Лявіт 4 разьдзел

Лявіт
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
 
Прамовіў Госпад Майсею, кажучы:

«Гавары сынам Ізраіля: “Калі хто праз няўвагу саграшыць адносна прыказаньняў ГОСПАДА, якія забараняюць нешта рабіць, а ён гэта зрабіў бы,
 
«Гавары сынам Ізраэля: “Калі душа зграшыць праз няўвагу і ўчыніць што-небудзь з ліку ўсіх тых прыказанняў Госпада, што Ён загадаў, каб не рабілі,

дык калі гэтага грэху дапусьціцца памазаны сьвятар, так што яго віна спадае на народ, тады складзе ён у ахвяру ГОСПАДУ як перамольную ахвяру за дапушчаны грэх маладога бычка без заганы.
 
калі граху дапусціцца памазаны святар, так што яго віна спадае на народ, то складзе ён за свой грэх у ахвяру Госпаду маладога бычка без заганы як перамольную ахвяру за грэх;

І прывядзе бычка да ўваходу ў Намёт Спатканьня перад аблічча ГОСПАДА, і паложыць руку на галаву яго, і заб’е яго перад абліччам ГОСПАДА.
 
хай прывядзе яго да дзвярэй палаткі сустрэчы перад Госпадам і пакладзе руку на галаву яго ды заб’е яго перад Госпадам.

І памазаны сьвятар возьме крыві таго бычка, і ўнясе ў Намёт Спатканьня.
 
Потым хай памазаны святар зачэрпне крыві таго бычка і ўнясе яе ў палатку сустрэчы;

І памочыць сьвятар палец у крыві, і пакропіць крывёй сем разоў перад абліччам ГОСПАДА, перад заслонай Месца Сьвятога.
 
і калі памочыць святар палец у крыві, то хай пакропіць ёю сем разоў перад Госпадам, перад заслонай месца святога;

І памажа сьвятар крывёй рагі ахвярніка пахкага каджэньня, які перад абліччам ГОСПАДА ў Намёце Спатканьня, а рэшту крыві бычка вылье ён на падставу ахвярніка цэласпаленьня, які перад уваходам у Намёт Спатканьня.
 
і хай пакладзе ад гэтай крыві на рогі ахвярніка пахкага каджэння перад Госпадам, які ў палатцы сустрэчы, а рэшту крыві бычка хай вылье ён на падножжа ахвярніка цэласпальных ахвяр перад уваходам у палатку сустрэчы.

І выме з ахвяраванага бычка ўвесь тлушч, які пакрывае нутро, і ўсю тлустасьць, якая на нутры,
 
І хай выцягне з бычка ахвяры ўвесь тлушч, як той, што пакрываў усё нутро, так і ўвесь тлушч, які прылягае да вантробаў,

і абедзьве ныркі разам з тлушчам, які над імі, які дастае да сьцёгнаў, а таксама тлушч, які на вантробе; разам з ныркамі няхай аддзеліць яго,
 
і абедзве ныркі разам з тлушчам, які над імі, каля вантробаў, ды аддзеліць сальнік печані, што каля нырак,

такім жа чынам, як аддзяляецца тлушч бычка ахвяры мірнай. І спаліць сьвятар усё гэта на ахвярніку цэласпаленьня.
 
такім жа чынам як аддзяляецца [тлушч] бычка ахвяры прымірэння. І спаліць святар гэта на ахвярніку цэласпалення.

А скуру цяляці, усё мяса ягонае, галаву ягоную, ногі ягоныя, і нутро ягонае, і нячыстасьць ягоную,
 
А скуру [цяляці], усё мяса, галаву, ногі, і нутро, і нячыстасць

усяго бычка няхай вынясуць па-за табар; на чыстае месца, дзе высыпаюць попел, і там няхай будзе спалены агнём на дровах.
 
