Мацьвея 11 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2003
І сталася, калі скончыў Ісус загадваць дванаццаці вучням Сваім, пайшоў адтуль вучыць і абвяшчаць у гарады іхнія.
І сталася, калі скончыў Ісус навучаць дванаццаць вучняў Сваіх, Ён пайшоў адтуль далей, каб вучыць і прапаведаваць у гарадах іх.
Ян жа, пачуўшы ў вязьніцы пра дзеяньні Хрыста, паслаў двух вучняў сваіх
Ян жа, калі пачуў у вязніцы аб дзеях Хрыста, паслаў вучняў сваіх
сказаць Яму: «Ці Ты — Той, Які прыходзіць, ці чакаць нам іншага?»
запытацца ў Ісуса: «Ты Той, Хто павінен прыйсці, ці другога чакаць?»
І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Ідзіце, паведаміце Яну, што чуеце і бачыце:
Адказваючы, сказаў ім Ісус: «Ідзіце і паведаміце Яну, што вы чулі і бачылі:
сьляпыя бачаць і кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць і ўбогім дабравесьціцца.
сляпыя бачаць, і кульгавыя ходзяць, і пракажоныя ачышчаюцца, і глухія чуюць, і мёртвыя ўваскрасаюць, і ўбогім абвяшчаецца добрая вестка,
І шчасьлівы той, хто ня згоршыцца праз Мяне».
і бласлаўлёны, хто не згоршыцца з Мяне».
Калі ж тыя пайшлі, Ісус пачаў гаварыць да натоўпаў пра Яна: «Што глядзець хадзілі вы ў пустыню? Ці трысьціну, якую вецер хістае?
А калі тыя адышліся, пачаў Ісус гаварыць да людзей пра Яна: «Што вы выйшлі пабачыць у пустыню? Трысцё, што хістаецца ад ветру?
Але што хадзілі вы ўбачыць? Ці чалавека, апранутага ў мяккія шаты? Вось, тыя, што носяць мяккія шаты, знаходзяцца ў дамах валадарскіх.
Дык што вы выйшлі пабачыць? Можа, чалавека, у мяккія шаты апранутага? Вось, тыя, што ў мяккія шаты апранаюцца, жывуць у дамах царскіх.
Але што хадзілі вы ўбачыць? Прарока? Так, кажу вам, і больш за прарока.
Дык каго вы выйшлі пабачыць? Прарока? Нават, кажу вам, і больш за прарока.
Бо ён ёсьць той, пра якога напісана: “Вось, Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які пракладзе шлях Твой перад Табою”.
Бо ён ёсць той, пра каго было напісана: «Вось жа, Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які прыгатуе дарогу Тваю перад Табою».
Сапраўды кажу вам: Сярод народжаных жанчынамі не паўставаў большы за Яна Хрысьціцеля, але найменшы ў Валадарстве Нябесным большы за яго.
Сапраўды кажу вам: не паўстаў сярод народжаных жанчынамі большы за Яна Хрысціцеля; але той, хто меншы ў Валадарстве Нябесным, большы за яго.
Ад дзён Яна Хрысьціцеля дагэтуль Валадарства Нябеснае сілаю здабываецца, і тыя, хто ўжывае сілу, захопліваюць яго.
Ад дзён Яна Хрысціцеля аж да сёння Валадарства Нябеснае церпіць гвалт, і гвалтаўнікі захопліваюць яго.
Бо ўсе Прарокі і Закон прарочылі да Яна.
Бо ўсе прарокі і закон аж да Яна прадказалі;
І калі маеце прыняць, ён ёсьць Ільля, якому належыць прыйсьці.
і, калі хочаце прыняць, ён ёсць Ілля, які павінен прыйсці.
Хто мае вушы слухаць, няхай слухае.
Хто мае вушы слухаць, хай слухае.
