Мацьвея 24 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

І, выйшаўшы, Ісус ішоў ад сьвятыні; і падыйшлі вучні Ягоныя, каб паказаць Яму пабудовы сьвятыні.
 
І, выйшаўшы, Ісус пакрочыў ад святыні, і падышлі вучні Яго, каб паказаць Яму пабудовы святыні.

А Ісус сказаў ім: «Ці бачыце ўсё гэтае? Сапраўды кажу вам: не застанецца тут камяня на камяні, які б ня быў зруйнаваны».
 
Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Хіба не бачыце вы гэта ўсё? Сапраўды кажу вам: не застанецца тут каменя на камені, які б не быў зруйнаваны».

А калі сядзеў Ён на гары Аліўнай, падыйшлі да Яго вучні насамоце, кажучы: «Скажы нам, калі гэта будзе, і які знак Твайго прыйсьця і сканчэньня веку?»
 
А калі Ён сядзеў на Аліўнай гары, прыйшлі вучні да Яго патаемна і пыталіся: «Скажы, калі гэта будзе, і які  знак  Твайго прышэсця і сканчэння веку?»

І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Глядзіце, каб ніхто не падмануў вас,
 
І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Глядзіце, каб хто вас не звёў.

бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы: “Я — Хрыстос”, — і шмат каго падмануць.
 
Бо многія прыйдуць у імя Маё, кажучы: «Я — Хрыстос», і многіх звядуць.

Маеце чуць пра войны і чуткі ваенныя. Глядзіце, не трывожцеся, бо ўсё гэта мусіць стацца, але гэта яшчэ не канец.
 
Пачуеце вы пра войны і чуткі пра войны; глядзіце, каб не напалохаліся, бо так павінна быць, але гэта яшчэ не канец.

Бо паўстане народ на народ і валадарства на валадарства; і будуць голад, і пошасьці, і землятрусы месцамі.
 
Падымецца народ на народ і царства на царства, і будуць голад і месцамі землятрусы.

А ўсё гэтае — пачатак мукаў радзін.
 
Гэта ўсё — пачатак пакут.

Тады будуць выдаваць вас на пакуты і забіваць вас, і зьненавідзяць вас усе народы за імя Маё.
 
Тады будуць выдаваць вас на пакуты і забіваць вас будуць, ды будзеце вы зненавіджаны ўсімі народамі за імя Маё.

І тады згоршацца многія; і будуць выдаваць адзін аднаго, і ненавідзець адзін аднаго.
 
І тады многія згоршацца, і будуць выдаваць адзін аднаго, і будуць ненавідзець адзін аднаго,

І многія фальшывыя прарокі паўстануць, і падмануць многіх.
 
і паўстануць многія фальшывыя прарокі і будуць зводзіць многіх.

І дзеля памнажэньня беззаконьня ў многіх асьцюдзянее любоў.
 
І ад таго, што памножыцца несправядлівасць, астыне любоў у многіх.

А хто вытрывае да канца, будзе збаўлены.
 
Але хто вытрывае да канца, той будзе збаўлены.

І будзе абвешчанае гэтае Эвангельле Валадарства па ўсім сьвеце на сьведчаньне ўсім народам, і тады прыйдзе канец.
 
І будзе прапаведавацца гэтае Евангелле Валадарства па ўсім свеце на сведчанне ўсім народам; і тады прыйдзе канец.

Дык калі ўбачыце агіду спусташэньня, пра якую сказаў Данііл прарок, што паўстане на месцы сьвятым, — хто чытае, няхай зразумее, —
 
І, калі ўбачыце нарэшце агіду спусташэння, якая паўстане на святым месцы, як сказана Даніэлем-прарокам, — хто чытае, хай разумее, —

тады тыя, што ў Юдэі, няхай бягуць у горы,
 
тады тыя, што ў Юдэі, хай уцякаюць у горы,

хто на даху, няхай не зыходзіць узяць што з дому свайго,
 
і хто на даху, хай не сыходзіць, каб узяць што-небудзь з дому свайго;

і хто ў полі, няхай не варочаецца назад узяць адзеньне сваё.
 
