Лявіт 8 разьдзел
Лявіт
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012
І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
Вось гэта прамовіў Госпад Майсею, кажучы:
«Вазьмі Аарона а сыноў ягоных ізь ім, і адзецьці, і алей памазаньня, і цялё-бычка на аброк за грэх, і два бараны, і сутнік праснакоў,
«Вазьмі Аарона і сыноў яго, адзенне іх і алей намашчэння, бычка на ахвяру за грэх, двух бараноў і кош прэсных хлябоў.
І ўсю грамаду зьбяры ля ўходу будану збору».
Пасля збяры ўсю супольнасць ля ўваходу ў палатку сустрэчы».
І зрабіў Масей так, як расказаў яму СПАДАР, і зьберлася грамада ля ўходу будану збору.
Майсей зрабіў так, як яму Госпад загадаў, і калі ўся супольнасць сабралася ля ўваходу ў палатку сустрэчы,
І сказаў Масей да грамады: «Во што расказаў СПАДАР зрабіць.
сказаў: «Вось, даручэнне, якое загадаў Госпад выканаць!»
І дабліжыў Масей Аарона а сыноў ягоных, і абмыў іх у вадзе.
І ў той жа момант прывёў Аарона і сыноў яго. І калі абмыў іх вадою,
І ўзлажыў на яго хітон, і паперазаў яго поясам, і надзеў на яго верхнюю рызу, і ўзлажыў на яго наплечнік, і паперазаў яго поясам наплечным, і прымацаваў яго ім.
усклаў на святара шаты льняныя і падперазаў яго поясам ды адзеў на яго верхняе фіялетавае адзенне, і наверх усклаў эфод:
І ўзлажыў на яго нагруднік, і на нагруднік палажыў Урым а Тумім,
і гэты эфод моцна сцягнуў поясам і ўсклаў яму нагруднік, на якім размясціў урым і тумім,
І ўзлажыў на галаву ягоную мітру, а на мітру зь пярэдняга боку яе паліраваную дошчачку, дыядэму сьвятую, як расказаў СПАДАР Масею.
таксама пакрыў галаву яму кідарам, і на яго спераду паклаў залатую бляху, святую дыядэму, так, як загадаў Майсею Госпад.
І ўзяў Масей алей памазаньня, і памазаў вітальню а ўсе, што ў ёй, і пасьвяціў іх.
Потым узяў Майсей алей намашчэння, якім і памазаў скінію разам з усёй яе маёмасцю, і пасвяціў гэта.
І пакрапіў ім на аброчнік сем разоў, і памазаў аброчнік а ўсе судзьдзе яго, і мыцельнік а падложак яго, каб пасьвяціць іх.
І калі пакрапіў ён ім ахвярнік сем разоў, памазаў яго, а таксама ўвесь посуд яго, ды ўмывальнік з падножжам яго пасвяціў алеем.
І ўзьліў алей памазаньня на галаву Аарону, і памазаў яго, каб пасьвявіць яго.
А выліўшы яго на галаву Аарона, памазаў яго.
І прывёў Масей сыноў Ааронавых, і адзеў іх у хітоны, і паперазаў іх поясам, і завязаў на іх турбаны, як расказаў СПАДАР Масею.
Таксама і прыведзеных сыноў яго апрануў ён у тунікі льняныя і падперазаў іх поясам; і ўсклаў мітры, як загадаў Госпад Майсею.
І дабліжыў цялё-бычка на аброк за грэх, і Аарон а сынове ягоныя ўзлажылі рукі свае на галаву цяляці за грэх;
І прывёў [Майсей] бычка на ахвяру за грэх. І калі Аарон і сыны яго ўсклалі рукі свае на галаву яго,
І зарэзаў і ўзяў Масей крыві, і ўзлажыў на рогі аброчніка наўкола палцам сваім, і ачысьціў аброчнік, а кроў выліў на под аброчніка, і пасьвяціў яго, каб дастаць яму ласкіўчыненьне.
забіў яго, ды, намачыўшы палец у крыві яго, памазаў рогі ахвярніка кругом і ачысціў яго; рэшту крыві выліў на падножжа яго і так пасвяціў яго, ачышчаючы.
І ўзяў увесь тук, каторы на патрыхах, і плеўку зь печанцоў, і абедзьве ныркі а тукі іх, і спаліў Масей на аброчніку.
А тлушч, які пакрывае вантробы, і сальнік печані, і абедзве ныркі разам з тлушчам іх спаліў на ахвярніку,
А цялё а скуру ягоную а мяса ягонае а кал ягоны спаліў на цяпле вонках табару, як расказаў СПАДАР Масею.
а бычка, і скуру яго, і мяса яго, і нечыстоты яго спаліў у агні па-за лагерам, так, як загадаў Майсею Госпад.
І прывёў барана на ўсепаленьне, і ўзлажылі Аарон а сынове ягоныя рукі свае на галаву барана;
Потым прывёў барана на ахвяру цэласпалення. Калі Аарон і сыны яго ўсклалі на галаву яго рукі свае,
І зарэзаў Масей, і пакрапіў крывёй на аброчнік наўкола.
закалоў яго і пакрапіў кругом ахвярніка крывёю яго,
І расьцяў барана на кавалкі, і спаліў Масей галаву а кавалкі а тук;
пасля рассек самога барана на часткі і спаліў на агні галаву, і члены цела, і тлушч.
А патрыхі а галёнкі вымыў вадою, і спаліў Масей усяго барана на аброчніку як усепаленьне, гэта на прыемны пах; гэта агняны аброк СПАДАРУ, як расказаў СПАДАР Масею.