З кім параўнаю пакаленьне гэтае? Яно падобнае да дзяцей, якія сядзяць на вуліцы і клічуць да таварышаў сваіх,
Да каго прыпадобню род гэты? Ён падобны да хлапчанят, што сядзяць на рынку і, гукаючы аднагодкаў, кажуць:
і кажуць: “Мы гралі вам на жалейцы, і вы не скакалі; мы галасілі, і вы ня плакалі”.
«Мы гралі вам на жалейцы, а вы не скакалі, мы галасілі, а вы не плакалі».
Бо прыйшоў Ян, ня есьць, ня п’е, і кажуць: “Дэмана мае”.
Бо прыйшоў Ян, які не еў і не піў, і кажуць: «Ён дэманам апанаваны».
Прыйшоў Сын Чалавечы, есьць і п’е; і кажуць: “Вось, чалавек — абжора і п’яніца, сябра мытнікаў і грэшнікаў”. І апраўдана мудрасьць дзецьмі яе».
Прыйшоў Сын Чалавечы, Які есць і п’е, і кажуць: «Вось чалавек, абжора і п’яніца, сябра мытнікаў і грэшнікаў». І апраўдана мудрасць справамі сваімі».
Тады пачаў Ён дакараць гарады, у якіх найбольш сталася цудаў Ягоных, за тое, што яны не навярнуліся:
Потым пачаў Ён дакараць гарады, у якіх адбылося найбольш цудаў Яго, што яны не ўзяліся за пакуту.
«Гора табе, Харазін! Гора табе, Бэтсаіда! Бо калі б у Тыры і Сідоне сталіся цуды, якія былі стаўшыся ў вас, даўно б яны ў зрэбніцы і ў попеле навярнуліся.
«Гора табе, Каразін! Гора табе, Бэтсайда! Бо каб у Тыры і Сідоне адбыліся такія цуды, якія адбыліся ў вас, даўно б яны ў зрэбніцы і попеле пакутавалі.
Аднак кажу вам: Тыру і Сідону лягчэй будзе ў дзень суду, чым вам.
Дык вось кажу вам: лягчэй будзе Тыру і Сідону ў дзень суда, чым вам.
І ты, Капэрнаум, які да неба ўзьнёсся, у пекла скінуты будзеш. Бо калі б у Садоме сталіся цуды, якія былі стаўшыся ў табе, ён застаўся б да гэтага дня.
А ты, Кафарнаўм, што аж да неба ўзнёсся? Аж у пекла зрынешся! Бо каб такія цуды адбыліся ў Садоме, якія адбыліся ў табе, можа, застаўся б па сённяшні дзень.
Аднак кажу вам, што зямлі Садомскай лягчэй будзе ў дзень суду, чым табе».
Дык вось кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садомскай у дзень суда, чым табе».
У той час, адказваючы, Ісус сказаў: «Вызнаю Цябе, Ойча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты схаваў гэтае ад мудрых і разумных, і адкрыў немаўлятам.
У той самы час, адказваючы, Ісус сказаў: «Слаўлю Цябе, Ойча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты прыхаваў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта малым дзецям.
Так, Айцец, бо гэтак было даспадобы Табе.
Так, Ойча, бо такое было Тваё ўпадабанне.
Усё Мне аддадзена Айцом Маім, і ніхто не спазнаў Сына, акрамя Айца; і ніхто не спазнаў Айца, акрамя Сына і каму Сын пастанавіў адкрыць.
Усё Мне дадзена Айцом Маім. Ды ніхто не ведае Сына, акрамя Айца, і ніхто не ведае Айца, акрамя Сына і каму Сын захоча адкрыць.
Прыйдзіце да Мяне ўсе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я дам вам супачынак.
Ідзіце да Мяне ўсе, што працуеце і стаміліся пад цяжарам, і Я дадам вам сілы.
Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я — ціхі і пакорнага сэрца, і знойдзеце супачынак душам вашым.
Вазьміце ярмо Маё на сябе ды вучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі ды пакорлівы сэрцам, і знойдзеце спачынак душам вашым.
Бо ярмо Маё добрае, і цяжар Мой лёгкі».
Бо ярмо Маё салодкае, і цяжар Мой лёгкі».