усяго бычка хай вынесуць па-за лагер; на чыстае месца, дзе звычайна высыпаюць попел, і там хай спаляць агнём на дровах: у месцы высыпання попелу.

Калі ўся грамада Ізраіля саграшыць праз няўвагу, і схавана гэта будзе перад вачыма царквы, што такім чынам правініліся супраць прыказаньняў ГОСПАДА,
 
Калі ўся супольнасць Ізраэля зграшыць праз няўвагу і схавана гэта будзе перад вачыма сабрання, і ўчыніць яна тое, што супраць прыказання Госпадава, і правініцца,

а потым яны зразумеюць грэх, якім саграшылі, дык няхай царква прывядзе да ўваходу ў Намёт Спатканьня бычка ў ахвяру за грэх.
 
а потым яна зразумее грэх свой, дык хай супольнасць складзе ў ахвяру за грэх бычка і хай прывядзе яго да дзвярэй палаткі сустрэчы.

І старшыні грамады ўскладуць рукі на галаву бычка перад абліччам ГОСПАДА, і той бычок будзе забіты перад абліччам ГОСПАДА.
 
Тады старэйшыны супольнасці народа ўскладуць рукі на галаву яго перад Госпадам, і той бычок будзе забіты перад Госпадам.

І памазаны сьвятар унясе ў Намёт Спатканьня частку крыві цяляці,
 
Памазаны святар унясе ў палатку сустрэчы частку крыві яго,

і памочыць палец у крыві, і пакропіць сем разоў перад абліччам ГОСПАДА перад заслонай.
 
пасля памочыць палец у крыві ды пакропіць сем разоў перад заслонай.

І памажа тою крывёю рагі ахвярніку, які перад абліччам ГОСПАДА ў Намёце Спатканьня, а рэшту крыві вылье на падставу ахвярніка цэласпаленьня, які каля ўваходу ў Намёт Спатканьня.
 
І памажа тою крывёю рогі ахвярніка, які перад Госпадам у палатцы сустрэчы, а астатнюю кроў вылье на падножжа ахвярніка цэласпалення, які ля ўваходу ў палатку сустрэчы.

А ўвесь тлушч яго аддзеліць ад яго і спаліць на ахвярніку.
 
А ўвесь тлушч яго аддзеліць і спаліць на ахвярніку.

І зробіць з бычком тое, што робіцца з бычком ахвяры за грэх; так павінен зрабіць з ім. Так ачысьціць іх сьвятар, і будзе даравана ім.
 
І зробіць з гэтым бычком тое, што робіць ён з бычком ахвяры за грэх, так павінен зрабіць з ім. Так ачысціць іх святар, і будзе спагадны Госпад да іх.

І вынясе бычка па-за табар, і спаліць яго так, як спаліў папярэдняга бычка. Гэта ахвяра перамольная за грэх царквы.
 
І вынесе самога бычка па-за лагер, і спаліць яго так, як і папярэдняга бычка. Гэта ахвяра [перамольная] за грэх супольнасці.

Калі саграшыць князь і праз няўвагу дапусьціцца таго, што забараняецца прыказаньнем ГОСПАДА, Бога ягонага, і гэтак правініцца,
 
Калі зграшыць начальнік і дапусціцца праз няўвагу чагосьці з ліку таго, што забараняецца паводле закону Госпада, Бога яго, ды гэтак правініцца,

калі будзе даведзены грэх ягоны, якім саграшыў, няхай прывядзе ў ахвяру ГОСПАДУ казла без заганы.
 
то, калі будзе даказаны грэх яго, хай прывядзе ён у ахвяру Госпаду казла без заганы.

І паложыць ён руку сваю на галаву ягоную, і заб’е яго на месцы, дзе забіваюцца ахвяры цэласпаленьня перад абліччам ГОСПАДА. Гэта ахвяра за грэх.
 
Паложыць ён руку сваю на галаву яго ды заб’е яго на месцы, дзе звычайна забівае ахвяры цэласпалення перад Госпадам. Гэта ахвяра за грэх.

