Мацьвея 4 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2003
Тады Ісус заведзены быў Духам у пустыню дзеля спакушэньня праз д’ябла,
Пасля Ісус быў заведзены ў пустыню Духам для спакушэння д’яблам.
і, прапасьціўшы сорак дзён і сорак начэй, нарэшце згаладнеў.
І, пасля таго, як посціў сорак дзён і сорак начэй, пачуўся галодным.
І, падыйшоўшы да Яго, спакусьнік сказаў: «Калі Ты — Сын Божы, скажы, каб камяні гэтыя сталіся хлябамі».
І, прыступіўшы да Яго, спакуснік сказаў: «Калі Ты — Сын Божы, скажы, каб гэтыя камяні зрабіліся хлебам».
Ён жа, адказваючы, сказаў яму: «Напісана: “Ня хлебам адным будзе жыць чалавек, але ўсякім словам, што выходзіць з вуснаў Божых”».
Той, адказваючы, прамовіў: «Напісана: «Не адзіным толькі хлебам будзе жыць чалавек, але і кожным словам, якое паходзіць з вуснаў Божых».
Потым бярэ Яго д’ябал у сьвяты горад, і стаўляе на самым версе сьвятыні,
Потым пераносіць Яго д’ябал у святы горад і ставіць Яго на вышыні святыні,
і кажа Яму: «Калі Ты — Сын Божы, кінься ўніз, бо напісана: “Анёлам Сваім загадае пра Цябе, і на руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся аб камень нагою Тваёю”».
і кажа Яму: «Калі Ты — Сын Божы, дык кінься ўніз; бо напісана: «загадаў Ён анёлам Сваім наконт Цябе, на руках будуць насіць Цябе, каб часам не скалечыў аб камень нагі Сваёй».
Ісус сказаў яму: «Ізноў жа напісана: “Не спакушай Госпада, Бога твайго”».
Гаворыць яму Ісус: «Ізноў жа напісана: «Ты не будзеш выпрабоўваць Госпада, Бога твайго».
Ізноў бярэ Яго д’ябал на вельмі высокую гару, і паказвае Яму ўсе валадарствы сьвету і славу іх,
Ізноў пераносіць Яго д’ябал на вельмі высокую гару ды паказвае Яму ўсе валадарствы свету і іх славу,
і кажа Яму: «Усё гэта дам Табе, калі, упаўшы, паклонішся мне».
і кажа Яму: «Усё гэта аддам Табе, калі, упаўшы, паклонішся мне».
Тады Ісус кажа яму: «Адыйдзі ад Мяне, шатан! Бо напісана: “Госпаду, Богу твайму, пакланяйся і Яму аднаму служы”».
Тады кажа яму Ісус: «Ідзі прэч, шатан! Бо напісана: «Госпаду, Богу твайму, кланяцца будзеш і аднаму Яму служыць будзеш».
Тады пакідае Яго д’ябал; і вось, анёлы прыступіліся і служылі Яму.
Тады пакінуў Яго д’ябал, і вось, анёлы прыступіліся і служылі Яму.
А пачуўшы, што Ян у вязьніцы, Ісус адыйшоў у Галілею.
Калі ж Ісус пачуў, што Ян стаў ахвярай здрадніцтва, то адышоў у Галілею.
І, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і асеў у Капэрнауме прыморскім, у межах Завулёна і Нэфталі,
І, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і абжыўся ў Кафарнаўме прыморскім,
каб споўнілася сказанае праз прарока Ісаю, які кажа:
у межах Забулона і Нэфталі, каб збылося, што прадказана прарокам Ісаем, які кажа:
«Зямля Завулёна і зямля Нэфталі, на дарозе прыморскай за Ярданам, Галілея паганская,
«Зямля Забулона і зямля Нэфталі, на шляху прыморскім за Ярданам, Галілея паганская;
народ, які сядзеў у цемры, убачыў сьвятло вялікае, і тым, што сядзелі ў краіне і ценю сьмерці, сьвятло зазьзяла».
народ, які сядзеў у цемры, святло ўбачыў вялікае, і для тых, што сядзяць у краіне засені смерці, святло ўзышло».
З таго часу Ісус пачаў абвяшчаць і казаць: «Навярніцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае».
Адсюль пачаў Ісус прапаведаваць і казаць: «Навяртайцеся, бо прыблізілася Валадарства Нябеснае».
Праходзячы ж недалёка ад мора Галілейскага, Ён убачыў двух братоў, Сымона, называнага Пятром, і Андрэя, брата ягонага, якія закідалі сеткі ў мора, бо яны былі рыбаловы,
А калі ішоў каля мора Галілейскага, убачыў двух братоў — Сімона, які завецца Пётрам, і Андрэя, брата яго, як запускалі сеткі ў мора, бо былі рыбаловамі.
і кажа ім: «Ідзіце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі чалавекаў».
І гаворыць ім: «Ідзіце за Мной! Зраблю вас лаўцамі людзей».
І яны адразу, пакінуўшы сеці, пайшлі за Ім.
Яны, адразу кінуўшы сеткі, пайшлі следам за Ім.
Ідучы адтуль далей, убачыў Ён іншых двух братоў, Якуба Заўдыявага і Яна, брата ягонага, у чаўне з Заўдыем, бацькам іхнім, якія правілі сеці свае, і паклікаў іх.
І, ідучы далей адтуль, Ён убачыў двух іншых братоў, Якуба Зебядзеевага і Яна, брата яго, якія ў лодцы з бацькам сваім, Зебядзеем, правілі сеткі, і паклікаў іх.
І яны адразу, пакінуўшы човен і бацьку свайго, пайшлі за Ім.
І яны адразу, пакінуўшы сеткі і бацьку, пайшлі следам за Ім.
І хадзіў Ісус па ўсёй Галілеі, навучаючы ў сынагогах іхніх і абвяшчаючы Эвангельле Валадарства, і аздараўляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у народзе.
І хадзіў Ісус па ўсёй Галілеі наўкола, навучаючы ў сінагогах іх і прапаведуючы добрую вестку Валадарства, ды аздараўляў людзей ад усякай хваробы і ўсякай немачы.
І прайшлі пра Яго чуткі па ўсёй Сірыі, і прыводзілі да Яго ўсіх нядужых, з рознымі хворасьцямі і пакутамі, і апанаваных дэманамі, і люнатыкаў, і спараліжаваных, і Ён іх аздараўляў.
І разышлася слава Яго па ўсёй Сірыі. Дык прыводзілі да Яго ўсіх немачных, рознымі хваробамі і пакутамі апанаваных, і апанаваных дэманамі, і лунатыкаў, і паралітыкаў, і Ён аздараўляў іх.
І ішлі за Ім шматлікія натоўпы з Галілеі, і Дэкапалю, і Ерусаліму, і Юдэі, і з таго боку Ярдану.
І хадзілі за Ім вялікія натоўпы з Галілеі, і з Дэкапаля, і з Ерузаліма, і з Юдэі, ды з-за Ярдана.