Данііла 8 разьдзел
Кніга прарока Данііла
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012
«У трэці год валадараньня Бэльшацара валадара відзеж зьявіўся мне, мне, Даніілу, пасьля таго, які зьявіўся мне спачатку.
На трэці год валадарання Балтасара цара меў бачанне я, Даніэль, па тым, што з’явілася мне спачатку.
І бачыў я ў відзежы, і сталася ў відзежы, што я ў Шушане сталіцы, якая ў краіне Элям, і я бачыў у відзежы, і я быў каля ракі Улай.
Убачыў я ў бачанні, і сталася: пакуль я разумеў, што быў я ў Сузах, у крэпасці, якая знаходзіцца ў правінцыі Элам, а назіраў я ў бачанні, што апынуўся я за ракой Улай.
І я ўзьняў вочы мае, і ўбачыў, і вось, адзін баран стаіць перад ракою, і ў яго рогі, і рогі гэтыя высокія, і адзін вышэйшы за другі, і вышэйшы вырас пазьней.
І падняў я вочы свае і ўбачыў: і вось, адзін баран стаяў над ракой, меў ён два рогі, і рогі высокія, і адзін большы за другі, і вышэйшы вырас апошнім. Убачыў я барана, які круціў рагамі на захад, і на поўнач, і на поўдзень,
Я бачыў, што баран гэты бадае на захад, і на поўнач, і на поўдзень, і ніякі зьвер ня можа ўстаяць перад ім, і няма нікога, хто можа выратаваць з рукі ягонай. І ён рабіў, што падабалася яму, і ўзьвялічыўся.
і ніводзін са звяроў не мог яму супрацівіцца, ані вызваліцца ад яго; і ён рабіў, што хацеў, і ўславіўся.
І калі я разважаў [пра гэта], вось, казёл з козаў ішоў з захаду па абліччы ўсёй зямлі і не датыкаўся зямлі. І ў гэтага казла быў відзён рог паміж вачэй ягоных.
І я глядзеў уважліва: вось жа, казёл ад коз ішоў з захаду над паверхняй усёй зямлі, і не дакранаўся да яе; і, прытым, казёл меў выдатны рог між вачамі сваімі.
І ён прыйшоў да таго барана, які меў рогі, якога я бачыў, што ён стаіць перад ракою, і пабег на яго ў шале сілы сваёй.
І падышоў ён аж да таго рагатага барана, якога я бачыў, калі ён стаяў перад ракою, і пабег ён да яго ў разгоне ўсёй сілы сваёй.
І я бачыў, што ён наблізіўся да барана, і разьярыўся на яго, і ўдарыў барана, і зламаў абодва рогі ягоныя; і не было сілы ў барана ўстаяць супраць яго. І ён паваліў яго на зямлю, і патаптаў яго; і не было нікога, хто б выратаваў барана з рукі ягонай.
І бачыў я яго, калі падбягаў ён блізка да барана, і раз’юшыўся ён супраць яго, і ўдарыў барана, і зламаў абодва рогі яго, і баран не змог устаяць перад ім; і калі ён паваліў яго на зямлю, то стаптаў яго нагамі, ды не было нікога, хто мог бы вызваліць барана ад яго моцы.
А казёл з козаў узьвялічыўся вельмі. Але калі ён узмоцніўся, вялікі рог быў зламаны, і вырасьлі падобныя чатыры замест яго на чатыры вятры нябесныя.
Казёл ад коз стаў вялікім вельмі; і, калі разросся, зламаўся рог яго вялікі, і выраслі на яго месцы чатыры рогі на чатыры вятры нябесныя.
А з аднаго з іх выйшаў малы рог, і вырас надзвычайна на поўдзень і на ўсход, і да прыгожай [зямлі].
А з аднаго з іх вырас адзін рог малы і разросся дужа на поўдзень, і на ўсход, і ў моц,
І ён вырас аж да войска нябеснага, і скінуў на зямлю [некаторых] з таго войска і з зорак, і патаптаў іх.
і ўзрос у славе аж да магуцця нябеснага, і выкінуў ад магуцця і ад зорак, і стаптаў іх,
І нават да Князя войска гэтага вырас, і ад Яго была аддалена заўсёдная ахвяра, і пакінута месца сьвятыні Ягонай.
і ўзвялічыўся аж да Князя Магуццяў, і адняў ад Яго вечную ахвяру, і зняславіў месца Яго свяцілішча.
І войска было аддадзена [яму] разам з ахвярай заўсёднай з прычыны правіны, і ён кінуў праўду на зямлю, і дзейнічаў, і меў посьпех.
Войска ж дадзена было супраць пастаяннай ахвяры з-за грахоў, і праўда была кінута на зямлю; ён жа зрабіў рог, і пашанцавала яму.
І я пачуў аднаго сьвятога, які прамаўляў, і сказаў іншы сьвяты да таго, які прамаўляў: “Як доўга будзе [паказанае ў] відзежы пра заўсёдную ахвяру і правіну спусташэньня, [як доўга] сьвятыня і войска будуць аддадзены на патаптаньне?”