Абмыўшы найперш нутро і ногі, спаліў ён цэлага барана на ахвярніку, і гэта была ахвяра цэласпалення на найпрыемнейшы пах, агнявая ахвяра Госпаду, як загадаў Госпад Майсею.
І прывёў другога барана, барана пасьвячэньня, і ўзлажылі Аарон а сынове ягоныя рукі свае на галаву барана;
Потым прывёў і другога барана на [ахвяру] пасвячэння святароў. Аарон і сыны яго ўсклалі свае рукі на галаву яго.
І зарэзаў, і ўзяў Масей з крыві ягонае, і ўзлажыў на кончык правага вуха Ааронавага а на вялікі палец правае рукі ягонае а на вялікі палец правае нагі ягонае.
Майсей забіў яго ды ўзяў крыху крыві яго і памазаў ёю верх правага вуха Аарона, вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі.
І прывёў Масей сыноў Ааронавых, і ўзлажыў крыві на кончык правых вухаў іхных а на вялікі палец правых рук іхных а на вялікі палец правых ног іхных, і пакрапіў Масей крывёй на аброчнік наўкола.
Прывёў ён і сыноў Аарона; і калі крывёй ахвяраванага барана памазаў верх правага вуха кожнага з іх ды вялікія пальцы правай рукі і нагі, то рэшту [крыві] пакрапіў вакол ахвярніка.
І ўзяў тук а хвост а ўвесь тук, каторы на патрыхах, і плеўку зь печанцоў, і абедзьве ныркі а тукі іх, і правую лапатку;
Потым узяў тлушч і курдзюк, і ўвесь тлушч, які пакрывае вантробы ды сальнік печані, і абедзве ныркі з іх тлушчам, ды правую лапатку,
І із сутніка з праснакамі, каторы перад СПАДАРОМ, узяў адну прэсную закрашаную букатку і адну закрашаную букатку на аліве, і адзін пірог, і ўзлажыў на тукі і на правую лапатку.
і з каша праснакоў, які стаяў перад Госпадам, узяў адзін праснак, адну аладку, скропленую алеем, і адзін сухарык, і паклаў на тлушч і на правую лапатку,
І палажыў усе на далоні Аарону а на далоні сыном ягоным, і туды-сюды нахінаў іх нахінаньням перад відам СПАДАРОВЫМ.
перадаючы ўсё разам на рукі Аарона і сыноў яго. Той, пасля таго, як яны ўзнялі гэта перад Госпадам,
І ўзяў іх Масей з далоняў іхных, і спаліў на аброчніку з усепаленьням: гэта аброк пасьвячэньня на прыемны пах, гэта аброк агняны СПАДАРУ.
прыняўшы назад з рук іх, спаліў на ахвярніку на ахвяру цэласпалення, і гэта была ахвяра пасвячэння на пах найпрыемнейшы: [гэта] была ахвяра агнявая для Госпада.
І ўзяў Масей грудзіну, і туды-сюды нахінаў яе нахінаньням перад відам СПАДАРОВЫМ; ад барана пасьвячэньня гэта было дзельлю Масею, як расказаў СПАДАР Масею.
Потым прынёс грудзіну і падняў яе перад Госпадам; гэта была яго частка з барана, ахвяры пасвячэння, як загадаў Госпад Майсею.
І ўзяў Масей ад алею памазаньня а з крыві, што на аброчніку, і пакрапіў на Аарона а на адзецьці ягоныя, і на сыноў ягоных а на адзецьці сыноў ягоных ізь ім; і пасьвяціў Аарона а адзецьці ягоныя, і сыноў ягоных а адзецьці сыноў ягоных ізь ім.
Потым Майсей узяў крыху алею намашчэння і крыху крыві з ахвярніка і пакрапіў зверху Аарона і шаты яго, а таксама сыноў яго і шаты іх. Гэтак пасвяціў Аарона і шаты яго, а таксама сыноў яго і шаты іх.
І сказаў Масей Аарону а сыном ягоным: «Зварыце мяса ля ўходу будану збору і там ежча яго а хлеб, каторы ў сутніку пасьвячэньня, як імне расказана а сказана: "Аарон а сынове ягоныя маюць есьці яго".
Па пасвячэнні іх і шатаў іх загадаў ім, кажучы: «Зварыце мяса ля ўваходу ў палатку і там ежце яго; таксама ежце хлябы [ахвяры] пасвячэння, што ляжаць у кашы, як мне было загадана: “Аарон і сыны яго будуць іх есці,”
А астачы зь мяса а хлеба спаліце на цяпле.
а што застанецца з мяса і хлябоў, спаліце агнём.
І ад уходу будану збору не адходзьце сем дзён, да дня спаўненьня пасьвячэньня вашага, бо сем дзён маюць быць напаўняны рукі вашыя.
Ад уваходу ў палатку сустрэчы не адыдзецеся сем дзён, аж да дня, калі споўніцца час пасвячэння вашага, бо сем дзён будзе працягвацца пасвячэнне.
Як гэтага дня было зроблена, так расказаў СПАДАР рабіць дзеля залашчаньня вам.
І што адбылося сёння, так загадаў Госпад, каб рабілася дзеля іх ачышчэння.
Ля ўходу будану збору будзеце сядзець дзень і ноч сем пор, і дзяржыце службы старожы СПАДАРОВАЕ, і не памрыце: бо так імне расказана».
Ля ўваходу ў палатку сустрэчы заставайцеся днём і ноччу сем дзён на варце Госпада, каб не паўміралі, бо мне гэтак загадана».
І зрабіў Аарон а сыны ягоныя ўсе, што расказаў СПАДАР Масеям.
І зрабілі Аарон і сыны яго ўсё, што сказаў Госпад праз Майсея.