цела тваё будзе сьветлае.
Свяцільня цела твайго — вока тваё. Калі вока тваё будзе чыстым, дык і ўсё цела тваё будзе светлым.
Калі ж вока тваё злое, усё цела тваё будзе цёмным. Калі ж сьвятло, якое ў табе, ёсьць цемра, дык якая ж цемра сама?
А калі ж вока тваё нягодным будзе, усё цела тваё цёмным будзе. Калі ж святло, што ў табе, — цемра, дык наколькі ж вялікай сама цемра будзе?
Ніхто ня можа служыць двум панам; бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Ня можаце Богу служыць і мамоне.
Ніхто не можа двум гаспадарам служыць, бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаму будзе адданы, а другім пагарджаць. Не можаце Богу служыць і мамоне.
Таму кажу вам: не клапаціцеся пра душу вашую, што вам есьці і што піць, ані пра цела вашае, у што апрануцца. Ці ж душа ня большая за ежу, і цела — за адзеньне?
Вось чаму кажу вам: не турбуйцеся пра жыццё вашае, што будзеце есці, ані пра цела вашае, у што апранацца будзеце. Ці ж жыццё не важнейшае за ежу, а цела — за адзенне?
Паглядзіце на птушак нябесных, што ані сеюць, ані жнуць і не зьбіраюць у сьвірны, і Айцец ваш Нябесны жывіць іх. Наколькі ж вы лепшыя за іх.
Паглядзіце на птушак нябесных, якія ані сеюць, ані жнуць, ані збіраюць у свірны, а Айцец ваш нябесны корміць іх. Ці ж вы не шмат важнейшыя за іх?
Хто з вас сваім клопатам можа дадаць сабе росту хоць на адзін локаць?
Ды хто ж з вас, клапоцячыся, можа дабавіць да росту свайго адзін локаць?
І наконт адзеньня чаго клапоціцеся? Паглядзіце на палявыя лілеі, як яны растуць, не працуюць, не прадуць.
А пра адзенне нашто турбуецеся? Прыгледзьцеся да палявых лілеяў, як яны растуць: ані працуюць, ані прадуць.
А Я кажу вам, што нават Салямон у-ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як адна з іх.
А Я кажу вам, што нават Саламон ва ўсёй славе сваёй не быў так прыбраны, як адна з іх.
Калі ж траву на полі, якая сёньня ёсьць, а заўтра будзе кінутая ў печ, Бог так апранае, дык ці ня шмат больш вас, малаверы?
Калі ж гэтую палявую траву, што сёння ёсць, а заўтра будзе ў печ укінута, Бог так апранае, дык непараўнальна вас, малаверы.
Дык не клапаціцеся, кажучы: “Што нам есьці?”, ці: “Што нам піць?”, ці: “У што апрануцца?”
І не турбуйцеся таму, кажучы: «Што будзем есці?», або «Што будзем піць?», або «У што будзем апранацца?»
Бо ўсяго гэтага шукаюць пагане. Бо Айцец ваш Нябесны ведае, што вам усё гэтае патрэбна.
Бо гэтага ўсяго пагане шукаюць, але Айцец ваш нябесны ведае, што вы ва ўсім гэтым маеце патрэбу.
Шукайце ж перш Валадарства Божага і праведнасьці Яго, і тое ўсё дадасца вам.
Дык шукайце ж перш Валадарства Божага і Яго справядлівасці, а ўсё іншае дадасца вам.
Дык не клапаціцеся пра заўтрашні дзень, бо заўтрашні дзень сам будзе клапаціцца пра сябе. Досыць [кожнаму] дню свайго ліха.
І не турбуйцеся пра заўтрашні дзень, бо дзень заўтрашні сам пра сябе патурбуецца. Дастаткова дню свайго ліха.