і хто на полі, хай не вяртаецца забраць свой плашч.

Гора ж тым, якія цяжарныя і якія кормяць грудзьмі, у тыя дні.
 
Гора цяжарным і карміцелькам у тыя дні.

Маліцеся ж, каб ня сталіся ўцёкі вашыя зімою або ў суботу.
 
Дык прасіце, каб вашыя ўцёкі не былі зімою, ці ў суботу.

Бо тады будзе вялікі прыгнёт, якога не было ад пачатку сьвету аж дагэтуль, і ня будзе.
 
Бо тады будзе вялікая пакута, якой не было ад пачатку свету аж дасюль, дый не будзе.

І калі б не былі скарочаныя тыя дні, не было б збаўленае ніводнае цела, але дзеля выбраных будуць скарочаныя тыя дні.
 
І, калі б не былі скарочаны тыя дні, аніякае цела не ўратавалася б, але дзеля выбраных будуць скарочаны тыя дні.

Тады, калі хто скажа вам: “Вось, тут Хрыстос, ці там”, — ня верце.
 
Тады, калі б хто вам казаў: «Вось тут Хрыстос», або: «Там», — не верце.

Бо паўстануць фальшывыя хрысты і фальшывыя прарокі і дадуць вялікія знакі і цуды, каб падмануць, калі магчыма, і выбраных.
 
Паўстануць бо фальшывыя хрысты і фальшывыя прарокі і прадставяць вялікія знакі і цуды, — так,  каб у зман увесці, калі гэта магчыма, нават выбраных.

Вось, Я наперад сказаў вам.
 
Вось, Я наперад вам гэта сказаў.

Дык, калі скажуць вам: “Вось, Ён у пустыні”, — не выходзьце; “Вось, Ён у пакоях”, — ня верце.
 
Дык калі б вам потым сказалі: «Вось Ён у пустыні», — не выходзьце; «Вось Ён у пакоях», — не верце.

Бо, як бліскавіца выходзіць з усходу і сьвеціць да захаду, так будзе і прыйсьце Сына Чалавечага.
 
Бо, як маланка з’яўляецца на ўсходзе і віднеецца аж да захаду, такім будзе і прышэсце Сына Чалавечага.

Бо дзе мёртвае цела, там зьбяруцца і арлы.
 
Дзе будзе цела, там збяруцца і арлы.

А адразу пасьля прыгнёту дзён тых сонца зацьмее, і месяц ня дасьць сьвятла свайго, і зоркі ўпадуць з неба, і сілы нябесныя захістаюцца.
 
А зараз па тузе тых дзён сонца зацемрыцца, і месяц не дасць святла свайго, і нябесныя зоркі падаць будуць, і сілы, што на небе, пахіснуцца.

І тады зьявіцца знак Сына Чалавечага ў небе, і тады заплачуць усе калены зямлі і ўгледзяць Сына Чалавечага, Які ідзе на аблоках нябесных з сілаю і славаю вялікаю.
 
І тады з’явіцца знак Сына Чалавечага на небе, і тады заплачуць усе плямёны зямныя, і ўбачаць Сына Чалавечага, Які прыходзіць на аблоках нябесных з магутнасцю і славаю вялікай.

І пашле Ён анёлаў Сваіх з гучным голасам трубным, і зьбяруць яны выбраных Ягоных ад чатырох вятроў, ад краю неба да краю яго.
 
І пашле Ён анёлаў Сваіх з трубою гучнай, і збяруць яны выбраных Яго з чатырох вятроў, ад краю неба аж да канца яго.

У дрэва фігавага навучыцеся прыповесьці: калі ўжо галінка ягоная робіцца мяккаю і пускае лісты, ведаеце, што блізка лета.
 
І навучыцеся прыкладам фігавага дрэва: калі ўжо галінка яго лагаднее і пускае лісты, вы ведаеце, што  блізка лета.

Гэтак і вы, калі ўбачыце ўсё гэтае, ведайце, што блізка, у дзьвярах.
 
Так і вы, калі ўбачыце ўсё гэта, ведайце, што блізка, пры дзвярах.

Сапраўды кажу вам: не праміне пакаленьне гэтае, як усё гэта станецца.
 
