Лявіт 5 разьдзел
Лявіт
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012
Калі хто саграшыць тым, што чуў праклён і мог засьведчыць пра праступак, які бачыў або ведаў, і не зрабіў гэтага, і такім чынам правініўся,
Калі якая душа пачуе голас праклінаючага і будзе сведкам таго, што ён або бачыў, або даведаўся, ды калі не выявіць [гэтага], то правініцца,
або калі хто дакранецца чаго нячыстага, трупа зьвера нячыстага, або жывёлы, або паўзуна нячыстага, але ня будзе ведаць гэтага, што стаўся нячыстым, і гэтак правініўся,
або калі якая душа дакранецца чаго нячыстага, трупа звера [нячыстага], або жывёлы, або паўзуна, але яму гэта не будзе вядома, то будзе ён нячыстым і правініцца,
або калі нехта дакранецца нейкай нячыстасьці чалавечай, нейкай рэчы нячыстай, дзеля якой мог занячысьціцца, і спачатку не ўсьведамляў сабе гэтага, а потым даведаецца, што правініўся,
або калі нехта дакранецца нейкай нячыстасці чалавечай, якой-колечы рэчы нячыстай, дзеля якой мог апаганіцца, і яму гэта будзе невядома, а потым даведаецца, то паддасца ён праступку,
або калі хто прысягае, гаворачы легкадумна вуснамі на ліха або на дабро, так як бывае, што чалавек легкадумна прысягае, спачатку не ўсьведамляючы сабе гэтага, а пасьля спасьцерагае, што правініўся праз адну з гэтых рэчаў,
або калі душа прысягае, гаворачы легкадумна вуснамі на ліха або на дабро, так як бывае, што чалавек легкадумна прысягае, і гэта будзе скрыта ад яго, але потым ён зразумее, то паддасца ён праступку,
дык калі хто правініўся ў адной з гэтых рэчаў, няхай прызнаецца, што саграшыў,
дык калі хто правініўся ў адной з гэтых рэчаў, хай прызнаецца ў сваім граху
і няхай прынясе ён ГОСПАДУ за грэх свой, якім саграшыў, у ахвяру перамольную авечку са статку або казу як ахвяру за грэх, і ачысьціць яго сьвятар ад грэху ягонага.
і хай прынясе ён Госпаду ў ахвяру [перамольную] за грэх свой, якім зграшыў, авечку са статка або казу як ахвяру за грэх, і ачысціць яго святар ад граху яго.
Калі хто ня можа ахвяраваць авечку, няхай ахвяруе за грэх свой дзьве туркаўкі або двух маладых галубоў ГОСПАДУ: аднаго ў ахвяру за грэх, а другога на цэласпаленьне.
Калі хто не зможа ахвяраваць авечку, хай складзе ў ахвяру за праступак дзвюх туркавак, або двух маладых галубоў Госпаду: аднаго ў ахвяру за грэх, а другога на цэласпаленне.
Няхай прынясе іх да сьвятара, і ён першага ахвяруе за грэх і надломіць яму галаву пры карку, але яе не аддзеліць.
Хай прынясе іх да святара, які першага складзе ў ахвяру за грэх і надломіць яму галаву пры карку, але яе не аддзеліць.
Пасьля пакропіць крывёй яго сьцяну ахвярніку, а рэшту крыві вылье на падставу ахвярніка. Гэта ахвяра за грэх.
Пасля пакропіць крывёй яго сцяну ахвярніка, а рэшту крыві вылье на падножжа яго. Гэта вось ахвяра за грэх.
Другога галуба няхай складзе ён у ахвяру цэласпаленьня, як звычайна бывае; так ачысьціць яго сьвятар ад грэху яго, якім ён правініўся, і ён будзе яму адпушчаны.
Другога голуба хай складзе ён у ахвяру цэласпалення, як звычайна бывае; так ачысціць яго святар ад граху яго, якім ён правініўся, і ён будзе яму адпушчаны.
Калі б хто ня мог ахвяраваць дзьвюх туркавак або двух маладых галубоў, няхай прынясе за тое, што саграшыў, дзясятую частку эфы пшанічнай мукі ў ахвяру за грэх; няхай не палівае яе алеем і няхай не кладзе на яе кадзіла, бо гэта ахвяра за грэх.
Калі б рука яго не знайшла дзвюх туркавак або двух маладых галубоў, хай прынясе дзесятую частку эфы пшанічнай мукі ў ахвяру за грэх; хай не палівае яе алеем ды хай не кладзе на яе кадзіла, бо гэта ахвяра за грэх.
І прынясе яе да сьвятара, а той возьме з гэтага поўную жменю [мукі] як памятную частку і спаліць на ахвярніку ў ахвяру ГОСПАДУ. Гэта ахвяра за грэх.
І прынясе яе да святара, а той возьме з гэтага поўную жменю як памятную частку і спаліць на ахвярніку ў агнявую ахвяру Госпаду. Гэта ахвяра за грэх.
Так ачысьціць яго сьвятар ад грэху ягонага, якім ён саграшыў супраць аднаго з тых прыказаньняў, і будзе яму адпушчана. Пазасталую частку возьме сьвятар як ахвяру хлебную”».
Так ачысціць яго святар ад граху яго, якім ён зграшыў супраць аднаго з тых прыказанняў, і будзе літасцівы Госпад. Застаўшуюся частку возьме святар як ахвяру з ежы”».
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
Вось што сказаў Госпад Майсею:
«Калі хто дапусьціцца злачынства праз памылку, прысвойваючы сабе рэчы, пасьвячоныя ГОСПАДУ, няхай за віну сваю са свайго статку авечак прынясе ГОСПАДУ ягня без заганы па цане двух сыкляў срэбра паводле вагі сьвятыні як ахвяру за грэх.
«Калі хто спракудзіцца і зграшыць праз памылку, прысвойваючы сабе рэчы, што пасвячоны Госпаду, хай за віну сваю са свайго статка авечак прынясе Госпаду ягня без заганы па цане двух сікляў срэбра паводле вагі святыні як ахвяру за грэх,
Няхай тое, што прысвоіў, верне і дадасьць да таго пятую частку вартасьці, і аддасьць гэта сьвятару, а сьвятар ачысьціць яго ахвярай ягняці, і грэх будзе яму адпушчаны.
і за тую страту, якую ўчыніў, хай аддасць і дадасць да таго пятую частку вартасці ды аддасць гэта святару, а святар ачысціць яго ахвярай ягняці, і грэх будзе яму адпушчаны.
Калі хто саграшыць, дапускаючыся нечага супраць прыказаньняў ГОСПАДА праз няведаньне, і правініцца, дапускаючыся злачынства,
Калі душа зграшыць праз няўвагу і ўчыніць штосьці з таго, што забаронена законам Госпада, ды, абвінавачаная ў граху, панясе сваё злачынства,
няхай прынясе да сьвятара ягня без заганы, узятае са статку, па сваёй ацэнцы, у ахвяру за грэх. Тады сьвятар ачысьціць яго ад праступку, якога несьвядома дапусьціўся, і будзе ён яму адпушчаны.
хай прынясе да святара ягня без заганы са статка, па [сваім] ацаненні, у ахвяру за грэх. Тады святар ачысціць яго ад праступка, якога несвядома дапусціўся, і будзе ён яму адпушчаны.
Гэта ахвяра за праступак, якім ён правініўся перад ГОСПАДАМ».
Гэта ахвяра за праступак; правініўшыся, правініўся ён перад Госпадам».