Лявіт 5 разьдзел

Лявіт
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І калі душа ізгрэша тым, што, пачуўшы голас праклёну, і была сьветкаю, або бачыла або ведала, але не азнайміла, дык яна панясець на сабе грэх свой;
 
Калі якая душа пачуе голас праклінаючага і будзе сведкам таго, што ён або бачыў, або даведаўся, ды калі не выявіць [гэтага], то правініцца,

Альбо калі душа даткнецца да чаго нячыстага, альбо да здыхаты зьвера нячыстага, альбо да здыхаты статку нячыстага, альбо да здыхаты паўзуна нячыстага, і схавана ад яе, дык яна нячыстая а вінная;
 
або калі якая душа дакранецца чаго нячыстага, трупа звера [нячыстага], або жывёлы, або паўзуна, але яму гэта не будзе вядома, то будзе ён нячыстым і правініцца,

Альбо, калі даткнецца да бруды людзкое, якая б то ня была бруда, ад каторае брудзяняцца, і было схавана ад яе, але даведаецца, дык яна вінна;
 
або калі нехта дакранецца нейкай нячыстасці чалавечай, якой-колечы рэчы нячыстай, дзеля якой мог апаганіцца, і яму гэта будзе невядома, а потым даведаецца, то паддасца ён праступку,

Альбо, калі якая душа прысягне, выказуючы вуснамі сваімі празь ліхое або добрае ў вусім, у чым можа выказаць чалавек прысягаю, і схавана будзе гэта ад яго, і калі ён даведаецца, дык ён вінен у кажным із гэтых.
 
або калі душа прысягае, гаворачы легкадумна вуснамі на ліха або на дабро, так як бывае, што чалавек легкадумна прысягае, і гэта будзе скрыта ад яго, але потым ён зразумее, то паддасца ён праступку,

І будзе, калі ён вінен у чым-лень із гэтых, і выспаведаецца, у чым ён ізграшыў,
 
дык калі хто правініўся ў адной з гэтых рэчаў, хай прызнаецца ў сваім граху

Дык хай прывядзець СПАДАРУ, за віну сваю, за грэх свой, каторым ізграшыў, саміцу із статку драбнога, авечку або казянё за грэх, і адзяржыць яму сьвятар ласкіўчыненьне за грэх ягоны.
 
і хай прынясе ён Госпаду ў ахвяру [перамольную] за грэх свой, якім зграшыў, авечку са статка або казу як ахвяру за грэх, і ачысціць яго святар ад граху яго.

А калі б ня дуж быў баранчыка абрачы, тады прынясець за віну сваю, катораю ізграшыў, два туркі або двое галубянят СПАДАРУ, адно на аброк за грэх, а другое на ўсепаленьне.
 
Калі хто не зможа ахвяраваць авечку, хай складзе ў ахвяру за праступак дзвюх туркавак, або двух маладых галубоў Госпаду: аднаго ў ахвяру за грэх, а другога на цэласпаленне.

І прынясець іх да сьвятара, і ён абрачэць уперад тое, каторае за грэх, і наломе галаву яму каля завыйку ягонага, але не аддзеле;
 
Хай прынясе іх да святара, які першага складзе ў ахвяру за грэх і надломіць яму галаву пры карку, але яе не аддзеліць.

І пакропе з крыві гэтага аброку за грэх на сьцяну аброчніка, а засталую кроў выцісьне на под аброчніка: гэта аброк за грэх.
 
Пасля пакропіць крывёй яго сцяну ахвярніка, а рэшту крыві вылье на падножжа яго. Гэта вось ахвяра за грэх.

А з другога ўчыне аброк усепаленьня подле ўставы; гэтак адзяржыць яму ласкіўчыненьне за грэх ягоны, каторым ізграшыў, і даравана будзе яму.
 
Другога голуба хай складзе ён у ахвяру цэласпалення, як звычайна бывае; так ачысціць яго святар ад граху яго, якім ён правініўся, і ён будзе яму адпушчаны.

А калі ён ня дуж прынесьці два туркі або двое галубянят, хай прынясець дар свой за тое, што ізграшыў, дзясятую часьць ефы ценькае мукі на аброк за грэх; хай ня ільлець на яе алівы й кадзіла хай не кладзець на яе, бо гэта аброк за грэх.
 
Калі б рука яго не знайшла дзвюх туркавак або двух маладых галубоў, хай прынясе дзесятую частку эфы пшанічнай мукі ў ахвяру за грэх; хай не палівае яе алеем ды хай не кладзе на яе кадзіла, бо гэта ахвяра за грэх.

І прынясець яе да сьвятара; а сьвятар возьме зь яе паўнюсенькую жменю памяткі й спале на аброчніку на агняны аброк СПАДАРУ: гэта аброк за грэх.
 
І прынясе яе да святара, а той возьме з гэтага поўную жменю як памятную частку і спаліць на ахвярніку ў агнявую ахвяру Госпаду. Гэта ахвяра за грэх.

І адзяржыць яму сьвятар ласкіўчыненьне за грэх, каторым ён ізграшыў у вадным із гэтых прылучаёў, і даравана будзе яму; і будзе сьвятару, як пры аброку хлебным».
 
Так ачысціць яго святар ад граху яго, якім ён зграшыў супраць аднаго з тых прыказанняў, і будзе літасцівы Госпад. Застаўшуюся частку возьме святар як ахвяру з ежы”».

І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
 
Вось што сказаў Госпад Майсею:

«Калі якая душа выступе выступам і абмыльна ізгрэша супроці пасьвячанага СПАДАРУ, дык прынясець на аброк віны свае СПАДАРУ барана бяз гану з драбнога статку, подле ацэны твае, срэбнымі сыклямі подле сыклю сьвятыні, на аброк віны.
 
«Калі хто спракудзіцца і зграшыць праз памылку, прысвойваючы сабе рэчы, што пасвячоны Госпаду, хай за віну сваю са свайго статка авечак прынясе Госпаду ягня без заганы па цане двух сікляў срэбра паводле вагі святыні як ахвяру за грэх,

І за тое, што ён ізграшыў супроці сьвятасьці, няхай заплаце, і пятую дзель дадасьць да таго, і аддасьць гэта сьвятару, і сьвятар адзяржыць ласкіўчыненьне яму бараном аброку віны, і даравана яму будзе.
 
і за тую страту, якую ўчыніў, хай аддасць і дадасць да таго пятую частку вартасці ды аддасць гэта святару, а святар ачысціць яго ахвярай ягняці, і грэх будзе яму адпушчаны.

А калі душа ізгрэша і ўзруша адно з расказаньняў СПАДАРОВЫХ, чаго ня мела б быць роблена, і ня ведала гэтага, дык будзе вінна і панясець бяспраўе свае;
 
Калі душа зграшыць праз няўвагу і ўчыніць штосьці з таго, што забаронена законам Госпада, ды, абвінавачаная ў граху, панясе сваё злачынства,

Дык прывядзець барана бяз гану із статку, подле ацэны твае, на аброк віны да сьвятара; і дастане ласкіўчыненьне яму сьвятар ад абмылы, чым ён абмыліўся, бо ён ня ведаў, і даравана будзе яму.
 
хай прынясе да святара ягня без заганы са статка, па [сваім] ацаненні, у ахвяру за грэх. Тады святар ачысціць яго ад праступка, якога несвядома дапусціўся, і будзе ён яму адпушчаны.

Гэта аброк віны, катораю віною ён завініўся перад СПАДАРОМ».
 
Гэта ахвяра за праступак; правініўшыся, правініўся ён перад Госпадам».