Сапраўды кажу вам: не праміне гэтае пакаленне, аж усё гэта станецца.

Неба і зямля прамінуць; а словы Мае не прамінуць.
 
Неба і зямля сыдуць, але слова Маё не праміне.

А пра дзень той і гадзіну ніхто ня ведае, нават анёлы, якія ў небе, а толькі Айцец Мой адзін.
 
Што да дня таго і хвіліны, ніхто не ведае, — ані анёлы нябесныя, ані Сын, — толькі Айцец адзін.

Але, як было ў дні Ноя, так будзе і ў прыйсьце Сына Чалавечага.
 
І як у дні Ноя, так будзе і прышэсце Сына Чалавечага.

Бо як было ў дні перад патопам: елі, пілі, жаніліся і замуж выходзілі, аж да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг,
 
Бо як у той час перад патопам елі і пілі, жаніліся і замуж аддавалі, аж да таго дня, калі Ной увайшоў у арку,

і не разумелі, пакуль не прыйшоў патоп і не забраў усіх, так будзе і ў прыйсьце Сына Чалавечага.
 
і не зразумелі, аж пакуль не прыйшоў патоп і не знішчыў усіх, так будзе і ў прышэсце Сына Чалавечага.

Тады будуць двое ў полі: адзін бярэцца, а другі пакідаецца.
 
Тады двое будуць на полі: аднаго возьмуць, а другога пакінуць.

Дзьве, якія мелюць у жорнах: адна бярэцца, а другая пакідаецца.
 
Дзве будуць малоць у жорнах: адну возьмуць, другую пакінуць.

Дык чувайце, бо ня ведаеце, у якую гадзіну Госпад ваш прыйдзе.
 
Дык чувайце, бо не ведаеце, у які тэрмін прыйдзе Госпад ваш.

Вы ж разумееце тое, што, калі б ведаў гаспадар дому, у якую варту прыйдзе злодзей, чуваў бы і не дапусьціў падкапаць дом свой.
 
А гэта ведайце, што, каб гаспадар дому ведаў, а якой гадзіне злодзей мае прыйсці, пільнаваў бы і не дазволіў  уламіцца ў дом свой.

Дзеля гэтага і вы будзьце падрыхтаваныя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў гадзіну, у якую ня думаеце.
 
Таму і вы будзьце гатовыя, бо ў гадзіну, якой вы не ведаеце, Сын Чалавечы прыйдзе.

Хто такі верны і мудры слуга, якога гаспадар ягоны паставіў над хатнімі сваімі даваць ім ежу ў свой час?
 
Хто, думаеш, з’яўляецца верным і разумным слугою, якога паставіў гаспадар над падданымі сваімі, каб ён у вызначаны час даваў ім меру пшаніцы?

Шчасьлівы той слуга, якога гаспадар ягоны, прыйшоўшы, знойдзе, што робіць гэтак.
 
Бласлаўлёны той слуга, якога, калі прыйдзе, гаспадар знойдзе за такім заняткам.

Сапраўды кажу вам, што над усёю маёмасьцю сваёю паставіць яго.
 
Сапраўды кажу вам, што паставіць яго над усёй сваёй маёмасцю.

А калі скажа той злы слуга ў сэрцы сваім: “Марудзіць прыйсьці гаспадар мой”, —
 
А калі скажа ліхі слуга ў сэрцы сваім: «Марудзіць гаспадар мой з прышэсцем»,

і пачне біць таварышаў сваіх, таксама есьці і піць з п’яніцамі, —
 
і пачне біць таварышаў сваіх, і будзе есці і піць з п’яніцамі,

прыйдзе гаспадар слугі таго ў дзень, у які ён не чакае, і ў гадзіну, у якую ня ведае,
 
то прыйдзе гаспадар яго ў дзень неспадзяваны, у гадзіну невядомую

і адлучыць яго, і ўчыніць яму адзін лёс з крывадушнікамі; там будзе плач і скрыгат зубоў.
 
і аддзеліць яго, ды прызначыць яго долю разам з крывадушнікамі: там будзе плач і скрыгатанне зубоў.