Лявіт 9 разьдзел

Лявіт
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І было восьмага дня: гукнуў Масей Аарона а сыноў ягоных а старцоў Ізраелявых,
 
Па прашэсці васьмі дзён паклікаў Майсей Аарона, і сыноў яго, і старэйшын родаў Ізраэля ды сказаў Аарону:

І сказаў Аарону: «Вазьмі сабе з буйнога статку цялё на аброк за грэх, а барана на ўсепаленьне, дасканальныя, і прывядзі дар перад СПАДАРОМ.
 
«Вазьмі са статка бычка ў ахвяру за грэх і барана на ахвяру цэласпалення, абодвух без заганы, ды складзі іх у ахвяру перад Госпадам.

І сыном Ізраелявым гукай, кажучы: "Вазьміце казянё на аброк за грэх, а цялё-бычка а баранчыка, аднагодніх, бяз гану, на ўсепаленьне,
 
А сынам Ізраэля скажы: “Вазьміце казла ў ахвяру за грэх і цяля і барана аднагадовых ды без заганы на ахвяру цэласпалення,

А вала а барана на аброк супакойны, каб вы абраклі перад СПАДАРОМ, і аброк хлебны, рашчынены на аліве; бо сядні СПАДАР зьявіцца вам"».
 
і вала і барана ў ахвяру прымірэння, і ахвяруйце іх перад Госпадам, і ахвяру хлебную, пакропленую алеем, бо сёння Госпад з’явіцца вам”».

І ўзялі, што расказаў Масей, перад будан збору, і прывялі ўся грамада, і стаялі перад відам СПАДАРОВЫМ.
 
І прынеслі ўсё тое, што загадаў Майсей, да ўваходу палаткі сустрэчы; там, калі прыйшла ўся супольнасць і стала перад Госпадам,

І сказаў Масей: «Гэта тое, што расказаў СПАДАР, учыніце гэта, і зьявіцца вам слава СПАДАРОВА».
 
сказаў Майсей: «Вось тое, што загадаў Госпад: зрабіце, і аб’явіцца вам слава Яго!»

І сказаў Масей Аарону: «Дабліжся да аброчніка і зрабі аброк за грэх свой а ўсепаленьне свае, і дастань ласкіўчыненьне за сябе а люд, і зрабі дар ад люду, і дастань ім ласкіўчыненьне, як расказаў СПАДАР».
 
Сказаў ён таксама Аарону: «Прыйдзі да ахвярніка і складзі ахвяру за грэх свой, і прынясі ахвяру цэласпалення, і ачысці сябе і народ. І ўчыні ахвяру ад народа і ачысці яго, як загадаў Госпад».

І дабліжыўся Аарон да аброчніка, і зарэзаў цялё-бычка на аброк за грэх, каторы за яго.
 
Тады Аарон прыступіўся да ахвярніка і забіў цяля за грэх свой,

Дабліжылі сыны Ааронавы кроў яму, і ён занурыў палец свой у кроў, і ўзлажыў на рагі аброчніка, а кроў выліў на под аброчніка.
 
Сыны яго далі яму кроў цяляці, і ён, памачыўшы палец, памазаў ёй рогі ахвярніка, а рэшту выліў на падножжа ахвярніка.

А тук а ныркі а плеўку зь печанцоў ад аброку за грэх спаліў на аброчніку, як расказаў СПАДАР Масею;
 
Тлушч, ныркі і сальнік печані з ахвяры за грэх спаліў ён на ахвярніку, як загадаў Госпад Майсею;

Мяса ж а скуру спаліў на цяпле вонках табару.
 
а мяса і скуру яго спаліў на агні за лагерам.

І зарэзаў усепаленьне, і сыны Ааронавы падалі яму кроў, і ён пакрапіў ёю на аброчнік наўкола.
 
Пасля забіў ахвяру цэласпалення; сыны яго далі яму кроў яе, і ён выліў яе вакол ахвярніка.

І падалі яму ўсепаленьне кавалкамі а галаву, і ён спаліў на аброчніку.
 
Далі яму таксама саму ахвяру, падзеленую на часткі, разам з галавой, і ён спаліў гэта ўсё агнём на ахвярніку.

І абмыў патрыхі а галёнкі, і спаліў на ўсепаленьне на аброчніку.
 
Потым абмыў вадой нутро і ногі і спаліў як цэласпальную ахвяру на ахвярніку.

І прывёў дар люду, і ўзяў ад люду казянё за грэх, і зарэзаў яго, і аброк яго за грэх, як і першае.
 
Потым склаў ён ахвяру ад народа. Узяў казла, [які быў прызначаны на ахвяру] за грэх народа, і забіў яго, і ахвяраваў дзеля ачышчэння, як і першага,

І аброк усепаленьне, і ўчыніў яго подле ўставы.
 
а таксама ўчыніў цэласпаленне паводле пастановы,

І аброк хлебны аброк, і напоўніў зь яго далоні свае, і спаліў на аброчніку, апрача ранічнага ўсепаленьня.
 
і прынёс ён ахвяру хлебную, і напоўніў ёю руку ды спаліў на ахвярніку, апрача ранішняй ахвяры цэласпалення.

І зарэзаў вала а барана, каторыя ад люду, на аброк супакойны; і сыны Ааронавы падалі яму кроў, і ён пакрапіў на аброчнік наўкола,
 
Пасля забіў вала і барана, ахвяры прымірэння ад народа; сыны ж яго далі яму кроў, якую выліў ён з усіх бакоў на ахвярнік.

І тукі з вала, і з барана хвост, і пакрываючыя, і ныркі, і плеўку зь печанцоў.
 
Тлушч жа вала і курдзюк барана, і ныркі з тлушчам, і сальнік печані

І палажылі тукі на грудзіну, і ён спаліў тукі на аброчніку.
 
склалі яны на грудзіну; і калі тлушч быў спалены на ахвярніку,

Грудзіну ж а правую лапатку туды-сюды нахінаў Аарон нахінаньням перад відам СПАДАРОВЫМ, як расказаў Масей.
 
грудзіну іх і правае плячо Аарон узняў перад Госпадам, як загадаў Майсей.

І падняў Аарон рукі свае да люду, і дабраславіў іх, і зышоў ад абраканьня аброку за грэх, усепаленьня й аброку супакойнага.
 
Потым Аарон падняў рукі ў бок народа і дабраславіў яго. Па заканчэнні ахвяр за грэх, ахвяр цэласпалення і прымірэння сышоў уніз.

І ўвыйшлі Масей а Аарон у будан збору, і вышлі, і дабраславілі люд. І зьявілася слава СПАДАРОВА ўсяму люду.
 
Потым Майсей і Аарон увайшлі ў палатку сустрэчы, ды, выйшаўшы адтуль, дабраславілі народ. У гэты час аб’явілася слава Госпада ўсяму народу.

І вышла цяпло ад СПАДАРА, і спажыло на аброчніку ўсепаленьне а тукі; і абачыў увесь люд, і гукалі з радасьці, і палі на віды свае.
 
І вось, агонь выйшаў ад Госпада і спаліў ахвяру цэласпалення разам з тлушчам, што былі на ахвярніку. Калі ўбачылі гэта людзі, то ўзрадаваліся вельмі, падаючы тварам да зямлі.