І памочыць сьвятар палец у крыві ахвяры за грэх, і памажа ёю рагі ахвярніка цэласпаленьня, а рэшту крыві вылье на падставу ахвярніка цэласпаленьня.
 
І памочыць святар палец у крыві ахвяры за грэх ды памажа ёю рогі ахвярніка цэласпалення, а рэшту крыві вылье на падножжа яго.

А ўвесь тлушч яго спаліць на ахвярніку, падобна як тлушч ахвяры мірнай. Так вось ачысьціць яго сьвятар ад грэху ягонага, і будзе яму даравана.
 
А тлушч яго спаліць зверху, падобна як тлушч ахвяры прымірэння. Так вось ачысціць яго [святар] ад граху яго, ды будзе яму даравана.

Калі хто спаміж народу зямлі праз няўвагу саграшыць і дапусьціцца таго, што забараняецца прыказаньнем ГОСПАДА, і гэтак правініцца,
 
Калі [якая] душа паміж народа зямлі праз няўвагу зграшыць тым, што ўчыніць штосьці з таго, што забаронена законам Госпада, і правініцца,

калі будзе выяўлены яму грэх ягоны, якім саграшыў, няхай прывядзе ў ахвяру за грэх свой казу без заганы.
 
то, калі будзе выяўлены [чалавеку] грэх яго, хай прывядзе казу без заганы.

Пасьля паложыць руку на галаву ахвяры за грэх, і заб’е яе на месцы ахвяры цэласпаленьня.
 
Пасля ўскладзе руку на галаву ахвяры за грэх, ды заб’е яе на месцы ахвяры цэласпалення.

Сьвятар возьме пальцам сваім крыві і памажа ёю рагі ахвярніка цэласпаленьня, а рэшту вылье на падставу ахвярніка.
 
Святар возьме пальцам сваім крыві і памажа ёй рогі ахвярніка цэласпалення, а рэшту вылье на падножжа яго.

Потым аддзеліць увесь тлушч так, як быў аддзелены тлушч ахвяры мірнай. І спаліць яго сьвятар на ахвярніку на мілы пах ГОСПАДУ. Так ачысьціць яго сьвятар, і грэх будзе яму адпушчаны.
 
Потым аддзеліць увесь тлушч так, як звычайна аддзяляецца [тлушч] ахвяры прымірэння. І спаліць яго святар на ахвярніку на мілы пах Госпаду. Так ачысціць яго святар, і будзе спагадны Госпад.

А калі хто захоча скласьці за грэх авечку, няхай прывядзе авечку без заганы,
 
А калі хто захоча скласці ў ахвяру за грэх авечку, то хай прывядзе авечку без заганы,

узложыць руку на галаву ейную і заб’е яе як ахвяру за грэх на месцы, дзе забіваюць ахвяры цэласпаленьня.
 
ускладзе руку на яе галаву ды заб’е яе на месцы, дзе звычайна забіваюць ахвяры цэласпалення.

І возьме сьвятар пальцам сваім крыві і памажа рагі ахвярніку цэласпаленьня, а рэшту вылье на падставу ахвярніка.
 
Потым возьме святар пальцам сваім крыві і памажа рогі ахвярніка цэласпалення, а рэшту вылье на падножжа ахвярніка.

А ўвесь тлушч яе аддзеліць, як аддзяляецца лой авечкі з ахвяры мірнай, і спаліць яго сьвятар на ахвярніку ў ахвяру ГОСПАДУ. Так ачысьціць яго сьвятар ад грэху, якім ён саграшыў, і будзе яму даравана.
 
А ўвесь тлушч аддзеліць, як аддзяляецца тлушч авечкі, што забіваецца як ахвяра прымірэння, ды спаліць на ахвярніку на агнявых ахвярах Госпаду. Так ачысціць яго святар ад граху яго, і будзе яму даравана.