І пачуў я, як адзін са святых казаў, і як адзін святы казаў другому, якога я не ведаю і які казаў: «Як доўга патрывае бачанне: і вечная ахвяра, і грэх загубы, якая сталася, і святыня, і магуцце, якое будзе таптацца?»
І ён сказаў мне: “Ажно да дзьвюх тысячаў трыста вечароў і раніцаў; і будзе ачышчаная сьвятыня”.
І ён адказаў яму: «Яшчэ дзве тысячы трыста дзён, з вечара аж да раніцы, і свяцілішча ачысціцца».
І сталася, калі я, Данііл, бачыў гэты відзеж і шукаў, каб зразумець [яго], вось, стаў перада мною [нехта], падобны да мужа.
Сталася ж, калі я, Даніэль, бачыў бачанне і стараўся зразумець яго сэнс, вось, стаў перада мною нехта ў выглядзе мужчыны,
І я пачуў голас чалавечы пасярод Улаю, які ўсклікнуў і сказаў: “Габрыэлю! Дай зразумець яму відзеж!”
і пачуў я голас чалавечы над ракой Улай, які пазваў гэтымі словамі: «Габрыэле, вытлумач яму бачанне!»
І ён падыйшоў да месца майго, і калі ён прыйшоў, я спалохаўся і ўпаў на аблічча маё; і ён сказаў мне: “Зразумей, сыне чалавечы, што пра час канца відзеж гэты”.
Дык падышоў ён да месца, дзе я стаяў, і, калі прыбыў, перапалохаўся я і ўпаў на твар свой, і ён сказаў мне: «Ведай, чалавеча, што бачанне споўніцца ў апошні час».
А калі ён прамаўляў да мяне, я быў у глыбокім сьне, [лежачы] абліччам маім на зямлі; і ён дакрануўся да мяне, і паставіў мяне на месцы маім,
І калі ён са мною гаварыў, упаў я, збянтэжаны, тварам да зямлі, і дакрануўся ён да мяне, і паставіў мяне на ногі мае,
і сказаў: “Вось, я паведамляю табе, што будзе пры канцы абурэньня гэтага, бо ў [вызначаным] часе [прыйдзе] канец.
і сказаў: «Вось, я паведамляю табе, што мае стацца пры канцы гневу, бо гэта будзе ў час канца.
Баран, якога ты бачыў, які мае рогі — гэта валадар Мідзянаў і Пэрсаў.
Баран, якога ты ўбачыў з двума рагамі, абазначае цароў мідзян і персаў;
А казёл касматы — гэта валадар Явану; а рог вялікі, які паміж вачэй ягоных — гэта першы валадар [Грэцыі].
казёл жа ад коз — цар грэкаў, і вялікі рог, што быў паміж вачамі яго, — гэта першы цар.
А што ён зламіўся і замест яго паўсталі чатыры — гэта чатыры валадарствы, якія паўстануць з [таго] народу, але бяз сілы ягонай.
А тое, што рог быў зламаны, і чатыры рогі, што выраслі на яго месцы, гэта чатыры царствы, якія ўзнікнуць з яго народа, аднак без яго моцы.
А ў канцы валадарства іхняга, калі адступнікі скончаць [меру сваю], паўстане валадар з нахабным абліччам і здольны ў падступнасьці.
І пры канцы іх царавання, калі ўзрастуць яны ў сваёй несправядлівасці, паўстане цар жорсткага аблічча і здатны зразумець намеры;
І ўзмоцніцца сіла ягоная, але ня [ўласнаю] сілаю сваёй, і нечувана ён будзе нішчыць, і будзе мець посьпех, і дзейнічаць, і зьнішчыць магутных і народ сьвятых.
і яго магуцце будзе ўзвялічвацца, але не яго ўласнымі сіламі, і ён будзе знішчаць усё — больш таго, што можна ўявіць, і пашанцуе яму, і будзе ён дзейнічаць, і будзе забіваць дужых і народ святых,
І дзякуючы розуму ягонаму, будзе мець посьпех падман у руцэ ягонай, і ён узьвялічыцца ў сэрцы сваім, і ў [часе] супакою зьнішчыць мноства. І ён паўстане супраць Князя князёў, але не рукою [чалавечаю] будзе зломлены.
і з прычыны мудрасці хітрасць яго будзе ўдачнай у руцэ яго, і ўзвялічыцца ў сэрцы яго; і спакойна падрыхтуе ён загубу вельмі многім; і паўстане ён супраць Валадара валадароў, і без дачынення рукі людской будзе знішчаны.
А відзеж пра вечар і раніцу, пра які сказана, — гэта праўда; але ты схавай гэты відзеж, бо [споўніцца] ён праз шмат дзён”.
І бачанне вечара і раніцы, аб якіх расказана табе, ёсць праўда! Такім чынам, ты адзнач бачанне, бо будзе яно пасля многіх дзён».
І я, Данііл, самлеў, і быў хворы [некалькі] дзён. І я ўстаў, і рабіў справы валадара; і я быў уражаны відзежам, але ніхто гэтага не разумеў».
І мяне, Даніэля, ахапіла немач, і хварэў я многія дні; і калі падняўся, то рабіў справы царскія, і быў неспакойны адносна бачання, бо не было нікога, хто зразумеў бы яго.