Лікі 28 разьдзел
Лікі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
Сказаў далей Госпад Майсею:
«Загадай сынам Ізраіля і скажы ім: “Няхай пільнуюць, каб у свой час складаць дары ахвярныя Мне і хлеб Мой, ахвяру агнявую на мілы пах Мне”.
«Загадай сынам Ізраэля і скажы ім: хай у свой час складаюць ахвяру Мне і хлеб Мой, ахвяру цэласпалення, дзеля найпрыемнейшага паху.
І скажаш ім: “Гэта ахвяра агнявая, якую вы павінны складаць ГОСПАДУ: два аднагадовыя ягняты штодзень у ахвяру цэласпаленьня заўсёды.
Гэта агнявая ахвяра, якую вы павінны скласці: двух гадавых ягнят без плям штодзень у вечную ахвяру цэласпалення;
Адно ягня складзіцё [ў ахвяру] раніцай, а другое складзіцё ўвечары,
адно ягня складзіце раніцай, а другое — увечары;
і дзясятую [частку] эфы пшанічнай мукі, запраўленай чацьвёртай [часткай] гіну найчысьцейшага алею як ахвяру хлебную.
і, як ахвяру з ежы, дайце дзесятую частку эфы пшанічнай мукі, запраўленай чацвёртай часткай гіна найчысцейшага алею.
Гэта цэласпаленьне заўсёднае, якое склалі вы на гары Сынай на мілы пах, ахвяра агнявая ГОСПАДУ.
Гэта цэласпаленне нязменнае, якое склалі вы на гары Сінай дзеля найпрыемнейшага паху як агнявую ахвяру Госпаду;
І як ахвяру вадкую чацьвёртую частку гіну [віна] на кожнае ягня. На сьвятым месцы вылівайце ахвяру вадкую, сікеру для ГОСПАДА.
і ахвяруйце віно — чацвёртую частку гіна на кожнае ягня; у свяцілішчы ўчыняйце ўзліванне п’янлівага пітва Госпаду.
А другое ягня складзіцё [ў ахвяру] ўвечары, і ахвяру хлебную, і ахвяру вадкую, як раніцаю. Гэта ахвяра агнявая, мілы пах ГОСПАДУ.
І такім жа чынам другое ягня ахвяруй увечары адпаведна парадку ранішняга ахвяравання: гэта ахвяра агнявая дзеля найпрыемнейшага паху Госпаду.
А ў дзень суботы [ахвяруеце] двух аднагадовых ягнятаў без заганы і дзьве дзясятыя [эфы] мукі, запраўленай алеем, як ахвяру хлебную, і ахвяру вадкую.
У дзень жа суботы ахвяруйце двух аднагадовых ягнят без плям і дзве дзесятыя эфы пшанічнай мукі, запраўленай алеем, і ўзліванне да яе.
Гэта суботняя ахвяра цэласпаленьня на кожную суботу, апрача заўсёднай ахвяры цэласпаленьня і ахвяры вадкай.
Гэта суботняя ахвяра цэласпалення на кожную суботу, апрача пастаяннай ахвяры цэласпалення і ўзлівання да яе.
А ў кожны першы [дзень] вашага месяца складайце ГОСПАДУ ахвяру цэласпаленьня: два бычкі, аднаго барана і сем аднагадовых ягнят без заганы.
У кожны першы дзень месяца ўскладайце Госпаду ахвяру цэласпалення: двух быкоў са статка, аднаго барана і сем аднагадовых ягнят без плям,
На кожнага бычка палажыце тры дзясятыя [эфы] пшанічнай мукі, запраўленай алеем, як ахвяру хлебную, і на кожнага барана — дзьве дзясятыя [эфы] пшанічнай мукі, запраўленай алеем, як ахвяру хлебную,
і ў ахвяру з ежы на кожнага быка дайце тры дзесятыя эфы пшанічнай мукі, запраўленай алеем, і на кожнага барана — дзве дзесятыя эфы мукі, запраўленай алеем,
і на кожнае ягня як ахвяру хлебную палажыце дзясятую [частку эфы] пшанічнай мукі, запраўленай алеем. Гэта цэласпаленьне, мілы пах, ахвяра агнявая ГОСПАДУ.
і на кожнае ягня ў ахвяру з ежы дайце дзесятую частку эфы пшанічнай мукі, запраўленай алеем: усё гэта як цэласпаленне дзеля найпрыемнейшага паху Госпаду.
І ахвяра вадкая: палова гіну віна на бычка, адна трэцяя гіну на барана і адна чацьвёртая гіну на ягня. Гэта цэласпаленьне ў кожны першы дзень месяца на [ўсе] месяцы году.
