Лявіт 17 разьдзел

Лявіт
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
 
Далей прамовіў Госпад да Майсея, кажучы:

«Гукай Аарону а ўсім сыном ягоным а ўсім сыном Ізраелявым, і скажы ім: гэта слова, што расказаў СПАДАР, кажучы:
 
«Абвясці Аарону і сынам яго ды ўсім сынам Ізраэля і скажы ім: “Такі вось загад, які даў Госпад, кажучы:

Кажная людзіна з дому Ізраелявага, каторая зарэжа вала, альбо авечку, альбо казу ў табару, альбо калі хто зарэжа вонках табару,
 
“Калі хто з дому Ізраэля заб’е бычка або авечку, або казу ў межах лагера або па-за лагерам

І не прывядзець да ўходу будану збору падараваць дар СПАДАРУ перад вітальняю СПАДАРОВАЙ; дык кроў палічыцца тэй людзіне: разьліла кроў, і выгубіцца людзіна тая зь люду свайго.
 
і не прынясе іх да дзвярэй палаткі сустрэчы ў ахвяру Госпаду перад скініяй Госпада, будзе вінен у крыві. Ён праліў кроў і будзе вынішчаны з народа свайго.

Гэта дзеля таго, каб прыводзілі сынове Ізраелявы аброкі свае, каторыя яны рэжуць на полю, каб прыводзілі СПАДАРУ да ўходу будану збору, да сьвятара, і рэзалі іх на аброкі супакойныя СПАДАРУ.
 
Дзеля таго сыны Ізраэля павінны прыносіць святару ахвяры свае, якія забівалі ў полі, каб складаць для Госпада перад уваходам у палатку сустрэчы, да святара, ды складаць іх як ахвяры прымірэння для Госпада.

І пакропе сьвятар крывёй на аброчяік СПАДАРОЎ ля ўходу будану збору, і спале тук на прыемны пах СПАДАРУ,
 
І пакропіць святар крывёй ахвярнік Госпада пры ўваходзе ў палатку сустрэчы, а тлушч спаліць на прыемны пах Госпаду.

І ня будуць абракаць аброкаў сваіх нячысьцікам, за каторымі яны бязульна ходзяць. Гэта будзе ўставаю вечнаю ў роды вашыя".
 
Ужо не будуць складаць ахвяр сваіх дэманам, з якімі распуснічалі: гэта будзе ім пастанова вечная для пакаленняў іх”.

І ім скажы: кажная людзіна з дому Ізраелявага і асяленец, што асяліўся меж вас, калі абракае ўсепаленьне альбо іншы аброк,
 
Далей скажаш ім: “Калі хто з дому Ізраэля або з іншаземцаў, якія жывуць сярод вас, складае ахвяру цэласпалення або іншую

І не прывядзець да ўходу будану збору, каб прыгатаваць яго СПАДАРУ, то выгубіцца людзіна тая зь люду свайго.
 
і не прывядзе яе да ўваходу ў палатку сустрэчы, каб ахвяраваць Госпаду, то будзе чалавек той выключаны з народа свайго.

І калі якая людзіна з дому Ізраелявага альбо чужнік, што жывець пасярод вас, будзе есьці якую кроў, то зьвярну від Свой на душу таго, што есьць кроў, і выгублю яе з пасярод люду ейнага;
 
Калі хто з дому Ізраэля або з іншаземцаў, якія жывуць сярод іх, еў бы кроў, то скірую аблічча Сваё супраць такой душы ды вынішчу яе з народа яе.

Бо дых цела ў крыві, і Я даў яго вам на аброчнік, каб даставаць ласкіўчыненьне душам вашым, бо кроў дастаець ласкіўчыненьне душы.
 
Бо душа цела ў крыві, і даў яе Я вам, каб на ахвярніку ёю ачышчалі вы душы вашыя, бо кроў гэтая ачышчае праз душу.

Затым Я й сказаў сыном Ізраелявым: ні водная душа з вас ня мае есьці крыві, і чужнік, што жывець меж вас, ня мае есьці крыві.
 
Дзеля таго даў Я загад сынам Ізраэля: “Ніхто з вас не будзе спажываць крыві, таксама і прышэльцы, якія пасяліліся сярод вас, не будуць спажываць крыві.

І кажная людзіна із сыноў Ізраелявых і із асяленцаў, што асялілісія меж вас, калі на ўловах злове зьвяра альбо птушку, каторую можна есьці, то ён мае выпусьціць ізь яе кроў, засыпаць яе пылам;
 
Калі хто з сыноў Ізраэля або з прышэльцаў, якія пасяліліся сярод вас, зловіць на паляванні дзікага звера або птушку, якіх можна есці, хай вылье з іх кроў і закрые яе зямлёю.

Бо дых кажнага цела, — кроў ягоная, яна ёсьць у дыху ягоным. Затым Я сказаў сыном Ізраелявым: ня ежча крыві ні зь якага цела, бо дых усялякага цела кроў ягоная; кажны, хто будзе есьці яе, будзе выгублены.
 
Бо душа кожнага цела ў крыві яго; таму даў Я загад сынам Ізраэля: не спажывайце крыві ніводнага цела, бо душа кожнага цела — гэта кроў яго. Кожны, хто будзе спажываць яе, загіне.

І кажная душа, што будзе есьці здыхату альбо разарванае, тубылец альбо асяленец, мае вымыць адзежу сваю й памыецца ў вадзе, і нячысты будзе аж да вечара, а потым будзе чысты.
 
Душа, якая будзе спажываць мяса падліны або разарванае жывёлы, — ці то з тутэйшых, ці з прышэльцаў, — хай памые адзенне сваё і вымыецца ў вадзе ды будзе нячысты да вечара, і такім чынам станецца чыстым.

Калі ня вымые й не памые цела свайго, то панясець на сабе бяспраўе свае».
 
Калі ж хто не памые адзення ані цела свайго, будзе насіць правіннасць сваю”».