А ўзліванні да іх хай будуць такія: палова гіна віна на кожнага бычка, адна трэцяя гіна — на барана і адна чацвёртая гіна — на ягня. Гэта цэласпаленне хай будзе ў кожны першы дзень месяца ва ўсе месяцы года.
І адзін казёл будзе складзены ГОСПАДУ ў ахвяру за грэх, апрача заўсёднай ахвяры цэласпаленьня і належная ахвяра вадкая.
Таксама казёл хай будзе складзены Госпаду ў ахвяру за грэх, апрача пастаяннай ахвяры цэласпалення з яе ўзліваннямі.
А ў першы месяц, у чатырнаццаты дзень месяца — Пасха ГОСПАДА.
А ў першы месяц, чатырнаццатага дня месяца, хай будзе Пасха Госпадава,
У пятнаццаты дзень гэтага месяца будзе сьвята. Сем дзён будзеце есьці [толькі] праснакі.
а ў пятнаццаты дзень таго месяца хай будзе свята. Сем дзён будзеце есці толькі праснакі,
У першы дзень будзе сьвяты сход, ніякай працы, ніякай работы ў той дзень не рабіце.
а ў першы дзень будзе святы сход; нельга ў той дзень працаваць.
І складзіце ахвяру агнявую, цэласпаленьне ГОСПАДУ: два бычкі, аднаго барана і сем аднагадовых ягнят без заганы;
І ўскладайце ахвяру агнявую, цэласпаленне Госпаду: два бычкі са статка, аднаго барана і сем аднагадовых ягнят без плям;
і ахвяру хлебную з пшанічнай мукі, запраўленай алеем: тры дзясятыя [эфы] на бычка, дзьве дзясятыя на барана,
да іх ахвяру з ежы, з пшанічнай мукі, запраўленай алеем: тры дзесятыя [эфы] на кожнага бычка, дзве дзесятыя — на аднаго барана
і адна дзясятая на кожнага з сямі ягнят,
і адна дзесятая — на кожнага з сямі ягнят;
і аднаго казла ў ахвяру за грэх, каб перапрасіць за вас.
і аднаго казла ў ахвяру за грэх, для ачышчэння вашага,
Апрача ранішняга цэласпаленьня, якое цэласпаленьне заўсёднае, складайце гэтыя [ахвяры].
апрача ранішняга цэлапалення, якое ўчыняць вы павінны заўсёды.
Такія [ахвяры] будзеце складаць штодзень сем дзён, як спажыву, ахвяру агнявую, мілы пах ГОСПАДУ. Апрача цэласпаленьня заўсёднага і ахвяры вадкай будуць складацца [гэтыя ахвяры].
Такія ахвяры ўскладайце штодзень сем дзён: як цэласпаленне, як найпрыемнейшы пах Госпаду. Апрача штодзённай ахвяры цэласпалення і ахвяры з ежы, павінны быць складаныя гэтыя ахвяры.
А ў дзень сёмы будзе для вас сьвяты сход, ніякай працы, ніякай работы не рабіце.
Дзень сёмы хай будзе для вас святым сходам; ніякай працы ў той дзень не выконвайце.
У дзень пяршынаў, калі складаеце ГОСПАДУ ахвяру з новага збожжа ў [сьвята] Тыдняў, будзе сьвяты сход, і ніякай працы, ніякай работы не рабіце.
У дзень пяршыняў, калі складаеце Госпаду ахвяру з новага збожжа ў свята тыдняў, таксама збярыце святы сход, і ніякай работы не рабіце ў той дзень.
І складзіце цэласпаленьне на мілы пах ГОСПАДУ: двух бычкоў, аднаго барана і сем аднагадовых ягнят,
І складзіце тады цэласпаленне на найпрыемнейшы пах Госпаду: быка, двух бараноў са статка і сем аднагадовых ягнят без плям,
і ахвяру хлебную: пшанічную муку, запраўленую алеем; тры дзясятыя [эфы] на аднаго бычка, дзьве дзясятыя на барана
і ў ахвяру з ежы да іх — пшанічную муку, запраўленую алеем; тры дзесятыя [эфы] на аднаго быка,
і адна дзясятая на кожнага з сямі ягнят.
дзве дзесятыя — на барана і па адной дзесятай на кожнае з сямі ягнят;
І аднаго казла, каб перапрасіць за вас.
а таксама казла [у ахвяру за грэх] для ачышчэння вашага,
Апрача цэласпаленьня заўсёднага, і ахвяры хлебнай, і ахвяры вадкай, складайце [гэта ў ахвяру]; ахвяры маюць быць без заганы.
апрача штодзённай ахвяры цэласпалення і ахвяры з ежы да яе. Ахвяруйце ўсё беззаганнае разам з узліваннямі.